РефератыИсторияРоРоля дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносінаў ў парэформеннай сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі

Роля дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносінаў ў парэформеннай сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі

УА"Беларускідзяржаўныпедагагічны універсітэт імя М. Танка"


Рэферат


Па курсу "Гісторыя усходніх славян др. пал. ХІХ – пач. ХХ ст."


Тэма:


"Роля дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносінаў ў парэформеннай сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларус
і
"


Падрыхтаваў:


Нарывончык Дзмітрый


Сцяпанавіч


Праверыла:


Леўковіч Наркіса


Данілаўна


Мінск 2006 г.


Гістарыяграфія пытання


У др. пал. ХІХ ст. аб’ектыўныя патрабаванні часу прымусілі расійскае самадзяржаўе пайсці на буржуазныя пераўтварэнні. Але феадальная прырода самадзяржаўя абумовіла паўфеадальны характар гэтых пераўтварэнняў, зрабіла іх непаўнавартнастнымі і супярэчнымі. Традыцыйна абапіраючыся на памеска-дваранскі клас, царскі урад мусіў цяпер улічваць трансфармацыю сацыяльных адносінаў, шукаць падтрымкі новай катэгорыі ўласнікаў – буржуазіі, і нанава перабудоўваць сістэму сацыяльнага партнерства. На практыцы гэты працэс знайшоў адлюстраванне ў прававым рэгуляванні ўзаемаадносін прадпрыймальнікаў і рабочых.


Выпрацаваная ў савецкай гістарыяграфіі канцэпцыя пастаяннага ўзмацнення эксплуатацыі рабочых і сялян у перыяд станаўлення і развіцця капіталізму пасля рэформы 1861 г. не спрыяла ўсебаковаму аналізу і раскрыццю праблем прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы ў вызначаны перыяд.


У шэрагу манаграфій, публікацый, матэрыялах навуковых канферэнцый, у першую чаргу расійскіх гісторыкаў, падкрэсліваецца гэты недахоп, але разам з тым адзначаецца, што прыкладаюцца значныя намаганні для ліквідацыі шматлікіх "белых плям"1
.


3 улікам таго, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічала заканадаўства Расійскай імперыі, за выключэннем толькі некаторых заканадаўчых актаў, у якіх спецыяльна прадугледжваліся рэгіянальныя асаблівасці, вызначаная праблема напрамую звязана з беларускай гістарыяграфіяй. Таму ў напрамку яе асвятлення робяцца пэўныя захады навукоўцамі рэспублікі. У гэтых калектыўных працах даецца новае канцэптуальнае асвятленне асноўных рэформ 60-х гг. XIXст. і сталыпінскіх перамен у аграрным сектары, якія забяспечвалі паступовы пераход сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі ад феадальна-прыгонніцкай да рынкавай, капіталістычнай.


Заслугоўваюць увагі дыскусійныя працы В.Панюціча і Х.Бейлькіна, у якіх даецца аналіз становішча сельскай гаспадаркі Беларусі2
. Пэўную цікавасць выклікаюць артыкулы І. Грыбко, П. Брыгадзіна і А. Каханоўскага, якія закранаюць некаторыя праблемы беларускага грамадства на мяжы XIX і XXст.3


Першая спроба комплекснага аналізу праблемы прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы Беларусі ў перыяд фарміравання і развіцця рынкавай капіталістычнай эканомікі пасля 1861 г. адносіцца да артыкула І. Прымачука “Прававое рэгуляванне ўзаемаадносін прадпрыймальнікаў і рабочых Беларусі (60-я гг. ХIХ - пачатак XX стст.)”, дзе аўтар надае асноўную ўвагу дзяржаўнаму рэгуляванню працоўнага заканадаўства у сельскай гаспадарцы і ў прамысловасці4
.


Прававое рэгуляванне сацыяльна-эканамічных ўзаемаадносінаў у сельскай гаспадарцы


Як вядома, рэформа 1861 г. аб адмене прыгоннага права стала пераломным крокам нашляху эвалюцыйнага пераходу Беларусі, як і ў цэлым Расійскай Імперыі, да рынкавай капіталістычнай эканомікі. Прычым гэты пераход тут быў больш хуткі, чым у іншых рэгіёнах Расіі, з улікам дарэформенных капіталістычных элементаў найму і выкарыстоўвання сельскагаспадарчых мышын з аднаго боку і больш ільготных умоў вызвалення, выкліканых паўстаннем 1863-1864 гг., з другога.


Пераход ад прыгоннай залежнасці да выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы ў сельскай гаспадарцы выклікаў неабходнасць тэрміновага дзяржаўнага прававога рэгулявання гэтага працэсу. 1 красавіка 1863 г. быў прыняты ўказ “Аб часовых мерах для найму сельскіх рабочых і служыцеляў”5
, а 12 чэрвеня 1886 г. зацверджана “Палажэнне аб найме на сельскія работы”6
.


Паводле палажэння, дагаворы аб найме маглі заключацца абодвума бакамі як вусна, так і пісьмова. Наём мог быць на ўстаноўлены тэрмін, але не болей чым на 5 гадоў. Пры заключэнні дагавору аб найме бакі, якія дамаўляліся паміж сабой, павінны былі вызначыць памер аплаты. Па дагавору наймальнік быў абавязаны:


1) абыходзіцца з рабочымі справядліва, патрабаваць ад іх толькі той работы, для якой яны былі наняты і якая была абумоўлена ў дагаворы;


2) выплачваць своечасова заработную плату. Прычым забаранялася замест грошай разлічвацца хлебам ці іншымі таварамі. Калі ж рабочыя наймаліся з харчаваннем у гаспадара, то ежа і прадукты, якія выдаваліся, павінны былі быць дабраякаснымі і адпавядаць стандартам ежы сям'і сярэдняга дастатку;


3) аказваць рабочаму, які захварэў, хатнюю дапамогу, а ў выпадку неабходнасці садзейнічаць адпраўцы яго на месца жыхарства або ў бальніцу;


4) наймальнік не павінен даручаць непаўналетнім работу, якая не адпавядае іх узросту і сіле, а таксама не перашкаджаць, а заахвочваць іх да наведвання царквы і школы ў вольны ад работы час.


