РефератыИсторияАсАсаблівасці фарміравання беларускай нацыi

Асаблівасці фарміравання беларускай нацыi

Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт


Гістарычны факультэт


Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў



Рэферат па тэма:


Асаблівасці фарміравання беларускай нацыi






Мiнск, 2007


Еўрапейскiя краiны ў XIX ст. iстотна закранулi працэсы этнiчнай эмансiпацыi народаў, росту нацыянальных рухаў. Гэтыя працэсы былi вынiкам i адначасова часткай тых эканамiчных, сацыяльных, палiтычных i культурных мадэрнiзацыйных зрухаў, лiку прыкмет сацыяльнай мабiлiзацыi адносiлiся вызваленне сялян, iндустрыялiзацыя i урбанiзацыя, пашырэнне пiсьменства i развiццё школьнай адукацыi i друку. Аднак узаемасувязь абазначаных працэсаў не была чыста механiчнай. Тут павiнны прымацца ў разлiк характарыстыкi пануючай палiтычнай сiстэмы, у прыватнасцi ступень цэнтралiзацыi ўлады i ўзровень палiтычнага i культурнага прыгнёту, а таксама знешнiя ўплывы.


Беларускi этнас прайшоў складаны шлях да станаўлення нацыi сучаснага тыпу. Супярэчлiвасць гэтага шляху, ваганне працэсаў развiцця этнiчнай свядомасцi i нацыянальнай культуры памiж заходняй i ўсходняй цывiлiзацыямi абсцяжарвала вызначэнне маладой нацыянальнай iнтэлiгенцыяй свайго месца, гiстарычных абрысаў нацыянальнай iдэi i ўвогуле самавызначэнне беларускай нацыi. Аб’ектыўна працэс яе фармiравання ў XIX — пачатку ХХ стст. вызначаўся асаблiвасцямi i характарам сацыяльна-эканамiчнай мадэрнiзацыі краiны, запаволенасцю працэса мабiлiзацыi сацыяльнай структуры грамадства, i вынiкамi палiтыкi расiйскага ўрада ў Беларусi, традыцыйнымі рысамі нацыянальна-культурнага развіцця недастатковымi тэмпамi пашырэння пiсьменнасцi, моўнай i канфесiйнай блiзкасцю да рускiх, што ўзмацняла асiмiлятыўныя працэсы і інш. Праз шэраг складаных этапаў у сваёй эвалюцыі этнагенез беларусаў у XIX ст., асабліва ў яго апошнія дзесяцігоддзі і на пачатку ХХ ст., значна паскорыўся і выйшаў на стадыю фарміравання нацыі. У савецкай і беларускай этнаграфінай навуцы, станаўленне і наяўнасць нацый доўгі час звязвалася з прысутнасцю наступных рыс: агульнасць тэрыторыi i эканамiчнага жыцця, супольныя расы нацыянальнага характару, самасвядомасцi, культуры i лiтаратурнай мовы[1]
.


Тэрыторыя фармiравання беларусасй нацыi ўкладвалася ў асноўным у межы пяцi губерняў: Вiленскай, Вiцебскай, гродзенскай, магiлёўскай i мiнскай. Атлас 1864 г. А.Ф. Рыцiхiна i складзеная iм “Этнаграфiчная карта Еўрапейскай Расii” (1825 г.) аркэслiвала тэрыторыю рассляення беларусаў: на захадзе ад сувалак i Беластока далей па рэках Нараў, Ясельда, прыпяць да яе ўпадзення ў Днепр, на поўнач i ўсход паўночней Вiльнi, далей на Свянцяны, Люцын, Вялiкiя лукi на захад ад Вязьмы i Мглiна, далей па Дняпру да вусця Прыпяцi. Я.Ф. Карскi, М.В.Доўнар-Запольскi, члены Маскоўскай Дыялекталагiчнай камiсii на аснове этналiнгвiстычных прыкмет пашыралi этнiчную тэрыторыю беларусаў на правабярэжжа Прыпяцi, а на ўсходзе — да Ржэва i Бранска.


Галоўным арэалам кансалiдацыі беларускай нацыi былi цэнтральная i паўночна-заходняя часткi Беларусi, што вызначалiся як эканамiчна, сацыяльна i палiтычна найбольш развiты рэгіён Беларусi. Тут быў найвышэйшы працэнт пiсьменнага насельнiцтва (да 70 % у 1913 г. сярод мужчын) i пражывала каля 70 % карэспандэнтаў газеты “Наша Нiва”. Марудна этна-кансалiдацыйны працэс адбываўся ў паўночна-усходняй i ўсходняй частках Беларусi. Значнай доля беларусаў была (паводле даных перапiсу 1897 г. аб роднай мове) у Велiжскiм (87,5 %), Невельскiм (84,0 %), Себежскiм (47, 1%), паветах Вiцебскай губернi, Красненскiм (90,0 %) павеце Смаленскай губернi, Суражскiм (каля 70%) павеце Чарнiгаўскай губернi i некаторых iншых, што знаходзяцца па-за межамi тэрыторыi сучаснай беларускай дзяржавы. На прасторы апошняй удзельная вага прадстаўнiкоў карэннай нацыяльнасцi перавышала 73%[2]
.


