РефератыИсторияУтУтварэнне Рэчы Паспалитай

Утварэнне Рэчы Паспалитай

Тэма: “Утварэнне Рэчы Паспалітай”


Змест


1. Прадумовы фарміравання аб'яднанай дзяржавы


2. Дзяржаўна - прававы стан ВКЛ у Рэчы Паспалітай


3. Змаганне за захаванне суверэнітэту беларусска-літоўскай дзяржавы


Літаратура


1. Прадумовы фарміравання аб'яднанай дзяржавы

Пытанне аб дзяржаўнай вуніі з Польшчай востра паставіла на парадак дня найперш Полацкая вайна. Наша краіна не магла ўласнымі сіламі адбіцца ад усходняга інтэрвента, вызваліць акупаваную маскоўскім войскам Полаччыну. Ужо ў 1562 годзе, сабраўшыся на палявы сойм пад Віцебскам, шляхта Вялікага Княства прыняла зварот да караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб'яднання дзяржаваў і ўтварэння "агульнай абароны".


У 1563 годзе на варшаўскім сойме пры ўдзеле дэлегацыі Вялікага Княства пачалі афіцыйна абмяркоўвацца ўмовы аб'яднання дзяржаваў. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, дамагаўся фактычна поўнай інкарпарацыі Княства, а нашы паслы настойвалі на зусім раўнапраўным саюзе. Захаванне незалежнасці Княства было прынцыповай пазіцыяй магнатаў - Радзівілаў, Хадкевічаў, Валовічаў ды іншых. Спрэчкі цягнуліся не адзін год, між тым цяжкасці вайны ўсё вастрэй патрабавалі новых сілаў - дапамогі з боку Польшчы. Шляхта, якая найбольш цярпела ад няроўнага міжбою з Масквой, згаджалася на польскія ўмовы і прасіла гаспадара тэрмінова склікаць агульны сойм для падпісання вуніі.


Супольны сойм Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай для разгляду справы вуніі сабраўся ў студзені 1569 года ў Любліне. Зноў выявіліся прынцыповыя разыходжанні ў прапанаваных дэлегацыямі ўмовах задзіночання. Сенатары і паслы ад нашай дзяржавы нават нарады свае праводзілі асобна. Палякі звярнуліся да Жыгімонта Аўгуста, каб той прымусіў іх далучыцца да кароннага сойму ды прыняць польскія ўмовы. Абураная дэлегацыя Княства пакінула Люблін. Тым часам польскія паны, скарыстоўваючы момант, дамагліся далучэння да Кароны багатых земляў Вялікага Княства - Падляшша і Валыні. Потым гэтаксама былі інкарпараваныя Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы.


У Вільні абураліся, нават разглядалі магчымасць вайны з Польшчай, але яшчэ больш аслабленаму стратаю лепшых тэрыторый Княству ўрэшце не заставалася нічога іншага, як зноў прыслаць дэлегацыю на Люблінскі сойм. Нашы магнаты рабілі ўсё, каб адстаяць максімальную адасобленасць сваёй дзяржавы. Урэшце абодва бакі пагадзіліся на кампрамісных умовах аб'яднання, і 1 ліпеня 1569 года прысягаю прысутных сенатараў і паслоў быў прыняты акт дзяржаўнай вуніі - выразна кампрамісны і таму супярэчлівы па змесце.


Згодна з люблінскім актам, Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае аб'ядноўваліся ў "адну агульную Рэч Паспалітую" з адным манархам (кароль польскі быў адначасова і вялікім князем) ды соймам. Прадугледжвалася таксама адзіная манета і адзіная замежная палітыка. На тэрыторыі ўсёй аб'яднанай дзяржавы дакляраваліся аднолькавыя правы шляхты. Аднак апрача гэтых унітарных прынцыпаў у акце былі і нормы федэратыўнага аб'яднання: Вялікае Княства захоўвала ў рамках Рэчы Паспалітай свой назоў і тытул манарха, уласнае войска, сістэму дзяржаўных пасадаў, скарб і нават права. Праўда, прадугледжвалася перапрацоўка другога Статута, каб наблізіць яго да польскага зводу законаў (аднак новы кодэкс права, Статут 1588 года, наадварот, яшчэ больш адмежаваў Вялікае Княства ад Польшчы).


Вунія Вялікага Княства і Кароны паводле Люблінскага акта часова задаволіла абодва бакі. У тых складаных умовах яна дазволіла і ажыццявіць патрэбнае аб'яднанне, і захаваць адасобленасць Княства, а самае галоўнае - пераможна скончыць вайну з Маскоўскім царствам. Утвораная Рэч Паспалітая па сутнасці з'яўлялася дзяржавай федэратыўнага тыпу, якая магла эвалюцыянаваць і ў бок унітарызацыі, і ў бок адасаблення злучаных краінаў.


