Палітычная і эканамічная гісторыя беларуска-літоўскай дзяржавы ў ХІІІ –
XVII
стагоддзяў
З
мест
1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВкЛ да сярэдзіны XVI ст.
2. Асноўныя накірункі развіцця ВкЛ у 70-я гг. XIV – XV ст.
3. Палітычнае становішча Беларусі ў першай палове XVI ст.
4. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВкЛ
4.1 Цэнтральныя органы ўлады
4.2 Вышэйшыя асобы
4.3 Органы мясцовага кіравання
4.4 Гарадское самакіраванне
4.5 Эвалюцыя судовай сістэмы
4.6 Мясцовыя суды
4.7 Вайсковая справа
5. Гаспадарчае развіцце беларускіх зямель ў XIV – першай палове XVI ст.
Спіс выкарыстаных крыніц
1.
Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВкЛ да сярэдзіны XVI ст.
Да пачатку XIII ст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена на шматлікія ўдзельныя княствы – шматкі былога магутнага Полацкага і Тураўскага княстваў. Невялікія самастойныя княствы сталі лёгкай здабычай для знешніх ворагаў. У самым пачатку XIII ст. актыўнае наступленне з захаду павялі крыжакі, з поўдня неслі смерць набегі манголаў. Спакушаліся на беларускія землі польскія князі і ўладары больш магутных паўднёварускіх княстваў – асабліва Галіцка-Валынскага.
У гэтых абставінах наспела неабходнасць кансалідацыі заходнерускіх княстваў у адзіную дзяржаву. Прычын было некалькі. Па-першае, пагроза фізічнага вынішчэння раз’яднаных княстваў. Па-другое, у інтарэсах развіцця феадальнай гаспадаркі патрабавалася моцная цэнтральная ўлада, якая павінна была абараняць інтарэсы феадалаў і давала магчымасць павялічыць узровень эксплуатацыі залежнага насельніцтва.
Полацк быў паслаблены няроўнай барацьбой з крыжакамі і не здолеў выступіць цэнтрам аб’яднання, як і Тураў, які падпаў у залежнасць ад паўдневарускіх князёў (да таго, у 1240-я гг. тэрыторыя княства была разрабавана манголамі). Цэнтрам збірання беларускіх зямель стаў Наваградак. Таму было некалькі перадумоў.
Вакол Наваградка былі самыя ўрадлівыя землі, горад меў шырокія гандлёвыя сувязі як з суседнімі гарадамі, так і з замежнымі краінамі – Польшчай, Візантыяй, Прыбалтыкай, Блізкім Усходам. У горадзе існавала развітае рамяство – аснова яго – апрацоўка каляровых і каштоўных металаў, апрацоўка жалеза. Да таго Наваградская зямля была адносна небяспечнай – тут ратаваліся ад крыжакоў і манголаў бежанцы з іншых зямель, што значна павышала прадукцыйныя сілы княства. Вызначальную ролю мела суседства з літоўскімі землямі.
У 1230-я гг. у літоўцаў пачаўся працэс утварэння дзяржавы. На чале аб’яднання плямёнаў стаў князь Міндоўг. Пры гэтым ён карыстаўся падтрымкай наваградскага князя Ізяслава. Але, аб’яднаўшы літоўцаў, Міндоўг акрамя адзінай дзяржавы атрымаў шмат ворагаў і вымушаны быў пакінуць Літву. Ён накіраваўся на службу да Ізяслава ў Наваградак (сярэдзіна 1240-х гг.). Калі ў 1246 г. Ізяслаў памёр, наваградскае веча выбрала князем Міндоўга з улікам выканання апошнім некаторых умоў – прыняцця праваслаўя і далучэння да Наваградка Літвы. Гэтыя памкненні баярства супадалі з памкненнямі Міндоўга. Дзякуючы аб’яднаным сілам Наваградка і сваіх паплечнікаў у Літве Міндоў далучае землі верхняга Панямоння да Наваградка. Пачаўся працэс утварэння дзяржавы, якая вядома нам з гісторыі пад назвай Вялікае княства Літоўскае.
Узмацненне Наваградка вызвала незадавальненне галіцкіх князёў, Лівонскага ордэна, Рыгі і жамойцкіх феадалаў. Пад час 50-70-х гг. XIII ст. ішла жорсткая барацьба як з суседзямі, так і з унутранымі ворагамі. Першыя вялікія князі паказамі выключныя палітычныя здольнасці, каб захаваць народжаную славяна-балцкую дзяржаву.
У 1251 г. Міндоўг прымае каталіцтва, а ў 1253 г. карануецца ў Наваградку каралём Літвы (карону даслаў папа рымскі Інакенцій XIV). Але гэта не паслабіла націск крыжакоў, а напады галічан толькі ўзмацніліся. У 1258 г. адбыўся бадай самы крывавы набег на княства манголаў і галічан пад кіраўніцтвам хана Бурундая. Тым не менш, Міндоўг з поспехам супрацьстаяў набегу. 13 ліпеня 1260 г. ён разам з палачанамі нанёс цяжкае паражэнне крыжакам каля возера Дурбе, у 1261 г. адмовіўся ад каталіцтва і ў 1262 г. заключыў дамову з Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе з рыцарамі. Улада Міндоўга ў княстве была амаль неабмежаваная, але змова жамойцкага князя Трайняты, полацкага Таўцівіла і нальшанскага Даўмонта восенню 1263 г. удалася. Міндоўг быў забіты. На ролю збірацеля зямель славянаў і балтаў стаў прэтэндаваць трэці пасля Полацка і Наваградка цэнтр – жмудскі (жамойцкі) на чале з Трайнятам (вялікі князь у 1263-1264 гг.).
Пад час барацьбы ў ВкЛ за лідарства, быў выгнаны Войшалк, забіты Таўцівіл (Трайнятам), потым забіты і сам Трайнята. Уладу ў княстве захапіў сын Міндоўга Войшалк (вялікі князь у 1264-1267 гг.). Ён актыўна пашыраў межы княства, да Наваградчыны і Літвы далучыў Дзяволту і Нальшаны, выгнаў апошняга забойцу бацькі князя Даўмонта (у Пскоў). Пры гэтым Войшалку прыходзілася лавіраваць паміж шматлікімі ворагамі. У 1267 г. ён нечакана перадае ўладу свайму швагру, галіцкаму князю Шварну Данілавічу (вялікі князь у 1267-1270 гг.). Праз некаторы час Войшалк быў забіты Львом Данілавічам, другім галіцкім князем.
Шварн не здолеў замацавацца ў Наваградку і быў выгнаны пляменнікам Міндоўга Трайдзенем (вялікі князь у 1270-1283 гг.). Ён здолеў кансалідаваць землі, стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю, адбіць крыжацкія і руска-татарскія напады. У 1277 г. ён адбіў напады манголаў і галіцкіх князёў пад Гародняй і Слонімам, а ў 1279 г. крыжакі атрымалі ад Трайдзеня спусташальнае паражэнне пад Ашэрадам (Курляндыя). Трайдэн нават дамогся перадачы княству новага крыжацкага замка Дынабурга (сучасны Даўгаўпілс) на Заходняй Дзвіне (зараз латвійскі горад Даўгаўпілс). У сярэдзіне 1270-х гг. тэўтонцы жорстка, у крыві, падавілі паўстанне племені прусаў. Трайдэн прыняў уцекачоў з Прусіі і рассяліў іх у ваколіцах Гародні і Слоніма.
Пасля смерці Трайдзеня летапісы дзесяць год не згадваюць вялікіх літоўскіх князёў. Новы перыяд узмацнення і пашырэння межаў княства, станаўлення дзяржаўнасці звязаны з князем Віценем (вялікі князь у 1293-1316 гг.).
Новаму князю адразу прыйшлося сутыкнуцца з сепаратысцкімі памкненнямі ўнутры дзяржавы і шматлікімі ворагамі звонку. У 1294 г. ён жорстка задушыў мяцеж жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюза з крыжакамі. Скарыстаўшы супярэчнасці паміж Лівонскім ордэнам і Рыжскім арцыбіскупствам, заключыў з апошнім мірны дагавор (1298 г.). Дзякуючы падтрымцы рыжскага арцыбіскупа здолеў адбіць у тым жа годзе напад крыжакоў на Жамойцію. Паўторны напад крыжакоў у 1305 г. таксама быў з поспехам адбіты. У 1307 г. Віцень ліквідаваў пагрозу захопу крыжакамі Полацка, у выніку чаго Полацкая зямля канчаткова была далучана да ВкЛ. З мясцовым баярствам было заключана пагадненне – “ряд”, згодна якому Полацкае княства ў ВкЛ атрымала вялікія аўтаномныя правы. Складваўся федэратыўны тып дзяржавы – калі розныя яе часткі мелі розныя правы і розную ступень падпарадкавання цэнтральнай уладзе.
У выніку напружанай барацьбы з палякамі (паходы і сутычкі 1293, 1296, 1306, 1307 гг.) да дзяржавы ў 1315 г. была далучана Берасцейская зямля. Так, акрамя асноўнага дабравольна-дагаворнага шляху ўваходжання славянскіх зямель у склад дзяржавы быў яшчэ і шлях звароту зямель, захопленных ваяўнічымі суседзямі. У тым жа 1315 г. Віцень здзейсніў карны паход супраць тэўтонцаў з вялікім войскам. Гэта была помста за асаду рыцарамі Наваградка і разарэнне яго ваколіц годам раней (1314 г.). Тады дзякуючы выключным здольнасцям Давыда Гарадзенскага, які ўзначаліў абарону сталіцы, Навагрудак быў выратаваны.
Стараста гарадзенскі Давыд быў сынам выгнанага князя нальшанскага Даўмонта, які ўдзельнічаў у змове супраць Міндоўга. Тым не менш, Давыд не помсціў за бацьку, не выступіў супраць вялікакняскай улады, не ўдзельнічаў у змовах, а ў гадзіны небяспекі для краіны рашуча падтрымаў Віценя (пасля і Гедыміна) і выступаў супраць заваёўнікаў-крыжакоў. Ужо ў 1318 г. ён здзейсніў самастойны паход у Прусію на тэўтонцаў. У 1322 і 1323 гг. ён дапамог Пскову, што быў асаджаны лівонцамі. У наступным годзе – 1324 – разграміў рыцараў пад час удалага паходу на Мазовію. Давыд не ведаў ні воднага паражэння. Але пад час паходу ў нямецкую зямлю Брандэнбург (пад Берлін) у 1326 г. ён загінуў ад кінжала здрадніка – купленага крыжакамі польскага рыцара Андрэя.
Віцень пашырыў тэрыторыю княства, з поспехам адбіў напады ваяўнічых суседзяў і падавіў сепаратысцкія памкненні жамойцкіх феадалаў. Ва ўнутранай палітыцы Віцень абапіраўся на беларускія землі і беларускіх феадалаў. Віценю так сама прыпісваюць увядзенне асабістага герба “Пагоня” (сярэбраны вершнік на шчыце чырвонага колеру), які сімвалізаваў абарону дзяржавы ад заваёўнікаў (дзяржаўным герб стаў з 1384 г.). Менавіта ў гэты час склалася асноўная павіннасць феадалаў княства – пагоня – вайсковая справа па абароне дзяржавы ад нападаў.
