РефератыИсторияЗаЗаканадаўства вялiкага княства лiтоўскага

Заканадаўства вялiкага княства лiтоўскага

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ


кафедра гісторыі Беларусі


РЭФЕРАТ


на тэму:


«Заканадаўства Вялiкага княства Лiтоўскага: ГIСТАРЫЧНЫ АНАЛIЗ»


МИНСК, 2008


1. Агульная характарыстыка


Да XVI ст. выключнае права выдання законаў меў гаспадар, вялiкi князь лiтоўскi. Паколькi вялiкі князь ўвасабляе вышэйшую заканадаўчую, выканаўчую i судовую ўладу, вельмi складана (а часам увогуле немагчыма) адрознiць вялiкакняжацкiя распараджэннi ад заканадаўчых дакументаў.


Статут 1529 г. удакладняў, што законы выдаюцца гаспадаром «з ведомостью и порадою и с призволеньем рад наших великого князства Литовского». Статут 1566 г. адлюстраваў узросшую ролю сейма (сойма) у дзяржаўным жыццi. Згодна гэтаму зводу законаў, апошнiя выдавалiся гаспадаром пры згодзе сейма Вялiкага княства Лiтоўскага. З 1588 г. права выдання законаў належала толькi сойму (пры захаваннi за вялiкiм князем i панамi-радай заканадаўчай iнiцыятывы). Такiм чынам, развiццё заканадаўства з 1588 г. да апошнiх гадоў iснавання Вялiкага княства Лiтоўскага адбывалася шляхам прыняцця пастаноў сойма («канстытуцый»), якiя дапаўнялi нормы Статута.


Адсутнасць дакладнага размежавання ў XII – XV ст. памiж актам i законам, распараджэннем выканаўчай улады, памiж дзяржаўным i прыватным правам вызначае iснаванне ў гэты перыяд шмат прамежкавых (пераходных) груп. Адной з iх з'яўляюцца т. зв. устаўныя граматы –
лiсты, асобныя з якiх датычылiся абмежаванай тэрыторыi цi групы асоб. Устаўныя граматы вялiкiх князёў лiтоўскiх класiфiцыруюць па тыпах: ільготныя, даравальныя (цi жалаваныя) i ахоўныя (цi пацвярджальныя) – i па вiдах: земскiя, абласныя, гарадам цi групам насельнiцтва, канкрэтным асобам. Гiсторык права М. Ясiнскi менавiта iльготныя граматы назваў «прывiлеяй у непасрэдным сэнсе гэтага слова». Аднак у сучаснай беларускай гiстарычнай лiтаратуры тэрмiн «прывiлей» (ад лац. асаблiвы закон) ужываецца ў шырокiм сэнсе, тоесны «грамаце» – у якасцi вызначэння заканадаўчых актаў, якiмi вялiкiя князi цi каралі надавалi або пацвярджалi выключныя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сацыяльных цi этна-рэлiгiйных груп. Такiм чынам, класiфiкацыя прывiлеяў у апошнiм значэннi супадае з класiфiкацыяй грамат.


У XV – XVI ст. шэраг заканадаўчых дакументаў (канстытуцыi, стату-ты, сеймавыя ўхвалы) называўся ўставамi
. Найбольш вядомая «Устава на валокi» 1557 г. – закон аб правядзеннi валочнай памеры ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, выдадзены вялiкiм князем Жыгiмонтам II Аўгустам i панамi-радай. Разам з тым трэба мець на ўвазе, што ўставамi называлi i распараджэннi ваявод, якiя, зразумела, не з'яўляюцца помнiкамi права.


Узмацненне цэнтральнай улады ў XV ст. дазволiла пачаць выпрацоўку кодэксаў права – агульных для ўсёй дзяржавы заканадаўчых нормаў. Першы кодэкс у адным спiсе меў назву «Судзебнiк».
Тэрмiн «Судзебнiк» у якасцi вызначэння заканадаўчага кодэкса ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм распаўсюджвання не атрымаў. Але існавалі маскоўскiя Судзебнiкі 1497 i 1550 гг.


