РефератыИсторияСаСацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ


Змест


1. Скасаванне прыгоннага права. Шляхі развіцця капіталістычных адносін


2. Прамысловы пераварот на Беларусі і яго асаблівасці. Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку


3. Саслоўная палітыка самадзяржаўя


4. Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустрыяльнага грамадства


Спіс выкарыстаных крыніц


1. Скасаванне прыгоннага права. Шляхі развіцця капіталістычных адносін


У ХІХ стагоддзі патрэбу ў скасаванні прыгону ўсведамлялі не толькі прагрэсіўныя дваране і разначынцы, але і самі расійскія манархі. Шэраг канкрэтных захадаў у гэтым напрамку стаў магчымым з прыходам на трон Аляксандра II (1855-1881) – чалавека еўрапейскай адукацыі і лiберальных поглядаў.


Па эканамічных і палітычных меркаваннях створаны ў 1857 г. Сакрэтны камiтэт вырашыў распачаць пераўтварэнні з Заходняга краю. Па-першае, праведзеная тут iнвентарная рэформа пэўным чынам падрыхтавала адпаведную глебу. Па-другое, пачатак рэформы мог зменшыць уздзеянне польскага нацыянальна-вызваленчага руху на беларускiх сялян. Гэтыя і іншыя акалічнасці Аляксандр ІІ абмяркоўваў з вiленскiм генерал-губернатарам У. Назiмавым


Мясцовыя памешчыкі праз праз створаныя ў лiстападзе 1857 г. з дазволу цара губернскiя камiтэты (20 чал.) уключыліся ў падрыхтоўку скасавання прыгону. Пры гэтым Вiленскi, Гродзенскi, Ковенскi камiтэты выказалiся за вызваленне сялян без зямлi. Там, дзе землi былi лепшымi i яны давалi большы прыбытак, памешчыкi iмкнулiся захаваць іх за сабой. Калі царскія ўлады прызналі неабходным вызваленне сялян менавiта з зямлёй, адразу ж узнiкла тэндэнцыя да згону сялян на горшую зямлю, пераводу іх у стан дваровых, агароднікаў, кутнікаў.


Нарэшце, 19 лютага 1861 г. закон аб скасаваннi прыгоннага права быў надрукаваны ў выглядзе Манiфеста i «Палажэнняў 19 лютага», дзе асвятлялiся ўсе правы i абавязкi сялян. У манiфесце асобна падкрэслiвалася, што адмена прыгоннага права адбылася па iнiцыятыве «высакароднага дваранства». Тут жа ўказвалася, што на працягу 2 год (да 1863) сяляне павiнны былi выконваць асноўныя павiннасцi на карысць паноў, каб даць iм магчымасць кампенсаваць страту работнікаў.


У агульных палажэннях указвалася сiстэма кiравання вёскай, збору падаткаў, адносiн сялян з уладамi. Аграрная рэформа адбывалася на аснове 17 заканадаўчых актаў, агульных i мясцовых палажэнняў i правiл, апублiкаваных у сакавiкумаі 1861 г. Паводле Агульнага палажэння, уласнiкам зямлi заставаўся памешчык i частка яе адводзiлася для надзялення сялянства, але за выкуп. На працягу 10 год селянiн абавязаўся апрацоўваць свой надзел i, акрамя таго, выконваць пэўныя павiннасцi на карысць пана: у Вiцебскай i Магiлёўскай губ. – 40 мужчынскiх i 30 жаночых дзён у год або 8 руб. чыншу. Да часу поўнага выкупу яны лiчылiся часова абавязанымi.


У Магiлёўскай i Вiцебскай губ. памер надзелаў вагаўся ад 4 да 5 дзесяцiн да 2-1 дзесяціне на душу. У выніку ў адной сялянскай гаспадарцы было 7-12 дзесяцін зямлі, конь або два валы. Тут жа захоўвалася абшчыннае землекарыстанне. У Мiнскай, Вiленскай i Гродзенскай губ., дзе пераважала падворнае землекарыстанне, зямля (10-12 дес.) засталася за сялянамi. Павiннасцi скарачалiся на 10% – не болей 3 руб. чыншу і 23 дзён адпрацоўкi з дзесяцiны. Уводзілася калектыўная адказнасць, так званая, «кругавая парука» для выплаты дзяржпадаткаў i падушнай подацi. Лес пераходзiў ва ўласнасць пана; выганы, сенажаць, паша – заставалася ў агульным карыстанні.


Выкупная сума вызначалася праз шасціпрацэнтную капiталiзацыю гадавога чыншу. Калi чынш з сялянскага надзела за год складаў 6 руб. у год, то агульная сума, якую селялiну трэба было заплацiць, складала 100 рублёў (6 р. – 6%, 100 р. – 100%). Калi селянiн атрымоўваў поўны надзел, то мусiў адразу выплацiць 25%. Калi няпоўны, то 20%. Астатнюю суму плацiла дзяржава, а выкупныя плацяжы збіралася спагнаць на працягу 49 гадоў.


Рэакцыя сялян Беларусі на «Маніфест» і «Палажэнні 19 лютага», як і паўсюдна ў краіне, была адмоўнай, галоўным чынам, з-за выкупных плацяжоў. Атрыманая свабода без зямлі імі не ўспрымалася як каштоўнасць. На глебе агульнага незадавальнення да ліпеня 1861 г. на Беларусi адбылося 370 выступленняў.


Ліквідацыя прыгоннага права нанесла магутны ўдар на феадальнай сістэме, але не знішчыла яе да канца, паколькі непахісным заставался яе аснова – памешчыцкае землеўладанне. Сялянам належала толькі 33, 4% зямель, прычым, не ў якасці прыватнай уласнасці, а на ўмовах абшчыннага ці надзельнага карыстання да яе поўнага выкупу. У тых умовах развіццё капіталістычных адносін на вёсцы павінна было пайсці не па амерыканскім (прыватная ўласнасць на зямлю, магчымасць наёмнай працы, фермерская гаспадарка), а прускім (абшчыннае ці надзельнае карыстанне, феадальныя перажыткі) шляху.