У сваю чаргу рабочы павінен быў слухацца наймальніка і бездакорна выконваць яго патрабаванні адпаведна заключаным умовам. У функцыі рабочага ўваходзіла абарона гаспадара і яго сям'і ад усялякіх пагроз і небяспекі. Рабочаму забаранялася адлучацца без дазволу гаспадара і выконваць чужую работу.Ён абавязаны быў беражліва абыходзіцца з жывёлай і гаспадарчымі прыладамі працы. Пакідаючы наймальніка, рабочы павінен быў здаць гаспадару яго маёмасць.


Наймальніку дазвалялася накладваць штраф на рабочых за прагулы, няякасную работу, грубасць і непакорнасць гаспадару, а таксама за пашкоджанне яго маёмасці. Па іншых акалічнасцях штрафы забараняліся. Непрыход на працу без уважлівых прычын больш за 3 дні запар лічыўся прагулам. Калі рабочы пакідаў наймальніка без уважлівых прычын да заканчэння тэрміну найму - гэта прызнавалася самавольным адыходам.


У законе досыць падрабязна пералічаны прычыны, у выпадку якіх маглі прыпыніць дагавор як наймальнік, так і рабочы. Пры гэтым спрэчкі паміж імі павінен быў разглядаць суд. Калі суд не прызнаваў правільнасць звальнення наймальнікам рабочага, то з наймальніка на карысць рабочага бралася плата ў памеры не больш за трохмесячны заробак. Калі ж суд па скарзе наймальніка прызнаваў, што дагавор аб найме скасаваны рабочым няправільна, то рабочы падвяргаўся адказнасці, якая была ўстаноўлена за самавольны адыход.


Такім чынам, прынятыя ў 1863 і 1886 гг. заканадаўчыя акты з'явіліся важнымі дзяржаўна-прававымі дакументамі, якія рэгламентавалі адносіны паміж най-мальнікам і рабочым, вызначалі правы і абавязкі абодвух бакоў. 3 улікам таго, што Беларусь заставалася пераважна сельскагаспадарчым рэгіёнам, то гэтыя законы закраналі інтарэсы значнай колькасці яе жыхароў. Паводле падлікаў Б.Панюціча, у 1907 г. у Віцебскай губерні і 5 заходніх губернях колькасць пастаянных рабочых складала каля 234 тыс. чалавек7
.


У той жа час трэба адзначыць, что гэтыя законы не прадугледжвалі стварэння кантрольных устаноў, якія б сачылі за выкананнем адзначаных палажэнняў на месцах. У абсалютнай большасці выпадкаў узаемаадносіны паміж рабочым і наймальнікам мелі аднабаковы характар і вызначаліся інтарэсамі апошняга. Наем сельскагаспадарчых рабочых, з’яўляючыся ў цэлым капіталістычным, часта суправаджаўся напаўпрыгонніцкімі ўмовамі – надзяленнем невялікім кавалкам зямлі, ардынарыяй (прадуктамі харчавання), натуральнымі паслугамі. Цалкам на вырашэнне наймальніка заставалася праблема вызначэння працягласці рабочага дня. У большасці гаспадарак летам работнікі працавалі ўвесь светлавы дзень – па 16, а падчас і 18 гадзін у суткі. Прытым на сняданне і абед адводзілася не больш за 2-2,5 гадзіны. У зімовы час сельскагаспадарчыя рабочыя працавалі па 12-13 гадзін у суткі. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. у асобных гаспадарках Беларусі сельскагаспадарчыя рабочыя дамагліся скарачэння працоўнага дня да 13-14 гадзін.


Не рэгламентаваўся і ўзровень заработнай платы пастаянных сельскагаспадарчых рабочых. У асноўным яна залежыла ад сезону і вагалася у залежнасці ад каштоўнасці рабочай сілы і яе прапановы на мясцовым рынку. Так, напрыклад, у 1883-1887 гг. па пяці беларускіх губернях плата сельскагаспадарчым рабочым складала ад 20 да 110 капеек у дзень (табліца №1). Калі ж браць сярэднюю гадавую плату, то ў 1881-1891 гг. яе сярэдні паказчык з уклікам харчовага забяспечання складаў 90 руб. для мужчыны і 65 для жанчыны (табліца №2). У той жа час па падліках В.Панюціча, каб пракарміць сям'ю з 6 чалавек, рабочаму патрабавалася больш за 160 руб.8
. Ніякага адлюстравання на дзяржаўным узроўні не знайшоў працэс павышэння даходнасці маёнтка за кошт памяньшэння заработнай платы парабкаў (табліца №3).


Практычна адсутнічала медыцынскае абслугоўванне, сацыяльнае страхаванне, дастатковае забяспячэнне ежай. Так, газета «Северо-западное слово» № 615 за 1900 г. адзначае: “В каждой деревне можно найти несколько человек с оторванными пальцами, раздробленными руками и ногами, безногих и калек, которые могут засвидетельствовать, что увечье причинено им сельско-хозяйственными машинами. …Сельскохозяйственные рабочие нисколько не гарантированы и от других злоупотреблений со стороны своих хозяев, как, например, в отношении качества пищи, аккуртной уплаты следуемых за службу денег и даже кулачной расправой, которая практикуется в глухой провинции как законное и вполне нормальное явление.”9
.