Пры пераемніку Віценя Гедыміне (вялікі князь у 1316-1341 гг.) асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі не змяніліся. Гэты кіраўнік называў сябе князем літоўцаў і рускіх і працягваў палітыку збірання славянскіх зямель. Ажаніўшы сына Альгерда на Марыі, адзінай дачцэ віцебскага князя Яраслава, пасля смерці апошняга далучыў Віцебск з княствам да дзяржавы (1320 г.), але з віцебскім баярствам таксама быў заключаны дагавор, дзе ўтрымліваліся вялікія правы горада і тэрыторыі на самакіраванне. У 1320-1330-я гг. былі далучаны Мінская і Турава-Пінская землі, а так сама рэшткі Берасцейскай зямлі. Большая частка сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад славяна-балцкай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Межы княства значна пашырыліся, роля Наваградчыны ў княстве знізілася, таму Гедымін у 1323 г. перанес сталіцу на новае месца – у крывіцкае пасяленне Крывы горад на Віліі, цэнтр адной з валасцей былога Полацкага княства. Новая сталіца – Вільня стала палітычным, культурным, эканамічным і рэлігійным цэтрам беларускіх зямель і захоўвала гэты статус на працягу некалькіх стагоддзяў – да пачатку XX ст.
Каб пазбавіць крыжакоў падставы для нападаў (пашырэнне хрысціянства сярод язычнікаў) Гедымін паспрабаваў ахрысціць у каталіцтва жамойтаў і літоўцаў, якія яшчэ былі пераважна язычнікамі, але гэта выклікала незадавальненне як сярод саміх паганцаў, так і сярод праваслаўнага насельніцтва княства. Таму князь пайшоў іншым шляхам. Ен усталяваў саюзніцкія адносіны з польскім каралем, мазавецкім князем, з Ноўгарадам. Сканцатраваўшы сілы, ён нанёс некалькі сакрушальных паражэнняў Тэўтонскаму ордэну і Брандэнбургу (гл. Давыда Гарадзенскага). Сам Гедымін кіраваў войскам у пераможнай бітве на рацэ Акмяне (1331 г.).
Ва ўнутранай палітыцы Гедымін дамагаўся адзінства дзяржавы, прасякаў любыя праявы сепаратызму з боку жамойцкіх старэйшын. На заходніх акраінах будаваў мураваныя замкі, у тым ліку ў Вільні (башня Гедыміна), Троках, Крэве, Лідзе і інш. У гарады запрашаў рамеснікаў, гандляроў і адукаваных людзей з еўрапейскіх краін. У адносінах да хрысціянскай царквы прытрымліваўся нейтралітэту. Дазваляў будаўніцтва як праваслаўных, так і каталіцкіх храмаў. Падчас росту супярэчнасцяў з Масквой (за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад) заснаваў самастойную Літоўска-Наваградскую праваслаўную мітраполію з цэнтрам ў Навагрудку (1316 г.).
Менавіта пры Гедыміне ВкЛ сфарміравалася як феадальная манархія, дзе князь валодаў паўнатой заканадаўчай, выканаўчай, судовай, ваеннай улады. Пры гэтым дзяржаўнай мовай з’яўлялася старабеларуская, аснова прававых нормаў – так сама нормы старабеларускага права. Гедымін стаў раданачальнікам дынастыі Гедымінавічаў – правячай у ВкЛ, з яе пайшлі знакамітыя беларускія і рускія княскія роды а так сама каралеўская дынастыя ў Польшчы – Ягеллоны.
Яшчэ пры жыцці Гедымін падзяліў дзяржаву паміж сынамі, паставіўшы вялікім князем Яўнута (кіраваў у 1341-1345 гг.). Але апошні, мабыць, не вызначаўся ні ваеннымі, ні палітычнымі талентамі і быў змешчаны Альгердам і Кейстутам і высланы ў Заслаўскае княства. Менавіта гэтыя два браты сталі суправіцелямі ў ВкЛ. Альгерд (вялікі князь у 1345-1377 гг.) больш займаўся ўсходняй і паўдневай палітыкай, меў вялікі ўплыў на беларускіх землях і таму быў прызнаны галоўным з братоў, а Кейстут (забіты ў 1382 г. пляменнікам Ягайлай) – абапіраўся на Жамойцію (сталіца яго – Трокі) і займаўся барацьбой з крыжакамі.
Альгерд далучыў да ВкЛ Беларускае Падняпроў’е: 1340-я гг. Чарнігава-Северскае княства, 1358 г. – Мсціслаў, 1355 г. – Бранск з землямі, вялікі ўплыў Альгерд меў на смаленскія справы. Пры гэтым ён сутыкнуўся з інтарэсамі мангола-татарскіх ханаў. У 1362 г. на рацэ Сінія Воды адбылася бітва войска ВкЛ з татарамі, апошнія былі ў шчэнт разбітыя. Да ВкЛ былі далучаны Кіеў і Падолле (паўдневая і цэнтральная Ўкраіна). У вострай барацьбе з Польшай Альгерд адняў у апошняй Валынь. Альгерду не пашанцавала далучыць да ВкЛ Пскоў і паслабіць Маскоўскае княства. Тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372 гг.) скончыліся безвынікова. Больш паспяховай была барацьба супраць крыжацкай навалы. У адказ на крыжацкія напады, ў 1345-1382 гг. беларуска-літоўскае воўска зрабіла каля 30 паходаў на тэўтонцаў і каля 10 паходаў на Лівонію.
Ад двух шлюбаў – з віцебскай княжной Марыяў і Цвярской Ульянай Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Найбольш вядомымі былі Андрэй Полацкі (1325-1399 гг.), старэйшы сын ад першага шлюба і Ягайла (жыў да 1434 г.) – старэйшы ад другога шлюба.
Пад час княжання Альгерда тэрыторыя дзяржавы пашыралася больш чым удвая, беларускія землі складалі каля 9/10, а беларускае насельніцтва – 8/10. Менавіта гэта вызначыла пануючы стан старабеларускай мовы і культуры ў княстве, больш таго Альгерд і ўсе Альгердавічы, акрамя таго, што карысталіся беларускай мовай, былі праваслаўнага веравызнання (да 1386 г.).
Абазначыліся асноўныя шляхі далучэння славянскіх зямель да ВкЛ. Гэта:
- дабравольна-дагаварны шлях, асноўны прыклад – далучэнне Полацкага княства згодна “ряда” – дагавора 1307 г., далучаная тэрыторыя атрымлівала значныя правы на самакіраванне;
- далучэнне праз шлюб, асноўны прыклад – Віцебскае княства. Далучана да ВкЛ як пасаг Марыі Віцебскай, жонкі Альгерда ў 1320 г. Княства так сама мела значныя правы на самакіраванне згодна асобнага дагавора;
- далучэнне зямель праз адваяванне іх у іншаземных захопнікаў, прыклады – часткова Берасцейская зямля (1315 г.) і Валынь (1377 г.), адбітыя ў Польшы і Кіеў з Падоллем (1362 г.), адваяваныя ў мангола-татар;
- вядома, выкарыстоўвалі і іншыя шляхі – згодна старажытнаму вымарачнаму праву – тэрыторыі адыходзілі да вялікага князя калі не заставалася прамых нашчадкаў у яе ўладальнікаў, не грэбавалі і прамым захопам. Але асноўнымі былі першыя тры шляхі.
Такім чынам, стварэнне новай дзяржавы ў Еўропе працягвалася больш стагоддзя. Пачаўся гэты працэс у сярэдзіне XIII ст. і закончыўся ў другой палове XIV ст. Афіцыйная назва дзяржавы – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае падкрэслівала шматнацыянальны характар дзяржавы. Значыцца быў гістарычны сэнс ў тым, каб у межах адной дзяржавы аб’ядналіся розныя па этнічнаму паходжанню, мове і рэлігійным вераванням народы. Аднак створаная Альгердам моцная праваслаўная дзяржава не была патрэбна на Ватыкану, ні Польшы, на крыжакам, ні Маскве, што сама пратэндавала на ролю збіральніцы ўсходнеславянскіх земляў. Менавіта гэтыя абставіны вырашылі далейшы лёс дзяржавы.
2. Асноўныя накірункі развіцця ВкЛ у 70-я гг. XIV – XV ст.
Пасля смерці Альгерда ў ВкЛ пачалася дынастычная барацьба (1370-1390-я гг.), падстава да яе – вялікім князем стаў сын ад другога брака – Ягайла (вялікі князь у 1377-1392 гг.), а Андрэя Полацкага – старэйшага і самага здольнага з братоў – абыйшлі. Галоўнымі ўдзельнікамі барацьбы былі Ягайла, Андрэй, Кейстут і Вітаўт, а так сама іншыя Альгердавічы і Гедымінавічы.
Андрэй Полацкі адразу быў выгнаны за межы краіны. Ён да канца свайго жыцця выступаў супраць Ягайлы. Дзеля гэтага стаў саюзнікам Дзімітрыя Данскога, маскоўскага князя (раней з ім ваяваў). Дапамог апошняму атрымаць перамогі над ханам Мамаем у 1378 г. на рацэ Вожы і ў 1380 г. на Кулікоўскім полі (рака Дон). Пры гэтым, палачане адмовіліся прыняць навязанага ім новага князя, першага паплечніка і брата Ягайлы – Скіргайлу.
Супраць Ягайлы выступіў і Кейстут, бо родны пляменнік падгаварваў крыжакоў ваяваць уладанні дзядзькі. Кейстут пазбавіў Ягайлу княскага трона ў 1381 г., але зрабіў памылку, пакінуўшы пляменніка на свабодзе. Апошні сабраў войска і ў наступным 1382 г. захапіў Кейстута разам з сынам Вітаўтам. У Крэўскім замке Кейстута задушылі, Вітаўт з дапамогай жонкі ўцек да крыжакоў, дзе пачаў збіраць незадаволеных Ягайлам феадалаў ВкЛ. У гэтых складаных абставінах Ягайла згадзіўся прыняць Вітаўта ў ВкЛ пры ўмове вяртання Вітаўту спадчыны Кейстута, а так сама перадачы Гародні і Бярэсця, Вітаўт прызнаваў Ягайлу вялікім князем.
Перад Ягайлай стаяла два напрамкі развіцця знешняй палітыкі, галоўнай мэтай была барацьба з крыжакамі. Першы напрамак – саюз з Масквой, шлюб з дачкой Дзімітрыя Данскога і перадача ўсходніх зямель ВкЛ Маскоўскаму княству, ці другі напрамак – саюз з Польшчай, шлюб з Ядзвігай, адзінай дачкой памёршага польскага караля, пераход ў каталіцтва і вярхоўная ўлада над аб’яднанымі ў адну дзяржаву каталіцкімі Польшчай і ахрышчоным у каталіцтва Вялікім княствам Літоўскім. Зразумела, Ягайла выбірае апошні шлях.
У 1385 г. у Крэўскім замку была заключана дзяржаўная вунія Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага. Ягайла быў ахрышчоны ў каталіцтва і абвешчаны каралем польскім і вялікім князем літоўскім пад іменем Уладзіслаў II. Пачалося хуткае акаталічванне язычніцкай Літвы і Жамойціі. Яшчэ больш паскорыўся гэты працэс пасля выдання Ягайлай прывілеяў 1387 г. Згодна з гэтымі дакументамі ў Вільні заснована каталіцкае біскупста, а феадалы, што прынімалі каталіцтва, атрымлівалі неабмежавальныя правы валодання сваімі вотчынамі, да того яны вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. На праваслаўных феадалаў “рускага” паходжання гэтыя ўмовы не распаўсюджваліся. Але трэба было ўлічыць значную перавагу апошніх і ступень іх незадаволенасці ўмовамі Крэўскай уніі і яе наступствамі. Гэтым скарыстаўся Вітаўт, які ў 1388 г. выступіў супраць улады Ягайлы-Уладзіслава ў ВкЛ. У выніку ўпартай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне (5 жніўня 1392 г.) аб падзеле ўлады. Па ўмовах пагаднення, ВкЛ аднаўляла дзяржаўную незалежнасць, Вітаўт станавіўся князем літоўскім (рэальна вялікі князь у 1392-1430 гг.), Ягайла намінальна захоўваў тытул найвялікшага князя Літоўскага, але ўплыву на справы княства амаль не меў, ён застаўся толькі каралём Польшчы (1386-1434 гг.).