Адным з паказчыкаў i фактараў сталення нацыi з’яўляецца пашырэнне i рост уплыву ў грамадстве нацыянальна-культурнага руху. Беларускi рух, паводле аднаго вобразнага параўнання, узрастаў памiж спрэчкамi расiйскiх i польскiх шавiнiстаў за iдэалагiчна-культурнае i эканамiчнае панаванне на тэрыторыi краю. Гэтыя спрэчкi абудзiлi ў пачынальнiкаў беларускай нацыянальнай iдэалогii пытанне: а хто такiя беларусы?


На думку чэшскага гiсторыка Мiраслава Хроха, развiццё большасцi еўрапейскiх нацыянальных рухаў праходзiць тры фазы. На першай з iх абуджаецца цiкавасць адносна невялiкай групы адукаваных людзей да мовы, гiсторыi i фальклору пэўнай этнiчнай групы. Наступная фаза звязана з правядзеннем нацыянальнай агiтацыi, калi група патрыётаў ставiць мэту пашырэння нацыянальнай свядомасцi ў больш шырокiя слаi насельнiцтва, мабiлiзацыi гэтага насельнiцтва i яго iнтэргацыi ў этнiчную супольнасць. Калi гэта мэта дасягнута, нацыянальны рух уступае ў трэцюю фазу — масавага руху, у якiм большая частка грамадства ахоплена iдэямi нацыянальнай самасвядомасцi i iмкнецца да палiтычнай аўтаноміі[3]
.


Наступленне азначаных трох фаз адбывалася нераўнамерна i неадначасова. Нацыянальныя рухi народы Расiйскай iмперыі ахапiлi некалькi пазней, чым астатнюю Еўропу.


Беларусаў у XIX — пачатку ХХ ст. можна ў пэўнай меры аднесцi да лiку маладых нацый, якiя мелi непаўнацэнную сацыяльную структуру, у якой звычайна адсутнiчалi ўласныя элiты, а нярэдка i сярэднiя гарадскiя слаi. “Маладыя” нацыi ў мiнулым цi нiколi не сфармiроўвалi ўласныя палiтычная структуры, цi iх традыцыi сярэдневяковай дзяржаўнасцi былi разбураны напачатку новага часу. “Маладыя” нацыя былi “сялянскiмi” народамi, часта не мелi сваёй лiтаратурнай мовы i высокай культуры. Акрамя беларусаў ў Расiйскай iмперыi да гэтай катэгорыi этнiчных груп адносiлiся ўкраiнцы, лiтоўцы, эстонцы, латышы i iнш. У сапраўднасцi нельга вылучыць iдэальны тып “старой” цi “маладой” нацыi, есць мноства змешаных i пераходных формаў, з захаваннем астаткаў уласных элiт i высокаразвiтых культур.


Беларусы выйшлi на першую фазу сваёй нацыянальнай эмансiпацыi ў пачатку XIX ст., поруч з украiнцамi i лiтоўцамi i апярэдзiўшы напачатку фiнаў, эстонцаў i латышоў. Вытокi гэтай фактычна культурна-асветнiцкай на сваёй сутнасцi стадыi можна шукаць ў канцы XVIII ст., у краёвым, беларускiм па сваёй сутнасцi, патрыятызме часткi шляхты i магнатаў Вялiкага княства Лiтоўскага. У пачатку XIX ст. яшчэ цяжка было ўявiць , i гэта выглядала маларэальным, што праз стагоддзе будуць дзейнiчаць беларускiя нацыянальныя палiтычныя партыi i стаяць пытанне аб стварэннi беларускай дзяржаўнасцi. На гэтым этапе iнтэлектуальнае жыццё Беларусi развiвалася пераважна пад уплывам польскай культуры. Цэнтрам яго, як i ў Лiтве выступаў Вiленскi унiверсiтет. У асяроддзi яго выкладчыкаў i студэнтаў ў 1810-х — пачатку 1820-ых гадоў пачалi з’яўляцца парасткi iдэй будучага беларускага нацыянальнага адраджэння. Прафесары Вiленскага унiверсiтэта М.Баброўскi, I.Данiловiч паклалi пачатак збiрання i вывучэння помнiкаў беларускага пiсьменства XVI - XVII стст. Для iх i блiзкiх да iх па светапогляду вiленскiх iнтэлiгентаў зразумелымi i папулярнымi былi iдэi аднаўлення Вялiкага княства Лiтоўскага i дзяржаўнасцi беларускай мовы. Яны садзейнiчалi абуджэнню цiкавасцi да гiсторыi, культуры, вуснай народнай творчасцi беларусаў студэнтаў-сяброў таварыстваў фiламатаў i фiларэтаў, перш за ўсё, Я.Чачота, Т.Зана i iнш. Беларуская iнтэлегенцыя таго часу фармiравалiся пераважна з выхадцаў з духавентва i збяднелай шляхты[4]
.