Найбольш буйныя зборы законаў феадальнага права ў княстве атрымалi назву статутаў
(ад лац. пастанова). У Польшчы Вiслiцкi статут быў прыняты ў 1347 г., у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм – першы – у 1529 г., другi – у 1566 г. i трэцi – у 1588 г. Статуты падзялялiся на раздзелы i асобныя артыкулы. Уступалi ў дзеянне пасля прыняцця на агульных сеймах i канфiрмацыi (ад лац. зацвярджэнне).


Яшчэ адным з найбольш распаўсюджаных вiдаў заканадаўчых актаў з'яўляюцца канстытуцыі
(ад лац. лад) – пастановы сейма Рэчы Паспалiтай. Яны мелi сiлу закону ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, калi прымалiся ў дачыненнi да тэрыторыi ўсёй Рэчы Паспалiтай i былi абвешчаны на сеймах або калi прынятыя рашэннi датычылiся толькi княства. Як правiла, апошнiя ў сеймавых дакументах вылучалiся ў самастойны раздзел. Урэшце, прыняты ў 1791 г. асноўны закон Рэчы Паспалiтай таксама меў назву «канстытуцыя», але, каб падкрэслiць яго значэнне, слова «канстытуцыя» пiшуць з вялiкай лiтары.


2. Прывiлеi, iх класiфiкацыя, роля прывiлеяў у працэсе афармлення саслоўных правоў магнатаў i шляхты


Як ужо адзначалася вышэй, прывiлеi падзялялiся на ільготныя, даравальныя i ахоўныя. Былi земскiя (пашыралiся на ўсiх феадалаў), гарадам, абласныя, валасныя (толькi для пэўнай тэрыторыi), прывiлеi для асобных груп насельнiцтва.


Першымi агульнадзяржаўнымi (земскiмi) прывiлеямi
лiчацца прывiлеi, выдадзеныя ў 1387 г. вялiкiм князем Ягайлам аб iльготах феадалам за пераход у каталiцтва (20.2.1387), аб вызваленнi каталiцкага духавенства i яго маёнткаў ад дзяржаўных павiннасцей i падаткаў (22.2.1387). Гарадзельскi прывiлей 1413 г. пашырыў правы феадалаў-католiкаў, а ў 1432 – 1434 гг. яны былi распаўсюджаны на ўсю шляхту. Праваслаўныя феадалы, як i феадалы-католiкi, атрымалi права насiць гербы i карыстацца iншымi знакамi рыцарскай годнасцi. Былi створаны прававыя перадумовы для аб’яднання i вылучэння саслоўя шляхты, незалежна ад веравызнання.


Афармленне саслоўных правоў шляхты ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у XV ст. суправаджалася ўзмацненнем улады феадалаў над сялянамi. Прывiлеем 02.05.1447 г. вялiкі князь Казiмiр IV забаранiў пераход сялян ад аднаго феадала да другога (у асобных выданнях прывiлей датуецца памылкова 02.05.1457 г.).


«Феадальнай канстытуцыяй» называюць прывiлей вялiкага князя лiтоўскага Аляксандра 1492 г., якi абмежаваў уладу вялiкага князя панамi-радай. Прывiлей таксама вызначыў асновы адмiнiстрацыйнага, грамадзянскага, крымiнальнага права, што пасля ўвайшлi ў статуты. Апошнiмi напярэдаднi прыняцця статута 1529 г. сталi прывiлеi Жыгiмон та I Старога 1506 i 1522 гг., у якiх пацвярджалiся ўсе падараваныя раней правы саслоўю феадалаў у княстве. Яны нібы завяршалi першы этап развiцця дзяржаўнага права ў форме прывiлеяў.