Вітаўт працягваў палітыку Гедыміна і Альгерда на ўзмацненне дзяржавы і пашырэнне яе межаў. Па сутнасці, была распрацавана праграма стварэння Руска-Літоўскага каралеўства. Да гэтага дабавілася яшчэ адна мэта – пазбавіць польскіх феадалаў уплыву на справы ў княстве. У паплечнікі былі абраныя ўнутры дзяржавы – беларускія праваслаўныя феадалы, звонку – Ордэн і частка татар пад кіраўніцтвам Тахтамыша.
У 1385 г. Вітаўт усталяваў кантроль над Смаленскам, а ў 1398 г. – над Ноўгарадам і тады ж быў заключаны саюз з Ордэнам (Салінскае пагадненне 1398 г.). Унутры дзяржавы Вітаўт пазбавіў улады некаторых удзельных князёў, што варожа да яго адносіліся. Гэта значна ўмацавала княства. Але ўсё хутка скончылася. У бітве на рацэ Ворскле супраць татар мурзы Едзігея войска ВкЛ пацярпела цяжкую паразу, быў забіты Андрэй Полацкі, а Вітаўт ледзь паспеў уцячы.
Пасля гэтай цяжкай паразы значна пагоршылася знешнепалітычнае становішча княства. Ад ВкЛ адпалі Смаленск і Ноўгарад, перайшлі ў палітычнае наступленне на княства палякі. У 1401 г. паміж ВкЛ і Польшчай заключана Віленска-Радамская ўнія. Яе ўмовы:
- дзяржавы павінны дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў;
- палякі абавязваліся не выбіраць караля без згоды феадалаў ВкЛ;
- пацвярджаліся правы Вітаўта на самастойнае кіраванне ў ВкЛ, але прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы (захоўваў тытул найвышэйшага літоўскага князя) ці яго нашчадкаў на Вялікае княства Літоўскае.
Унія юрыдычна замацавала саюз раўнапраўных дзяржаў, галоўная мэта саюза – барацьба з нямецкай агрэсіяй. Вітаўту давялося ўнесці значныя карэктыроўкі ў план стварэння руска-літоўскага каралеўства, але адмаўляцца ад яго ён не стаў. У 1404 г. Смаленск канчаткова быў далучаны да княства. Не пашанцавала звярнуць Ноўгарад, дзе замацаваліся прыхільнікі незалежнасці, да тагож на Ноўгарад пратандавала Масква.
У 1408 г. пад час вайны з Масквой на рацэ Вугра было заключана пагадненне аб мяжы паміж дзяржавамі. Яна была ўстаноўлена па Вугрэ, прыкладна за 200 кіламетраў да Масквы.
Значна абвастрыліся адносіна з крыжакамі, якія ўжо кантралявалі Жамойцію і зноў нападалі на землі ВкЛ і Польскае Каралеўства. Калі ў 1409 г. у Жамойціі пачалося паўстанне супраць крыжакоў, яго падтрымаў Вітаўт. Пачалася Вялікая вайна 1409-1411 гг. ВкЛ і Польшчы супраць Ордэна. На нарадзе ў Брэсце ў снежні 1409 г. было вырашана даць Ордэну генеральную бітву. 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам аб’яднанае войска ВкЛ і Польшчы ўшчэнт разбіла армію Тэўтонскага ордэна (у склад апошняй уваходзілі дабравольцы з усёй Еўропы). Загінула амаль ўсё кіраўніцтва Ордэна на чале з вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенрадам і вялікім комтурам Куно фон Ліхтэнштэйнам. Гэта бітва была самая вялікая ў сярэневякрвай Еўропе. Паводле звестак, толькі крыжакі страцілі 40 тыс. забітымі і 15 тыс. палоннымі. Але Ордэн здолеў арганізаваць абарону сталіцы – Мальбарка, таму ваенныя дзеянні зацягнуліся да 1411 г. Згодна з умовамі Тарунскага міра 1411 г.:
- Жамойція перадавалася ва ўладанне Вітаўту;
- Ордэн выплачваў значную грашовую кантрыбуцыю;
- Ордэн вяртаў саюзнікам захопленыя пад час першых месяцаў вайны гарады і тэрыторыі.
Галоўнае наступства Вялікай вайны і Грунвальдскай бітвы – гэта спыненне агрэсіі крыжакоў на ўсход. Перамогу саюзнікі замацавалі падпісаннем Гарадзельскай уніі 1413 г. У 3-х граматах пералічваліся наступныя ўмовы ўніі:
- 47 польскіх феадалаў падаравалі свае гербы 47 феадалам-католікам ВкЛ;
- феадалы Польшчы і ВкЛ узаемна абавязаліся не выбіраць кіраўнікоў дзяржаў без згоды адзін аднаго;
- феадалы-католікі ВкЛ, што прымалі польскія гербы, мелі права свабодна распараджацца маёмасцю ў сваіх маёнтках;
- у ВкЛ ўводзіўся новы адміністратыўны падзел і новыя пасады – ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. гарадах;
- на дзяржаўныя пасады ў ВкЛ (і ў склад Паны-рада) прызначаліся толькі феадалы-католікі;
- каталіцкай царкве і каталіцкім установам ў ВкЛ гарантаваліся значныя ільготы і перавагі;
- прадугледжвалася скліканне агульных сеймаў феадалаў Польшчы і ВкЛ;
- абвяшчалася зліцце ВкЛ і Польшчы пры захаванні адасобленасці ўлады вялікага князя і караля.
У большасці палажэнняў Гарадзельскі прывілей 1413 г. быў толькі дэкларацыяй, мэта якой – супакоіць Рым пасля разгрому Тэўтонскага ордэна. Але палажэнні аб дыскрымінацыі праваслаўнага насельніцтва княства ў будучым маглі паспрыяць росту ўнутранных супярэчнасцей у краіне.
У 1416 г. Вітаўт дамогся аднаўлення асобнай для ВкЛ праваслаўнай мітраполіі, не падпарадкаванай Маскве. Мітрапалітам быў абраны выдатны культурны і рэлігійны дзеяч Рыгор Цамблак. Наогул, пры Вітаўце праваслаўныя князі ўваходзілі ў склад Рады, займалі дзяржаўныя пасады ў княстве. Спрыяльна для Вітаўта склаліся адносіны з Масквой. Яшчэ ў 1391 г. ён выдаў дачку Соф’ю за Васіля I Дзмітрыевіча (сына Дзмітрыя Данскога). Пасля смерці мужа Соф’я стала рэгентшай пры малалетнім сыне і ў 1427 г. прыняла пратэктарат бацькі. Маскоўскае вялікае княства стала васальным у дачыненні да Вітаўта. Спрыяльныя адносіны былі і з татарамі. Скарыстаўшы міжусобіцы ў Зататой Ардзе, ён падпарадкаваў княству Прычарнамор’е. Да канца жыцця Вітаўт не пакінуў мары аб літоўска-рускім каралеўстве. У 1429 і 1430 гг. ён двойчы спрабаваў атрымаць каралеўскую карону і тытул караля ад Папы рымскага, але польскія феадалы падманам выкрадалі атрыбуты каралеўскай улады.
Такім чынам, Вітаўт дамагаўся самастойнасці ВкЛ, дасягнуў значных поспехаў у гэтым напрамку, але вымушаны быў пайсці на цесны саюз з Польшчай, якая скарыстала саюз у сваіх інтарэсах. Ва ўнутранай палітыке ён спалучаў інтарэсы як каталіцкіх, так і праваслаўных феадалаў. Знешнія пагрозы былі ліквідаваныя, Вялікае княства было самай магутнай дзяржавай на ўсходнеславянскіх землях, яно ахоплівала большую частку тэрыторыі былой Кіеўскай Русі.
Пасля смерці Вітаўта вялікім князем быў абраны малодшы брат Ягайлы князь Свідрыгайла (вялікі князь у 1430-1432 гг.). У адрозненне ад старэйшага брата, Свідрыгайла быў прыхільнікам праваслаў’я і самастойнасці Вялікага княста. Адразу паміж княстам і Польшчай пачаўся ўзброены канфлікт з-за Валыні і Падолля, каталікі былі адхілены ад дзяржаўных пасад. Польша падтрымала незадаволеных Свідрыгайлам феадалаў-каталікоў. У выніку іх змовы Свідрыгайла ледзь паспеў уцекчы ў Полацк (1 верасня 1432 г.), а вялікім князем змоўшчыкі выбралі Жыгімонта (Сігізмунда) Кейстутавіча (вялікі князь у 1432-1440 гг.). Літва і заходнебеларускія землі прызналі Жыгімонта, а Полацкая, Віцебская і іншыя ўсходнебеларускія землі захавалі вернасць Свідрыгайле. Княства распалася на Вялікае княства Літоўскае (Жыгімонт) і Вялікае княства Рускае (Свідрыгайла). Пачалася міжусобная вайна, ці па іншаму, унутрапалітычныя супярэчнасці – 1432-1439 гг. Галоўнай сілай у княстве заставалася беларускае праваслаўнае баярства, таму той, хто перацягне яго на свой бок і атрымае перамогу – гэта разумеў і Свідрыгайла, і Жыгімонт. Спачатку Свідрыгайла меў перавагу (яго падтрымаў Ордэн, цвярскі князь), але нестрыманы характар князя (у Смаленску ён спаліў на вогнішчы мітрапаліта Герасіма) адштурхнуў ад яго значную частку прыхільнікаў. У той час Ягайла, які падтрымаў Жыгімонта, 15 кастрычніка 1432 г. выдаў прывілей, па якому праваслаўныя феадалы былі ўраўняныя ў правах з каталікамі (права неабмежаванай улады над сваімі зямельнымі ўладаннямі і адмена некаторых дзяржаўных павіннасцяў). 6 мая 1434 г. Жыгімонт выдаў другі прывілей – дзе падцвярджалася эканамічная роўнасць каталікоў і праваслаўных, праваслаўным гарантаваліся недатыкальнасць асобы і маёмасці, скасоўваліся некаторыя падаткі, дазвалялася ўваходзіць у склад кіруючага органа княства – Рады. Як вынік – шмат беларускіх феадалаў перайшло на бок Жыгімонта. 1 верасня 1435 г. пад Вількамірам на рацэ Швянтой Свідрыгайла быў разбіты, пазней ён адмовіўся ад пасады вялікага князя і да смерці (да 1452 г.) княжыў на Валыні. У выніку грамадзянскай вайны беларускія землі панеслі значныя матэрыяльныя страты, загінула шмат князёў і знатных баяр. Да ўлады прыйшлі новыя людзі з сярэдняга быярства, адначасова адбыўся перадзел феадальнай маёмасці. Пашырыліся правы праваслаўнага баярства а ўсходнія землі княства захавалі сваю значную аўтаномію.