10 снежня 1831 г. у Парыжы было створана “Таварыства лiтоўскае i рускiх зямель”, у склад якога ўваходзiлi А.Мiцкевiч, I.Дамейка. Мэтай таварыства было вывучэнне мiнуўшчыны i гаспадаркi Беларусi, Лiтвы i Валынi, дэмаманстрацыя сусветнай супольнасцi, што насельнiцтва былога Вялiкага княства Лiтоўскага застаецца “адным з народаў Еўропы...”. У сярэдзiне XIX ст. адчувальным становiцца ўплыў беларускай лiберальнай думкi, прадстаўленай гурткамi А.Кiркора у Вiльнi, В.Дунiна-Марцiнкевiча ў мiнску, А.Вярыгi-Дарэўскага ў Віцебску. Асобныя творы на беларускай мове ў гэты час стварылi Я.Чачот, Я.Баршчэўскi, А.Рыпiнскi, У.Сыракомля. Беларуская мова стала асноўнай для творчасцi В.Дунiна -Марцiнкевiча. Творчасць i погляды гэтага кола iнтэлiгенцыi не заўжды мелi акрэслены нацыянальны змест, але аб’ектыўна садзейнiчалi развiццю нацыянальнай культуры i свядомасцi.


Сярод дэмакратычнай iнтэлiгенцыi ў 60-я гг. XIX ст. сфармiравалася адносна невялiкая група, для якой абсалютна зразумелым было ўяўленне, што Беларусь мае ўсе ўмовы для самастойнага развiцця. Лiдэрам гэтай групы быў К.Калiноўскi, якi ўскосна выказаў iдэю аб самастойнасцi Беларуска- Лiтоўскай рэспублiкi. Першыя спробы нацыянальнай агiтацыi былi вельмi эфiмернымi i кароткачасовымi. Расiйская рэпрэсiўная палiтыка, выразна аформленая пасля падаўлення паўстання 1863 г., значна запаволiла нацыянальную культурна-асветнiцкую дзейнасць, фармiраванне палiтычных сiл i арганiзацый. Гэты фактар побач з адносна невысокiмi тэмпамi сацыяльна-эканамiчнай мадэрнiзацыi Беларусi, стаў прычынай больш позняга пераходу да наступнай фазы нацыянальнай эмансiпацыi, звязанай з палiтычнай агiтацыяй.


Станаўленне беларускай iнтэлiгенцыi было шчыльна звязана з узнiкненнем i развiццём нацыянальнага руху. Вялiкае значэнне для абуджэння нацыянальнай самасвядомасцi мела дзейнасць шматлiкiх збiральнiкаў i даследчыкаў фальклору, лiнгвiстаў, гiсторыкаў, этнографаў. У другой палове XIX - пачатку ХХ стст. з’явiлiся грунтоўныя працы I. насовiча, М. Нiкiфароўскага, Е. Раманава. Я.Карскага, М. Доўнар-Запольскага i iнш., з выданнем якiх пачынаецца развiццё навуковага беларусазнаўства. Стадыя нацыянальнай агiтацыi, звязаная з пашырэннем нацыянальнай свядомасцi ў больш шырокiя слаi насельнiцтва, пачынаецца ў 80-ых гадах XIX ст., найперш з дзейнасцi народнiцкай сацыяльна-рэвалюцыйнай агранiзацыi “Гоман” i выдання аднаiменнага гектаграфiчнага часопiса (1884 г.), арганiзацый у Пецярбурзе, Маскве. У публiкацыях на старонках “Гомана” (“Лiсты аб Беларусi”, “Пасланне да землякоў-беларусаў”) дадзена тэарэтычнае абгрунтаванне самастойнасцi, асобнасцi беларускага этнасу, асэнсаванне складанасцi гiстарычнага шляху i цяжкасцi яго нацыянальнай кансалiдацыi. гоманаўцы сцвярджалi самастойныя задачы беларускага нацыянальнага руху i iдэю свабоднага федэратыўнага пагаднэння Беларусi i iншымi народамi дэмакратызаванай Расii, а таксама вылучылi задачы перад iнтэлiгенцыяй па пашырэннi нацыянальнай самасвядомасцi. Дачыненне да выдання “Гомана” мелi студэнты-ураджэнцы Беларусi А.Марчанка, Х.Ратнер i iнш[5]
.