У памешчыцкiх маёнтках назiралiся 2 сiстэмы гаспадарання – адпрацовачная i капiталiстычная (з выкарыстаннем наёмнай – гадавой i падзённай працы і панскага iнвентару). Гэта былi гаспадаркi з высокай канкурэнтаздольнасцю i з’арыентаваныя на рынак. У канцы 70- х – пачатку 80 гг. ХІХ ст. з-за паступлення з Заходнюю Еўропу вялікіх партый збожжа з Паўночнай i Паўднёвай Амерыкі цэны на яго істотна знізіліся. Гэта стала прычынай пераарыентацыi памешчыцкiх гаспадарак Беларусі на малочную жывёлагадоўлю. Такiм чынам, з’явiлася малочна-таварная спецыялiзацыя, а разам з ёй – новыя пароды жывёл, павелічэнне пагалоўя ў 2 разы i больш. Другiм напрамкам развiцця панcкiх гаспадарак стала пашырэнне плошчаў бульбы i выраб з яе спiрту. Калі ў канцы ХIХ cт. на Беларусi дзейнiчала 404 вiнакурнi (бровары), то на пач. ХХ ст. – больш за 500.


З iншых спецыялiзацый варта адзначыць iльнаводства (Вiцебскай i Вiленскай губ, а таксама (на некаторы час) авечкагадоўля – на Гродзеншчыне i Мiншчыне. Беларускія памешчыкі лепш за суседзяў пры-стасоўваліся да рыначных умоў. Па-ранейшаму, агульная эканамічная тэндэнцыя развіцця іх гаспадарак – арыентацыя на рынак, пашырэнне вытворчасці і яе спецыялізацыя.


Са скасаваннем прыгоннага права развіццё капіталізма ў сельскай гаспадарцы адбывалася больш імкліва, чым у Расіі. Частка сялян пачынае скарыстоўваць чытырохполле, удасканаленыя прылады працы, нават штучныя ўгнаенні. З другога боку, узрастала незадаволенасць той часткі вясковых працоўных, які не маглі пракарміцца са свайго надзелу. Выйсцем са становішча з’яўлялася арэнда ў пана пэўнай яе колькасці на ўмовах адработкі са сваім інвентаром і цяглавай сілай на полі гаспадара. Такім чынам, замест скасаванай паншчыны ўзнікала новая адработачная сістэма, па сутнасці, тая ж феадальная павіннасць з тым толькі адрозненнем, што ў новых умовах селянін быў вымушаны сам, па эканамічных прычынах, звяртацца да пана. Аднак гэтая сістэма не магла быць устойлівай з-за нізкай прадукцыйнасці працы такога работніка на панскім полі.


Другая сістэма – капіталістычная, больш адпавядала часу, бо ў яе аснове ляжала праца работніка (падзённага, сезоннага, пастаяннага), нанятага гаспадаром на ўмовах аплаты па якасці і колькасці зробленага з прадастаўленнем жывога і мёртвага інвентару. Памеры гэтай аплаты, як правіла, дыктаваў не работадаўца, а рынак. Капіталістычная сістэма замацавалася ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., а на астатняй тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася змешаная – адработачна-капіталістычная сістэма.


Як і планавалі землеўладальнікі, за імі засталася асноўная маса зямель, у сярэднім больш за 1000 дзесяцін, у той час як на 1 сялянскі двор прыпадала 12-13. Характэрная рыса землеўладання на Беларусі, асабліва ў Мінскай губерні, – наяўнасць магнацкіх латыфундый Вітгенштэйнаў, Радзівілаў, Патоцкіх і інш. Царскі ўрад як апора і выразнік інтарэсаў, найперш, рускага праваслаўнага дваранства імкнуўся падтрымаць яго, прадаючы яму па ільготных цэнах землі на Беларусі. Такім чынам мясцовае рускае дваранства, без уліку Магілёўскай губ., удвая (з 1,8 да 3, 6 млн дзесяцін) павялічыла свае ўладанні. Адначасова ўрад забараніў продаж зямлі ў значных памерах памешчыкам і сялянам-католікам (больш 60 дзес.), а таксама яўрэям, з тым зменшыць іх эканамічную апору і палітычную актыўнасць.


Беларускія сяляне ўключаліся ў капіталістычны рынак вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Каб пражыць толькі за кошт уласнай гаспадаркі сялянскай сям’і патрабавалася не менш 20 дзес. зямлі. І без таго невялікія надзелы зямлі (у сярэднім 8-12 дзес.) скарачаліся пасля таго, як жанатыя сыны ладзілі асобную ад бацькоў гаспадарку. Зямля павінна была выкарыстоўвацца сялянамі як мага больш прадукцыйна, каб мець магчымасць пражыць самім і атрымаць сродкі для выплаты падаткаў, удасканалення прылад працы, утрымання жывёлы. У выніку да канца ХІХ ст. на сялянскіх участках на 23, 9 % павялічыліся пасевы збожжавых і тэхнічных культур, а іх ураджайнасць узрасла напалову. Рэзка павялічыліся зборы бульбы (у 4, 6 раза) і ільну (на 82, 5%). З агульнага аб’ёму сельскагаспадарчых прадуктаў, якія ішлі на рынак, сяляне пастаўлялі 25% збожжа, 75% ільну, значную частку бульбы.


Як правіла, больш паспяхова развіваліся гаспадаркі з надзельным землекарыстаннем, якія менш залежалі ад абшчыны і мелі больш свабоды ў арганізацыі вытворчасці. Менавіта ў іх межах адбываўся рост (на 50%) пагалоўя буйнарагатай жывёлы, выкарыстоўвалася элітнае насенне і ўдасканаленыя прылады працы. Асноўная ж маса хлебаробаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны, дзе існавала абшчыннае землекарыстанне, не мела такіх магчымасцяў і не мела перспектыў выбіцца з галечы. Цераспалосіца, калектыўная адказнасць за выкананне павіннасцей і падаткаў («кругавая парука»), канфлікты з панамі з-за сервітутаў і г.д. згуртоўвалі паміж сабою членаў абшчыны і тармазілі развіццё капіталістычных адносін. Становішча сялянскіх гаспадарак ускладнялася падаткамі (грашовымі зборамі) і павіннасцямі на рамонтныя, дарожныя, адміністрацыйныя, ветэрынарныя і многія іншыя патрэбы. Акрамя земскіх грашовых збораў, сяляне выконвалі дарожную, падводную і паліцэйскую павіннасці.