Жыгімонт Кейстутавіч яшчэ ў 1432 г. вымушаны быў аднавіць разарваную Свідрыгайлам унію з Польшчай (умова – ВкЛ пасля смерці Жыгімонта пераходзіць Ягайле ці яго пераемніку на польскім троне). Гэта не атрымала падтрымкі ў феадалаў княства, а прызначэнне на дзяржаўныя пасады прадстаўнікоў сярэдняга і дробнага баярства яшчэ больш адштурхнула знаць ад князя. У апошнія гады Жыгімонт пачаў аддаляцца і ад Польшчы і страціў яе падтрымку. У выніку змовы ўкраінскіх князёў Чартарыйскіх і літоўскіх паноў ён быў забіты ў Трокскім замку.
Пасля нядоўгай барацьбы за трон, паны-рада выбралі вялікім князем малодшага брата польскага караля – Казіміра Ягелончыка (валікі князь у 1440-1492 гг.). Ён адразу ліквідаваў унію з Польшчай і пачаў замацоўваць вялікакняскую ўладу ўнутры ВкЛ, значна падарваную пад час супрацьстаяння Жыгімонта і Свідрыгайлы. Дзеля гэтага ліквідаваў некаторые ўдзельные княствы, пакараў сваіх ворагаў. За Вялікім княствам замацаваў канчаткова Жамойцію, а так сама Валынь. У 1447 г. Казіміра выбралі польскім каралём, такім чынам аднавілася персанальная ўнія паміж краінамі. Палякі патрабавалі аддаць ім Валынь і Падолле. За гатоўнасць зрабіць гэты падарунак супраць Казіміра была арганізавана змова на чале з праваслаўнымі князямі Міхаілам Алелькавічам, Федарам Бельскім (нашчадкі Альгерда) і Іванам Гальшанскім. У 1481 г. змова была раскрыта і галоўныя ўдзельнікі пакараныя смерцю. Гэта палажыла пачатак эміграцыі праваслаўнай знаці з ВкЛ ў Маскоўскую дзяржаву.
У 1447 г. Казімір выдаў Прывілей, значна пашыраўшы правы феадалаў на зямельную маёмасць і паклаўшы пачатак юрыдычнага афармлення прыгонніцтва ў ВкЛ. У 14 артыкулах былі замацаваны наступныя асноўныя правы феадалаў і абавязкі вялікага князя:
- гарантавалася асабістая свабода і недатыкальнасць усіх феадалаў;
- дазваляўся свабодны выезд за мяжу, акрамя пераходу на бок непрыяцеля;
- давалася права на свабодны продаж, абмен і перадачу па спадчыне маенткаў;
- сяляне баярскіх маёнткаў вызваляліся ад дзяржаўных натуральных і грашовых павіннасцяў (акрамя стацый на ўтрыманне войска і рамонту замкаў);
- феадалы атрымалі права судзіць сваіх сялян і сялян навакольных весак;
- вялікі князь і феадалы абяцалі не прымаць сялян-уцекачоў у сваіх маёнтках, а вяртаць іх да сваіх паноў;
- вялікі князь абяцаў даваць дзяржаўныя пасады толькі ўраджэнцам ВкЛ, бараніць незалежнасць Княства.
Прывілей значна ўзмацніў эканамічны стан феадалаў, што мела наступствам узвышэнне іх палітычнай ролі. Некаторыя палажэнні Прывілея 1447 г. знайшлі працяг у Судзебніке Казіміра 1468 г.
Па сутнасці, Судзебнік – першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права ў ВкЛ – устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы нормы пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасці. Судзебнік быў напісаны на беларускай мове і складаў перапрацаваныя нормы звычаёвага беларускага права.
У знешняй палітыке Казіміра былі і дасягненні, і памылкі. Так, заснаванае пры яго падтрымке ў 1443 г., Крымскае ханства хутка стала васалам Турцыі (1475 г.) і пачало рабаваць землі Украіны і Паўдневай Беларусі. У адносінах з Масквой пасля падпісання дагавора 1449 г. (з Васілем II) спыніліся сутычкі. Па дагавору “Русь” была падзелена – за Масквой прызнавалася права на Пскоў і Ноўгарад, за ВкЛ – права на Смаленск і Мцэнск. Значнай перамогай яго палітыкі было канчатковае падпарадкаванне беларускіх праваслаўных епархій канстантынопальскаму патрыярху (1458 г.). Але Казімір (як польскі кароль) часта адцягваў увагу на польскія справы, таму шмат яго намаганняў не былі завершаны ці пацярпелі няўдачу. Тым не менш, яго 52-гадовае княжанне было не толькі самым працяглым, але стабільным і спакойным для княства.
3. Палітычнае становішча Беларусі ў першай палове XVI ст.
У 1492 г. вялікім князем паны-рада абралі сына Казіміра – Аляксандра (вялікі князь у 1492-1506 гг.). Але паны паставілі перад Аляксандам умовы – князь павінен ўсе найважнейшыя справы разглядаць толькі з панамі-радай. Гэтыя патрабаванні былі замацаваныя Аляксанрам у Прывілеі 1492 г. Яго асноўныя палажэнні ўтрымліваліся ў 33 артыкулах:
- падцвярджаліся прынцыпы ранейшых вялікакняскіх прывілеяў;
- гарантавалася захаванне незалежнасці Княства;
- было юрыдычна аформлена месца Рады ў сістэме дзяржаўнага кіравання, вызначыны яе правы;
- вялікі князь мог разглядаць важнейшыя справы (абарона краіны, міжнародныя справы, выданне законаў, найважнейшыя судовыя справы) толькі разам з Радай, адмяняць гэтыя рашэнні князь не меў моцы;
- у выпадку адсутнасці князя на тэрыторыі княства (гэта адбывалася часта – вялікі князь часта быў і каралём польскім) Рада самастойна вырашала пытанні кіравання дзяржавай;
- былі акрэслены прынцыпы, па якім асобы прызначаліся на дзяржаўныя пасады і пазбаўляліся іх.
У 1501 г. Аляксанда выбралі на пасаду караля Польшчы, гэтым аднавілася персанальная ўнія паміж дзяржавамі. Яе аднаўленне было замацавана Мельніцкім актам 1501 г. Палякі скарысталіся няўдачамі ВкЛ у вайне з Масквой, таму па ўмовах Мельніцкага акта адмяняліся асобныя выбары вялікага князя ў Вільні, адзіным манархам павінен быць кароль, выбраны на агульным сейме. Прадугледжвалася ўвядзенне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутраннай і знешней палітыкі, але ў кожнай дзяржаве захоўваліся свае дзяржаўныя пасады. Разам з тым, Аляксандр вымушаны быў у Мельніцкім прывілеі 1501 г. устнавіць вяршынства сената (польскіх магнатаў) над каралём. Гэтыя абодва акта былі часовай уступкай польскім магнатам. Першымі былі незадаволены феадалы княства, і ў 1505 г. акт быў адменены сеймам ВкЛ, другім было незадаволена польскае шляхецтва, і прывілей адмянілі так сама ў 1505 г. на Радамскім сейме. Але Радамская канстытуцыя 1505 г., якая атрымала назву “нічога новага” – nihil novi – не толькі скасавала ў Польшчы Мельніцкі прывілей, але і значна абмежавала ўладу караля. Фактычна ўлада ў Польшчы была аддадзена Пасольскай Ізбе – ці шляхце. З гэтага часу выключнае значэнне атрымала права liberum veto, якое паралізавала працу сеймаў. У той жа час у ВкЛ шляхта яшчэ не атрымала такіх шырокіх правоў, улада ў княстве належыла панам-радзе, у склад якой уваходзілі буйные феадалы – магнаты. Шляхта ВкЛ пачала барацьбу за ўраўнаванне сваіх правоў з магнатамі і шляхтай Польшчы.
Калі вялікі князь паціху страчваў уладу, дзяржава пачала страчваць тэрыторыю. У 1492-1494 гг. адбылася вайна паміж Масквой і ВкЛ. У выніку яе княства страціла Вяземскае княста і частку Вярхоўскіх княстваў (па рацэ Вугра). Шлюб Аляксанра з Аленай, дачкой Івана III, не выратаваў княства ад далейшага наступлення Масквы. У 1500-1503 гг. пад час вайны з Масквой адбылася бітва на Вядрошы 1500 г., у якой пацярпеў паразу гетман Канстанцін Астрожскі. Маскоўскія войскі спусташылі значную частку беларускіх зямель княства. Па ўмовах перамір’я да Масквы адышлі значныя тэрыторыі на ўсходзе з гарадамі Чарнігавам, Гомелем, Бельскам, нават частка Мсціслаўскага княства. Адначасова на княства нападалі крымскія татары (даходзілі да Наваградка), што рабавалі гарады і вескі і ўводзілі на рабскія рынкі шматтысячныя палоны. Дзякуючы рашучасці і мужнасці Міхаіла Гланскага, што ўзначаліў 7-мі тысячнае войска беларускіх баяр, падчас чарговага нападу на беларускія землі, татарскае войска было ўшчэнт разбіта пад Клецкам у 1506 г., каля 40 тысяч палонных вызвалена. Пасля такой паразы татары на беларускія землі больш не заходзілі.
Пад час кіравання Аляксанда, Вялікае княства Літоўскае пачало страчваць свае тэрыторыі, у барацьбе за роль галоўнага збіральніка ўсходнеславянскіх зямель перамагае Масква. Супрацьстаянне Масквы і Вільні будзе працягвацца некалькі стагоддзяў і ў выніку, так ці інакш, прывядзе да падзення ВкЛ. Адначасова паслабляецца вялікакняская ўлада, узрастае палітычная роля феадалаў і шляхты, што з цягам часу прывядзе да росту міжусобіц і анархіі ўнутры дзяржавы.
Малодшы брат Аляксандра Жыгімонт I Стары (вялікі князь у 1506 – 1548 гг.) быў амаль адначасова выбраны і вялікім князем і каралём, гэта захавала персанальную ўнію паміж ВкЛ і Польшчай. Аднак весці войны супраць Масквы княству прыйшлося аднаму. Жыгімонт паабяцаў феадалам княства вярнуць землі, страчаныя ў дзвух папярэдніх войнах з Масквой. У адказ на яго ўльтыматум, маскоўскі князь Васіль III у 1507 г. пачаў ваенныя дзеянні (вайна 1507-1508 гг.). Конныя маскоўскія атрады паспелі зайсці глыбока на тэрыторыю княства, пакуль было сабрана паспалітае рушэнне – войска ВкЛ. Тады маскоўскія войскі адышлі назад. Другі этап вайны быў звязаны з мяцяжом Глінскіх 1508 г. Падставай да мяцежа стала страта Глінскімі ўплыву на дзяржаўныя справы ў ВкЛ пасля абрання Жыгімонта вялікім князем. Калі пры Аляксандры Глінскі быў самай уплывовай асобай княства, то зараз яго адцясніў ваявода трокскі Ян Забярэзінскі. Да того, Глінскія былі прыхільнікамі незалежнасці ВкЛ, а Забярэзінскі выступаў за ўнію з Польшчай. Міхаіл Глінскі, яго браты Іван і Васіль сабралі атрад паплечнікаў і выступілі супраць вялікакняскай улады. Асноўныя мэты мяцежа – аднавіць асабістую ўладу, узмацніць незалежнасць княства ад Польшчы. Выступленнем Глінскіх скарысталіся крымскі хан Менглі-Гірэй і маскоўскі князь Васіль ІІІ. З апошнім Міхаіл Глінскі заключыў пагадненне аб сумесных дзеяннях. Глінскі абапіраўся на свае вялікія ўладанні з цэнтрамі ў Мазыры і Тураве, але беларускае баярства не падтрымала братоў. Сумесныя дзеянні з рускай арміяй не мелі поспеху (не ўдалося захапіць Мінск). Мяцеж не меў поспеху, але дзякуючы яму Васіль ІІІ заключыў з Жыгімонтам спрыяльны для сябе “вечны мір” (1508 г.). Згодна з ім за Масквой замацоўваліся ўсе землі, захопленыя раней, Глінскія атрымалі права ад’ехаць на службу ў Маскву, абодвы бакі дамовіліся разам выступаць супраць крымскіх татар.