2. Дзяржаўна - прававы стан ВКЛ у Рэчы Паспалітай

Зацверджаны ў студзені 1588 года вялікім князем Жыгімонтам ІІІ звод законаў быў на той час сама перадавым у Эўропе. Статут рыхтавалі найлепшыя правазнаўцы Вялікага Княства пад кіраўніцтвам выдатных дзяржаўных дзеячоў-беларусаў - канцлера Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. Заканадаўчай асноваю новага зводу былі ранейшыя Статуты 1529 і 1566 гадоў, вялікакнязеўскія прывілеі, пастановы соймаў і павятовых соймікаў. Тут адлюстравалася багатая прававая культура беларускага народа, якая бярэ свой пачатак з часоў Полацкага княства, а таксама дасягненні эўрапейскай юрыдычнай думкі. Статут быў напісаны і выдадзены на беларускай мове. Яго тэкст разумела пераважная бальшыня насельніцтва нашай дзяржавы, тым часам як у краінах Заходняй Эўропы карысталіся законамі, выкладзенымі на незразумелай паспалітым людзям лаціне.


Статут абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, іначай кажучы, такога парадку, калі ўсе органы і службовыя асобы павінны ў сваёй дзейнасці кіравацца толькі правам. У прысвячэнні гаспадару Жыгімонту ІІІ і ўсім станам Вялікага Княства Леў Сапега пісаў: "Вольности своее во всем постерегаем, бо не только сусед а спольный наш обыватель в отчизне, але и сам господар пан наш жадное звирхнасти над нами заживати не может, одно толко колко ему право допущаеть".


Кодэкс законаў Княства замацоўваў ягоны суверэнітэт, грамадскі і дзяржаўны лад, правы і абавязкі жыхарства, прынцыпы судовага ладу. Статут заканадаўча сцвярджаў ідэю рэлігійнае талеранцыі і патрабаваў забяспечваць правы ўсіх жыхароў незалежна ад веравызнання. Вялікі князь быў абавязаны захоўваць недатыкальнасць межаў дзяржавы і вяртаць страчаныя раней землі. Чужаземцам (найперш гэта датычыла палякаў) забаранялася займаць у нашай краіне дзяржаўныя пасады, набываць зямлю і ганаровыя званні.


Вольныя людзі паводле закону ні за якое злачынства не маглі быць аддадзеныя ў вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, абы гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне. Разам з тым Статут адлюстроўваў няроўнасць асабіста свабодных жыхароў краіны. Памер галоўшчыны (грашовае кары) за забойства войта, бурмістра або лаўніка складаў 50 коп грошай; за звычайнага месціча, што жыў у горадзе з магдэбургскім правам, - 30 коп, а за шляхціча - 100. Мяшчане не маглі браць удзелу ў агульнадзяржаўных соймах і нават у павятовых сойміках.


Грунтоўна было распрацаванае ў Статуце крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя невінаватасці, паводле якой чалавек не лічыцца злачынцам, пакуль ягоная віна не даведзеная судом. Закон усталёўваў адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, вызваляў ад смяротнага пакарання цяжарных кабет, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супроць жанчын. У параўнанні з іншымі эўрапейскімі краінамі сістэма пакаранняў была больш гуманная. Вызваляліся ад крымінальнай адказнасці дзеці і падлеткі да 18 гадоў, псіхічнахворыя людзі, а часам і тыя, што ўчынілі злачынства "па глупстве".


Статут 1588 года быў ці не першым у Эўропе прававым кодэксам, які рашуча абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак, прычым рабіў гэта значна паслядоўней, чым некаторыя сучасныя законы. За разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда злачынец плаціў ад трох да шасці коп грошай, за адлоў ці адстрэл бабра - ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол ці жарабец каштавалі тады дзве капы.)


Статут замацоўваў нашу тагачасную мову як дзяржаўную: на ёй складаліся дакументы, ішлі лісты з канцылярыі вялікага князя, на ёй гаварылі і пісалі гаспадары і ўсе галоўныя асобы Княства. У прадмове да зводу законаў Леў Сапега з гонарам зазначаў: "Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем".


Статут зрабіў вялікі ўплыў на прававую думку Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Расеі. Праз два стагоддзі пасля свайго прыняцця ён па-ранейшаму ўважаўся найвыдатнейшым эўрапейскім зводам юрыдычных актаў. "Статут робіць гонар чалавечаму розуму. Ён складзены так разумна, асабліва ў дачыненні да відаў пакарання, што яго можна лічыць найдасканалейшай кнігай законаў ва ўсёй Эўропе", - казаў у выступленні на сойме Рэчы Паспалітай 1791 года адзін з паслоў.


У Беларусі Статут дзейнічаў і пасля яе захопу Расейскай імперыяй: у Віцебскай і Магілеўскай губернях да 1831 года, а ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай - да 1840 года.


3. Змаганне за захаванне суверэнітэту беларусска-літоўскай дзяржавы

На пачатку ХVІІ стагоддзя Рэч Паспалітая развязала вайну супроць Маскоўскай дзяржавы, якая, часам перапыняючыся, доўжылася амаль 15 гадоў. Пачалася яна пад сцягам Дзмітра Самазванца. Маскоўскае баярства і гараджане, незадаволеныя царом Барысам Гадуновым, падтрымалі інтэрвенцыю. Дзякуючы гэтаму Самазванец увайшоў у Маскву і заняў царскі пасад.