Паскарэнню працэсу пераходу да капіталістычнага гаспадарання спрыялі законы ад 16 мая 1867 г. "Аб пазямельным уладкаванні дзяржаўных сялян у дзевяці Заходніх губернях''10
і ад 12 чэрвеня 1886 г. "Аб пераўтварэнні аброчнай подаці былых дзяржаўных сялян у выкупныя плацяжы"11
.


Паводле закона 1867 г., дзяржаўным сялянам Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў перадаваліся ва ўласнасць землі і ўгоддзі, якія адводзіліся ім у надзел. Гэтыя сялянеадносіліся да разраду "сялян-уласнікаў". Для вызначэння памеру перадаваемага ва ўласнасць селяніну надзелу і штогадовых плацяжоў ствараліся люстрацыйныя камісіі, якія павінны былі выдаваць сялянам люстрацыйныя акты. Для вызначэння штогадовых выкупных плацяжоў з селяніна камісія павінна была павялічыць яго штогадовую подаць на 10%. Устаноўлены такім чынам памер выкупнога плацяжу з селяніна мог спаганяцца да 1 студзеня 1913 г. Сялянам дазвалялася датэрмінова аплаціць выкупныя плацяжы.


Законам 1886 г. прадугледжвалася пераўтварыць аброчную подаць і зборы, якія яе замянялі, а таксама лясны падатак у выкупныя плацяжы. Сумы іх устанаўліваліся для кожнай губерні ў нязменным памеры на ўвесь тэрмін выкупу, які канчаткова павінен быць спынены з 1 студзеня 1931 г. Сельскім грамадствам і ўласнікам падворных надзелаў дазвалялася датэрмінова разлічыцца з мясцовым казначэйствам па выкупных плацяжах.


Відавочна, што гэтыя законы паляпшалі становішча дзяржаўных сялян, якія складалі каля 20% сялянскага насельніцтва Беларусі. Яны далучаліся да разраду сялян-уласнікаў, умовы іх вызвалення былі больш спрыяльныя, чым у памешчыцкай вёсцы.


Важную ролю ў рэфармаванні сельскай гаспадаркі адыграў Сялянскі пазямельны банк, палажэнне аб якім зацверджана 18 мая 1882 г.12
. Гэта была дзяржаўная ўстанова, і падпарадкоўвалася яна Міністэрству фінансаў. У губернях утвараліся аддзяленні банка. Яны мелі права прымаць заяўкі аб выдачы пазыкі і зацвярджаць іх, садзейнічаць прадаўцам і пакупнікам пры здзяйсненні здзелак, выдаваць дазволеныя пазыкі, хадайнічаць аб ільготах і растэрміноўках у плацяжах у выпадку катастроф, якія спасцігалі заёмшчыкаў, рабіць распараджэнні па спагнанні пратэрмінованьіх пазык і інш.


Стварэнне Сялянскага пазямельнага банка пашырала магчымасці атрымаць пазыку для пакупкі зямлі з мэтай пашырэння сялянскай гаспадаркі. Плошча прададзенай зямлі сялянам з выдзяленнем пазык банкам толькі ў 1906-1915 гг. склала каля 233 тыс. дзесяцін13
.


Неакрэсленасць сацыяльна-эканамічных узаемаадносінаў паміж наймальнікам і рабочым у сельскай гаспадарцы, непрыкрытая падтрымка дзяржавай землеўласнікаў уносяць сацыяльны канфлікт паміж імі, выступаюць у якасці каталізатара сяланскага руху. У перыяд 1864-1875гг. было зафіксавана 218 сяланскіх хваляванняў, у сярэднім па 18 у год, у 1876-1882 гэтыя лічбы складалі адпаведна 204 і 29, у 1883-1894 – 375 і 31, у 1895-1900 – 181 і 30, а падчас першай рускай рэвалюцыі у студзені-сакавіку 1905 г. дасягнулі крытычнай кропкі – 53хвалявання14
. Гэта прымусіла імператара Мікалая ІІ 3 лістапада 1905 г. падпісаць адразу 3 заканадаўчыя акты: "Аб паляпшэнні дабрабыту і палягчэнні становішча сялянскага насельніцтва", "Аб памяншэнні і далейшым спыненні выкупных плацяжоў з сялян былых памешчыцкіх, дзяржаўных і ўдзельных" і "Аб па-лягчэнні задачы Сялянскага пазямельнага банка па садзейнічанні да павелічэння плошчы землеўладання малазямельных сялян"15
.


Пералічанымі законамі ўстанаўлівалася з 1 студзеня 1906 г. памяншэнне на палову выкупных плацяжоў, а з 1 студзеня 1907 г. выкупныя плацяжы лікві-доўвалісяі. Давалася даручэнне банку знайсці магчымасць больш паспяховай дапамогі малазямельным сялянам у пашырэнні пакупной плошчы іх землеўладання, а таксама павялічыць для гэтага выдзяленне сродкаў банка і ўстанавіць больш ільготныя правілы для выдачы адпаведных пазык.