Фундаментам iдэалогii беларускага вызваленчага руху стала публiцыстыка Ф.Багушэвiча. У прадмове да зборнiка “Дудка беларуская”, iншых творах iм дадзена гiсторыка-фiласофскае i мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, падкрэслена пераемнасць багатых дзяржаўна-палiтычных i культурных традыцый Вялікага княства Лiтоўскага з сучаснымi задачамi сацыяльнага i палiтычнага вызвалення i культурнага адраджэння беларускага народа.


На пачатку 90-х гадоў XIX ст. у Маскве i Пецярбургу дзейнiчалi арганiзацыі беларускага студэнцтва пад кiраўнiцтвам А.Гурыновiча, М. Абрамовiча i iнш. Вялiкую долю адыграла літаратурна-грамадская дзейнасць К.Каганца, А.Абуховiча i iнш., краязнаўча-збiральнiцкая праца Б.Эпімах-Шыпiлы i г.д. Былi створаны Гурток моладзi польска-лiтоўскай, беларускай i маларускай, Круг беларускай народнай прасветы i культуры, спробы выпуску нелегальнай газеты “Свабода”, заснавання Рэвалюцыйнай партыi Белай Русi. У 1902-1903 гг. на аснове гурткоў В. Iваноўскага, братоў А. i I.Луцкевiчаў адбываецца палiтычная самаарганiзацыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Была створана Беларуская рэвалюцыйная грамада, якая некалькi пазней стала называцца Беларускай сацыялістычнай грамадой.


Глыбокiя якасныя змены адбылiся ў нацыянальным руху ў час рэвалюцыі 1905-1907 гг. Са з’яўленнем беларускамоўнага легальнага друку (“Наша доля”, “Наша Нiва”, пазней “Беларус”, “Лучынка” i iнш.), пашырэннем прафесiйных, грамадска-культурных аб’яднанняў i гурткоў (Беларускi настаўнiцкi саюз, Гродзенскi гурток беларускай моладзi, Беларускi музычна-драматычны гурток i г.д.), заснаваннем выдавецкiх суполак, нацыянальных тэатральных калектываў узраслi розныя формы i кiрункi нацыянальнага руху. Пад уплывам “Нашай Нiвы”, рэдакцыя якой пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гг. стала арганiзацыйным цэнтрам нацыянальнага руху, зарадзiўся, найперш у каталiцкiм асяроддзi, беларускi нацыянальна-рэлiгiйны рух, што выявiўся ў дзейнасцi святароў А.Астрамовiча, В. Гадлеўскага i iнш.


У 1913 г. у Вiцебскiм аддзяленнi Маскоўскага археалагiчнага iнстытута А. Сапуноў пачаў чытаць курс лекцый па гiсторыi Беларусi. В.Ластоўскi ў 1910 г. выдаў першую навуковую працу на беларускай мове “Кароткая гiсторыя Беларусi”, дзе даў канцэктуальнае выяўленне нацыянальнай гiсторыi. У пачатку ХХ ст. цэласнае навуковае абгрунтаванне этнiчнай свядомасцi знайшло ў фундаментальнай працы Я. Карскага “Беларусы” (т.1-3, 1903-1922 гг.), даследаваннях М.Доўнар-Запольскага i iнш[6]
.


Асэнсаванне агульнага гiстарычнага мiнулага, звязаннага з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм, спрыяла пашырэнню сярод часткi беларускай нацыянальнай iнтэлiгенцыi асаблiва ў час першай сусветнай вайны, iдэi стварэння беларуска-літоўскай дзяржаўнасцi. Акрамя таго, беларускi нацыянальны рух, таксама як i украiнскi, лiтоўскi, пад уплывам польскага, яўрэйскага, рускага сацыяльстычнага рухаў спрабаваў у мэтах перацягнення на свой бок сялянства аб’яднаць нацыянальныя i аграрна-рэвалюцыйныя задачы. Агульнарасiйскiя рэвалюцыйныя партыi нярэдка выступалi ў якасцi паспяховых канкурэнтаў нацыянальных арганiзацый, схiляючы да сябе многiх маладых прадстаўнiкоў iтэлектуальных асяродкаў.