У 1607 годзе, калі з'явіўся другі Дзмітры Самазванец, дайшло да новага паходу на Маскву. Ізноў маскоўская апазіцыя цару шукала падтрымкі ў суседняй Беларусі, вербавала беларускую шляхту, клікала сялян. Сярод найманых добраахвотнікаў паходу было нямала праваслаўных шляхцічаў з Магілева, Мазыра, Крычава ды іншых беларускіх гарадоў. Праз год войска Самазванца стаяла каля сталіцы і кантралявала добрую палову Маскоўскай дзяржавы. Тады ж з Беларусі на ўсход рушыў аддзел Яна Сапегі, а ў 1609 годзе пад Смаленскам з'явіўся сам кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ з 20-тысячным войскам. Пры актыўнай падтрымцы маскоўскага баярства сілы Рэчы Паспалітай у 1610 годзе ўвайшлі ў Маскву, потым штурмам авалодалі Смаленскам. Жыхары Масквы прызналі каралевіча Ўладзіслава сваім валадаром. Толькі праз два гады шырокаму вызваленчаму руху, узначаленаму Пажарскім і Мініным, удалося вызваліць Маскву.


Але гэтым барацьба не скончылася, і дзяржавы яшчэ доўга знаходзіліся ў стане вайны. Жыгімонт Ваза спрабаваў вярнуць свайму сыну Ўладзіславу маскоўскі пасад. Дзеля гэтага мабілізаваліся сілы ў Вялікім Княстве і рыхтаваўся новы паход. У 1617 годзе гетманы Хадкевіч і Гасеўскі паспрабавалі дайсці да Масквы. Ізноў інтэрвенцыю падтрымалі шырокія колы апазіцыі маскоўскаму цару, у прыватнасці "вольнае" казацтва. Аднак працяглая вайна знясіліла абодва бакі. У тых умовах Вялікае Княства і Польскае Каралеўства прапанавалі Маскве падпісаць замірэнне.


Перамовы пачаліся ў лістападзе 1618 года ў вёсачцы Дэявуліна, недалёка ад Троіца-Сергіева манастыра. Маскоўскую дэлегацыю ўзначальвалі баяры Ф. Шарамецеў, Д. Мязецкі, акольнічы А.Ізмайлаў ды іншыя, а ўпаўнаважанымі Рэчы Паспалітай былі Л. Сапега, А. Гасеўскі, А. Навадворскі. Абедзве дэлегацыі не шкадавалі ўзаемных абвінавачванняў у "няпраўдах", і гэта ўскладняла перамовы. Гасеўскі скардзіўся, што маскоўскі бок адцягвае да Ржэва і Тарапца бельскія ды вяліжскія воласці і што за гэтыя межы можа праліцца яшчэ шмат крыві. Даходзіла да тупіковых сітуацый, і аднаго разу паслы Вялікага Княства ўжо ўсталі, каб ад'ехаць з Дэявуліна, але маскоўскія баяры пераканалі іх застацца ды скончыць перамовы.


Пагадненне было падпісанае 1 снежня. Яно дакляравала мір на 14 гадоў і 6 месяцаў. Паводле прынятых умоваў у склад Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі вялізныя тэрыторыі - Смаленшчына, Чарнігаўшчына і Ноўгарад-Северская зямля з трыма дзесяткамі гарадоў. Прадугледжваўся абмен палоннымі. Калі князю Івану Шуйскаму і Васілю Янаву, якія былі ў абозе Ўладзіслава Жыгімонтавіча, прапанавалі вярнуцца ў Маскву, тыя адказалі, што яны цалавалі крыж каралевічу.


Улетку 1619 года на рэчцы Палянаўцы адбыўся абмен вязнямі. Па адным мастку да сваіх перайшоў бацька цара Філарэт, маскоўскія баяры і мноства ратнікаў, па другім - "літоўскі палон".


Дэявулінскае замірэнне 1618 года паклала канец доўгай спусташальнай вайне, плацдармам якой была Беларусь, і на дзесяцігоддзі злучыла ў адно цэлае этнічныя беларускія землі.


Калі казацкае паўстанне на Ўкраіне, узначаленае Багданам Хмяльніцкім, абярнулася цяжкай вайною, якая знясіліла Рэч Паспалітую, у Маскоўскім царстве пачалі старанна рыхтавацца да наступу на захад. Фармальна падставай агрэсіі было абвешчанае заступніцтва за Ўкраіну, якую на просьбу Хмяльніцкага цар далучаў да Маскоўскай дзяржавы, а таксама абарона праваслаўя ад прыцясненняў з боку "проклятых ляхов". Аднак у сапраўднасці маскоўскія ўлады кіраваліся чыста захопніцкімі інтарэсамі. Галоўны ўдар быў скіраваны на Беларусь.


