Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт
Гістарычны факультэт
Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў
Рэферат па тэма: Паўстанне К.Каліноўскага 1863 г.
Выканаў:
Студэнт 4 курса 3 групы
Сарока С.
Мiнск, 2007
Канец 50-ых — пачатак 60-ых гадоў ХІХ ст. вызначылiся новым уздымам польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якi ахапiў Польшчу, Беларусь i Лiтву. Кульмiнацыяй яго стала паўстанне 1863 г. Напярэдаднiў патрыятычным асяродку аформiлiся два крылы, за якiмi замацавалiся назвы "белыя" i"чырвоныя". "Белыя" разлiчвалi дасягнуць асноўнай мэты — аднаўлення Рэчы Паспалiтай у межах 1772 г. з уключэннем у яе склад Беларусi, Лiтвы і Правябярэжнай Украiны — шляхам дыпламатычнага нацiску заходнееўрапейскiх краiн на расiйскiўрад. Пытанне аб надзяленнi сялян зямлей у iх праграме адсутнiчала. У адрозненне ад "белых" "чырвоныя" iмкнулiся да ўздыму нацыянальна-вызваленчага паўстання. Яны ўяўлялі сабой стракаты ў сацыяльных i палiтычных адносiнах блок.
Па метадах дасягнення мэты i праграмных разыходжаннях "чырвоныя" падзялялiся на памяркоўных (правых) i радыкальных (левых). Памяркоўныя вядучую ролю ў паўстанні адводзiлi шляхце і вырашэнню нацыянальнага пытання. Аграрную праблему яны прапаноўвалi вырашыць шляхам надзялення сялян зямлей праз канфiскацыю часткi зямлi ў памешчыкаў з адпаведнай грашовай кампенсацыяй за кошт дзяржавы. Радыкальныя "чырвоныя" прызнавалi вядучую ролю сялян у паўстаннi i права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, лiтоўцаў, украiнцаў. Падзел на "белых" i "чырвоных" iснаваў у тагачасным грамадска-палiтычным жыццi Беларусi i Лiтвы. Для падрыхтоўкi i кiраўнiцтва паўстаннем "чырвоныя" вясной 1862 г. стварылi ў Варшаве Цэнтральны нацыянальны камiтэт (ЦНК). Летам 1862 г. У Вiльнi быў арганiзаваны Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК), якi падрыхтаваў паўстанне ў Беларусi i Лiтве i фармальна быў падначалены ЦНК. У ЛПК уваходзiлi Л. Звяждоўскі, Я. Козел-Паклеўскi, З. Чаховiч, К.Калiноўскi i iнш. У пачатку 60-х гадоў былi створаны мясцовыя рэвалюцыйныя арганiзацыi: гродзенская, мiнская, навагрудская i iнш.
"Левую" частку паўстанцаў у Беларусi ўзначальваў Кастусь Калiноўскi (1838-1864). . У час вучобы у Пецярбургскім універсітэце з’яўляўся актыўным членам тайнага гуртка З. Серакоўскага. Разам з В. Урублеўскiм i Ф. Ражанскiм К. Калiноўскi ў 1862 -1863 гг. выдаваў на беларускай мове газету "Мужыцкая праўда" (усяго выйшла 7 нумароў). Газета растлумачвала сялянам прыгоннiцкi характар адмены прыгоннага права, заклiкала iх не верыць цару i разам "з мужыкамi з-пад Варшавы .. I ўсёй Расii" са зброяй у руках iсцi здабываць "сапраўдную волю i зямлю". Разам з тым газета заклiкала сялян вярнуцца ў грэка-каталiцкую (унiяцкую) веру, якая была скасавана на Полацкiм царкоўным саборы ў лютым 1839 г. З кастрычнiка 1862 г. К.Калiноўскi узначалiў ЛПК. актыўна адстойваў ён iнтарэсы Беларусi i Лiтвы перад кiраўнiцтвам ЦНК, марыў аб стварэннi Беларуска-Лiтоўскай рэспублiкi.