“Вечны мір” хутка скончыўся, новая вайна Масквы і ВкЛ распачалася ў 1512 г. (вайна 1512-1522 гг.). Галоўнай мэтай Масквы быў захоп Смаленска і ўсходніх беларускіх земляў. Масква правяла значную дыпламатычную падрыхтоўку да вайны, была створана кааліцыя з Свяшчэннай Рымскай імперыяй і некаторых еўрапейскіх краін супраць Польшчы і ВкЛ. Таму пачатак вайны для Масквы быў удалы, у жніўні 1514 г. яе армія захапіла Смаленск і стала хутка прадвігацца на беларускія землі. Наступленне было спынена 8 снежня 1514 г. у выніку пераможнай для ВкЛ Аршанскай бітвы (войскам ВкЛ кіраваў гетман Канстанцін Астрожскі). Але Астрожскі не здолеў адабраць захоплены Смаленск. Вайна прыняла зацяжны характар, маскоўскія атрады разбуралі беларускія тэрыторыі, войска ВкЛ асаджала рускія гарады. Спроба заключыць мір у 1517 г. правалілася, і толькі ў 1522 г. падпісалі перамір’е на 5 год. Смаленск заставаўся за Масквой, а ў ВкЛ заставаўся вялікі “маскоўскі палон”.
Наступная вайна з Масквой (1534-1537 гг.) была распачата Вялікім княствам пасля смерці Васіля ІІІ з надзеяй вярнуць страчаныя тэрыторыі. Але ўрад малалетняга Івана IV добра падрыхтаваўся да нападу. Наступленне войска ВкЛ было адбіта, за княствам застаўся толькі захоплены ў ліпені 1535 г. Гомель. Маскоўскае войска паваявала Падзвінне і Падняпроў’е, асобныя атрады даходзілі да Браслава і Наваградка. На полацкай зямлі маскоўскія ваяводы пабудавалі замкі Завалач і Себеж, якія войска княства ўзяць не змагло. Бакі замірыліся ў 1537 г. на наступных умовах: за ВкЛ заставаўся Гомель з прылеглай тэрыторыяй, за Масквой – Себеж і Завалоч. У іншым мяжа не змянялася.
Больш паспяхова шла барацьба супраць крымскіх татар. У 1524 і 1545 гг. войска княства бралі штурмам турэцкую крэпасць Ачакаў, а ў 1527 г. на Украіне ў Альшаніцкай бітве былі ўшчэнт разбітыя татарскія атрады. У гэтых падзеях актыўны ўдзел прымалі казацкія загоны. Яны былі створаны па загаду Жыгімонта з казакаў Запарожскай Сечы для абароны паўднёвых межаў дзяржавы.
Ва ўнутранай палітыцы кароль і вялікі князь спрабавалі ўзмацніць дзяржаўную ўладу, вярнуць некаторыя дзяржаўныя маёнткі, правесці ваенную і грашовую рэформы, але гэтыя намаганні вызвалі рэзкую незадаволенасць феадалаў, а ў Польшчы, нават, пачаўся мяцеж – так званая “курыная вайна” 1537 г., у выніку якой польская шляхта поўнасцю была ўраўняна ў правах з магнатамі. Гэта стала прыкладам і для шляхты ВкЛ, якая такіх праў пакуль не мела.
Відавочных поспехаў дасягнула ў княстве развіццё розных відаў права. Таму ў 1520-я гг. была праведзена сістэматызацыя і кадыфікацыя права ВкЛ, што мела вынікам выданне Статута ВкЛ у 1529 г. Па сутнасці, з выданнем Статута была праведзена судовая рэформа. Некаторыя прынцыпы судовага права па Статуту 1529 г.:
- абвяшчалася адзінства права на тэрыторыі княства;
- абвяшчаўся прыярытэт пісанага права над звычаёвым;
- уводзіўся прынцып публічнасці адпраўлення правасуддзя, роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на адваката;
- ніхто не можа адказваць за злачынства, зробленае іншай асобай;
- пакаранне можа быць устанолена толькі па суду.
Але гэтыя прынцыпы датычыліся галоўным чынам толькі феадалаў, бяспраў’е простых людзей толькі ўзмацнілася.
Адначасова з прыняццем Статута, ў 1529 г. вялікім князем быў выбраны малалетні сын Жыгімонта І Сторога – Жыгімонт ІІ Аўгуст. Але ўладу ў княстве ён атрымаў значна пазней – толькі ў 1544 г. Значную ролю ў гэтай перадачы ўлады па спадчыне адыграла жонка Жыгімонта Старога – Бона Сфорца.
4. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВкЛ
Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.
Феадалы (шляхта) – гэта найбольш прывілеяваная частка насельніцтва, яе моц апіралася на выключнае права валодання зямлёй. Гэтае саслоўе не было аднародным. Вялікімі багаццямі валодалі былые ўдзельныя князі (Рурыкавічы, Рагвалодавічы, Альгердавічы) і некаторыя баяры, што ўзвысіліся пры папярэдніх вялікіх князях. Гэтыя феадалы стварылі праслойку магнатаў – найбольш уплывовых асоб ў княстве, што займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў княстве. Астатнія феадалы – нашчадкі баяр – на працягу XVI ст. сталі звацца шляхтай. Кансалідацыі гэтага саслоўя паспрыяла ўзвышэнне ролі сейма ў дзяржаўным кіраванні, у паседжаннях якога прымалі ўдзел выбранцы з шляхты кожнага павета і ваяводства.
Саслоўе сялян да сярэдзіны XVI ст. так сама было неаднародным. Асабіста свабодные заможные сяляне, што выконвалі ваенную службу (зваліся баярамі, баярамі путнымі, баярамі панцырнымі ці баярамі слугамі) па статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты. Але разам з імі існавалі шматлікія катэгорыі феадальна-залежнага сялянства. Прававое становішча сялян – гэта поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць. Па сутнасці, сяляне існавалі для забеспячэння патрэб феадалаў і дзяржавы.
Мяшчане – жыхары гарадоў, падзяляліся на тры групы згодна маёмаснаму становішчу. Вярхі складалі заможныя купцы і цэхмайстры, яны часта валодалі зямельнай маёмасцю, што набліжала гарадскі набілітэт да шляхты. Сярэднюю групу складалі дробныя гандляры і рамеснікі. Часта яны валодалі нерухомай маёмасцю ў горадзе і маглі ўдзельнічаць у працы органаў гарадскога самакіравання. Ніжэйшая група – чэляднікі, вучні, “чорныя людзі” не мелі аніякіх праў.
Прававое становішча мяшчан залежыла ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Бярэсця, Мінска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з права
Духавенства не змагло ўтварыць адзіную карпаратыўную грамаду. Да таго было некалькі ўмоў. Крыніцамі папаўнення саслоўя былі – феадальнае асяроддзе, мяшчанства, заможнае асабіста свабоднае сялянства. Да таго, на тэрыторыі княства дзейнічалі прадстаўнікі некалькіх рэлігій – каталіцтва, праваслаўя, уніяцтва (з 1596 г.), пратэстанцкіх цэркваў, было яўрэйскае і магаметанскае духавенства. Часта духавенства прызнавала ўладу замежных царкоўных устаноў, што наносіла шкоду дзяржаўным інтарэсам княства.
Сталіца дзяржавы – гэта галоўны горад, дзе месціліся органы дзяржаўнага кіравання, рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы – вялікага князя. Тут збіраліся агульнадзяржаўныя вальныя сеймы. З 1323 г. сталіцай Вялікага княства Літоўскага Гедымін абраў Вільню (крывіцкае паселішча Крывы горад) на рацэ Віліі. З цягам часу Вільня стала адным з буйнейшых горадоў ва Ўсходняй Еўропе. Па некаторых звестках, нсельніцтва Вільні ў XVI ст. было пераважна беларускім, праваслаўным.
Герб дзяржавы – “Пагоня” – летапісы ўзгадваюць пад 1270-1290-я гг., часцей за ўсё звязваюць з асобай Віценя. Спачатку гэта быў асабісты герб вялікага князя, пазней ён стаў гербам дзяржавы. Статут 1566 г. юрыдычна замацаваў “Пагоню” як дзяржаўны герб ВкЛ. Кожнае ваяводства і павет павінны былі мець пячатку з “Пагоней”. Дзяржаўны герб меў наступны выгляд – на шчыце барочнай формы пурпуровага колеру ў сярэдзіне месціўся белы коннік з мячом і шчытом.
На працягу XIV-XVII стст. беларуская, а дакладней, старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы ВкЛ. На ёй былі выдадзены галоўныя законы княства – Судзебнік 1468 г., усе тры Статуты ВкЛ, вялася Метрыка Вялікага княства Літоўскага. На беларускай мове вялося справаводства ў гарадскіх магістратах, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася пры правядзенні рэвізій і інвентарызацый не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на ўласна літоўскай тэрыторыі. Пасля заключэння Люблінскай уніі ўмовы для далейшага развіцця беларускай мовы як мовы дзяржаўнай, значна пагоршыліся. Справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Спецыяльнай сеймавай пастановай 1696 г. беларуская мова была забаронена для ўжывання ў справаводстве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
4.1 Цэнтральныя органы ўлады
Вялікі князь (гаспадар, кароль) – кіраўнік дзяржавы, кіраўнік выканаўча-распараджальнай дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў, кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі княства. За яго подпісам і дзяржаўнай пячаткай выдаваліся заканадаўчыя акты княства. Згодна склаўшайся традыцыі, выбіраўся феадаламі княства, спачатку выбары праходзілі ў межах Рады (паны-рада), пазней, з XVI ст. на агульнадзяржаўным сейме. Галоўнымі абавязкамі гаспадара былі:
- абарона дзяржавы;
- падтрымка парадку ўнутры дзяржавы;
- ажыццяўленне вышэйшага суда;
- кіраўніцтва адміністратыўным апаратам дзяржавы;
- ажыццяўленне міжнародных стасункаў;
- распрацоўка і выданне законаў.
Для забеспячэння патрэб гаспадара існавалі асабістыя княскія двары і маёнткі, якімі распараджаўся сам гаспадар і дзяржаўныя эканоміі, даходы з якіх гаспадар накіроўваў па згодзе з Радай. Такое становішча ўзнікла пасля 1492 г., калі вялікі князь вымушаны быў падзяліцца часткай паўнамоцтваў з панамі-радай, без згоды якіх ён не меў права прынімаць рашэнні і выдаваць законы. У той жа час Рада ў адсутнасць гаспадара магла вырашаць любое пытанне. Калі ўлічваць, што вялікія князі сумяшчалі яшчэ і пасаду караля польскага, то яны часта адсутнічалі ў княстве. Таму роля Рады ў кіраванні была вельмі значнай.