З ператварэннем зямлі ў аб’ект куплі-продажу ўзнікла і ўзмацнілася тэндэнцыя да істотнага павелічэння сялянскіх уладанняў. Так, у Мінскай губ. з 1861 па 1876 г. 110 сялян набылі ўчасткі па 50-100 дзесяцін, а 66 – купілі маёнткі. Характэрна, што сялянскае землеўладанне з 1882 па 1902 гг. узрасло за кошт былога памешчыцкага на 1,7 млн дзес. (у 3,3 раза). Такім чынам, група заможнага сялянства (з надзелам звыш 20 дзес.) павялічылася на 17 %, склаўшы прыкладна дзесятую частку ад усіх вясковых працоўных.


Менавіта ў яе асяроддзі стала ўзнікаць так званая сельская буржуазія, гэта значыць клас, які эксплуатаваў працу наёмных рабочых – парабкаў. У 1880-я гг. у гаспадарцы сельскай буржуазіі іх працавала ўжо не менш 55 тыс.


Дадатковы прыбытак давала здача зямлі ў арэнду, трыманне млыноў, кузняў, а таксама ліхвярства – пазыка грошай або хлеба пад працэнты.


Тыя, хто браў у сельскай буржуазіі зямлю ў арэнду, або пазыку пад працэнты, як правіла, займаў ніжэйшую прыступку ў сялянскай сацыяльнай лесвіцы і належаў да беднаты. Гэтая група была самай шматлікай: у параўнанні з заможным (8-10%) і сярэднім (30-32%) сялянствам яна складала каля 60% усіх вытворцаў, у сваёй большасці абшчыннікаў.


Крызісная сітуацыя, выкліканая паніжэннем рыначных цэн на збожжа, з цягам часу прывяла да пэўных перамен у спецыялізацыі сель скай гаспадаркі Беларусі.


Так, на змену вытворчасці збожжа прыйшлі малочная жывёлагадоўля. Асноўным рэгіёнам вырошчвання ільну зрабіліся Віленская, Віцебская і Магілёўская губ., а ільновалакно ішло на патрэбы ўнутраных губерняў, а таксама прадавалася за мяжой – у Германіі і Аўстра-Венгрыі.


Вытворчасць пянькі была наладжана ў Магілёўскай губ., а асноўнымі замежнымі яе пакупнікамі з’яўляліся Германія і Англія. Шырокае распаўсюджанне атрымала бульба як сыравіна для вінакурнай прамысловасці.


Такім чынам, у паслярэформенны перыяд у грамадстве і аграрным сектары эканомікі Беларусі адбыліся значныя змены, звязаныя з развіццём капіталістычных адносін, фарміраваннем бессаслоўнага землеўладання, спецыялізацыяй рэгіёнаў, сацыяльнай дыферэнцыяцыяй сялянства.


У цэлым жыццё беларускага народа, у сваёй падаўляючай большасці – сялянства, значна палепшылася, але не настолькі, каб зніклі малазямелле, беднасць, культурная адсталасць і іншыя сацыяльныя праблемы.


2. Прамысловы пераварот на Беларусі і яго асаблівасці. Месца эканомікі Беларусі ў агульнарасійскім рынку


З канца ХVІІІ ст. і па 60-я гг. ХІХ ст. колькасць насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічылася ў 4 разы і склала 320 тыс чал. (10%), але гэта было звязана ў першую чаргу не з развіццём прамысловасці, а з царскай палітыкай у дачыненні яўрэяў.


У пачатку ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі яшчэ пераважала дробная рамесная вытворчасць. Мясцовыя майстры займаліся традыцыйнымі відамі рамяства – апрацоўкай металу і скур, пашывам адзення і абутку. У гарадах і мястэчках існавала цэхавая арганізацыя. Але з цягам часу яна ўваходзіла ў супярэчнасць з развіццём рыначных адносін і сама адчувала неабходнасць перамен. Змяншалася карпаратыўная замкнёнасць. Калектывы рамесных майстэрань узрасталі за кошт наёмных рабочых і вучняў. Частка рамеснікаў пашырала сваю вытворчасць да памераў мануфактуры з колькасцю рабочых па 40 чал.


У 20-я гг. ХІХ ст., у адрозненне ад капіталістычных прадпрыемстваў, дзе працавалі выключна наёмныя рабочыя, на Беларусі назіраецца імклівае развіццё вотчынных мануфактур. Так, у Крычаўскім графстве працавалі канатная і парусінавая, а ў Дубровенскім старостве – суконная і гадзіннікавая мануфактуры, якія належалі графу Р. Пацёмкіну. У шклоўскім маёнтку працавалі гарбарная, канатная, парусінавая, суконная і шоўкаткацкая мануфактуры, якія належалі графу С. Зорычу. У гомельскай эканоміі граф М. Румянцаў валодаў шматлікімі мануфактурамі (заводамі) па выпуску тэкстыльнай, металічнай, скураной, сілікатнай, харчовай і іншай прадукцыі.


Тэкстыльная прамысловасць у к. XVIII – пач. XIX ст. развівалася найбольш стабільна: да 20-х гг. XIX ст. пераважала вытворчасць палатна, а пазней – сукна. У ліку лепшых мануфактур Беларусі былі Альбярцінская суконная фабрыка В. Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная фабрыка памешчыка А. Скірмунта (Пінскі пав.).


З 20-х гг. XIX ст. менавіта ў тэкстыльнай прамысловасці пачынаецца выкарыстанне паравых машын і ўзнікае фабрыка як якасна новы тып прадпрыемства, дзе асноўныя вытворчыя аперацыі забяспечваліся не ручной працай, а механічнымі станкамі. Першае такая фабрыка па выпуску сукна з’явіліся на пачатку 20-х гг. ХІХ ст. у мястэчку Хомск (Кобрынскі пав.) і належала слонімскаму памешчыку В. Пуслоўскаму. У 1823 г. на ёй размяшчаліся 44 ткацкія станы, паравы, вадзяны і конскі рухавікі, а таксама працавалі трое майстроў-іншаземцаў і 481 рабочы з прыгонных сялян.