Увесну 1654 года тры вялізныя арміі з трох бакоў (з Вялікіх Лукаў, Масквы і Бранска) уварваліся ў Беларусь. На дапамогу ім Багдан Хмяльніцкі выслаў яшчэ тры палкі казакоў, якія наступалі з поўдня ўздоўж Дняпра. Разам на Беларусь абрынулася прыкладна 100-тысячная армія заваёўнікаў, укамплектаваная найманымі эўрапейскімі афіцэрамі, забяспечаная новай, закупленай на захадзе зброяй, магутнай артылерыяй.


Войска Вялікага Княства, узначаленае вялікім гетманам Янушам Радзівілам, налічвала тады нейкіх 10 тысяч жаўнераў. Ці магло яно абараніць край ад такога нашэсця? Памежныя гарады і замкі былі зусім не падрыхтаваныя да вайны: без запасаў пораху і харчу, з даўно занядбанымі ўмацаваннямі. У Смаленску, прыкладам, муры мелі такія шчыліны, што праз іх пралазіў чалавек. А шляхта, якая мусіла ўтвараць паспалітае рушанне, пакідала ўсходнія раёны Беларусі ды ўцякала далей на захад.


Нягледзячы на безнадзейна малыя сілы, вялікі гетман Януш Радзівіл нейкі час даволі ўдала шкодзіў маскоўскім ваяводам, прыкрываючы галоўны шлях з Смаленска на Менск і Вільню.12 жніўня 1654 года ён нават выйграў бітву пад Шкловам з утрая большай арміяй ваяводы Я. Чаркаскага. Аднак 24 жніўня пад Шапялевічамі невялікі корпус гетмана быў разбіты арміяй ваяводы А. Трубяцкога. Краіна засталася зусім безабароннай.


Пазбаўленыя дапамогі, беларускія гарады не маглі доўга трымацца. Некаторыя (Полацак, Невель, Рослаў, Магілеў, Чавусы ды інш.) амаль адразу паддаваліся, іншыя ж, такія, як Смаленск, Віцебск, Дуброўна, Горы, Гомель, Друя, Амсціслаў, - пачалі адчайна адбівацца. Цар загадваў сваім ваяводам асабліва бязлітасна распраўляцца з кожным горадам, які, адмовіўшыся ад капітуляцыі, бараніўся, - каб, навучаныя, здаваліся іншыя. Так узорна былі пакараныя здабытыя штурмам Амсціслаў, Друя, Віцебск, а таксама невялікая Дуброўна, што паддалася, паспадзяваўшыся на царскую літасць. Затое Стары Быхаў, які разам з залогай абаранялі месцічы і сяляне, што сышліся з ваколіцаў, заставаўся непрыступным для заваёўнікаў.


У шэрагу ўсходніх раёнаў Беларусі мясцовае насельніцтва спачатку верыла заявам маскоўскіх уладаў пра тое, што вайна распачатая дзеля абароны праваслаўя, і лаяльна паставілася да царскіх ратнікаў. Аднак тыя паводзілі сябе як звычайныя захопнікі. Ваяўнікі Аляксея Міхайлавіча аднолькава бязлітасна чынілі гвалт над усімі, хто трапляўся, не зважаючы на веравызнанне, рабавалі, хапалі ў палон і выводзілі ў сваю дзяржаву. Заняўшы да глыбокай восені таго года беларускія землі з усходу ажно да Дняпра і на поўначы да Дзвіны, царскія ўлады рыхтаваліся да новых захопаў.


Беларускія сяляне з першых месяцаў вайны пачалі ўтвараць аддзелы самааховы. На акупаваных землях яны сыходзілі ў лясы, узбройваліся косамі, віламі, бердышамі ды спрабавалі абараніць ад чужынцаў свае пасяленні, перашкаджалі выводзіць мясцовых людзей у няволю, а таксама дапамагалі войску сваёй дзяржавы і часам уступалі ў адкрыты бой з рэгулярнай арміяй Аляксея Міхайлавіча. Так пачаўся шырокі партызанскі рух - першы ў беларускай гісторыі масавы добраахвотны рух супраціву, фактычна абарончая вайна народа. Асабліва актыўнымі былі сяляне Амсціслаўшчыны. Прыкладам, у ліпені 1654 года трохтысячны аддзел мужыкоў з Калеснікаўскай воласці заатакаваў пад Амсціславам армію ваяводы А. Трубяцкога, у якой налічвалася да 15 тысяч ратнікаў. На Смаленшчыне ў партызанскім руху бралі ўдзел нават праваслаўныя святары. Народная барацьба хутка ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі і трывала да самага вызвалення краю.


Цяжкія выпрабаванні выпалі ў гады новай трынаццацігадовай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўшчынай на долю Магілева.