Кантрэвалюцыйны адыход адзначыўся прыняццем 15 красавіка 1906 г. "Правіл супраць узнікнення стачак сярод сельскіх рабочых" і 26 красавіка 1906 г. указа "Аб маёмаснай адказнасці ўдзельнікаў у пагромах і грабяжах у сельскіх мясцовасцях"16
. Паводле гэтых заканадаўчых актаў, узмацнялася крымінальная адказнасць сельскагаспадарчых рабочых за насілле над асобай, за знішчэнне, пашкоджанне і самавольны захоп чужой маёмасці, а таксама эа самавольнае спыненне альбо неаднаўленне сельскіх работ, прадугледжаных дагаворам па найму. Рабочыя маглі быць пакараны турэмным зняволеннем на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года. На спагнанне страт, прысуджаных пацярпелым ад пагромаў і грабяжоў, магла быць выкарыстана ўся рухомая і нерухомая маёмасць вінаватых у гэтых падзеях.


Але аб’ектыўны аналіз рэвалюцэйных падзей у весцы паказаў, што расійскаму самадзяржаўю патрэбны моцны сацыяльны саюзнік, які мог бы стаць гарантам эфектыўнай сацыяльнай палітыкі. Такога саюзніка царскі ўрад знайшоў знайшло ў асобе кулака-уласніка, створанага інтэнсіфікацыяй капіталістычнага развіцця сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з гэтымі намерамі 9 лістапада 1906 г. выходзіць імператарскі ўказ "Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага закона, якія тычацца сялянскага землеўладання і землекарыстання"17
, які трансфармаваўся ў закон ад 14 чэрвеня 1910 г. "Аб змяненні і дапаўненні некаторых пастаноў аб сялянскім землеўладанні"18
і ў стаў гэтым варыянцегалоўным падмуркам сталыпінскай аграрнай рэформы.


Прававое рэгуляванне сацыяльна-эканамічных ўзаемаадносінаў у прамысловасці


Развіццё капіталізму арганічна звязана з прамысловым пераваротам і фарміраваннем новых сацыяльных утварэнняў – фабрычна-завадской буржуазіі і прамысловага пралетарыяту. Гэта ў сваю чаргу патрабавала дзяржаўнага рэгулявання працоўных адносін паміж рабочымі і фабрыкантамі. Важным у такім рэчышчы стаў закон ад 1 чэрвеня 1882 г. "Аб малалетніх працоўных на заводах, фабрыках і мануфактурах"19
. Паводле закона, дзеці, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, да работ не дапускаліся. Падлеткі ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў не маглі быць заняты работаю звыш 3 гадзін у суткі. Пры гэтым работа не павінна працягвацца больш за 4 гадзіны запар. Забаранялася прыцягваць малалетніх да работы паміж 9 гадзінамі вечара і 5 гадзінамі раніцы, у нядзелю і ў святочныя дні, а таксама да знясільваючых работ. Наймальнікі абавязаны былі тым дзецям, што працавалі і не мелі пасведчання аб заканчэнні аднакласнага народнага вучылішча, даваць, магчымасць наведваць навучальныя ўстановы не менш за 3 гадзіны кожны дэень альбо 18 гадзін у тыдзень. Такім чынам, паводле закона, які распаўсюджваўсяна ўсе без выключэння прадпрыемствы і ўводзіўся з1 мая 1883 г., устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень для асоб 12-15-гадовага ўзросту, рэгламентаваліся некаторыя ўмовы іх працы, аднак не закраналіся праблемы яе аплаты.


Для кантролю за выкананнем закона ўводзілася фабрычная інспекцыя. Законам ад 3 чэрвеня 1885 г. не дазвалялася начная праца жанчын і падлеткаў (да 17 гадоў) на тэкстыльных прадпрыемствах. Наколькі гэта было важна, можна меркаваць па наступных дадзеных: у 1892 г. удзельная вага жанчын і дзяцей сярод усіх прамысловых рабочых складала 67-87 і 3-4,7% адпаведна (табліца №4).


Далейшаму развіццю фабрычнага заканадаўства садзейнічалі прынятыя 3 чэрвеня 1886 г, "Правілы аб надзоры за ўстановамі фабрычнай прамысловасці і аб узаемных адносінах фабрыкантаў і рабочых і аб павелічэнні колькасці чыноў фабрычнай інспекцыі"20
. Заканадаўчы акт прадугледжваў, што пры дагаворы аб найме рабочым выдаваліся разліковыя кніжкі, у якіх вызначаліся ўмовы найму, а таксама фіксаваліся ўсе спагнанні з рабочых за прагулы прычыненую шкоду.


Разлік з рабочымі замест грошай купонамі, умоўнымі знакамі, хлебам, таварам і іншымі прадметамі забараняўся. Забаранялася вылічваць з рабочых плату за медыцынскую дапамогу, за асвятленне майстэрняў, за карыстанне пры работах для фабрыкі прыладамі працы.


Выдача заработнай платы рабочым павінна была праводзіцца не радзей аднаго разу ў месяц, калі наём заключаны на тэрмін больш за месяц, і не радзей за два разы ў месяц пры найме на нявызначаны тэрмін. У законе пералічвалася каля 20 выпадкаў, па якіх мог быць скасаваны дагавор аб найме. Так, наймальнік мог скасаваць дагавор у выпадку няяўкі на работу рабочага больш за 3 дні запар без уважлівай прычыны, а таксама калі паводзіны рабочага пагражалі бяспецы фабрычнай адміністрацыі і маёмасным інтарэсам фабрыкі.


Рабочы, які не атрымліваў у тэрмін заробак, меў права патрабаваць праз суд прыпынення заключанага з ім дагавору. Пры гэтым, калі патрабаванне прызна-залася абгрунтаваным, то на яго карысць прысуджалася, звыш належнай яму заработнай платы, асаблівае ўзнагароджанне ў памеры двухмесячнага заробку пры тэрміновым дагаворы, а пры дагаворы на нявызначаны тэрмін – двухтыднёвага заробку.