Высокі попыт на металічныя вырабы стымуляваў развіццё мясцовай металургіі. За час з 1828 па 1860 г. аб’ём яе прадукцыі ўзрос з 5,3 тыс. да 245 тыс. пудоў. Лепшыя прадпрыемствы гэтай галіны размяшчаліся ў Ашмянскім (маёнтак Храптовіча ў Вішневе), Барысаўскім, Чэрыкаўскім (завод Бенкендорфа ў Старынках) пав.


Па меры асваення вырабу гарэлкі з цукру і бульбы, тэхнічныя ўдасканаленні (паравыя машыны) закраналі і гэту галіну. Мукамольная прамысловасць таксама адчувала ўздзеянне тэхнічнага прагрэсу. Першыя паравыя млыны з’явіліся ў 1841 г. спачатку ў Магілёве, затым у Пінску і Віцебску. І калі ў 1796 г. на Беларусі 1 184 млыны перамалолі 843 тыс. пудоў збожжа, то ў 1860 г. іх колькасць узрасла да 1834, а гадавы перамол – да 2 956 тыс. пудоў.


У цэлым развіццё буйной прамысловасці Беларусі ў дарэформенны перыяд адбывалася вельмі марудна. Тут пераважала цэхавая сістэма і дробная рамесная вытворчасць. У 1858 г. у гарадах налічвалася 15, 6 тыс. рамеснікаў, а з улікам мястэчак – прыкладна 32-33 тыс. У 1860 г. у Беларусі налічвалася 7, 8 тыс. дробных капіталістычных прадпрыемстваў, на якіх працавала 23, 4 тыс. наёмных рабочых.


У ліку іншых прадпрыемстваў існавалі мануфактуры, пераважна, вотчынныя. У 1860 г. капіталістычныя мануфактуры Беларусі склалі 0, 5% колькасці прадпрыемстваў, канцэнтравалі 7,7 % рабочых і давалі 7, 4% прадукцыі ўсёй прамысловасці. У ліку мануфактур было 54 тэкстыльных, 35 харчовых, 28 сілікатных, 15 гарбарных, 8 металаапрацоўчых, якія ўсе разам давалі 48% аб'ёму прамысловай прадукцыі. На іх працавала 4, 7 тыс. рабочых.


Першыя капіталістычныя фабрыкі былі пабудаваны ў 1845 г. у Магілёве (мукамольна-крупяная) і ў Беліцы, пад Гомелем (цукровая). Са з’яўленнем фабрык прадукцыя мануфактур пачынае зніжацца. Так, у 1860 г. на фабрыках працавала ўдвая менш рабочых, зато аб’ём вырабленай імі прадукцыі на 20% пераўзыходзіў мануфактурную.


Настаў час, калі прамысловасць Расіі перажыла якасна новую перамену – так званы прамысловы пераварот, сутнасць якога заключалася ў выцясненні ручной працы комплексам машын і механізмаў. Гэты працэс прыпадае на 1850-я гг. і пачынаецца ў цэнтральных губернях у тэкстыльнай прамысловасці. На Беларусі гэты працэс узнік у суконнай і харчовай прамысловасці, якія развіваліся на мясцовай сыравіне. У 1860 г. паравыя машыны працавалі на 76 прадпрыемствах амаль ва ўсіх галінах прамысловасці Беларусі.


Прыкметны рост фабрычна-заводскай вытворчасці стаў назірацца толькі пасля скасавання прыгоннага права і то, даволі павольна. У сілу гістарычных і эканамічных прычын, на Беларусі не магло адбыцца хуткага выцяснення дробнай прамысловасці буйною. Па-першае, яўрэйскія рамеснікі не мелі сродкаў да заснавання мануфактур і абсталявання іх паравымі рухавікамі. Па-другое, на Беларусі не было карысных выкапняў для развіцця машыннай індустрыі. Тым не менш і тут у 90-х гг. ХІХ ст. меў месца інтэнсіўны ўздым мануфактурнай і фабрычнай прамысловасці, які, акрамя іншага, абумовіў зніжэнне ролі дробных прадпрыемстваў. У дынаміцы росту новых прадпрыемстваў рамесныя майстэрні хоць і раслі колькасна (з 20 тыс. у 1860 г. да 58 тыс. у канцы ХІХ ст.), але саступалі мануфактурам (рост са 140 да 760) і яшчэ больш імкліва (у 15 разоў) капіталістычным фабрыкам і заводам (рост з 76 па 1137). У 1870-1880-х гг. актыўнае ўключэнне расійскага і замежнага капіталу ў гаспадарку беларускіх губерняў, у прыватнасці, у будаўніцтва чыгунак, паспрыяла будаўніцтву новых прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што палову ўсіх прамысловых прадуктаў давалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы з колькасцю рабочых на кожным менш 50 чал., у 90-я гг. ХІХ ст. вызначылася тэндэнцыя да павышэння ролі буйных капіталістычных прадпрыемстваў.


Пад уплывам прамысловага перавароту адбывалася пераабсталяванне прадпрыемстваў: замест паравых рухавікоў сталі ўсталёўвацца электрычныя. У 1889 г. дала першы ток электрастанцыя ў Добрушы. У 1898 г. на сродкі руска-бельгійскага акцыянернага таварыства ў Віцебску быў пушчаны трамвай, адзін першых у імперыі. Германскі капітал удзельнічаў у заснаванні большасці леса- і льногандлёвых фірм. Актыўнае пранікненне расійскага фінансавага капіталу, заснаванне ім крэдытна-банкаўскіх устаноў – усё гэта і іншае спрыяла развіццю капіталізма ў прамысловасці. Неўзабаве і на Беларусі сталі з’яўляцца буйныя фабрычна-заводскія прадпрыемствы, якія да пачатку 1890 г. далі амаль палову ўсёй прамысловай прадукцыі. Сярод іх дзейнічала 9 буйных з больш чым 500 рабочымі на кожным. У іх ліку – iльнопрадзiльная фабрыка «Дзвiна» (Вiцебск), тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (Гродна). У Мінску да буйных прадпрыемстваў адносіліся: машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны завод Якабсона, Ліфшыца і К°, машынабудаўнічы завод «Тэхнолаг»; у Пінску – дрэваапрацоўча-фанерная, запалкавая і тытунёвая фабрыкі; у Гомелі – запалкавая фабрыка; у Брэсце – чыгуналіцейны і механічны заводы; у Магілёве – піваварныя заводы Лекерта.