Рада ВкЛ (паны-рада) – спачатку дапаможны орган пры вялікім князе (князь мог не параіцца і прыняць рашэнне), а з 1492 г. – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВкЛ. Склад Рады не быў вызначаны строга, у яе ўваходзіла 30-40 важнейшых асоб княства. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыны, усе ваяводы і каштэляны, некаторыя старасты і асобныя феадалы з роду Альгердавічаў ці Рурыкавічаў. На паседжанні Рады маглі запрашацца іншыя асобы – ураджэнцы ВкЛ хрысціянскага веравызнання. У поўным складзе Рада збіралася рэдка, часцей за ўсё пытанні вырашалісь старэйшымі раднымі панамі – вышэйшымі дзяржаўнымі чынамі, ваяводай Віленскім і Трокскім, біскупам Віленскім. Пытанні, што належылі кампетэнцыі Рады:
- выбары гаспадара ВкЛ;
- кантроль дзейнасці гаспадара;
- ажыццяўленне міжнародных адносін;
- кіраўніцтва вышэйшымі мясцовымі і дзяржаўнымі органамі кіравання;
- прызначэнне на дзяржаўныя пасады;
- абмеркаванне і прыняцце законаў;
- ажыццяўлення вышэйшага суда.
Апошнія функцыі Рада ажыццяўляла разам з вялікім князем, а так сама па ўсім пытанням яна магла склікаць сейм.
Сейм (сойм) – з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВкЛ. Мог збірацца па рапараджэнню вялікага князя ці Рады. На сеймавых паседжаннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Рада ўсім складам, усе службовыя асобы дзяржаўнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя (з 1596 г. – уніяцкія) епіскапы і настаяцелі манастыроў, а так сама кожны шляхціц. Апошнія не вельмі шанавалі сеймавыя паседжанні, таму ў 1512 г. Жыгімонт І Стары выдаў загад, па якому кожны павет абавязаны быў выбіраць 2 дэлегатаў – “паслоў” ад мясцовай шляхты. Збіраліся сеймы па меры патрэбы, а з сярэдзіны XVI ст. – раз у два гады. Былі вызначаны гарады, дзе збіраліся сеймы – Вільня, Гродна, Слонім, Бярэсце. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сейма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтаваў гаспадар ці Рада, яны рыхтавалі і праекты рашэнняў сейма – ухвалы, статуты, а з XVII ст. – канстытуцыі. Часцей за ўсё сеймы вырашалі наступныя пытанні:
- выбары князя (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы);
- пытанні аб вайне ці міры;
- збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;
- вырашалі міжнародныя справы;
- прымалі законы;
- ажыццяўлялі суд па крымінальнай справе – дзяржаўнай здрадзе;
- прымалі хадайніцтвы павятовай шляхты.
Па сутнасці, галоўную ролю на паседжаннях сеймаў мела Рада і магнаты, яны вырашалі, якую пастанову прыме сейм.
4.2 Вышэйшыя асобы
Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намеснка – маршалка дворнага.
Гетман найвышэйшы кіраваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.
Канцлер у ВкЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВкЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.
Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВкЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.
Гаспадарчыя дваране і ўраднікі выконвалі даручэнні князя і Рады (праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў). Непасрэдна кіраваў імі маршалак дворны.
На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі знатных родаў ВкЛ вялікім князем са згоды Рады, вельмі часта пасады займалі прадстаўнікі беларускіх знатных родаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод іх – Астрожскія, Пацы, Хадкевічы, Глінскія, Сапегі, Кішкі, Тышкевічы, Чартарыйскія, Радзівілы, Іллінічы, Валовічы, Друцкія, Зяновічы і інш.
4.3 Органы мясцовага кіравання
Вялікае княства Літоўскае было федэратыўнай дзяржавай, розныя часткі яе мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе агаворваліся значныя правы на самактраванне. Таму наглядалася разнастайнасць у правах і абавязках некаторых пасад, асабліва на ўзроўне ваяводства.
Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Прызначаўся князем і Радай (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства) пажыццёва. Усе ваяводы былі членамі Рады і Сейма, дзе абаранялі інтарэсы ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве (наглядаў за зборам падаткаў); арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе. У Полацку і Віцебску ваявода абавязаны быў раіцца з мясцовымі феадаламі.
Другоў па рангу асобай ў ваяводстве быў каштэлян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства. Ён так сама быў членам Рады і Сейма.
Намеснікам ваяводы быў падваявода. Ён кіраваў канцылярыяй, сведчыў дакументы, старшынстваваў у гродскім (замкавым) судзе.
На ніжэйшай ступені стаялі ключнік (збор падаткаў), канюшы (гадоўля коней для войска), гараднічы (камендант замка). Усе гэтыя пасады мелі права займаць толькі феадалы і толькі ўраджэнцы княства, а ў некаторых ваяводствах і паветах (Віцебскае і Полацкае) – толькі з мясцовай знаці.
На чале адміністрацыі павета стаяў стараста, абавязкі яго былі падобныя на абавязкі ваяводы. Прызначаўся ён князем і Радай пажыццёва, з цягам часу гэта пасада стала больш ганаровай, была крыніцай даходу для яе ўладальніка. Непасрэднае кіраўніцтва павятовай адміністрацыяў праводзіў падстараста.
Дапамагалі старасце і падстарасце павятовы маршалак, ён старшынстваваў на павятовых сейміках і кіраваў павятовым апалчэннем. Сцяганосцам павятовага апалчэння быў харужы.
На ніжэйшай ступені знаходзіліся дзяржаўцы (раней зваліся цівунамі), што кіравалі асобнымі дзяржаўнымі маёнткамі.
У ваяводствах і паветах праводзіліся мясцовыя (ваяводскія ці павятовыя) сеймікі, што маглі вырашаць розныя пытанні з жыцця ваяводства ці павета. На сейміках прысутнічалі ўсе кіруючыя асобы і ўсе жадаючыя шляхцічы тэрытарыяльнай адзінкі. Галоўная роля сеймікаў – гэта выбар 2-ух паслоў на агульнадзяржаўны (вальны) сейм і выпрацоўка для іх інструкцый і хадайніцтваў перад урадам. На сойміках слухалі справаздачы послоў аб сеймах, выбіралі судзей і прызначалі на пасады мясцовага кіравання.
Сістэма органаў мясцовага кіравання складвалася паралельна ўладкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ВкЛ. Доўгі час княства не мела аднолькавага падзелу. У склад ВкЛ уваходзілі ўдзельныя княствы, што кіраваліся сваімі княскімі дынастыямі, намесніцтвы (ліквідаваныя ўдзельныя княствы, што кіраваліся вялікакняжаскімі намеснікамі). Яны ўтваралі каля 20 судова-адміністрацыйных акруг, межы іх дакладна вызначаны не былі (XV – першая палова XVI стст.). Паступова ўдзельныя княствы ліквідаваліся, расла колькасць намесніцтваў. У 1413 г. былі заснаваны першые ваяводствы – Віленскае і Трокскае. Пасля Гарадзельскай уніі ВкЛ стала пераймаць прынцыпы тэрытарыяльнага падзелу, што існаваў у Польшы. Вялікія намесніцтвы сталі звацца ваяводствамі, маленькія – паветамі ці стараствамі. У 1504 г. ваяводствам стала Полацкае намесніцтва, у 1507 – Наваградскае, у 1508 г. – Віцебскае. Канчаткова падзел на ваяводствы і паветы быў праведзены пад час адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. У выніку яе апошнія ўдзельныя княствы (Слуцкае, Друцкае, Лукомскае) былі ліквідаваны. ВкЛ было падзелена на ваяводствы: Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Наваградскае, Полацкае і Трокскае. У склад ваяводстваў уваходзіла 30 паветаў, 16 з іх – на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такі падзел быў замацаваны ў Статуце ВкЛ 1588 г. і захоўваўся да канца існавання дзяржавы.
4.4 Гарадское самакіраванне
У XIV-XVIII стст. на Беларусі стала пашырацца так званае Магдэбурскае права – права на самакіраванне гарадоў. Гэта было вынікам развіцця гараской гаспадаркі і жаданнем вялікіх князей мець гарады ў саюзніках у супрацьстаянні з феадаламі княства. Кожны горад атрымліваў сваю грамату. Ступень свабод, што прадастаўляліся гарадам, была розная. Агульным было: мяшчане вызваляліся з-пад адміністратыўнай і судовай улады ваявод і стараст, замест феадальных павіннасцяў уводзіўся адзіны дзяржаўны грашовы падатак на горад. У горадзе ствараліся органы самакіравання і суды.
На чале гарадской адміністрацыі і суда стаяў войт. Яго прызначаў гаспадар з Радай з ліку феадалаў ці знатных гараджан. Функцыі войта: падтрыманне парадку ў горадзе; вызначэнне правілаў гандлю; адстойванне інтарэсаў гараджан перад урадам і феадаламі; збор падаткаў; ажыццяўленне правасуддзя разам з іншымі членамі самакіравання. Дапамагаў войту яго намеснік, лен-войт.
Памошнікі войта – бурмістры – маглі выбірацца гараджанамі, прызначацца войтам. Бурмістры вырашалі бягучыя пытанні гарадскога жыцця – наглядалі за гандлем, рамеснікамі, займаліся добраўпарадкаваннем горада, гарадскімі ўмацаваннямі, вартавай службай, ажыццяўлялі правасуддзе па дробных справах.
Гарадская рада (магістрат) выбіралася мяшчанамі ці прызначалася войтам. Яна вызначала агульны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі, займалася добраўпарадкаваннем, абарончымі збудаваннямі, зборам падаткаў з насельніцтва, кантралявала гарадскія расходы, ажыццяўляла суд з войтам і бурмістрамі.
Войтаўска-лаўнічы суд (лава) займалася разглядам крымінальных і грамадзянскіх спаў гараджан. Складаўся з войта, лен-войта, лаўнікаў – асоб, выбраных з мяшчан.
На першым этапе распаўсюджання самакіравання значную ролю меў агульны сход мяшчан (сейм, веча, капа). На ім слухалі справаздачы бурмістраў, складалі скаргі ў урад, вызначалі памеры збору сродкаў на гарадскія патрэбы, маглі змясціць некаторых асоб самакіравання. Паступова роля схода змяншалася, нават сярэдняе мяшчанства адхілялася ад удзела ў кіраванні горадам. Уся паўната ўлады ў гарадах належыла найбольш багатым і ўплывовым купцам-госцям і цэхмайстрам – кіраўнікам рамесных цэхаў.
4.5 Эвалюцыя судовай сістэмы
У ВкЛ да XVI ст. склаліся дзве судовыя сістэмы. Адна – гэта агульныя суды для ўсяго насельніцтва княства, што абапіраліся на нормы звычаёвага права і новыя законы. Другая сістэма – гэта суды для асобных груп насельніцтва – суды саслоўныя (толькі для шляхты), суды царкоўныя, асобныя для сялян, татар, яўрэяў і інш.
Вышэшым суддзёй у дзяржаве быў вялікі князь, вышэйшай судовай інстанцыяй – вялікакняжаскі ці гаспадарскі суд. Паступова ён зліўся з судом Рады, а з 1581 г. – паўнамоцтвы вышэйшага суда перададзены Галоўнаму Трыбуналу ВкЛ. У кампетэнцыі гаспадарскага суда былі дзяржаўныя злачынствы, скаргі на вышэйшых асоб дзяржавы, іскі інтарэсаў казны, пытанні прыналежнасці да шляхты, справыз замежнымі гасцямі. Зясядацелямі былі гаспадар і радныя паны, у залежнасці ад справы – ад 2 да 20.