У ліпені 1654 года беларускі шляхціч Канстанцін Паклонскі, які перайшоў на бок маскоўцаў і атрымаў за гэта чын палкоўніка, прывёз магілеўскім месцічам грамату цара Аляксея Міхайлавіча. Маскоўскі валадар дакляраваў, што, калі горад будзе добраахвотна здадзены, "вас, шляхту и служилых людей всяких войтов и бурмистров, и райцев, и лавников, и мещан, и всех православных христиан, пожалуем нашего царского величества жалованием и велим шляхте маетности, кто перед чем владел наперед сего по привилием, подкрепити нашего царского величества жалованными грамотами". Іначай кажучы, Аляксей Міхайлавіч пацвярджаў усе правы, якімі горад карыстаўся дагэтуль паводле магдэбургскага права.


Магілеўцы маглі расцаніць царову грамату як своеасаблівую падзяку за вернасць праваслаўю і барацьбу супроць царкоўнай вуніі. Тым не менш пускаць да сябе войскі валадара суседняй дзяржавы горад не спяшаўся. Гісторыя ўжо дала беларусам багата прыкладаў крывадушнасці маскоўскіх цароў. Апрача таго, жыхары сачылі за ваеннымі дзеяннямі і ведалі, што маскоўцы па-ранейшаму кіруюцца тактыкай выпаленай зямлі. Яны захапілі Амсціслаў, пасля чаго з 33 тысяч жыхароў багатага места засталося жыць не больш за тры тысячы. У аблозе стаялі Крычаў (які пазней таксама напаткаў няшчасны лёс Амсціслава), Дуброўна і Віцебск.


Калі на пачатку жніўня расейскае войска ваяводы Ваяйкова і казацкія аддзелы палкоўнікаў Паклонскага і Залатарэнкі падышлі да Магілева, яны ўбачылі, што "около де города осаду крепят и, по людям де смотря, хотят стоять и биться". Як бы на пацверджанне гэтага адпраўленага цару паведамлення з горада зрабіў адважную, хоць і няўдалую вылазку шляхоцкі аддзел на чале з Табіянам Ждановічам і Міхалам Гініцкім.


Аднак слабасць гарадскіх умацаванняў і падыход войскаў маскоўскага вая

воды Шарамецьева паставілі магістрат перад выбарам: бараніцца, каб урэшце горад быў спалены і разрабаваны, або здацца і паспрабаваць неяк дамовіцца з акупантамі. Магілеўцы абралі другі шлях і 25 жніўня 1654 года адчынілі перад царскімі стральцамі браму.


Праз колькі дзён усялякія спадзяванні на адзінаверцаў развеяліся. Расейцы заняліся ў горадзе гвалтам і рабункамі. Як сведчаць дакументы, стральцы адбіралі грошы і зброю, коней і хлеб, насенне і кухоннае начынне. Горкая доля была наканаваная месцічам-габраям. Пад прыкрыццём размоваў пра высылку юдэяў у Польшчу захопнікі загадалі ім узяць найбольш каштоўныя рэчы і пакінуць горад. У полі выгнаннікаў абрабавалі і амаль усіх перарэзалі. На месцы гібелі большай часткі магілеўскіх габраяў іхныя землякі-хрысціяне насыпалі курган, на які потым з'язджаліся, каб аплакаць адзінаверцаў, юдэі з усяе Рэчы Паспалітай.


Тым часам у стане маскоўцаў ды іх хаўруснікаў разгаралася варожасць паміж Паклонскім і Залатарэнкам. Паклонскі скардзіўся цару, што ўкраінскія казакі Залатарэнкі "приезжают де в город Могилев и чинят обиды болшие, а в уезде хлеб у крестьян ржаной, и яровой, и лошади, и всякую животину побрали". Супрацьстаянне беларускіх і ўкраінскіх аддзелаў не абмяжоўвалася ўзаемнымі скаргамі, а перайшло ў крывавыя сутычкі. Воіны Паклонскага няраз нападалі і на расейскіх стральцоў. "На твою государеву службу полковник не идет, а люди его твоих государевых солдатов в городе на карауле по воротам бьют", - пісаў цару магілеўскі ваявода Алфёраў.


Калі ў лютым 1655 года да магілеўскіх муроў прыйшло войска гетмана Януша Радзівіла, здрайца Паклонскі зноў прызнаў валадаром нашага вялікага князя. Прычыны свайго ўчынку ён растлумачыў у лісце да магілеўцаў, дзе пісаў, што спадзяваўся на вызваленне сваёй зямлі ад ляхаў, ды замест гэтага ўбачыў "лупление домов Божих, что и от татар бывало; а християн наших, которые в повседневном гонении от униатов пребывали, ныне в вечную неволю забрали, а иных помучили; а какие безделия над чесными женами и девицами чинили..."


Гетману Радзівілу не ўдалося адолець моцны расейскі гарнізон, і ён пасля трохмесяцавай аблогі адступіў. Гэта канчаткова развязала акупантам рукі. Горад быў пазбаўлены самакіравання, з жыхарамі абыходзіліся ненашмат лепей, чым з палоннікамі. Магілеўцы рыхтаваліся да помсты.