Прамысловы пераварот на Беларусі завяршыўся ў канцы 90-х гг.

ХІХ ст., аб чым, у прыватнасці, сведчыла велізарнае, у 37 разоў, павелічэнне аб’ёму фабрычнай прадукцыі. Найбольш імкліва развівалася харчовая, дрэваапрацоўчая, тэкстыльная, маталаапрацоўчая, будаўнічая і гарбарная прамысловасць і тут не сфарміравалася такіх індустрыяльных цэнтраў як Пецярбург і Масква, а прамысловы пераварот адбыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі.


Пасля падзелаў РП адбывалася эканамічная інтэграцыя беларускіх губерняў у эканоміку Расійскай імперыі. Як вядома, царскія ўлады правялі перапіс насельніцтва, улік зямель, маёнткаў і інш. Неўзабаве адбыліся скасаванне ўнутраных мытаў, уніфікацыя мер вагі і грашовай сістэмы. Імкнучыся ўлагодзіць шляхту і прыцягнуць яе да супрацоўніцтва, царызм захаваў за ёй ранейшыя саслоўныя ільготы, у тым ліку, права на выраб і продаж гарэлкі. Акрамя таго, з узнікненнем Царства Польскага (1822-1850) на мяжы з ім быў заснаваны мытны кантроль, што надавала польскай шляхце і буржуазіі значную эканамічную самастойнасць. Разам з тым, у мэтах прадухілення канкурэнцыі з боку яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў іх магчымасці гандлю ў Расіі былі абмежаваны адпаведным указам 1791 г. У далейшым мяжа яўрэйскай аселасці зрабілася даволі празрыстай. Яна перастала распаўсюджвацца на купцоў першай гільдыі, асоб з вышэйшай адукацыяй, былых іўдзеяў, якія прынялі хрысціянства. Што датычыць паступлення на расійскі рынак беларускіх рамесных і сельскагаспадарчых вырабаў, то ніякіх абмежаванняў з расійскага боку на гэты конт не існавала. У выніку, беларускія тавары – скуры, лён, каноплі, смала, палатно, сукно, гарэлка траплялі ў Расію, а ў зваротным напрамку паступалі вырабы з жалеза, паркаль, пшаніца, сялёдка.


Беларусь, размешчаная паміж Пецярбургам – Рыгай – Дынабургам – Масквой – Украінай – Царствам Польскім, уяўляла сабой важны рэгіён, здольны служыць не толькі ваенным фарпостам імперыі, але і плацдармам прасоўвання яе эканамічных інтарэсаў на заходнееўрапейскі рынак. Менавіта дзяржаўныя органы ўзяліся за ўдасканаленне існаваўшых і пабудову новых сродкаў зносін, найперш, Агінскага, Аўгустоўскага і Днепра-Бугскага каналаў. Пры гэтым інтарэсы ўлад перасякаліся з інтарэсамі мясцовых прадпрымальнікаў. У 1824 г. на р. Сож быў апрабаваны першы параход, пабудаваны на грошы графа Румянцава, а да 1860 г. на беларускіх рэках іх ужо было 20. У 1830-х гг. параходная кампанія Бабруйска атрымала дзяржаўны прывілей на перавозку пасажыраў па Бярэзіне і Дняпры. Большасць грузаў па-ранейшаму перамяшчалася на ветразёвых суднах і плытах і яго аб’ёмы пастаянна раслі. Так, калі ў 1844 г. іх было правезена на суму 8, 8 млн руб., то ў 1860 г. – ужо на 18 млн руб. Асноўным экспартным таварам з’яўляўся лес, які звычайна сплаўляўся ў порты Балтыкі.


У 1823 г. праз Беларусь працягнуліся шашэйныя дарогі: Брэст-Варшава, у 1849 г. – Масква-Брэст, у 1855 г. – Віцебск-Смаленск, Пецярбург-Кіеў, Масква-Рыга. Наяўнасць камунікацый спрыяла гандлёвым сувязям паміж рэгіёнамі Расійскай імперыі. Да скасавання прыгону лавачны гандаль на Беларусі толькі зараджаўся, а асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін з’яўляўся кірмаш. Самымі вядомымі зяўляліся Бешанковіцкі, Гомельскі, Зельвенскі, Мінскі, Прыбораўскі і Свіслацкі кірмашы. Кошт прывезеных тавараў у 1845 г. на буйнейшы з іх – Зельвенскі склаў 1 млн руб., а ў 1851 г. – нават 1 598 237 руб. Расійскія купцы прывозілі паркаль, шоўк, галантарэю, фабрычнае абсталяванне; украінскія – соль, цукар, іншыя прадукты.


Унутраны гандаль быў сканцэнтраваны не толькі ў гарадах, але і ў масе мястэчак, населеных пераважна яўрэямі. Менавіта яўрэі былі асноўнымі пасрэднікамі як паміж памешчыкамі і аптовымі купцамі, так паміж сялянамі і жыхарамі гарадоў. У любым выпадку аграрнае насельніцтва мела магчымасць збываць на мясцовых рынках усё, што толькі давала сельская гаспадарка, і набываць патрэбныя прадукты.


Да часу рэформ эканоміка Беларуси забяспечвала ўласны ўнутраны рынак і займала пэўны сектар усерасійскага рынку. Яна мела экспартнаарыентаваную вытворчасць, валодала дастаткова дасканалай для свайго часу рынкавай інфраструктурай і дастаткова развітай сеткай шляхоў зносін. Патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова пакрываліся за кошт прывозу тавараў з Польшчы, Украіны, Расіі.