Паўстанне пачалося ў студзенi 1863 г. у Варшаве, раней вызначанага тэрмiна, што было нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусi i Лiтвы. У спецыяльнай адозве ЦНК заклiкаў насельнiцтва Беларусi i Лiтвы далучыцца да руху. Паўстанне па сваіх задачах стала, перш за ўсё, нацыянальна-вызваленчым. З яго разгортваннем Англiя, Францыя i Аўстрыя пачалi рыхтаваць дыпламатычную агрэсiю супраць Расii. Для папярэджання дыпламатычнага дэмарша гэтых дзяржаў 12 красавiка 1863 г. былi выдадзены 2 царскiя манiфесты аб амнiстыi ў Польшчы, Беларусi i Лiтве. Праз некалькi дзен, 17 красавiка, расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты, у якiх прысутнiчаў заклiк змянiць палiтыку ў "польскiм пытаннi". да гэтага дэмаршу далучылiся Iспанiя, Партугалiя, Англiя, Швецыя, Нiдзерланды, Данiя, Турцыя i папа рымскi. 27 чэрвеня расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты ў больш рэзкай форме. Ва ўрадавых колах Расii ноты расцэньвалiся як папярэднiкi новай вайны. З улiкам гэтага у раёне паўстання пачалася канцэнтрацыя расiйскiх войскаў. Iх тут было сабрана значна больш, чым памеры самаго паўстання. Аднак дапамога еўрапейскiх дзяржаў аказалася вельмi iлюзорнай.
1 лютага 1863 г. ЛПК звярнуўся да насельнiцтва Беларусi i Лiтвы з заклiкам узняцца на ўзброеную барацьбу. У сваiм манiфесце ён прадублiраваў праграмныя дакументы польскага кiраўнiцтва. Усе жыхары абвяшчылiся вольнымi i раўнапраўнымi. Ва ўласнасць сялян бязвыплатна перадавалi зямельныя надзелы, якiмi яны карысталiся. З памешчыкамi за страту зямлi разлiчвалася дзяржава. Беззямельныя сяляне надзялялiся 3 маргамi зямлi (2,1 га) пры умове, што яны прымуць удзел ва ўзброенай барацьбе. Рэкруцкая павiннасць замянялася 3-гадовай ўсеагульнай вайсковай павiннасцю, аднаўлялася ўнiяцкая царква. Аднак гэтыя меры паўстанцкага кiраўнiцтва не задаволiлi большасць сялянства.
Першыя паўстанцкiя атрады ў заходнiх паветах Беларусi з’явiлiся ў канцы студзеня 1863 г. з Царства Польскага. Некаторыя камандзiры, якiя iмкнулiся пашырыць паўстанне на ўсход, спрабавалi прайсцi праз Гродзенскую i Мiнскую губернi. Самым буйным атрадам, якi паспяхова рухаўся на ўсход, было злучэнне Р. Рагiнскага. Мясцовыя фармiраванні пачалi стварацца ў сакавiку-красавiку. найбольш актыўна дзейнiчалі паўстанцы на тэрыторыi Гродзенскай i Вiленскай губерняў. У раёне Белавежскай пушчы паўстанцкi атрад стварыў В. Урублеўскi, якi стаў ваенным начальнiкам Гродзенскай губернi. У Кобрынскiм павеце ўзняў узброеную барацьбу Р. Траўгут — будучы дыктатар паўстанцаў у Польшчы. У Навагрудскiм павеце дзейнiчаў атрад У. Борзабагатага, на мiншчыне — А. Трусава i г.д. Аднак агульнага плана дзеяння паўстанцаў не было, адсутнiчалi ўзаемадзеянне i ўзаемадапамога памiж атрадамi. Частка iх была знiшчана царскiмi войскамi яшчэ на стадыi фармiравання, iншыя — бяздзейнiчалi, не хапала зброi i г.д. Найбольшага поспеху дамогся атрад Л. Звяждоўскага, якi ў ноч на 24 красавiка захапiў г. Горкi. Яго падтрымалi студэнты Горы-Горацкага земляробчага iнстытута. Атрад захапiў зброю, грошы i днем пакiнуў горад. Пазней з-за дапамогi студэнтаў паўстанцам быў зачынены Горы-Горацкi iнстытут.
На тэрыторыi Вiцебскай, мiнскай i магiлеўскай губерняў паўстанне не атрымала развiцця. Да канца вясны на ўсходзе Беларусi яно было задушана. Толькi ў Гродзенскай губернi паўстанцы працягвалi ўпарта супрацiўляцца. Найбольш буйныя сутычкi адбылiся каля мястэчка Мiлавiды Слонiмскага павета, дзе да 20 мая сабралася некалькi атрадаў паўстанцаў — усяго каля 800 чалавек. Супраць iх было накiравана 5 рот салдатаў з гарматамi. Першы бой адбыўся 21 мая і працягваўся некалькi гадзiн. Урадавыя войскi не здолелi ўзяць лагер i вымушаны былi адступiць з вялiкiмi стратамi. На наступны дзень, ноччу, паўстанцы непрыметна пакiнулi лагер. Паўстанцы ў Гродзенскай губернi карысталiся спачуваннем сялян, дзейнiчалi пераважна дробнымi атрадамi, часта былi няўлоўнымi для ўрадавых войскаў.