Другiм вiдам прывiлеяў з'яўляюцца абласныя прывiлеi
. М. Ясiнскi называе iх «даравальнымi граматамi ахоўнага характару». Такiм чынам, ён штучна аб’ядноўвае два тыпы грамат: даравальныя i ахоўныя (пацвярджальныя). Сапраўды, большасць грамат была выдадзена вялiкiм князем лiтоўскiм ускраінным землям княства ў напружаныя моманты барацьбы за iх з Маскоўскай дзяржавай. Галоўным было абяцанне: «старыны не рухаем, а навiны не ўводзiм». Для характарыстыкi мясцовага права трэба мець на ўвазе, што ў граматах пералiчваюцца не ўсе нормы, а толькi тыя, што маглi быць парушаны з боку велiкакняжацкай улады або яе прадстаўнiкоў на месцах. Ахоўныя граматы (прывiлеi) змяшчаюць папярэднiя, пацвярджаючыя iх нормы. Самыя старажытныя нормы прывiлеяў былi выпрацаваны на працягу доўгага часу, калi асобныя княствы (вобласцi) выступалi як самастойныя дзяржавы, якiя, прымаючы да сябе таго цi iншага князя, заключалi з iм дагавор (рад). Уключэнне iх у склад ахоўных грамат дае цiкавы матэрыял для характарыстыкi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай будовы i ўмоў складвання Вялiкага княства Лiтоўскага як дзяржавы. Абласныя прывiлеi з'яўляюцца таксама каштоўнай крынiцай i пры вызначэннi гiсторыi мясцовых органаў дзяржаўнага кiравання. У прыватнасцi, тут змяшчаецца ўпамiнанне аб такiх службовых асобах, як цiвун, лоўчы, падвойскi, гараднiчы i некаторыя iншыя. Для поўнай характарыстыкi гэтага вiду прывiлеяў трэба яшчэ адзначыць, што большасць з выдадзеных усходнiм абласцям княства прывілеяў складзена на «рускай» (старажытнабеларускай) мове.


Адным з найбольш распаўсюджаных вiдаў прывiлеяў з'яўляюцца прывiлеi гарадам
на магдэбургскае права. Даравальнымі граматамi гарадам вярхоўная ўлада забяспечвала iх жыццяздольнасць як цэнтраў рамяства i гандлю, вызначала становiшча гараджан як саслоўя феадаль-нага грамадства («мяшчане»). Першымi дакументамi, спецыяльна выда-дзенымi толькi для гараджан, былi граматы (прывiлеi) жыхарам гарадоў Вiльнi (1387) i Бярэсця (1390). На працягу XV i XVI ст. граматы на магдэ-бургскае права атрымалi iншыя буйныя гарады Беларусi. У iх змяшчалiся найперш агульныя, характэрныя для многiх гарадоў прававыя нормы. Разам з тым прывiлеi рэгламентавалi павiннасцi гараджан, якiя раней вызначалiся нормамi звычаёвага права i якiя ў розных гарадах былi неаднолькавымi. Першаступеннае значэнне ў граматах надавалася нормам, што ўстанаўлiвалi парадак утварэння i кампетэнцыю гарадскiх органаў кiравання.


Прывілеі на магдэбургскае права шэрагу гарадоў выдаваліся па некалькi разоў (у вынiку пашырэння правоў, страты арыгiнала i г. д.). Так, Магiлёў атрымаў магдэбургскае права ў 1561 г., а ў 1577 г. – прывiлей на вялiкае магдэбургскае права. У асобных публiкацыях (напрыклад, у «Актах Заходняй Расii») змешчаны пацвярджальныя прывiлеi без спасылкi на тое, калi горад атрымаў права ўпершыню.