У паслярэформенны перыяд Беларусь як эканамічны рэгіён прыцягвае большую ўвагу расійскага ўрада і прыватнага прадпрымальніцтва. Пад час зніжэння кошту хлеба на заходнееўрапейскіх рынках урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку з мэтай абароны гандлёвых інтарэсаў рускіх памешчыкаў, а таксама прыняў шэраг захадаў супраць умацавання польска-каталіцкага землеўладання на Беларусі.


Паляпшэнне стану транспартных камунікацый спрыяла міжрэгіянальнаму гандлю. Па-ранейшаму вялiкую значнасць захоўвалi водныя артэрыi, па якiх хадзiла да 700 судоў, у тым ліку каля 200 параходаў. Але ў 60-70 гг. ХІХ ст. рэзка ўзрастае значнасць чыгуначных камунікацый. Пры гэтым з ініцыятываю іх будаўніцтва, у тым ліку на Беларусі, выступае дзяржава. Першая чыгуначная лінія, якая ў 1862 г. перасекла тэрыторыю Беларусі, звязала Пецярбург і Варшаву, але з-за малой працягласці (50 вёрст) яна не адыгрывала прыкметнай ролі ў эканоміцы края. У 1866 г. на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка і г. д. Усе яны будаваліся прыватнымі акцыянернымі кампаніямі, з удзелам замежнага, у тым ліку англійскага капіталу, і да канца ХІХ ст. былі выкуплены дзяржавай. У ліку самых значных магістраляў на Беларусi былі Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лiбава-Роменская, Палеская, Пецярбургска-Адэская і інш. У выніку ў 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала ўжо 302 км, у 1902 г. – 2 752 км., а напярэдадні І сусветнай вайны – каля 3 800 км. Па гэтым паказчыку беларускія губерні займалі першыя месцы ў Расійскай імперыі.


Пранікненне расійскага капіталу назіралася таксама ў банкаўска-крэдытнай сферы і сродках сувязі (тэлеграф, тэлефон). Мясцовыя прадпрымальнікі фарміраваліся з купецкага асяроддзя і адкрывалі запалкавыя, мэблевыя, фанерныя, шпалерныя фабрыкі, а таксама друкарні. У далейшым беларускія купцы (у сваёй падаўляючай большасці яўрэі) заняліся і прамысловай справай.


Скасаванне прыгоннага права паскорыла развіццё мясцовай прамысловасці, транспарту і гандлю, узмацніла таварнасць сельскай гаспадаркі, паспрыяла большай інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсерасійскі рынак. Беларускія тавары актыўна спажываліся цэнтральнымі расійскімі губернямі. У канцы XIX ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі з цэнтрамі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Брэсце і Пінску. Галоўным гандлёвым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Сюды паступалі прамысловыя тавары з Маскоўскага і Пецярбургскага раёнаў, з Польшчы. Тут жа гандлявалі збожжам, малочнымі прадуктамі, мясам, рыбай і г.д. Асаблівую вядомасць і папулярнасць у меў буйнейшы ў імперыі мінскі спецыялізаваны кірмаш па продажы лесаматэрыялаў з абаротам 20 млн руб.


Тавары, якія вырабляліся ў Гомельскім раёне – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і г.д., – вывозіліся нават за межы Беларусі. З Гомеля частка лесаматэрыялаў і дроў адпраўлялася воднымі шляхамі ў Адэсу, Екацерынаслаўскую і Кіеўскую губерні, а частка – па чыгунцы ў Рыгу, Лібаву, Пецярбург.


Магілёў з’яўляўся цэнтрам рэгіянальнага гандлю. Праз Оршу ў Мінскую і Смаленскую губерні паступалі лес, збожжа, пянька, яблыкі і іншыя тавары. На аршанскім рынку прадаваліся хлебныя прадукты, соль, газа, нафта, будаўнічыя матэрыялы. Лес і прадукты льнаводства, якія вырабляліся ў Віцебскім раёне, вывозіліся большай часткай за мяжу. Прывозілі сюды пшанічную муку і цукар з Украіны. Праз Гродна ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Тавары гродзенскага рынку – лесаматэрыялы, аржаная і бульбяная мука, спірт, малочныя прадукты – ішлі ў Мінск, Вільню, Маскву, Пецярбург. Пінск служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перапраўляліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.


Такім чынам, Беларусь з’яўлялася часткай усерасійскага рынку. Яе гандлю была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў, драўніны і іншых матэрыялаў. У той жа час яна служыла рынкам збыту прамысловых тавараў (інструментаў, машын) збожжа (пшаніцы) і цукру, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі.


Нягледзячы на буйныя перамены ў эканоміцы, звязаныя з завяршэннем прамысловага перавароту і пачаткам утварэння індустрыяльнага грамадства, Беларусь яшчэ заставалася пераважна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі.


3. Саслоўная палітыка самадзяржаўя


З часоў Кацярыны ІІ ў расійскім заканадаўстве ўсе насельніцтва краіны падзялялася «па адрозненні правоў» на чатыры «станы» (саслоўі): дваранства, духавенства, гарадскіх і сельскіх абывацеляў. У сваю чаргу гарадскія абывацелі падзяляліся на саслоўі ганаровых грамадзян, купцоў, мяшчан, цэхавых рамеснікаў, а сельскія – уключалі саслоўі сялян, казакоў і іншародцаў. Саслоўны пачатак быў пакладзены ў аснову ўсяго мясцовага кіравання і судовай справы і тым самым ён атрымаў агульнадзяржаўную значнасць. У першай трэці XIX ст. склаліся тры новыя саслоўі: ганаровыя грамадзяне, казацтва і іншародцы, у якое, акрамя іншых, уключылі і яўрэяў.


Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя (дваранства, духавенства, ганаровыя грамадзяне, купцы) і непрывілеяваныя (сяляне, мяшчане, рамеснікі, казакі, іншародцы). Першые вызваляліся ад уплаты асабістых падаткаў, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.