Рабочыя мелі права скасавання дагавору пры дрэнных адносінах да іх з боку гаспадара і яго адміністрацьіі, а таксама па прычыне парушэння ўмоў па забеспячэнні іх харчамі і памяшканнем, і калі работа шкодна дзейнічала на стан іх здароўя.


Правіламі прадугледжвалася, што нагляд за выкананнем неабходнага парадку на фабрыках і заводах ускладаўся на мясцовае дзяржаўнае кіраўніцтва і здзяйсняўся непасрэдна губернскай інспекцыяй па фабрычных справах пры садзейнічанні паліцыі. Уводзіліся правілы ўнутранага распарадку на заводах і фабрыках, якія зацвярджаліся фабрычным інспектарам.


Для падтрымання належнага парадку на прадпрыемствах кіраўнікам фабрычнай адміністрацыі дазвалялася накладаць на рабочых грашовыя штрафы за дрэнную работу, прагулы і за парушэнне парадку. Штраф за адно парушэнне не мог быць больш аднаго рубля. Усе накладзеныя на рабочага штрафы ў месяц не павінны былі перавышаць 1
/з яго заробку. Грошы ішлі на асобны рахунак фабрыкі і маглі выкарыстоўвацца з дазволу фабрычнай інспекцыі толькі на задавальненне патрэб саміх рабочых. За парушэнне гэтых правіл фабрыкант падвяргаўся штрафу ад 25 да 100 руб.


3 аналізу асноўных артыкулаў закона ад 3 чэрвеня 1886 г. можна зрабіць выснову пра тое, што ён унес цэлы шэраг канструктыўных змяненняў і дапаўненняў у працоўнае фабрычна-заводскае заканадаўства, якія больш дэталёва акрэслівалі правы і абавязкі як гаспадароў-наймальнікаў, так і рабочых. Аднак ён датычыўся толькі так званых цэнзавых прадпрыемстваў – тых, што мелі не менш чым 30 рабочых пры адсутнасці механічнага рухавіка, або не менш чым 16 рабочых пры яго наяўнасці – і не распаўсюджваўся на дробную і рамесную прамысловасць, якая выпадала з-пад нагляду фабрычнай інспекцыі. У 1900 г. пры агульнай колькасці прамысловага пралетарыяту 237 тыс. чал. пад наглядам фабрычнай інспекцыі было толькі 48 346 чал.21


Пэўным крокам у гэтым накірунку быў прыняты 2 чэрвеня 1897 г. закон "Аб працягласці і размеркаванні рабочага часу ва ўстановах фабрычна-заводскай прамысловасці"22
. У ім адзначалася, што працоўным часам для кожнага рабочага лічыцца той час, на працягу якога, адпавед

на дагавору найму, ён лавінен знаходэіцца ў прамысловай установе для выканання работы. Прадугледжвалася, што для рабочых, якія заняты выключна ўдзень, працоўны дзень не павінен перавышаць 11,5 гадзіны ў суткі, а па суботах і напярэдадні шасці галоўных рэлігійных свят – 10 гадзін. Для рабочых, занятых хоць бы часткова ў начны час (з 9 гадзін вечара і да 5 гадзін раніцы), рабочы час не павінен перавышаць 10 гадзін у суткі.


Звышурочныя работы дапускаліся толькі ў выпадку, калі яны прадугледжваліся асобным пагадненнем паміж наймальнікам і рабочым. Аднак гэтае палажэнне фактычна заставалася на паперы, бо працягласць іх не абмяжоўвалася і цалкам залежыла ад наймальніка. Агульная тэндэнцыя можа быць вызначана наступным чынам: чым больш буйное і тэхнічна дасканалае прадпрыемства, тым лепшымі былі ўмовы працы, вышэй заработная праца і ніжэй працягласць рабочага дня. Так, у 1895 г. рабочыя запалкавай фабрыкі “Вікторыя” г. Барысава працавалі 14 гадзін у дзень, у той час як у 1894 г. на Добрушская папяровай фабрыцы ўпершыню ў Расійскай імперыі быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень без змяншэння заработнай платы.23


Разам з тым, законам ад 2 чэрвеня 1897г. упершыню ў Расійскай імперыі ўстанаўлівалася працягласць працоўнага дня для прамысловых рабочых і абавязковыя нядзельныя і святочныя дні адпачынку (66 дзён у год), што істотна абмяжоўвала самавольства капітапістаў.


3 ростам прамысловага капіталізму і пад уздзеяннем барацьбы рабочых за паляпшэнне свайго дабрабыту э пачатку XX ст. урад Мікалая IIстаў рабіць пэўныя захады па далейшаму рэгуляванню сацыяльных адносін. Так, 2 чэрвеня 1903 г. было зацверджана "Палажэнне аб аплаце пацярпеўшых у выніку няшчасных выпадкаў рабочых і служачых, а роўна членаў іх сямействаў, у прадпрыемствах фабрычна-заводскай, горнай і горназаводскай прамысловасці"24
. Адпаведна гэтаму палажэнню, уласнікі прадпрыемстваў павінны былі аплачваць рабочым за страту працаздольнасці ад цялесных пашкоджанняў, якія яны атрымалі на рабоце, калі яна перавышала 3 дні. Калі ж няшчасны выпадак на вытворчасці заканчваўся смерцю рабочага, то вы-платы рабіліся членам яго сям'і.


Аплата праводэілася ў форме дапамог і пенсій. Дапамога ў памеры заробку пацярпелага прызначалася з дня няшчаснага выпадку па дзень узнаўлення працаздольнасці альбо прызнання страты яе назаўсёды. Пенсіі прызначаліся ў выпадках поўнай страты працаздольнасці ў памеры 2/3 гадавога ўтрымання пацярпелага. Памер пенсіі членам сямейства памерлага – удаве, дзецям або бацькам – устанаўліваўся ў залежнасці ад ступені радства. Аднак агульная сума гэтай пенсіі не павінна была перавышаць 2/3 гадавога ўтрымання памерлага рабочага.