Трэцяй стадыi беларускi нацыянальны рух, калі ён набывае больш масавы характар i рэальна стаяць мэты палiтычнай аўтаномii Беларусi, дасягае ў час першай сусветнай вайны. Сацыяльныя ўзрушэннi, выклiканыя ёй,

аказалi значны ўплыў на працэсы этнiчнай кансалiдацыi. Шматлiкiя бежанцкiя арганiзацыi адыгралi вялiкую ролю ў абуджэннi нацыянальнай свядомасцi. Цiкавасць да беларускага руху актывiзавалася сярод землеўласнiкаў, вышэйшых чыноўнiкаў, афiцэраў, кiраўнiцтва праваслаўнай i каталiцкай цэркваў на Беларусi. Узрос нацыянальны рух i на акупiраванай тэрыторыi Беларусi. У Вiльнi быў створаны Беларусi народны камiтэт, адчыняюцца беларускiя школы, настаўнiцкая семiнарыя ў Свiслачы i г.д.


Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. як надзеннае паўстала пытанне аб утварэннi беларускай дзяржаўнасцi. Яно знайшло падтрымку значнай часткi беларукага насельнiцтва i шляхі рэалiзацыi ў абвяшчэннi спачатку Беларускай народнай рэспублiкi, а затым у больш пэўным утварэннi БССР. Дарэчы, палiтыка “беларусiзацыi” 20-ых гадоў, якая рэалiзоўвалася партыйным i савецкiм кiраўнiцтвам Савецкай беларусi, непараўнальна паскорыла этна-культурныя працэсы i сцвердзiла пытанне аб iснаваннi беларускай нацыi як бяспрэчнае i незваротнае.


У канцы XIX — пачатку ХХ ст. тэрмiн “Беларусь”, этнонiм “беларусы” замацоўваецца за ўсёй этнiчнай тэрыторыяй беларусаў i паступова выцясняе ўсе iншыя агульныя для Беларусi назвы. Аднак гэты працэс быў супярэчлiвым i незавершаным. Саманазва беларусаў не набыла у той час выразнага адзiнага агульнацыянальнага зместу. Поруч з ёй ужывалiся канфесiяналiзмы “рускiя” i “палякi”, адпаведна падзелу на праваслаўных i католiкаў, а частка насельнiцтва Беларусi называла сябе тутэйшымi. Яшчэ дастаткова часта ўжываўся тэрмiн “лiтвiны”, асаблiва ў заходнiх раёнах Беларусi. У некаторых мясцовасцях iснавалi рэгiягальныя назвы, якiя адносiлiся да значных тэрыторый — “паляшукi” для ўсяго Палесся, “пiнчукi”, “брашчане” — для яго асобных частак. Тым не менш, адбылiся iстотныя зрухi ў этнiчнай самасвядомасцi беларусаў. Паводле даных перапiсу 1897 г. аб роднай мове, 51,8 % агульнай колькасцi прадстаўнiкоў спадчыннага дваранства прызнавалi сябе беларусамi. З лiку асабiстых дваран (чыноўнiцтва) 25,9 % назвалi сваёй роднай мовай беларускую. Гэтыя лiчбы развейваюць старадаўнi мiф аб выключна польскiм i рускiм этнiчным складзе беларускага вышэйшага саслоўя. Каля 20 % урачоў i 21 % настаўнiкаў таксама лiчылi сваёй роднай мовай беларускую. Сялянства, пралетарыят i паўпралетарскiя слаi грамадства ў Беларусi складалiся пераважна з прадстаўнiкоў карэннага этнасу. Але адной са спецыфiчных рыс станаўлення беларускай нацыi з’яўлялася тое, што каля 90 % яе прадстаўнiкоў пражывала ў сельскай мясцовасцi. Горад па этнiчнаму складу быў пераважна небеларускiм — прыкладна 40-50% гарадскога i местачковага насельнiцтва скаладалi яўрэі, што стала вынiкам iснавання рысы аседласцi яўрэяў i рэалiзацыi некаторых мер па ўзмацненню рэжыму яе функцыянавання пасля паўстання 1863 г. Каля 20 % гараджан былi рускiмi, беларусы сярод iх складалi 17, 1%. У другой палове XIX--XX стст. формай этнiчнай самасвядомасцi некаторай часткi гарадскога насельнiцтва, асаблiва ва ўсходняй Беларусi (праваслаўная iнтэлiгенця, чыноўнiкi, святары i iнш.) быў “западнорусизм”. У пачатку ХХ ст. ён стаў iдэалогiяй вялiкадзяржаўна-чарнасоценскага руху, якi веў актыўную барацьбу супраць беларускага нацыянальнага адараджэння[7]
.