Сярод прывiлеяў патрэбна адзначыць таксама граматы асобным групам насельнiцтва – яўрэям i татарам. Першы прывiлей яўрэям на права iх пасялення ў Бярэсцi выдадзены Вiтаўтам ў 1388 г. Ён надаваў яўрэям шырокiя правы ў фiнансавай галiне i гандлi, рэгуляваў парадак разгляду судовых спраў памiж хрысцiянамi i яўрэямi. Для характарыстыкi гэтай крынiцы важнае значэнне (як, дарэчы, i iншых) мае вызначэнне ўмоў яе ўзнiкнення: пачатак барацьбы Вiтаўта за ўладу ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i патрэба ў iстотнай фiнансавай падтрымцы. Граматы яўрэям выдавалiся таксама Аляксандрам i iншымi князямi. У далейшым правы i абавязкi такiх груп насельнiцтва, як яўрэi i татары, рэгламентавалiся як статутамi, так i асобнымi граматамi (грамата татарам 1568 г. i г. д.).


3. Судзебнiк Казiмiра IV, яго месца ў сiстэме развiцця заканадаўства Вялiкага княства Лiтоўскага


Ускладненне характару дзяржаўнага жыцця патрабавала забяспечыць адзiнства права для ўсёй дзяржавы. Першая спроба ўсталяваць адзiнства прававых нормаў на ўсёй тэрыторыi, абмежаваць самавольства суддзяў, а таксама ўзмацнiць прававую ахову феадальнай маёмасцi i ўвесцi жорсткiя меры пакарання злачынцаў была зроблена ў Судзебнiку 1468 г.


Арыгiнал Судзебнiка не захаваўся да нашых дзён, маюцца толькi тры яго спiсы, датаваныя 70 – 80-мi гг. XVI ст. Упершыню гэты заканадаўчы дакумент быў апублiкаваны I. Данiловiчам у 1826 г. у 1-м томе «Актов, относящихся к истории Западной России» (Спб., 1846). Побач з назвай «судзебнiк» ужывалiся яшчэ «лiст», «статут», «закон». Магчыма, тэрмiн зацвердзiўся ў гiстарычнай лiтаратуры пад уздз

еяннем таго факта, што «судзебнiкамi» называлiся шырокавядомыя дакументы заканадаўства Маскоўскай дзяржавы 1497 i 1550 гг.


Фармуляр Судзебнiка маладаследаваны, паколькi арыгiнал яго не захаваўся, а рэканструкцыя ўскладняецца адсутнасцю аналогii з сучаснымi яму помнiкамi права Вялiкага княства Лiтоўскага. Агульнапрызнаным лiчыцца зроблены М. Ф. Уладзiмiрскiм-Буданавым падзел Судзебнiка на 25 артыкулаў. У яго структуры вызначаюцца тры часткi, якiя найперш датычацца сферы крымiнальнага права:


1) вызначэнне адказнага за здзейснены крымiнальны ўчынак (7 – 8);


2) парадак звароту ў суд (9 – 11);


3) вызначэнне пакаранняў за розныя крымiнальныя ўчынкi.


Сярод iх: крадзеж з доказамі злачынства i без, наезды, зямельныя справы, утойванне ўкрадзеных рэчаў, крадзеж людзей i чэлядзi, невыкананне маставой павiннасцi i г. д.


Судзебнiк Казiмiра IV 1468 г. у сiстэме развiцця заканадаўства Вялiкага княства Лiтоўскага дазваляе прасачыць, як на аснове мясцовага звычаёвага права з улiкам агульнаеўрапейскiх прававых традыцый i судова-адмiнi-страцыйнай практыкi фармiравалiся агульнадзяржаўныя заканадаўчыя нормы. Па звычаёваму праву агульнай мэтай пакарання была кампенсацыя пацярпеўшаму прычыненай шкоды i спыненне злачыннай дзейнасцi. Пры гэтым цяжар гэтай кампенсацыi часам ускладаўся не толькi на сям'ю, але i на вёску, горад. У Судзебнiку 1468 г. ужо прысутнiчае iндывiдуалiзацыя пакарання: злачынец павiнен быў несцi адказнасць перад законам i нiякi выкуп не пазбаўляў яго ад пакарання. Заўважана ўзмацненне пакарання за парушэнне маёмасных правоў, што адлюстроўвала высокi этап грамадскага развiцця, для якога характэрна ўзмацненне карных функцый дзяржавы i рост феадальнай залежнасцi сялянства. Разам з тым Судзебнiк Казiмiра IV не з'яўляўся яшчэ агульнадзяржаўным кодэксам, ён толькi дапаўняў нормы агульназемскiх прывiлеяў. Гэта быў першы крок да кадыфiкацыi i сiстэматызацыi феадальнага права, завершаны выданнем трох статутаў Вялiкага княства Лiтоўскага – у 1529, 1566 i 1588 гг.