Зручны момант для гэтага з'явіўся на шостым годзе акупацыі, калі войска Вялікага Княства і Польшчы разбіла расейцаў на рацэ Басі. Пасля таго як стральцы абрабавалі на рынку магілеўскіх пякарак, цярпенне ў магілеўцаў скончылася. На загад магістрата жыхары, у дамах якіх жылі маскоўцы, выкруцілі з іхных стрэльбаў крэмні. Мужчыны даставалі са сховаў падрыхтаваную загадзя зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і захопнікі да апошняй хвіліны нічога не ведалі.


1 лютага 1661 года бурмістр Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкаю паўстання, з крыкам "Пара!" выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Над местам паплыў набатны звон. Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з астрога нашы палонныя жаўнеры. За колькі гадзін царскі гарнізон быў знішчаны. Ад шабляў і куляў магілеўскіх мсціўцаў загінула сем тысяч захопнікаў.


Вялікі князь Ян Казімір выдаў прывілей, паводле якога шмат паўстанцаў атрымалі шляхоцтва, а горад зраўнаўся ў правах са сталічнаю Вільняй. У гонар паўстання Магілеву быў нададзены новы герб: тры вежы на блакітнай асноведзі і збройны рыцар у браме пад выяваю "Пагоні".


Апрача Магілева беларускія мяшчане знішчылі або выгналі царскія гарнізоны ў Дзісне, Амсціславе, Себежы, Гомелі і Старым Быхаве.


Знясіленая за доўгія гады вайны, Маскоўшчына не магла ўтрымаць усе захопленыя ў Беларусі землі ды ўжо ў 1664 годзе прапанавала Рэчы Паспалітай распачаць перамовы аб замірэнні. Групы ўпаўнаважаных абедзвюх дзяржаваў сустрэліся ў Дуравічах на Смаленшчыне. Перамовы праходзілі марудна і малаплённа. Маскоўскія паслы спрабавалі пакінуць пад уладаю цара Полацак ды іншыя беларускія гарады, падкупіць камісараў Рэчы Паспалітай вялізнымі сумамі грошай або запужаць іх войскам, якое нават у часе замірэння ўрывалася на Беларусь.


Паступова пазіцыі Рэчы Паспалітай у супрацьстаянні з Масквой таксама слаблі. Шанцы на радыкальную перамогу ў спрыяльнай сітуацыі ў 1661-1662 гадах былі змарнаваныя. Тым часам на поўдні актывізавалася Турэччына, якая аднолькава пагражала і Маскве, і Варшаве ды прымушала іх думаць пра аб'яднанне перад асманскай Портай. У самой Польшчы распачалася вайна гетмана Любамірскага супраць караля. Дый у Вялікім Княстве дайшло да абвастрэння нутраной барацьбы паміж магнатамі. У такой сітуацыі камісары Рэчы Паспалітай пайшлі на кампраміс і 3 студзеня 1667 года, пасля трыццаці сустрэчаў з царскім пасольствам у вёсцы Андрусава, што паміж Смаленскам і Амсціславам, падпісалі дамову аб замірэнні тэрмінам на 13 з паловай гадоў.20 студзеня тэкст дамовы быў зацверджаны ўрачыстымі прысягамі ўпаўнаважаных. Так закончылася сама доўгая і стратная для Беларусі вайна.


Паводле ўмоваў замірэння да Маскоўскага царства адыходзілі Смаленскае ды Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і землі Ўкраіны да самага Дняпра. Затое яшчэ акупаваную паўночную Беларусь - Віцебшчыну, Полаччыну, Дынабург, а таксама Інфлянты Аляксей Міхайлавіч вяртаў Рэчы Паспалітай. Трактат адлюстраваў кампраміс з абодвух бакоў: Масква, хоць і не здолела ўтрымаць усё заваяванае, моцна павялічыла сваю тэрыторыю, а Рэч Паспалітая, не змогшы адваяваць усяго страчанага, вярнула найбольш важныя землі. Абодва бакі суцяшалі сябе таксама тым, што Андрусаўскае замірэнне толькі часовае, што ўмовы яго праз 13 гадоў можна будзе перагледзець.


Усе палонныя, выведзеныя за гады вайны ў Маскоўскае царства (як, дарэчы, і вывезеныя каштоўнасці), там і заставаліся на гады замірэння. Толькі шляхта, жаўнеры, духавенства і казакі з татарамі - зусім нязначная частка сярод сотняў тысяч заняволеных - атрымалі фармальнае права вярнуцца на айчыну, аднак далёка не ўсе маглі яго выкарыстаць. Куды толькі не рассылалі палонную беларускую шляхту! Яна служыла ў далёкіх сібірскіх астрогах - у Якуцкім, Енісейскім, Томскім, Ілімскім, Мангазейскім і г.д. Простых жа людзей, якіх у Маскоўскай дзяржаве звычайна ператваралі ў халопаў, ніхто і не збіраўся вяртаць. У адной Маскве пасля вайны выведзеныя з Беларусі палоннікі складалі прыкладна 10 працэнтаў пасадскага насельніцтва. Шмат беларускага люду было ў іншых гарадах царства - у Астрахані, Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Тарапцы, Цверы ды інш. І гэта былі лепшыя, здаравейшыя, маладзейшыя...