Асноўныя прынцыпы iдэалогii “западнорусизма” былi распрацаваны ў сярэдзiне XIX ст. I.Сямашкам, М.Каяловiчам, а таксама знайшлi адлюстраванне на старонках часопiса “Вестник Западной россии”, якi выдаваўся ў 60-70-я гг. мiнулага стагоддзя К.Гаворскiм. Зыходным пастулатам “западнорусизма” было сцвярджэнне, што беларусы з’яўляюцца не самастойным этнасам, а заходнiм адгалiнаваннем рускага народа. Сярод прыхiльнiкаў гэтай iдэалогii вылучылiся дзве плынi: больш памяркоўная, лiберальная (М.Каяловiч, А.Пшчолка) i кансерватыўная (К.Гаворскi). Прадстаўнiкi першай прызнавалi рэальнасць iснавання адметных этна-культурных рыс Беларусi, прызнавалi самакаштоўнасць беларускай культуры, магчымасць яе вывучэння для ўзбагачэння вялiкарускай, але лiчылi справу фармiравання нацыянальнай супольнасцi як палiтычна шкодную. Лiбералы — “западнорусы” зрабiлi шмат для даследавання нацыянальнай спадчыны беларусаў i аднымі з першых зврянулi ўвагу ўрадавых колаў на тое, ято Беларусь насуперак доўга панаваўшаму ў той час меракаванню не з’яўляецца часткай Польшчы. Прыхiльнiкi кансерватыўнай плынi лiчылi этнiчныя асаблiвасцi беларусаў лакальна-дыялектнымi i вынiкам польска-каталiцкай экспансii, вартымі знiшчэння для аднаўлення “рускага” характару краю.


Станаўленне буржуазнага грамадства ў другой палове XIX ст мела ў Беларусi шэраг спецыфiчных рыс. Забаронена яўрэям сялiцца па-за межамi гарадоў i мястэчак, эканамiчная слабасць гарадоў, немагчымасць знайсці ў iх працу для вялiкай колькасцi бяззямельных i малазямельных сялян, стрымлiванне разлажэння памешчыцкага землеўладання адмоўна адбiлiся на станаўленнi сацыяльнай структуры буржуазнага грамадства, дэфармавалi нацыянальны склад гарадскога насельнiцтва i канчатковым вынiку стрымлiвалi фармiраванне беларускай нацыi. Прычым беларуская нацыянальная буржуазiя знаходзiлася яшчэ на стадыi станаўлення i ўяўляла сабой найбольш слабую праслойку мясцовай шматнацыянальнай буржуазii. Асноўныя капiталы края знаходзiлiся ў руках польскiх i рускiх памешчыкаў, яўрэйскiх купцоў i прамыслоўцаў. Беларуская аграрная буржуазiя, падзеленая па веравызнаннi на праваслаўных i католiкаў, да канца не ўсвядомiла свайго нацыянальнага адзiнства i часта iндыферэнтна ставiлася да праяў беларускага нацыянальнага руху. Наогул падзел беларускага этнасу на католiкаў i праваслаўных, што актыўна выкарыстоўваўся ў мэтах адпаведна паланiзацыi i русiфiкацыi, таксама адмоўна адбiўся на фармiраваннi беларускай нацыi[8]
.


Слабасць нацыянальнай эканамiчнай элiты — буржуазii i дваранства — стала прычынай нешматлiкасцi i павольнага сталення нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Элiта беларускага грамадства фактычна не дарасла да асэнсавання сваiх асобных да расiйскай рэчаiснасцi цi польскай iдэi дзяржаўна-палiтычных iдэалаў i, натуральна, не бачыла неабходнасцi ў iх абгрунтаваннi з боку iнтэлiгенцыi. Адна з асаблiвасцяў фарміравання беларускай iнтэлiгенцыi — гэта страта пераемнасцi памiж рознымi яе пакаленнямi з-за прычын перш за ўсё палiтычнага характару (рэпрэсii ў сувязi з актыўным удзелам яе прадстаўнiкоў у вызваленчых паўтаннях, дзейнасці нелегальных арганiзацый i г.д.).


Адным з iстотных фактараў станаўлення беларускай нацыi былi мiграцыйныя працэсы. Яны ахапiлi, перш за ўсё, сялянства. Гэта i сезонныя перамяшчэннi з мэтай знайсцi заработак, i больш сталая працоўная дзейнасць на прамысловых прадпрыемствах цэнтральнай часткi Расii, шахтах i руднiках Данбаса, партах Рыгi і Адэсы i г.д. У працэсе працоўнай дзейнасцi ажыццяўляўся пастаянны абмен этна-культурнай iнфармацыяй. У канцы XIX ст. за межамi кампактнага рассялення беларусаў пражывала звыш 540 тыс. чалавек. Тут не улiчаны тыя, хто выехаў для працы на прамысловыя i сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Амерыкi, Заходняй Еўропы i Аўстралii. У пецярбургу беларусы на мяжы XIX-ХХ ст. i пазней складалi найбуйшейшую групу iншаэтнiчнага насельнiцтва. Звыш 30 тыс. рабочых (без уліку членаў сямей) працавала на прадпрыемтсвах масквы i Адэсы. Уплывовай была знешняя мiграцыя ў Беларусь. Гэта былi чыноўнiкi, ваеннаслужачыя, памешчыкi, прадстаўнiкi вольных прафесiй i г.д. У канцы XIX ст. яны скаладалi больш 2 % насельнiцтва i былi выхадцамi пераважна з цэнтральных губерняў Расii, прыбалтыкі, Украiны.