4. Статуты (1529, 1566, 1588 гг.) як гiстарычная крынiца


Праца па падрыхтоўцы першага Статута Вялiкага княства Лiтоўскага вялася на працягу некалькiх гадоў першай чвэрцi XVI ст. Да 1522 г. быў падрыхтаваны праект Статута, але не быў зацверджаны. Ён уведзены толькi з 29.09.1529 г.


Статут быў, па сутнасцi, зводам законаў на аснове кадыфiкацыi i сiстэматызацыi нормаў мясцовага звычаёвага права, пастаноў дзяржаўных i судовых устаноў, прывiлеяў. Прозвiшчы складальнiкаў невядомыя. Не зусім абгрунтавана меркаванне, што ў складаннi i рэдагаваннi Статута прымаў удзел Ф. Скарына.


Статут складаўся з 13 раздзелаў i 244 артыкулаў. Пазней былi ўнесены дапаўненнi, у вынiку якiх колькасць артыкулаў павялiчылася да 283. Першы Статут 1529 г. пашыраўся ў рукапiсных спiсах (копiях). Першапачатковы яго спiс, зроблены ў Вiльнi на старабеларускай мове, не дайшоў да нашага часу. Захавалiся 4 спiсы на «рускай» (старажытнабеларускай), 3 перакладныя (лацiнская i польская мовы) i 4 спiсы XIX ст. Спiсы названы па прозвiшчах iх уладальнiкаў або месцах захавання. Упершыню надрукаваны на беларускай мове ў 1841 г. у Познанi, у 1854 г. – кiрылiцай у Маскве.


У Статут 1529 г. былi ўпершыню ўнесены нормы, што ў пэўнай ступенi абмяжоўвалi правы магнатаў, абвяшчалася правiла, згодна з якiм усе асобы (i ўбогiя, i багатыя) павiнны былi судзiцца згодна с гэтым Статутам. Вялiкi князь абавязваўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць iншаземцаў на дзяржаўныя пасады, не даваць iм маёнткаў, зямель, чыноў, захоўваць iснуючыя законы. Такiм чынам, павялiчвалася ступень дэкларатыўнасцi, увогуле характэрная для большасцi заканадаўчых актаў. Статут пацвярджаў прынцып iндывiдуальнай адказнасцi, рэгламентаваў удзел абаронцаў у працэсе. Урэшце абараняцца перад судом і даказваць сваю невінаватасць абвінавачаны павінен быў сам. Але калі ён не мог здзяйсняць абарону самастойна, то даручаў гэта свайму верніку
ці пракуратару
. Калі першы – проста давераная асоба абвінавачанага, то другі – прафесійны юрыст-павераны шляхціц, які займаўся адвакацкай практыкай.