Беларусь выйшла з трынаццацігадовай вайны з катастрафічнымі стратамі. Яе насельніцтва зменшылася на 53 працэнты. Асабліва пацярпелі паўночныя ды ўсходнія раёны, што найдаўжэй заставаліся пад акупацыяй. Там не засталося нават траціны ад даваеннай колькасці жыхароў! Гаспадарку, што апынулася ў жудасным стане, у зваяваным ды спустошаным краі не было каму і як аднаўляць. Каб не памерці з голаду, людзі і пасля вайны пакідалі свае мясціны ды ішлі па лепшую долю ў іншыя землі. Дзесяцігоддзямі яшчэ зарасталі хмызамі пустыя вёскі, удзірванелыя ляжалі сялянскія палі.


Вайна 1654-1667 гадоў настолькі моцна падарвала Беларусь, што наступствы той трагедыі яшчэ не адно стагоддзе вызначалі дэмаграфічнае, гаспадарчае і культурнае аблічча краіны. Да катастрофы, перажытай тады беларускім народам, сыходзяць вытокі і многіх яго цяперашніх бедаў.


Пачатак ХVІІІ стагоддзя зноў зрабіў Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка беларускіх магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала ў Паўночнай вайне шведскага караля Карла ХІІ і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі сабе іншага караля і вялікага князя - Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама пачалася вайна. Скандынавы занялі Жамойць і Гарадзеншчыну.


Пётр І паслаў на Беларусь 70-тысячнае войска. Значная яго частка на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года падышла да Полацка і стала за горадам вайсковым табарам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. У Полацку ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з'езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага караля. Парушальнікаў яго вялікасць абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і "истребить их имения огнем и мечем".


Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расейскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Вуніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў свайму хаўрусніку Аўгусту ІІ, што ў Вялікім Княстве Літоўскім мусяць застацца толькі "ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква". У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Язафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на іншае і ў Полацку, манахі-базыляне адправілі срэбную труну з мошчамі святога Язафата ў Жыровічы.


Сваё стаўленне да веры нашых продкаў расейскі імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы. Аднаго дня п'яны Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-вуніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся толькі шасцёра святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў наладзіць яму па святой Сафіі экскурсію. Вікар Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў. Вікару хапіла мужнасці распавесці пра жыццё і пакутніцкую смерць Язафата Кунцэвіча. "Хто ж яго паслаў на той свет?" - запытаўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікар адвёў позірк і цвёрда адказаў: "Святога айца Язафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі".


Цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў, і Пётр пачаў біць ляжачага кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага - той якраз прымаў перад алтаром пакутніка Язафата прычасце. Беручы прыклад з раз'юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Язэпа Анкудовіча і Мялета Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна.


Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой табар і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні яго павесілі. У пятлі сканаў і вікар Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Язэп Анкудовіч - толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцёх ахвяраў паводле загаду расейскага цара спалілі, а попел развеялі над Дзвіною, каб магілы не сталі месцам паломніцтва. Дзікунскае забойства ў Сафійскім саборы выстаўляла імператара перад Эўропаю ў абліччы ўсходняга тырана, якім ён па сутнасці і быў.


Пабітых кіямі і параненых шаблямі манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікара ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы залатовак, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад не разглядаць скаргі "богомерзких" вуніятаў. Выступіўшы перад сабранаю ў Полацак беларускай шляхтай, цар папярэдзіў: няхай вуніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года расейская кавалерыя абчысціла ў Менску жаночы вуніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшло найменне сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі ламаліся і ў цэрквы аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і на Нямізе захопнікі атрымалі адпор.


Ад гэтых "хаўруснікаў" Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў. Нядзіва, што віцябляне прызналі новага караля Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра "здраду", Пётр даў казакам і калмыкам загад падпаліць места Віцебскае з чатырох бакоў.


За вольнасць і незалежнасць полацкіх вуніятаў цар Пётр пакараў і святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэцка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: "Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўлена столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце вуніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы". У сутарэннях сабора месцілася царскае парахавое сховішча. Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. І такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні - дзіўнае супадзенне! - адыходу з Полацка расейскіх войскаў. Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні.


Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, нараджаючы ў сэрцах палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты беларускай зямлі, якая за Паўночную вайну страціла амаль траціну свайго насельніцтва - 800 тысяч чалавек.


У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя Рэч Паспалітая была паралізаваная палітычнай анархіяй, нутраной барацьбой магнацкіх груповак. Па смерці Аўгуста ІІ зацятае змаганне за пасад манарха вялі, з аднаго боку, Чартарыйскія, а з другога - Патоцкія ды Радзівілы. На просьбу Чартарыйскіх у барацьбу ўмяшалася Кацярына ІІ, і на тэрыторыю Беларусі ўвайшла расейская армія. Пачаліся ваенныя дзеянні, у выніку якіх расейскае войска разам з Чартарыйскімі заняло Нясвіж і Слуцак, а Кароль Радзівіл уцёк на Захад. На сойме 1764 года пад уплывам Расеі каралём і вялікім князем быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі - фаварыт Кацярыны ІІ. Ён імкнуўся супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі, спадзеючыся з іх дапамогаю ўтаймаваць нутраную анархію ў сваёй рэспубліцы.