Вясной 1863 г. назiраўся найвышэйшы ўздым паўстання ў Беларусi i Лiтве. Але, нягледзячы на асобныя поспехi, паўстанцы нiдзе не атрымалi рашучай перамогi. Яны перайшлi да тактыкi пазбягання адкрытых баёў з працiўнiкам. Паўстанне атрымала шырокi рэзананс у Еўропе i расii. Многiя расiйскiя афiцэры i салдаты перайшлi на бок паўстанцаў, рэвалюцыянеры спрабавалi пашырыць узброеную барацьбу на цэнтральныя расiйскiя губернi, але няўдала.
Сярод кiраўнiкоў паўстання адсутнiчала адзiнства, разгарнулася барацьба за ўладу. "Белыя", не жадаючы страчваць iнiцыятыву, усталявалі кантроль над ЦНК, а затым пастаралiся адхiлiць "чырвоных" на чале з К.Калiноўскiм, ад кiраўнiцтва паўстаннем на Беларусi i ў Лiтве. У Вiльнi "белымi" пры падтрымцы прадстаўнiка Варшавы у ЛПК Н.Дзюлерана быў створаны Аддзел кiрава
Аддзел кiравання правiнцыямi Лiтвы iмкнуўся паралiзаваць мерапрыемствы "чырвоных". У склад мясцовых паўстанцкiх органаў былi ўведзены прыхiльнiкi "белых". Частка ўдзельнiкаў патрыятычнага руху не была гатова весцi самаахвярную барацьбу. для iх больш прыцягальнай была рамантыка, жаданне заняць пасады ў рэвалюцыйных органах улады. Удзельнiкi у паўстанцкай адмiнiстарацыi амаль раўнялiся колькасцi змагароў у паўстанцкiх атрадах.
Расiйскiм урадам былi кiнуты буйныя сiлы для падаўлення паўстання. У маi 1863 г. замест лiберальнага У.I.Назiмава вiленскiм генерал-губернатарам з неабмежаванымi паўнамоцтвамi быў прызначаны М.М.Мураўёў, якi атрымаў прозвiшча "вешальнiк" за бязлiтасную расправу над удзельнiкамi паўстання. З яго прыездам ўзмацнiлiся рэпрэсii, пачалося публiчнае пакаранне смерцю паўстанцаў, масавымi сталi высылкi без суда. Паралельна М.Мураўёў правеў шэраг мерапрыемстваў, якiя павiнны былi перацягнуць сялян на бок урада. Рэалізаваны былі значныя змены ва ўмовах адмены прыгоннага права ў беларускіх і літоўскіх губернях. Мясцовым органам улады было забаронена выкарыстоўваць супраць сялян узброеную сiлу. Сялян сталi запрашаць да нагляду за "польскiмi" памешчыкамi, паўстанцамi. Маёмасць рэпрэсiраваных змагароў часткова перадавалася сялянам. Была разгорнута эфектыўная антыпаўстанцкая прапаганда.
У сваю чаргу кiраўнiцтва паўстаннем не зрабiла рэальных крокаў у бок сялянства з мэтай прыцягнуць яго ў шэрагi змагароў. па сацыяльнаму складу ўдзельнiкаў паўстанне было шляхецкiм. Сяляне не прынялi актыўнага ўдзелу ва ўзброенай барацьбе. Iх было толькi 18 % сярод паўстанцаў i гэта пераважна дзяржаўныя сяляне.
У чэрвенi 1863 г. былi арыштаваны многiя члены Аддзела кiравання правiнцыямi Лiтвы, некаторыя пакiнулi свае пасады i эмiгрыравалi. У склад Аддзела былi ўведзены К.калiноўскi i I.Малахоўскi. Кiраўнiцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукi "чырвоных". Прыхiльнiкамi К.каліноўскага быў створаны падпольны ўрад "Лiтоўска-Беларускi чырвоны жонд". Яго мэтай стала спроба адрадзiць паўстанне. У мясцовыя паўстанцкiя арганiзацыi былi прызначаны новыя кiраўнiкi, але рэальных поспехаў дасягнуць не ўдалося. У канцы жнiўня 1863 г. Варшаўскае кiраўнiцтва прыняло рашэнне аб спыненнi ваенных дзеянняў. Асобныя паўстанцы на Беларусi працягвалi барацьбу яшчэ восенню 1863 г. Летам 1864 г. была лiквiдавана апошняя паўстанцкая арганiзацыя ў Навагрудскiм павеце.