У адсутнасць князя паўнамоцтвы суда не пераглядаліся.
Да вышэйшых судовых устаноў адносіўся соймавы суд у складзе гаспадара, радных паноў і 8 дэпутатаў сейма. Разглядаліся злачынствы, здзейсненыя пад час правядзення сейма.
Вышэйшай судовай установай быў камісарскі суд, што разглядаў спрэчкі аб межах феадальных і дзяржаўных зямельных уладанняў. Справы разглядаліся на месцы камісарамі, якіх прызначаў вялікі князь з Радай.
Пасля Люблінскай уніі, з мэтай ўмацаваць дзяржаўны суверэнітэт княства, у 1581 г. быў арганізаваны Галоўны Трыбунал ВкЛ – вышэйшая апеляцыйная судовая ўстанова княства. У склад Трыбунала ўваходзілі выбарныя суддзі з ліку шляхціцаў, ураджэнцаў княства, валодаўшых зямельнымі ўладаннямі, меўшых адукацыю і знаёмых з мясцовым звычаёвым правам. Судовыя сесіі праходзілі ў Вільне, Мінску і Навагрудку. Рашэнні Трыбунала перагляду не падлягалі.
4.6 Мясцовыя суды
Усесаслоўным судом у ваяводстве, павеце ці старастве быў гродскі (замкавы) суд. Ен разглядаў самае шырокае кола пытанняў, што датычыліся як феадалаў, так і сялян, мяшчан. У склад суда ўваходзілі кіраўнік тэрытарыяльнай адзінкі, члены мясцовай рады, суддзі і пісары. Рашэнні суда заносілі ў спецыяльныя актавыя кнігі.
Земскі павятовы суд створаны ў першай палове XVI ст., аформлены канчаткова Статутам 1588 г. Разглядаў справы ад праве ўладання маёнткамі. У склад суда ўваходзілі выбарныя суддзі, абраныя з мясцовых шляхціцаў, адукаваных, што валодалі маёмасцю і ведалі права. Так упершыню суд быў аддзелены ад органаў дзяржаўнага кіравання. Гэта стала пачаткам падзелу ўлад.
Падкаморскі суд разглядаў справы аб межах феадальных землеўладанняў у павеце. Галоўны суддзя – падкаморы прызначаўся гаспадаром з ліку кандыдатаў, абраных на павятовых сейміках. Гэты суд так сама дзейнічаў незалежна ад органаў мясцовай ўлады.
Разам з новымі ўстановамі працягвалі дзейнічаць старажытныя суды. Простыя людзі – сяляне – маглі сабраць копны суд. У склад суда ўваходзілі копныя мужы і копныя старцы (домаўладальнікі) і прадстаўнік дзяржавы. Копны суд захаваўся са старажытных часоў і арыентаваўся на звычаёвае права. Кампетэнцыя яго не была акрэслена, ён мог разглядаць любыя справы, што датычыліся простых людзей, пры гэтым суд быў і следчай і судовай установай. Па гарачых слядах вінаватага маглі пакараць смерцю. Пастановы суда не абскарджваліся.
Разам са станаўленнем судовай сістэмы развіваліся прававыя нормы. Выключнай з’явай стала выданне вялікім князем Казімірам ў 1468 г. Судзебніка. Упершыню было ўведзена адзінства прававых нормаў на ўсёй тэрыторыі княства, уведзены прынцып індывідуалізацыі пакарання (абмяжоўвалася адказнасць дзяцей і жонкі за злачынствы мужа), а так сама прынцып неадваротнасці пакарання (раней злачынца мог адкупіцца).
Новы этап эвалюцыі заканадаўства звязаны з выданнем Статутаў ВкЛ, у якіх права было сістэматызавана і кадыфікавана.
Першы Статут ВкЛ 1529 г. быў складзены на базе звычаёвага права беларускіх зямель і раней выданых прівіляў (нормы пісанага права). Упершыню было праведзена размежаванне права па асобным галінам. Па сутнасці, Статуты – гэта зборнікі законаў і кодэксаў (усяго – 13 раздзелаў). У Статуце была дакладна вызначана працэдура судаводства, памеры пошлін і ўмовы ўдзелу адвакатаў у судовых паседжаннях. Усе людзі павінны былі судзіцца згодна са Статутам.
Далейшае развіцце нормы феадальнага права атрымалі ў другім Статуце ВкЛ, што пачаў дзейнічаць у 1566 г. Вяршыня развіцця права ў ВкЛ – гэта Статут 1588 г. Яго стваральнікі – канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега, насуперак Люблінскай уніі, мелі мэтай захаванне дзяржаўнага суверэнітэту княства. Статут утрымліваў прынцыпы права, уласцівыя нараджаўшамуся грамадству новага часу. Сярод гэтых прынцыпаў – абмежаванне ўлады гаспадара; раздзяленне ўлад; прыярытэт дзяржаўнага суверэнітэту; панаванне, вяршынство закону. Статут 1588 г. быў надрукаваны, што зрабіла немагчымым унясенне змяненняў у яго тэкст. Нормы права былі так дакладна распрацаваны, што гэты збор законаў меў юрыдычную сілу на тэрыторыі Беларусі да пачатку XIX ст. Адначасова ў Статуце абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і канчаткова запрыгоніў сялян.
4.7 Вайсковая справа
Вайсковая справа грунтавалася на страражытным абавязку абароны сваёй зямлі. Адначасова ваенная справа была галоўным абавязкам шляхты, з іх жа на карысць дзяржавы маглі браць толькі адзін від падаткаў – сярэбршчызну – на вайну. Акрамя таго, існавала катэгорыя сялян-баяраў, што так сама неслі ваенныю службу. Войска, што складалася са шляхетскага апалчэння, звалася паспалітае рушэнне.
З цягам часу з’явіліся новыя віды зброі, змянілася тактыка вядзення боя, патрабаваліся прафесіяналы ў вайсковай справе. У войску ВкЛ з’явіліся пастаянныя атрады, вельмі часта выкарыстоўваліся наёмнікі з еўрапейскіх краін. Адным з першых дакументаў вайсковага права стала Вайсковая ўства 1511 г. Далейшае развіццё і кадыфікацыя ваеннага права адносіцца да выдання Статутаў ВкЛ.
5. Гаспадарчае развіцце беларускіх зямель ў XIV – першай палове XVI ст.
Сельскагаспадарчая вытворчасць
У XIII – першай палове XVI стст. на Беларусі пераразмяркоўваецца галоўны сродак вытворчасці – зямля. Змяняюцца формы землеўладання і землекарыстання. Галоўнымі заняткамі сялян, як і раней, застаюцца земляробства, жывёлагадоўля, хатняе рамяство, а дапаможнымі – борніцтва, паляванне, рыбалоўства.
Прылады земляробчай працы – драўляная двурогая саха, плуг, барана – па форме заставаліся нязменнымі на працягу стагоддзяў, стала толькі больш жалезных рабочых частак (жалезныя сашнікі – нарогі – ў сахі).
Агратэхніка – двухполле і архаічнае трохполле змянялася рэгулярным трохполлем, якое стала пераважаць у XIV ст. У паўднёвых і лясістых раенах працягвалі існаваць прымітыўныя сістэмы земляробства ў выглядзе падсекі.
Асноўная сельскагаспадарчая культура – жыта, якім засявалася да паловы і больш ворыва. Ураджай збожжа быў сам 3-4 (збіралі ўраджаю ў 3-4 разоў больш, чым сеялі), а на ўгноеных палетках – сам 4-5. Гэта было каля чатырох цэнтнераў з гектара, вагаючыся ў розныя гады ў даволі вялікіх межах. Акрамя жыта вырошчвалі: авёс, ячмень, проса, грэчку, тэхнічныя культуры – лён, каноплі. Прысядзібныя агароды – неад’емная частка сялянскай, а так сама і мяшчанскай гаспадаркі. Вырошчвалі рэпу, агуркі, моркву, буракі, цыбулю, часнок, бабы, гарох, зеляніку.
Жывелагадоўля. З умацаваннем ворнага земляробства ўзрастала гаспадарчае значэнне хатняй жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі больш выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней. Але акрамя гэтай функцыі, была яшчэ адна вызначальная, што звязвала менавіта ворнае земляробства з жывелагадоўляй – гэта ўгнаенне, якое павялічвала ўраджайнасць. Дробная жывёла і птушка вырошчваліся для харчавання і атрымання сыравіны для хатніх промыслаў і рамяства: свінні, авечкі, козы, гусі, куры і г.д.. Жывёлагадоўля давала так сама мяса і малочныя прадукты. Значную ролю ў гаспадарчым жыцці па-ранейшаму адыгрывалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва.
Не гледзячы на рост вагі рамяства ў гаспадарке краіны, сялянская гаспадарка па-ранейшаму мела натуральны характар. Амаль усё неабходнае для жыцця – прылады працы, посуд, тканіна, адзенне, абутак – выраблялася ў сям’і.
Сялянская гаспадарка. Формы павіннасцяў
Сялянскі двор – “дым” – гэта звычайная сям’я, радзей — некалькі сем’яў і іх уласнасць: пабудовы, жывёлу, прылады працы, зямлю, якою “дым” карыстаўся на падставе спадчыннага звычаёвага права. Дым з’яўляўся адзінкай падаткаабкладання.
Сялянская гаспадарка ў XVI ст. – гэта складаны гаспадарчы комплекс. Ен уключаў жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы – гумны, клеці, пуні, хлявы; неабходны для працы інвентар – бароны, калесы, косы, сані, сохі, сякеры і г.д. Зямля кожнай гаспадарке надавалася з боку феадала, уласніка зямлі, яна перадавалася па спадчыне. Сяляне не мелі права перадаваць зямлю ў пастаяннае ці часовае ўладанне, закладваць ці прадаваць яе іншым асобам без дазволу пана.
У сярэднім на дым прыпадала 10,6 га розных угоддзяў.
Асноўныя формы сялянскіх угоддзяў – ворыва і сенакосы. Былі яшчэ і агульныя ўгоддзі, што належылі абшчыне: выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя ўваходы.
У сялян гаспадарка мела комплексны характар: на першым месцы стаяла раслінаводства, з ім цесна звязана жывелагадоўля. Промысламі і хатнім рамеством займаліся ва ўсіх гаспадарках, але больш там, дзе панская гаспадарка развівалася больш марудна і не перайшла да стадыі фальварка (паўднева-ўсходні рэгіен).
Павіннасці сялян змяняліся па меры развіцця феадальных адносін.
Даніна – найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты, што набыла форму натуральнага аброку. “Дзякло” – гэта даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам; “мезлева” – гэта даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання.
Паншчына ці адпрацовачная рэнта – асноўная форма павіннасці (з XV — XVI стст.). патрабавала замацавання селяніна на зямлі, з сярэдзіны XV ст. уводзіліся заканадаўчыя абмежаванні, а ў XVI ст. сяляне запрыгоньваюцца.
Грашовы аброк шырока распаўсюдзіўся ў XV ст. – гэта чынш. Гэта было вынікам развіцця таварна-грашовых адносін, уцягваннем у іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў.
Акрамя абавязкаў у адносінах да свайго гаспадара сяляне павінны былі таксама працаваць на карысць дзяржавы: будаваць і рамантаваць замкі, дарогі, масты ("бярэма павозавае", "падарожчына", "згоны"), удзельнічаць у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д. Такія абавязкі небылі пастаяннымі і рэгламентаванымі.