Складванню нацыi аб’ектыўна садзейнiчала стварэнне адзiнага эканамiчнага рэгiёну ў межах этнегенетычных працэсаў. Пашырэнне гандлёва-эканамiчных сувязяў памiж рознымi часткамi Беларусi дазволiла прадстаўнiкам карэннай нацыянальнасцi лепш самаўсведамляюць сваю этнiчную агульнасць. Паскарэнне тэмпаў эканамiчнага развiцця, пашырэнне капiталiстычнага прадпрымальнiцтва ў прамысловасцi, пераарыентацыя памешчацкiх гаспадарак на рынак, павелiчэнне бессаслоўнага землеўладання, развiццё гандлю i шляхоў зносiн, iнтэнсiўнае чыгуначнае будаўнiцтва спрыялi стварэнню на тэрыторыi Беларусi адзiнага эканамiчнага рэгiёну i станаўленню беларускай нацыi. Аднак апошнi стрымлiваўся агульным кiрункам палiтыкi ўрада.


Пасля падаўлення паўстання 1863 г. царызм канчаткова пазбавiўся iлюзiй наконт польскiх культурна-палiтычных уплываў на тэрыторыi Беларусi i перайшоў на шлях iнтэнсiўнай русiфiкацыi. Асноўныя прынцыпы гэтай палiтыкi на новым этапе былi закладзены ў 1863-1865 гг. вiленскiм генерал-губернатарам М.М. Мураўёвым, з якiм звязана жорсткае падаўленне паўстання 1863 г. Стваралася сацыяльная база новай палiтыкi — пашыралася расiйскае землеўласнiцтва, продаж зямлi на льготных умовах запрошаным на службу ў беларускiя губернi расiйскiм чыноўнiкам. Спрыяльнай глебай для русiфiкацыi ў афiцыйных колах лiчылася таксама шматлiкае беларускае праваслаўнае сялянства. У сявязi з гэтым становiцца зразумелым стрымлiванне эмiграцыi сялянства Беларусi ў другой палове XIX ст. у Сiбiр i за межы Расiйскай iмперыi ў пошуках зямлi i працы, а таксама абмежаваннi ў набыццi зямлi асобамi польскай i яўрэйскай нацыянальнасцяў. Школа цалкам была пераведзена на рускую мову навучання. Вышэйшыя навучальныя установы i беларускамоўны друк адсутнiчалi. Выкарыстанне беларускай мовы не дапускалася нi ў школе, нi ў дзяржаўных установах, нi ў друку, за выключэннем толькi этнаграфiчных публiкацый. прычым i настаўнiк, i праваслаўны святар, i дзяржаўны чыноўнiк, i афiцыйная газета настойлiва i паслядоўна даказвалi беларусам, што яны — рускiя i не маюць нiякiх адрозненняў, акрамя лакальна-дыялектных. Адпаведным чынам пiсалася i беларуская гiсторыя.