З часоў ВКЛ на працягу стагоддзяў дваранства (шляхта) было галоўным прывілеяваным саслоўем, якое займала большасць пасад у органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання, у войску. Да 70-х гг. ХІХ ст. захоўвалася выдадзеная Кацярынай ІІ дваранам «вольнасць і свабода».


Саслоўе дваран не было аднародным. Яно складалася як з патомных дваран, так і асабістых, гэта значыць тых, хто атрымаў дваранскае званне за вайсковую або цывільную службу ў адпаведнасці з «Табеллю аб рангах». На Беларусі пытанне аб прыналежнасці да патомных дваран часткі шляхты ставілася пад сумненне яшчэ з часу падзелаў РП і мела працяг у другой палове ХІХ ст.:пасля чарговага «разбору шляхты», выкліканага паўстаннем 1863 г., колькасць польскіх і беларускіх дваран рэзка скарацілася (з 5,1 да 2,4%).


Духавенства таксама з’яўлялася неаднародным, але больш закрытым саслоўем, прычым, нехрысціянскія святары ў яго не ўваходзілі. Прававое становішча духавенства ўсіх хрысціянскіх вызнанняў у пэўнай ступені адрознівалася. Асабліва важнае становішча займала праваслаўнае святарства, якое, акрамя рэлігійных, выконвала ідэалагічную, адміністрацыйную (вядзенне метрычных кніг) функцыі і здзяйсняла пэўны кантроль за маральнасцю і ладам мыслення сваіх прыхажан. Духоўнае саслоўе, (белае і чорнае духавенства) у 60–70-х гг. XIX в. было вызвалена ад абявязковай спадчыннай службы: дзеці святароў атрымалі права патомных і асабістых ганаровых грамадзян, доступ да свецкай адукацыі, магчымасць паступлення на дзяржаўную службу. Устойлівасці гэтага саслоўя і ў канцы XIX – пачатку XX ст. спрыяла захаванне прывілеяў (вызваленне ад ваеннай службы, шэрагу падаткаў і павіннасцей) і адначасова рэгламентацыя іх правоў (забарона абрання прамысловых заняткаў і г. д.).


Купцы ўваходзілі ў склад з трох, затым (1863) дзвюх гільдый. Для заможных сялян і мяшчан пераход у купецкае саслоўе не толькі вызваляў ад цялесных пакаранняў, але і даваў права на пашпарт і свабоду перасоўвання. Да канца ХІХ ст. колькасць асоб купецкага звання павялічылася, асабліва ў заходніх і паўднёвых губернях. Пры гэтым асноўная маса складалася з яўрэяў. Атрыманне купецкіх пасведчанняў давала ім права на жыхарства па-за мяжой аседласці. Паводле перапісу 1897 г., сярод купцоў пяці беларускіх губерняў было 84, 5 % яўрэяў, 10,7 - рускіх і толькі 1,7 % беларусаў (усяго 317, з якіх 9 належала да ІІ гільдыі, а да І – ніводнага).


Мяшчане існавалі за кошт гандлю, промыслаў, рамяства. Пры гэтым толькі запісаныя ў цэхі рамеснікі маглі прадаваць свае вырабы. Такім чынам, купцы, рамеснікі, мяшчане былі ў большай або меншай ступені залежнымі людзьмі, прадпрымальніцкая дзейнасць якіх рэгламентавалася законам. Але ў канцы XIX в. пад уздзеяннем капіталістычных адносін мяшчанскае саслоўе губляла былыя асаблівасці, якія адрознівалі яго ад звычайных гарадскіх жыхароў.


Як вядома, да 1861 г. найбольш бяспраўным было становішча прыгонных сялян. Паступоваму сціранню саслоўных адрозненняў спрыялі скасаванне прыгоннага права; скасаванне падушнай подаці і ўвядзенне дзяржаўнага пазямельнага падатку і падатку з нерухомасці ў гарадах, пасадах і мястэчках; увядзенне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1874 г., якой падлягала зараз усе мужчынскае насельніцтва з 20-гадовага ўзросту, у тым ліку дваран (за выключэннем асоб духоўнага звання і іншародцаў); законы 1863 і 1865 г. аб свабодзе гандлёва-прамысловай дзейнасці, і асабліва «Палажэнне аб дзяржаўным промыславым падатку» 1898 г., якое дазваляла ўсім асобам, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, займацца гандлем і прамысловасцю.


Абвяшчэнне маніфестам 17 кастрычніка 1905 г. «грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», стварэнне Дзяржаўнай думы і прадастаўлення выбарчых правоў усім «класам насельніцтва» было значным крокам ад саслоўнай да грамадзянскай супольнасці. Згодна Найвышэйшаму Ўказу ад 5 кастрычніка 1906г., былі зніжаны цяжкасці, звязаныя з выхадам з сельскага грамадства, зняты пашпартныя абмежаванні для сялян і мяшчан.


Саслоўны лад, абумоўлены шэрагам заканадаўча аформленых правоў і абавязкаў асобных груп насельніцтва, замацаваных за імі сацыяльных функцый, працягваў існаваць: захоўваліся саслоўныя арганізацыі і саслоўнае самакіраванне, саслоўны пачатак у мясцовым кіраванні ў адносінах сялян г. д. Нават пры выбарах у Дзяржаўную думу маёмасны прынцып спалучаўся з саслоўным.


Такім чынам, у другой палове XIX – пач. XX стст. у саслоўным ладзе расійскага, у тым ліку беларускага грамадства, адбываліся два рознанакіраваных працэсы: з аднаго боку, ішла ўніфікацыя (падабенства ў правах і абавязках) саслоўяў, з другога – працэс яго разлажэння. Саслоўная структура грамадства як рудымент феадальнага ладу паступова саступала месца новай, класавай, з уласцівымі ёй катэгорыямі прыватнай уласнасці, наёмнай працы, ролі ў вытворчасці і размеркаванні грамадскага прадукту. Асноўныя грамадскія супольнасці новага, капіталістычнага ладу ўвасобіліся ў класах буржуазі і пралетарыту.


4. Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустрыяльнага грамадства


Па меры развіцця капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы фарміраваліся два новыя грамадскія класы: буржуазія і пралетарыят. Слова «буржуазія» паходзіць з французскага «bourgeoisie», запазычанага з познелацінскага burgus і азначае пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае ўласнасцю на сродкі вытворчасці і існуе за кошт эксплуатацыі наёмнай працы.


У ліку арганізатараў першых на Беларусі капіталістычных прадпрыемстваў былі прадстаўнікі дваранскага і купецкага, і ў меншай ступені – мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. Пасля скасавання прыгоннага права памешчыкі прыстасоўвалі свае маёнткі да ўмоў капіталістычнага гаспадарання або здавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду. Тыя ж прыкметы новага ў сацыяльным абліччы дваран-памешчыкаў назіраліся ў выпадках, калі яны арганізовалі прадпрыемствы з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы. Так, у 90-я гг. ХІХ ст. ім належала 343 мануфактуры і фабрыкі або 46% з існаваўшых на Беларусі.


Асноўнай крыніцай фарміравання буржуазіі з’яўлялася купецтва і разбагацеўшыя рамеснікі. Самай шматлікай часткай буржуазнага класу з’яўляліся яўрэйскія купцы і мяшчане. З цягам часу менавіта яўрэйскай буржуазіі належаў 51% фабрык і заводаў, большасць прыватных газет і крэдытна-фінансавых устаноў.


Да 1897 г. сельская буржуазія, якая скарыстоўвала наёмную працу, складала каля 9 % усяго сялянскага саслоўя (463,5 тыс. чал. з 5 073,1 тыс). Агульная колькасць прадстаўнікоў прамысловай (335,3 тыс.) і аграрнай (463,5 тыс. чал.) буржуазіі дасягала 800 тыс.


Зараджэнне капіталістычных адносін у прамысловасці адбілася ў з’яўленні новага грамадскага класа – пралетарыята. Гэтым тэрмінам прынята называць асабіста свабодных людзей, якія існавалі ў эпоху капіталізму выключна за кошт продажу сваёй рабочай сілы. Да пралетарыяў адносяць як гарадскіх, так і сельскіх рабочых (парабкаў). Пасля скасавання прыгону ў 1861 г. асноўнай крыніцай фарміравання пралетарыяту з’яўляліся мяшчане і ў меншай ступені – збяднелыя вяскоўцы. Усяго ж на мяжы ХІХ і ХХ стст. у прамысловасці, на чыгуначным транспарце і ў дэпо было занята каля 260 тыс. пралетарыяў.


У агульнай 460-тысячнай арміі пастаянных наёмных рабочых асобае месца займалі сельскія пралетарыі. Самай масавай яе крыніцай былі бедныя сяляне. У 1897 г. у беларускіх губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных парабкаў, што складала 37% агульнай колькасці наёмных рабочых і слуг. Характэрнай рысай Беларусі парэформеннага перыяду з’яўляўся шматнацыянальны склад прамысловых пралетарыяў. 60% іх складалi яўрэi, 17% – беларусы, 10% – палякi, 10% – рускiя, каля 4% – латышы, лiтоўцы i украiнцы. Пры гэтым яўрэі не дапускаліся да работы на чыгунках і ў казённых прадпрыемствах. Сельскія пралетарыі вызначаліся падаўляючай перавагай беларусаў.


Прамысловая рэвалюцыя, якая адбылася ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША, абумовіла з’яўленне і распаўсюджанне буйной машыннай вытворчасці. У выніку за змену традыцыйнаму (аграрнаму) грамадству прыйшло новае, індустрыяльнае з такім узроўнем грамадскаэканамічнага развіцця, калі найбольшы ўклад у вытворчасць матэрыяльных каштоўнасцей уносіць прамысловасць. Гэта грамадству ўласціва ўсталяванне рыначнай эканомікі, урбанізацыя, наяўнасць асноўных сацыяльных груп – прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, развіццё навукі, дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.


Усталяванне індустрыяльнага грамадства ў Расійскай імперыі прайшло тыя ж этапы, што і на Захадзе. Але нягледзячы на наяўнасць асноўных знешніх атрыбутаў (перавага ў прамысловасці фабрычна-заводскай вытворчасці, панаванне капіталістычнага рынку, існаванне банкаўскай сістэмы, узнікненне буржуазіі і пралетарыяту і г.д.), у эканоміцы і грамадскім жыцці краіны заставалася шмат рудыментаў папярэдняй, аграрнай цывілізацыі: па-першае, захаванне шматукладнай эканомікі перажыткаў феадалізму; па-другое, захаванне саслоўна-самадзяржаўнага ладу, які абмяжоўваў свабоду прадпрымальніцтва, развіцццё гандлю і прамысловасці; па-трэцяе, актыўнае ўмяшальніцтва царызма ў эканоміку, вялікая роля дзяржавы ў прамысловасці, фінансах і транспарце; нарэшце, значныя дзяржаўныя расходы на падтрымку саслоўя памешчыкаў і чыноўніцкага апарату.


Асабліва яскрава гэта выявілася на прыкладзе Беларусі: прамысловая рэвалюцыя тут яшчэ не завяршылася, доля фабрычнай вытворчасці ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі складала менш паловы (46,8%), а на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці налічвалася толькі 31 тыс. рабочых. Мясцовыя прамыславікі і прадпрымальнікі, у адрозненні ад маскоўскага, пецярбургскага, уральскага і іншых рэгіёнаў спецыялізавалася не на машыннай індустрыі, а на выпуску традыцыйнай (харчовай, будаўнічай, гарбарнай і г. д.) прадукцыі і на продажы сыравіны (лён, лес).


Працэс урбанізацыі тут быў дастаткова марудным: у гарадах пражывала каля 10% насельніцтва. Асноўную масу прамысловага рабочага класа складалі работнікі дробных прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Саслоўная структура яшчэ пераважала над сацыяльна-класавай.


Спіс выкарыстаных крыніц


1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.


2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.


3. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя

Слов:5400
Символов:40360
Размер:78.83 Кб.