2 чэрвеня 1903 г. імператар Мікалай IIтаксама зацвердзіў "Палажэнне аб пенсіённай касе служачых на казённых чыгунках"25
. Касы прызначаліся для выплаты пенсій і аднаразовых грашовых дапамог сваім членам і іх сямействам. Прычым члены касы карысталіся пенсіямі і дапамогамі незалежна ад тых пенсій і дапамог, якія яны маглі атрымліваць на аснове агульных законаў. Больш таго, павышаныя пенсіі прызначаліся асобам па выслузе гадоў у выпадку поўнай страты працаздольнасці і ўдзелу ў касе не менш за 10 гадоў, а звычайныя пенсіі па выслузе – з удзелам у касе не менш за 15 гадоў. Каса назапашвала сродкі ад штрафных грошай, дабравольных узносаў, абавязковых утрыманняў санкцый з членаў, даходаў касы і іншых спецыяльных назапашванняў.


12 снежня 1904 г. у царскім указе "Аб прадвызначэннях да ўдасканалення дзяржаўнага парадку" гаварылася пра тое, што будуць прадпрымацца меры па забеспячэнні рабочых на фабрыках і заводах дзяржаўным страхаваннем26
.


Аднак работа па распрацоўцы і прыняцці адпаведных заканадаўчых актаў зацягнулася на шмат гадоў. I толькі 23 чэрвеня 1912 г. імператар падпісаў адразу 4 законы: "Аб заснаванні дзяржаўных устаноў па справах страхавання рабочых", "Аб заснаванні савета па справах страхавання рабочых", "Аб забеспячэнні рабочых на выпадак хваробы" і "Аб страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў"27
. Гэтыя законы распаўсюджваліся на ўсе прамысловыя прадпрыемствы, у якіх налічвалася не менш за 20 працуючых і прымяняліся паравыя катлы, машыны альбо жывёла, а таксама на тыя ўстановы, дзе машынная тэхніка адсутнічала, але колькасць працуючых была не менш за 30 чалавек.


Усе працуючыя па найму павінны былі застрахавацца ад няшчасных выпадкаў у страхавым таварыстве, членам якога быў таксама і гаспадар прадпрыемства. Страхаванне здзяйснялася за кошт прадпрыемства. Застрахаваныя асобы ў выпадку страты працаздольнасці ад няшчасных выпадкаў атрымлівалі страхавыя выплаты э сродкаў страхавога таварыства – дапамогу ці пенсію. Памер дапамогі ўстанаўліваўся з разліку сярэдняга дзённага заробку рабочага, памножанага на колькасць рабочых дзён, за якія налічвалася дапамога. Пенсіі назначаліся пры поўнай страце працаздольнасці ў памеры 2/3 гадавога ўтрымання рабочага, а пры няпоўнай – у памеры той долі 2/3 гадавога ўтрымання, якая адпавядала ступені страты працаздольнасці. Пенсіі назначаліся таксама членам сямейства памерлага, смерць якога наступіла ад няшчаснага выпадку (удаве, дзецям да 15-гадовага ўэросту, бацькам, братам і сёстрам да 15 гадоў). Дата выдачы пенсіі ўста-наўлівалася па дамоўленасці бакоў.


Закон рэгламентаваў дзейнасць страхавых таварыстваў. Статут страхавога таварыства зацвярджаўся міністрам гандлю і прамыслсвасці. Ёнжа ўзначальваў савет па справах страхавання рабочых, у склад якога ўваходзіла шырокае кола чыноўнікаў высокага рангу. У губернях ствараліся дзяржаўныя ўстановы (присутствия) па справах страхавання рабочых на чале з губернатарам.


Законам "Аб эабеспячэнні рабочых на выпадак хваробы" прадугледжвалася стварэнне бальнічных кас. Яны маглі адкрываць і ўтрымліваць уласныя амбулаторыі, прыёмныя пакоі, бальніцы і радзільныя прытулкі. Касам дазвалялася супрацоўнічаць з гарадскімі, земскімі, а таксама з прыватнымі лячэбнымі ўстановамі. Уся лячэбная дапамога членам бальнічных кас была бясплатная, уключаючы лекі. Гэтыя расходы вяліся эа кошт гаспадара прадпрыемства. Касы маглі ўзяць на сябе выдаткі па медыцынскай дапамозе сем’ям сваіх членаў. На такія выдаткі вызначалася не больш 1/3 гадавога бюджэту касы. Касы аказвалі грашовую дапамогу сваім членам у выпадку хваробы, цяжарным і парадзіхам, на пахаванне.


Грашовыя сродкі бальнічных кас складаліся з узносаў членаў, прыплат гаспадароў прадпрыемстваў і інш. Памер узносаў вызначаўся агульным сходам членаў кас і складаў ад 1 да 2% з заработнай платы. Памер прыплат гаспадара прадпрыемства ў бальнічныя касы раўняўся 2/3 узносаў членаў. Справамі бальнічнай касы распараджаліся агульны сход касы і яе праўленне. Рэвізію касы маглі праводзіць члены фабрычнай інспекцыі.