З пачатку XIX ст. адбываецца станаўленне новай беларускай лiтаратурнай мовы. Асаблiвасцю гэтага працэсу была адсутнасць пераемнасці яе з пiсьмовай старабеларускай мовай i складванне на народна-гутарковай аснове. Гэты працэс быў больш працяглым, чым у сербскага, харвацкага, славенскага, украiнскага народаў. Фармiраванне лiтаратурнай мовы ў гэты час адбывалася пераважна ў жанрах мастацкай лiтаратуры i публiцыстыкi. Пiсьменнiкi арыентавалiся на свае родныя гаворкi. Гэта не дазваляла развiваць усебакова яе слоўнiк, у якiм, акрамя слоў, звязаных з паняццямi штодзённага побыту, iншыя пласты лексiкi былi развiты слаба. Не далi жаданых вынiкаў i спробы скласцi граматыку i правапiс беларускай мовы, якiя пачалi рабiцца з сярэдзiны XIX ст. Граматыкi П.Шпiлеўскага 1846 г. i К. Нядзвецкага 1854 г. засталiся у рукапiсах. У 1862 г. у Варшаве мiнскi маршалак А.Аскерка выдаў беларускi лемантар (буквар). Першай друкаванай кнiгай на новай беларускай мове была кнiга рэлiгiйнага зместу “Кароткi збор хрысцiянскай навукi” (Вiльня, 1835). Пры друкаваннi беларускiх выданняў выкарыстоўвалася пераважна лацiнка. Гэтай графiкай былi надрукаваны творы В.Дунiна-Марцiнкевiча, Ф.Багушэвiча, газета “Мужыцкая праўда”, гутарка “Дзядзька Антон ... ” i iнш. У канцы XIX ст. лацiнку паступова пачала выцясняць кiрылiца. пасля ўвядзення закона аб свабодзе друку ў 1905 г. i з’яўлення беларускiх легальных выданняў, асаблiва “Нашай нiвы”, фармiраванне лiтаратурнай мовы, выпрацоўка яе навуковай тэрмiналогii пайшлi хучэй. Гэтаму садзейнiчала i выданне фундаментальнай працы Я. Карскага “Беларусы” (т.1-3, 1903-1922), артыкулаў М. Доўнар-Запольскага i iнш. У 1908-1910 гг. былi спробы стварэння прыватных беларускiх школ[9]
.


З працэсам фармiравання беларускай нацыi звязана развiццё культуры Беларусi, яго характар i накiрунак. Беларуская плынь у прафесiйнай культуры Беларусi ўзрасла ад эпiзадычных з’яў ў першай палове XIX ст. да заўважнага, шматграннай струменю на пачатку ХХ ст. Беларускi этнiчны i культурна-нацыянальны працэсы развiвалiся непарыўна, у цесным узаемадзеяннi.


Беларускiя гiсторыкi, этнографы i ў канцы ХХ ст. яшчэ спрачаюцца аб характары, ступенi завершанасцi працэса станаўлення беларускай нацыi, выказваюць часам прынцыповыя сумненнi, але пакiдаюць па-за ўвагай дэталёвы i сур’ёзны аналiз азначанага працэса. Аднак застаецца аксiёмай, што ў пачатку ХХ ст. ступень этнiчнай кансалiдацыi, узровень развiцця нацыянальнай самасвядосмасцi, нацыянальна-культурнага руху беларусаў, фармiраванне адзiнага эканамiчнага рэгiёну ў Беларусi са сваiмi адметнымi рысамi выйшла на якасна новы ўзровень, якi прынцыпова адрознiваецца ад папярэднiх этапаў станаўлення беларускай этнiчнай супольнасцi. Такiм чынам, усё гэта дае падставы меркаваць, што у пачатку ХХ ст. беларусы сталi маладой нацыяй, поруч з лiтоўцамi, украiнцамi, латышамi i iнш.


Спіс крыніц і літаратуры



1. Беларусы: У 8 т. Т.3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999.


2. Каспяровіч Г.І., Бялкоўская Н.Г. Асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці этнадэмаграфічных працэсаў ў гарадах Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. Навук. 2000. №2. С. 73-78.


3. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – XIX ст. Мн., 1984.


4. Скарабагатаў В. Зайгралi спадчынныя куранты. Мн., 1998.


5. Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г. Мн., 1977.


6. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. XIX- XX стагоддзі: Курс лекцый / П. І. Брыгадзін. – Мн.: РІВШ БДУ, 2002.


7. Нарысы гiсторыi Беларусi частка 2. М.П. Касцюк i iнш. –Мн., 1995.


8. Лыч Л.М. Беларуская нацыя i мова. Мн., 1994.


[1]
Беларусы: У 8 т. Т.3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999.


[2]
Лыч Л.М. Беларуская нацыя i мова. Мн., 1994.


[3]
Нарысы гiсторыi Беларусi частка 2. М.П. Касцюк i iнш. –Мн., 1995.


[4]
Каспяровіч Г.І., Бялкоўская Н.Г. Асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці этнадэмаграфічных працэсаў ў гарадах Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. Навук. 2000. №2. С. 73-78.


[5]
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – XIX ст. Мн., 1984.


[6]
Нарысы гiсторыi Беларусi частка 2. М.П. Касцюк i iнш. –Мн., 1995.


[7]
Каспяровіч Г.І., Бялкоўская Н.Г. Асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці этнадэмаграфічных працэсаў ў гарадах Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. Навук. 2000. №2. С. 73-78.


[8]
Скарабагатаў В. Зайгралi спадчынныя куранты. Мн., 1998.


[9]
Лыч Л.М. Беларуская нацыя i мова. Мн., 1994.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Асаблівасці фарміравання беларускай нацыi

Слов:3530
Символов:28704
Размер:56.06 Кб.