Аднак рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, распачатыя Чартарыйскімі (адмена "liberum veto", эканамічныя навацыі, павелічэнне арміі ды іншае), занепакоілі Расею. У 1764 годзе яна падпісала дамову з Прусіяй, паводле якой абедзве імперыі абавязаліся не дапускаць аніякіх паляпшэнняў у Рэчы Паспалітай і трымаць яе ў стане анархіі. Балазе рабіць гэта было не складана, бо моцная калісьці шляхоцкая рэспубліка з часоў Пятра І знаходзілася пад пратэктаратам Расеі. "Сусветная гісторыя не ведае іншага акта падобнай подласці!" - напісаў пазней пра дамову 1764 года К. Маркс.


У хаду пайшла даўняя карта "дысідэнтаў" - грамадзян некаталіцкага веравызнання. Прыгадаўшы ўмовы "вечнага міру" 1686 года, які дазваляў Расеі заступацца за праваслаўных Рэчы Паспалітай, Кацярына ІІ запатрабавала зраўнаць правы дысідэнтаў з правамі каталікоў. Сойм 1766 года не прыняў такой пастановы, і тады імператрыца ўвяла ў Вялікае Княства сваю армію - маўляў, для абароны праваслаўных.


Увесну 1767 года стараннямі расейскага пасла М.Рэпніна (якому доўга давялося шукаць праваслаўных шляхцічаў, гатовых дамагацца сваіх правоў) у Слуцку была створаная канфедэрацыя праваслаўных, да якіх далучыліся 22 кальвіністы і лютэране Вялікага Княства Літоўскага. Разам акт канфедэрацыі падпісалі 248 чалавек, сярод якіх - беларускі епіскап Георгі Каніскі. Маршалкам быў абраны генерал-маёр Грабоўскі.


Хоць колькасць слуцкіх канфедэратаў была такой невялікай (апрача таго, аўтэнтычнасць шэрагу подпісаў выклікала сумнеў), Кацярына ІІ адразу ўзяла іх пад сваю апеку, а для падтрымкі Слуцкай канфедэрацыі прыслала ў суверэнную дзяржаву 40-тысячнае расейскае войска.


Прусія ў сваю чаргу падтрымала канфедэрацыю пратэстантаў, якая ўтварылася ў Торуні.


Праціўнікі расейскіх уплываў аб'ядналіся і стварылі сваю канфедэрацыю ў Бары, што на Падоллі. Да Барскай канфедэрацыі пачала далучацца шляхта Вялікага Княства. Дайшло да ваенных дзеянняў. Хоць барскія канфедэраты прасілі дапамогі ў Аўстрыі, Францыі, Турэччыны, яны не атрымалі ніякай падтрымкі і мусілі самі змагацца з намнога перасяжнай па сілах расейскай арміяй.


Пад націскам Расеі і Прусіі, калі ў Варшаве стаяла расейскае войска, калі вяліся арышты найбольш уплывовых людзей, сойм Рэчы Паспалітай у 1767 годзе прыняў пастанову аб поўных правах дысідэнтаў (паводле пастановаў першай паловы ХVІІІ стагоддзя яны мелі права на свабоду веравызнання, але не маглі займаць дзяржаўных пасадаў і г.д.). Тады ж была падпісаная Варшаўская дамова, якая давала права Расеі дзеля "абароны" праваслаўных умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Кацярына ІІ брала на сябе ролю гаранта выканання соймавых пастановаў 1767 года. Расея прымусіла ўрад рэспублікі аднавіць поўнае "liberum veto", шляхоцкія вольнасці, выключнае права шляхты на дзяржаўныя пасады і інш. - усё тое, ад чаго гінула Рэч Паспалітая.


Барацьба барскіх канфедэратаў працягвалася. Яны мелі шырокую падтрымку шляхты ў Беларусі. Хоць яшчэ на пачатку дзеянняў расейскае войска перамагло пад Дзярэчынам і зноў захапіла Слуцак ды Нясвіж, на захадзе Беларусі канфедэраты разбілі яго каля Слоніма, Мышы і Бераставіцы. У 1770-1771 гадах рух дасягнуў, бадай, апагею, але пасля паразы гетмана Міхала Казіміра Агінскага пад Сталавічамі пачаў затухаць. Расправіўшыся з канфедэратамі, у жніўні 1772 года Расея падпісала з Аўстрыяй і Прусіяй пагадненне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.


Літаратура

1. Станкевiч Я. Гiсторыя беларускай мовы. Мн., 1992.


2. Беларусазнауства: навучальны дапаможнiк. Пад рэд. П. Брыгадзiна. Мн., 1997.


3. Лыч Л.М. Беларуская нацыя i мова. Мн., 1994.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Утварэнне Рэчы Паспалитай

Слов:4833
Символов:35834
Размер:69.99 Кб.