К.Калiноўскi планаваў зноў узняць паўстанне вясной 1864 г., але ў студзенi ён быў арыштаваны; ў сакавiку пакараны смерцю на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi. Знаходзячыся ў турме, К.Калiноўскi напiсаў i перадаў на волю "Лiсты з-пад шыбеннiцы". Гэты дакумент уяўляў сабой палiтычны запавет беларускаму народу, у якiм крытыкавалася русiфiкатарская палiтыка ў Беларусi. Сялян К.Калiноўскi заклiкаў адстойваць свае правы, прычым любымi сродкамi.
Удзельнiкi паўстання падверглiся жорсткiм рэпрэсiям. Маёмасць iх была канфiскавана цi знiшчана. Маёнткi памешчыкаў — удзельнiкаў паўстання забiралiся ў казну i на iльготных умовах прадавалiся выхадцам з цэнтральных губерняў. Чыноўнiкi мясцовага паходжання былi звольнены са сваiх пасадаў. На тэрыторыi Беларусi i Лiтвы па афiцыйных звестках было пакарана смерцю 128 паўстанцаў, больш 850 чалавек накiравана на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек высланы за межы Беларусi. Многiя касцёлы i манастыры зачынены. Польская мова была выключана з грамадскага жыцця, навучальных i асветных устаноў. Пачалася палiтыка ўзмоцненай русiфiкацыi з мэтай знiшчэння адрозненняў, якія iснавалі ў Беларусi ў параўнаннi з цэнтральнымi расiйскiмi губернямi.
У час i адразу пасля падаўлення паўстання былi ўведзены абмежаваннi ў сферы землеўладання i землекарыстання у дачыненнi палякаў, беларусаў-католiкаў, а таксама яўрэяў. Па закону ад 5 сакавiка 1864 г. "асобам польскага паходжання" i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена набываць землеўладаннi, прададзеныя за даўгі, а таксама распараджаюцца землямі, купленымі на iльготных умовах, карыстацца правам на iльготы i пазыкi. Такое права мелi для набыцця канфiскаваных маёнткаў удзельнiкаў паўстання 1863 г. прыезджыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнікі. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнню памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнню рускага, пераважна буйнага, землеўладання. Некалькiмi месяцамi пазней яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. палякам і беларусам-католікам таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi за выключэннем уладанняў, якiя перадавалiся ў спадчыну. У маi 1882 г. урад забараніў яўрэям у межах рысы аседласцi стала жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, таксама арандаваць тут, прымаць у заклад i кiраванне нерухомую маёмасць. У 1887 г. забарона на набыццё зямлi ў сельскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Апошнія меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi.
Пасля паўстання 1863 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельнай i неаселай шляхты, праявiўшай актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi пацвярджэння шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У беларускiх губернях была прыпынена дзейнасць дваранскiх саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. На тэрыторыi Беларусi пасля паўстання некалькі год захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў час яго дзеяння не мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых улад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара. У канцы 60-х гадоў урад меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi дваранства заходніх губерняў. Але ў канечным вынiку, адмовiўшыся што-небудзь змянiць у сферы абмежаванняў, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, прадстаўляючы гэта як акт асаблiвай мiласцi.
Паўстанне 1863 г. зрабiла вялiкi ўплыў. Яго падзеi прымусiлi расiйскi ўрад пайсцi на больш выгадныя для сялян умовы адмены прыгоннага права ў Беларусi i Лiтве. Паўстанне садзейнiчала ажыўленню апазiцыйнага руху ў Расiйскай iмперыi i краiнах Заходняй Еўропы, абуджэнню беларускага нацыянальнага руху. разам з тым, паўстанне затрымала правядзенне буржуазных рэформ 60-70-ых гадоў у Беларусі, прыпынiла станаўленне мясцовай iнтэлiгенцыi.
Спіс літаратуры
1. Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. М., 1965.
2. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi Т.2. Мн., 1940.
3. Калiноўскi К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. М.,1999.
4. Бiч М. Аграрнае i нацыянальнае пытанне ў паўстаннi 1863 г.на Беларусi // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. № 3.
5. Бiч М. Паўстанне 1863 –1864 гг. Калiноўскi // Гiстарычны альманах. Т.6. 2000. С.23-28.
6. Грыгор’ева В. Каталiцкае i праваслаўнае духавенства ў паўстаннi 1863 г. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. №3. С.36-45.