Рост i ўмацаванне феадальнай уласнасцi, пашырэнне правоў шляхты i антыфеадальныя выступленнi сялянства патрабавалi ў сярэдзiне XVI ст. змен у заканадаўстве. У 1551 г. для падрыхтоўкi новага статута была створана камiсiя з 5 католiкаў i 5 праваслаўных. Падрыхтаваны ўжо ў 1561 г., ён быў зацверджаны толькi ў сакавiку 1566 г. У Статут былi ўпiсаны Вiленcкi прывiлей 1563 г., якi ў чарговы раз дэклараваў ураўнаванне ў правах католiкаў i праваслаўных, i Бельскi прывiлей 1564 г., якi гарантаваў неўмяшанне адмiнiстрацыi (ваявод i старастаў) у судовыя справы шляхты. Асноўнымi крынiцамi Статута 1566 г., акрамя таго, сталi iншыя агульназемскiя i абласныя прывiлеi (граматы), Судзебнiк 1468 г., Статут 1529 г. i некаторыя нормы звычаёвага права.


Як i Статут 1529 г., другi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага не быў у XVI ст. надрукаваны. Вядома 58 яго спiсаў: 13 на старажытна-беларускай, 40 напольскай i 5 на лацiнскай мовах. Першая (i пакуль адзiная) яго публiкацыя – ў 1855 г. («Временник императорского московс-кого общества истории и древностей российских». Кн. 23). У Статуце 1566 г. захавана з невялiкiмi зменамi структура Статута 1529 г. Усяго раздзелаў 14 (у параўнанні з папярэднім вызначаны асобна раздзел 4: судовы лад i судовы працэс). Зацвярджалася стварэнне падкаморскiх (межавых) i земскiх (шляхецкiх) судоў. Абвяшчалася прэзумпцыя невiнаватасцi (раздзел 14, арт. 2); непаўналетнiя маглi быць пакараны толькi пасля 14 гадоў.


Iмкненне шляхты i магнатаў Вялiкага княства Лiтоўскага да адраджэння самастойнасцi сваёй дзяржавы, жаданне ў большай ступенi ўлiчыць змены ў сацыяльна-эканамiчным жыццi краiны прадвызначалi пачатак працы над новым зборам законаў (статутам). Да канца 1584 г. яна была амаль завершана, але, паколькi новы Статут iгнараваў акт Люблiнскай унii 1569 г., Польшча не згаджалася зацвердзiць яго на агульным сейме Рэчы Паспалiтай. У вынiку Статут быў зацверджаны велiкакняжацкiм прывiлеем 28.1.1588 г. (гэта мусiў зрабiць Жыгiмонт III, каб захаваць велiкакняжацкi трон).


Трэцi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага дзейнiчаў з 1589 г., а пасля ўключэння Беларусi ў склад Расiйскай iмперыi – у Вiцебскай i Магiлёўскай губернях – да 1832 г., у Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях – да 1840 г.


Крынiцамi для распрацоўкi Статута сталi: Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага 1529 i 1566 г., сеймавыя пастановы 1573, 1578, 1580, 1584 гг., каралеўскiя прывiлеi, пастановы павятовых сеймiкаў. Статут меў 14 раздзелаў i 488 артыкулаў. У раздзелах 1–4 змяшчалiся нормы дзяржаўнага права i судовага ладу, 5–10 i часткова 13 – шлюбна-сямейнага, зямельнага i грамадзянскага права, 11–12, 14 i часткова 13 – крымiнальнага права. Статут быў падрыхтаваны ў перыяд, калi каралём i вялiкiм князем быў Стэфан Баторый (1576–1586), на высокiм тэарэтычным узроўнi квалiфiкаванымi правазнаўцамi, працай якiх кiравалi А. Валовiч i Л. Сапега.


Статут 1588 г. заканадаўча аформiў захаванне Вялiкага княства Лiтоўскага як дзяржавы; насуперак акту Люблiнскай унii, абвяшчаў iдэю верацярпiмасцi, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгi або злачынства ў няволю, прадугледжваў крымiнальную адказнасць шляхцiца за забойства простага чалавека. Статут быў надрукаваны на старажытнабеларускай мове ў 1588 г. у Вiленскай друкарнi Мамонiчаў пад наглядам Л. Сапе-гi, у 1614 г. выдадзены на польскай мове (перадрукоўваўся ў 1619, 1648, 1694, 1744, 1786, 1819 гг.), у 1811 г. на рускай мове ў Пецярбургу. Меў вялiкi ўплыў на працэс кадыфiкацыi рускага права, падрыхтоўкi Саборнага ўлажэння 1649 г. Найбольш поўнае сучаснае выданне ажыццёўлена ў 1989 г.