Такім чынам, прынятыя 23 чэрвеня 1912 г. законы ўнеслі карэнныя змены, якія былі накіраваны на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага становішча рабочых, і вырашалі праблемы іх страхавання ад няшчасных выпадкаў і забеспячэння на выпадак хваробы. Ужо ў канцы 1913 г. на Беларусі налічвалася 99 бальнічных кас, у якіх удзельнічала 39 тыс. членаў, летам 1914 г. – 128 кас і каля 47 тыс. членаў. У тым ліку ў Мінскай губерні 25 кас, якія налічвалі 9,5 тыс. рабочых, у Магілёўскай – 17 кас, больш за 6 тыс. рабочых. Але страхаваннем было ахоплена толькі каля 17% рабочых28
, бо дробныя і сярэднія прадпрыемствы не заўседы згаджаліся на матэрыяльнае забяспячэнне сацяльнай абароны рабочых і імкнуліся абыйсці фабрычныя пастановы, што тычыліся гэтага пытання.


Заканадаўчыя акты, якія былі прыняты ў другой палове XIX-пачатку XXстст., былі спробай упарадкавання сацыяльна-эканамічных адносінаў, якія ўзнікалі паміж уладальнікамі сродкаў вытворчасці і рабочымі і у пэўнй ступені адлюстроўвалі кардынальныя зрухі з аднаго боку і абмежаванасці з другога ў эканамічным развіцці як Расійскай імперыі, так і Беларусі. Але аб’ектыўна трэба адзначыць, што ступіўшы на шлях капіталізму значна пазней іншых краін Захаду, Расія мела дастаткова сталы вопыт сацыяльнага заканадаўства, які ні па чым не саступаў сацыяльным пастановам Отто фон Бісмарка, а у 1913 г. дзяліла 4-5-е месца з Францыяй па агульнаму колькаснаму паказчыку сусветнага сукупнага прыродна-дэмаграфічнага, фінансава-эканамічнага становішча і ваенна-тэхналагічнага патэнцыялу. Прырост насельніцтва ў Расіі паміж 1867 і 1913 г. быў у 2 разы большы, чым у папярэднія 50 гадоў. 3 1863 па 1897 г. колькасць жыхароў Беларусі вырасла з 3,5 млн. да 6,5 млн. і дасягнула ў 1913 г. амаль 10 млн. чалавек. Смяротнасць зменшылася, нараджальнасць павялічылася, паляпшаўся дабрабыт людзей. Аднак працягласць жыцця сялян для еўрапейскай Расіі ў 1896-1897 гг. складала 33,3 года і гараджан - 30,9 года29
. Для параўнання – працягласць жыцця немцаў на пачатак XXст. раўнялася 45 гадам. Такое значнае разыходжанне Расіі ад заходніх краін па гэтаму важнейшаму паказчыку тлумачыцца агульным адставаннем у працэсе фарміравання даіндустрыяльнага і раннеіндустрыяльнага грамадства.


Для Расійскай імперыі, адной з састаўных частак якой была Беларусь, 1861-1913 гг. – гэта перыяд фарміравання заканадаўчай базы, якой было наканазана забяспечыць эвалюцыйны радыкальны пераход ад феадальнай, прыгонніцкай да капіталістычнай, рынкавай гаспадаркі.


Як адзначаюць даследчыкі, галоўныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага ўладкавання дзяржавы запазычваліся з тых краін Захаду, дзе яны дасягалі вышэйшага развіцця – у першую чаргу з Германіі. Прымяненне замежнага вопыту на практыцы заўсёды сутыкалася са значнымі цяжкасцямі, што вынікалі з мэт і сродкаў, тэарэтычных установак і характару іх рэалізацыі, прававых норм і канкрэтных інструментаў іх правядзення ў жыццё. Аднак у Расійскай імперыі ад паслядоўнага правядзення ў жыццё ў цэлым ліберальнага заканадаўства ў сацыяльна-эканамічнай сферы, яго павярхоўнасць і неэавершанасць з'яўляюцца адной з асноўных прычын рэвалюцыйных падзей пачатку XX ст.


Літаратура


1
Медушевский А.Н. Реформы в России XIX-XXвеков: западные модели и русский опыт. Конференция во Франкфурт-на-Майне // Отечественная история, 1996, № 2; Куприянова Л.В. Российские предприниматели и проблемы социального страхования. 1880-1905 годы // Отечественная история, 1996, № 5; Степанов В.Л. Социальное законодательство Отто фон Бисмарка и законы о страховании рабочих в России // Отечественная история, 1997, №2 ; Кирьянов Ю.М. Рабочие в России на рубеже XIX-XXвеков // Отечественная история, 1997, № 4.


2
Панютич В.П. Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси. 1861-1914 гг. Мн., 1996; Ён жа. Рэформы дзяржаўных сялян на Беларусі (канец 50-х – 70-я гг. XIXст.) // Беларускі гістарычны часопіс, 1993, № 3; Ён жа. Прававое становішча сялянства парэформеннай эпохі // Весці Нацыянальнай АН Беларусі. Сер. гум. н. 1998, № 1; Бейлькін Х.Ю. Чыгуначныя тарыфы і сельская гаспадарка Беларусі (канец XIX - пачатак XXст.) // Весці АН Беларусі. Сер. гум. н., 1996, № 2; Ён жа. Некаторыя пытанні развіцця аграрнага капіталізму // Беларускі гістарычны часопіс, 1996, № 1.


3
Грыбко Н.Л. Из истории городского обшественного управления на территории Беларуси (кон. XIX - нач. XXвв.) // Веснік БДУ. Сер. гум. н., 1996, № 1; Бригадин П.М., Кохановсхий А.Г. Социальная структура белорусского общества на рубеже ХІХ - ХХ вв. // Веснік БДУ. Сер. гум, н., 1996, № 3.