5. Пастановы (канстытуцыi) сеймаў Вялiкага княства Лiтоўскага i Рэчы Паспалiтай


Да 1569 г. (Люблiнскай унii) пастановы сейма называлiся часцей ухваламi. У Статуце 1588 г. ужываюцца абодва тэрмiны. Канстытуцыi сеймаў Рэчы Паспалiтай падзялялiся на тры групы: 1) тыя, што датычылi ўсёй Рэчы Паспалiтай; 2) рашэннi, якiя датычылi толькi Польшчы; 3) рашэннi, якiя мелi сiлу толькi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Як правiла, апошнiя ў сеймавых дакументах вылучалiся ў спецыяльны раздзел. Працэс прыняцця заканадаўчых рашэнняў у сейме складаўся з некалькiх стадый: 1) падрыхтоўка законапраекта, 2) абмеркаванне i прыняцце яго, 3) абнародаванне закона. Падрыхтоўка законапраекта ажыццяўлялася дзяржаўнай канцылярыяй i спецыяльна створанай камiсiяй. Заканадаўчая iнiцыятыва належала вялiкаму князю i радзе. Абмеркаванне i прыняцце Канстытуцыi праходзiлі ў абедзвюх палатах сейма – сенаце i пасольскай палаце («избе»). Канчаткова закон рэдагаваў кароль. Канстытуцыі абнародавалiся на спецыяльных сеймiках, пасля ўпiсвалiся ў адпаведныя кнiгi, а таксама ў Метрыку Вялiкага княства Лiтоўскага (гл. раздзел 3 «Матэрыялы справаводства»), з 1732 г. друкавалiся ў зборы законаў i актаў (Volumina legum). Апошняе выданне складзена паводле хранала-гiчнага прынцыпу i ахоплiвала перыяд ад 1317 г. да 1782 г., аднак не з'яўлялася афiцыйным i не змяшчала ўсiх законаў Рэчы Паспалiтай. Да таго ж шэраг дакументаў запазычаны з прац асобных даследчыкаў.


Канстытуцыяй таксама называюць прыняты Чатырохгадовым сеймам Закон аб урадзе 3 мая 1791 г. Гэты заканадаўчы акт складаўся з прэамбулы i 11 раздзелаў. Канстытуцыя вызначала правы i абавязкi ўсiх саслоўяў. Прадугледжвалася размежаванне «трох улад»: заканадаўчай, выканаўчай i судовай (сейм, урад, судовыя органы). Дзякуючы Кансты-туцыi, у Рэчы Паспалiтай была зроблена спроба ажыццявiць прынцып парламенцкага спосабу кiравання, але яе палажэннi не былi поўнасцю ажыццёўлены па прычыне бунту рэакцыйных колаў, якiя абвясцiлi вясной 1792 г. у горадзе Таргавiцы канфедэрацыю i стварылi ўмовы для ўмяшання замежных дзяржаў.


ЛIТАРАТУРА


· Падрабязны аналіз крыніц заканадаўчых дакументаў гл.: Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 2001.


· Гл.: Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889.


· Гл.: Старостина И.П. Судебник Казимира 1468 г. // Древнейшие государства на территории СССР. М-лы и исследов. 1988 – 1989 гг. М., 1991. С.170 – 345.


· Статут Великого княжества Литовского 1529 г. Мн., 2001.


· Временник Императорского Московского общества истории и древностей Российских. Кн. 23. М., 1855.


· Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588: Тэксты, даведнiк, каментарыi. Мн., 2005.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Заканадаўства вялiкага княства лiтоўскага

Слов:2808
Символов:21458
Размер:41.91 Кб.