4
Прымачук І.П. Прававое рэгуляванне ўзаемаадносін прадпрыймальнікаў і рабочых Беларусі (60-я гг. ХІХ-пач. ХХ ст.) // БГЧ


5
Полное собрание законов Российской империи (далей – ПСЗРН). Собр. второе. Т. XXXVI, отд. 1, сс. 294-299,


6
Там жа. Собр. третье. Т. VI, сс. 292—301,


7
Панютич В.П. Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси. 1861-1914 гг., с. 104.


8
Там жа, с. 108.


9
Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ Мн., АН БССР, 1940, с. 692


10
ПСЗРМ. Собр. второе. Т. VI, отд. 1, сс. 754-756.


11
Там жа. Собр. третье. Т. VI, сс. 303-305.


12
Там жа, т. ІІ, сс. 218-221.


13
3 гісторыі эканамічных рэформаў. Мн., 1994, с. 14.


14
Панюціч В.П. Сялянскія хваляванні // Гісторыя Беларусі. Т.IV: Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Мн., 2005, с. 243-252


15
ПСЗРИ. Собр. третье. Т. XXV, отд. 1, сс. 790-791.


16
ПСЗРИ. Собр. третье. Т. XXVI, отд. 1, сс. 391-393, 483-184.


17
Там жа, т. XXVI, отд. I, сс. 970—974.


18
Там жа, т. XXX, с. 746.


19
Там жа, т. II, сс. 265-267.


20
Там жа, т. VI, сс. 262-270.


21
Кіштымаў А. Сацыяльная трансфармацыя беларускага грамадства пад уплывам развіцця прамысловасці, транспарту, гандлю // Гісторыя Беларусі. Т.IV: Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Мн., 2005, с. 211.


22
Там жа, т. XVII, сс. 355-356.


23
Кіштымаў А. Сацыяльная трансфармацыя беларускага грамадства пад уплывам развіцця прамысловасці, транспарту, гандлю // Гісторыя Беларусі. Т.IV: Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Мн., 2005, с. 212.


24
Там жа, т. XXIII, отд. 2, сс. 595-606.


25
Там жа, сс. 611-624.


26
Там жа, т. XXIV, сс. 196-198.


27
Там жа, т. XXXII, сс. 846-883.


28
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1, Мн., 1993, сс. 284-285.


29
Хок Стивен Ли. Мальтус: Рост населення и уровень жизни в России. 1861—1914 годы // Отечественная история, 1996, № 2, сс. 28-64.


ДАДАТАК


табліца №1


Падзённая плата сельскагаспадарчым рабочым


(сярэдняя за 1883-1887 гг. у кампейках)




















































































































Губерні На сваіх харчах На гаспадарскіх харчах
работніку з канем работніку пешаму работніцы работніку пешаму работніцы
п с ж п с ж п с ж п с ж п с ж
Віленская 97 108 105 39 48 44 25 34 35 27 37 35 17 26 27
Віцебская 94 109 106 44 55 54 27 33 35 34 41 41 19 23 26
Гародзенская 88 91 91 29 42 42 19 29 33 - - 40 - - 30
Менская 74 104 94 32 47 49 22 30 32 24 36 39 19 21 26
Магілеўская 74 91 83 37 55 50 24 34 33 29 47 40 18 28 25
«Сельскохозяйств. и статистич. сведения по материалам, полученным от хозяев», в.V, табл. VI.

Заўвагі: п – пасеў


с – сенакос


ж – жніво



Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ Мн., АН БССР, 1940, с. 642.


Табліца №2


Сярэдняя гадавая плата сельскім рабочым у 1881-1891 гг.


(у рублях)





















































Губерния Рабочему Работнице
ср. год. плата

ср. соим.


прод.


общ. стоим. содерж. ср. год. плата

ср. соим.


прод.


общ. стоим. содерж.
Виленская 45 47 92 25 43 68
Гродненская 37 47 84 25 48 63
Витебская 50 47 97 27 40 67
Минская 45 40 85 25 35 60
Могилевская 47 44 91 27 39 66

«Сельскохозяйств. и статистич. сведения по материалам, полученным от хозяев», в.V, 1892, приложение №9.


Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ Мн., АН БССР, 1940, с. 646.


Табліца №3


Скарачэнне заработку сельскіх рабочых


(дынаміка заробку падзеншчыка ў капейках 1882-1892 гг.)






















































Губерні пасеў сенакос жніво
1883-87 1889-92 1883-87 1889-92 1883-87 1889-92
Віленская 29 27 42 39 42 41
Віцебская 39 36 48 44 44 42
Гародзенская 37 37 22 51 50 48
Менская 44 43 55 54 54 51
Магілеўская 32 34 47 46 49 46

(Свод статистических материалов, касащихся эконом. полож. сельск. населения Европ. Росии, 1894 г.)


Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ Мн., АН БССР, 1940, с. 650.


Табліца №4


Колькасць жанчын і дзяцей на прадпрыемствах (акцызных і безакцызных) у 1892 г.
























































Губерні


усяго


раб.


муж %% жан %% дзеці %%
Віленская 14555 9742 66,9 4128 28,4 4,7 33,1
Віцебская 9615 7356 76,5 1833 19,0 4,5 23,5
Гародзенская 3358 2402 71,5 677 20,2 8,3 28,5
Менская 3358 2553 77,7 635 19,2 3,1 22,3
Магілеўская 3004 2617 87,1 283 9,4 3,5 12,9

(Свод статистических материалов, касащихся эконом. полож. сельск. населения Европ. Росии, 1892 г.)


Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. ІІ Мн., АН БССР, 1940, с. 730.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Роля дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносінаў ў парэформеннай сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі

Слов:5065
Символов:42082
Размер:82.19 Кб.