Катэгорыі сялян
Па характару эканамічных адносін з феадалам сяляне падзяляліся на шэраг катэгорый: долнікаў, даннікаў, людзей цяглых, асадных, агароднікаў, слуг і інш.
Даннікі (людзі данныя) – сяляне, што выконвалі феадальную рэнту ў выглядзе даніны прадукцыяй асабістай гаспадаркі – збожжам, медам, футрам і інш. Адзінкай абкладання служыў дым. Дольнікі – асобная група даннікаў, што павінны былі выплочваць даніну памерам у 1/4 ураджаю. Яны ўдзельнічалі ў талоках, выконваюць шматлікія павіннасці, уносяць грашовы плацеж – баброўшчыну. Гэтыя катэгорыі былі найбольш распаўсюджаны на Падзвінні і Падняпроўі, дзе існавала пагроза ваенных нападаў. У іншых рэгіенах з развіццем унутранага і знешняга гандлю дольнікаў пераводзілі на чынш ці наншчыну.
Людзі цяглыя асноўную павіннасць – паншчыну выконвалі на зямлі феадала. Яны павінны былі прымаць удзел ў сезонных работах – талоках, гвалтах – сумесных работах па зборы ўраджаю, на сенажаці, будаўніцтве дарог, замкаў і інш. Цяглыя таксама плацілі натуральны аброк аўсом, сенам, хатняй птушкай і яйкамі, невялікі чынш, неслі фурманкавую (давалі падводы) і вартаўнічую (ахоўвалі маёмасць гаспадара) павіннасці.
Асаднае сялянства (кунічныя, чыншавікі) мела асноўную павіннасць – чынш да 30 літоўскіх грошаў, таксама адпрацоўвалі на працягу года 12 талок і гвалты.
Агароднікамі станавіліся збяднелыя сяляне ці былыя хатнія рабы, ад якіх гаспадар імкнуўся атрымаць большы даход і саджаў на невялікі кавалак зямлі, звычайна ў тры моргі (морг – зямельная мера, прыкладна 0,71 га). Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну – адзін дзень у тыдзень, а іх жонкі – шэсць дзён летам.
Сяляне-слугі падзяляліся на тых, хто:
- займаўся каняводствам (конюхі);
- промысламі (асочнікі, баброўнікі, бортнікі, рыбаловы, стральцы);
- рамяством (бондары, ганчары, кавалі, цесляры);
- выконваў адміністрацыйна-гаспадарчыя функцыі (гуменнікі, сотнікі, старцы);
- прыслужваў панам (кухары, аддзверныя);
- нес вайсковую ці кур’ерскую службу (баяры панцырныя, путныя, слугі-баяры).
На ніжэйшай ступені стаялі кутнікі, халупнікі, каморнікі, людзі лёзныя, гультаі. Халупнікі мелі хату-халупу, не мелі ворнай зямлі, нярэдка і агарода. Кутнікі і каморнікі жылі ў чужых хатах (здымалі кут ці камору). Яны жылі працай па найме ў сёлах і гарадах.
Па характару асабістай залежнасці сяляне на працягу доўгага часу падзяляліся на: людзей пахожых ці вольных; непахожых ці отчычаў; чэлядзь нявольную ці рабоў; закупаў. Асноўная прыкмета – наяўнасць ці адсутнасць волі.
Пахожыя сяляне маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, толькі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ, са згоды гаспадара і пасля таго, як будуць выкананы ўсе павіннасці. Магчымасць захоўвалася да XVI ст.
Непахожыя людзі жылі на адным месцы і выконвалі павіннасці па спадчыне (атчызныя людзі), а таксама тыя сяляне, якія дзесяць гадоў пражылі на зямлі ўладальніка маёнтка. Ім забаранялася права пераходу. Каралася ўкрывальніцтва беглых сялян.
Чэлядзь нявольная знаходзілася ў поўнай асабістай уласнасці феадалаў. Гэта катэгорыя мела пачатак ад былога хатняга рабства. Зямельных надзелаў не мела, абслугоўвала дваровую гаспадарку. Маглі атрымаць волю ў тым выпадку, калі феадал у галодны год выганяў чаляднікаў (Статут ВкЛ 1588 г.).
Закупы (так сама і радовічы) знаходзіліся ў часовай няволі. Яны бралі пазыку (купу) у гаспадара ці заключалі з ім дагавор (рад). Гэтыя людзі страчвалі асабістую волю, калі не выконвалі дагавор ці не выплачвалі пазыку.
Формы феадальнага землекарыстання і землеўладання
Вярхоўным уласнікам усіх зямель ВкЛ намінальна лічыўся вялікі князь. Але па сваей прыналежнасці землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Дзяржаўныя землі былі двух катэгорый: воласці (ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, астатнія выкарыстоўваліся калектыўна) і гаспадарскія двары (належалі непасрэдна князю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным). Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе.
Духоўнае землеўладанне развівалася ў выглядзе ўладанняў карпаратыўных феадалаў – манастыроў, епіскапстваў, капітулаў і інш. Асабліва хутка раслі ўладанні каталіцкай царквы.
Формы феадальнага землеўладання – вотчына, купля, залог. Шляхі росту феадальнага землеўладання ў XV-XVI стст.: вялікакняжацкія падараванні, падараванні з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купля-продаж, залога (застава) і інш.
Правы і прывілеі феадалаў на зямлю паступова заканадаўча афармляліся (агульнадзяржаўныя прывілеі 1387, 1413, 1434, 1447 гг., Статуты ВкЛ 1529, 1566, 1588 гг.), пашыраўся падатковы і судовы імунітэт шляхты. У 1434 г. – з іх адмянілі дзякла, у 1447 г. – скасавалі дзяржаўны грашовы падатак. У 1559 г. – адменена мыта з прадукцыі шляхетскіх маенткаў, што шла на экспарт. Як вынік – замацоўваюцца эканамічныя пазіцыі феадалаў.
Але гэтае саслоўе не было аднародным: буйныя феадалы на пачатак XVI ст. складалі 19% ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, валодалі 46,4% зямельных угоддзяў, у той час дробныя феадалы, якія валодалі не больш чым 18 валокамі зямлі, складалі ў Беларусі 81% ад калькасці саслоўя, мелі 53,6% зямельнага фонду.
Панская гаспадарка
Панская гаспадарка вялася пры “дварах” – адміністратыўна-гаспадарчых цэнтрах уладанняў. Да сярэдзіны XV ст. мела выключна натуральны характар. Асаблівасці: актыўнае выкарыстоўванне працы чэлядзі нявольнай, адносна невялікія зямельныя ўгоддзі пры двары. З другой паловы XVI ст., калі пашырыліся сувязі са знешнім рынкам, панская гаспадарка была рэарганізавана ў фальварак. Фальварак – арыентаваная на продаж прадукцыі шматгаліновая таварная гаспадарка, у якой вядучае месца належыла вытворчасці збожжа. З рэарганізацыяй панскай гаспадаркі значна пашырылася панская запашка, у асноўным за кошт сялянскіх надзелаў. Павялічылася доля паншчыны ў сялянскіх адработках, цяглавая сіла і інвентар выкарыстоўваліся сялянскія.
Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін. Беларускія гарады
У XIII – першай палове XVII ст. у ВкЛ інтэнсіўна ішоў працэс урбанізацыі – засноўваліся новыя гарады, расло насельніцтва старых цэнтраў. На 1500 г. у ВкЛ налічвалася 83 горада, да 1600 г. было да 530 гарадскіх пасяленняў. Спецыяльнай граматай вялікі князь Казімір у 1444 г. вызначыў 15 лепшых гарадоў княства, сярод якіх былі гарады ўкраінскія, рускія, літоўскія і беларускія (апошніх – большая палова). Першае месца сярод беларускіх гарадоў займаў Полацк, у якім налічвалася на сярэдзіну XVI ст. каля 50 тыс. жыхароў. Іншыя гарады, за рэдкім выключэннем, былі невялікага памеру з 1-3 тыс. насельніцтва, якое займалася як рамяством, гандлем, так і сельскагаспадарчай працай.
З развіццем рынку ў XV ст. роля гарадоў расце. Як і ў Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Прычынай гэтага быў рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту, што дазваляла пракарміць значную частку насельніцтва, не звязаную з сельскагаспадарчай вытворчасцю; феадалы, а таксама заможныя сяляне імкнуліся купляць добра вырабленыя прылады працы, прадметы быту, што ў сваю чаргу спрыяла павялічэнню вытворчасці сельскагаспадарчай працы.
У гэты перыяд рамеснікі канцэнтруюцца ў мястэчках (невялікіх паселішчах гарадскога тыпу) і гарадах. Развіццё рамяства спрыяла іх росту і росквіту.
На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Апрацоўка металаў набыла шырокую спецыялізацыю (не менш 25 прафесій, у тым ліку кавалі, слесары, кацельшчыкі, меднікі, лудзільшчыкі, бляхары і інш.). Асобай прафесіяй быў выраб зброі. Сыравіна – балотная руда. Рудні звычайна знаходзіліся ў сельскай мясцовасці, у іх існаваў падзел працы, яны ўяўлялі сабой пачаткі мануфактуры. Каштоўныя металы завозілася на Беларусь з Заходняй Еўропы, часткова з Усходу. Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і серабра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг. Ювелірам-гравільшчыкам забаранялася выязджаць з княства ў Еўропу.
Апрацоўка дрэва (было да 27 прафесій). Вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама пасуд і іншы інвентар. 3 дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва вывозіліся на экспарт.
Ганчарства. Ганчарныя вырабы карысталіся вялікім попытам, цэны на іх былі адносна невялікія. Акрамя пасуды, часта аздобленай зялёнай палівай, у XV-XVI стст. значна пашырылася вытворчасць цэглы, чарапіцы, кафлі, што было выклікана павелічэннем будаўніцтва крэпасцяў, замкаў, ратуш, культавых пабудоў.
Апрацоўка скур: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае рамёствы. У гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны XVII ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам на ўнутраным і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.
Ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, льну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне і гараджане для сваіх патрэб. 3 мясцовых тканін краўцы шылі аддзенне. Шаўцы пад канец XV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам.
У другой палове XVI ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцяў, у тым ліку: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш. У пачатку XVII ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцяў падвоілася. Асноўнай стала работа не на заказ, а на продаж. 3’яўляецца асоба скупшчыка, што арганізуець рэгулярны гандаль.
З другой паловы XVI ст. рамеснікі аб’ядноўваюцца ў цэхі (брацтвы). Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў аднаго веравызнання. Яны прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх і іншагародніх рамеснікаў. Не прынятым у цэх “пакутнікам” ці “партачам” забаранялася займацца рамяством у горадзе. Звычайна гэта катэгорыя рамеснікаў вырабляла рэчы больш нізкай якасці, чым патрабавалася цэхам, прадавала іх больш танна.
У склад цэха ўваходзіла каля 60-100 чалавек. На вышэйшай прыступцы стаялі майстры. Яны мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. З іх ліку на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста, ці цэхмістр. Чаляднікі ("таварышы", "пахолкі") працавалі ў якасці падручных у майстроў. Яны прайшлі курс навучання, але не мелі сваіх прылад працы і не атрымалі статусу майстра. Вучні майстроў зваліся хлопцамі, у доме майстра былі ў якасці прыслугі, бясплатных і бяспраўных работнікаў. Тэрмін вучнёўства ў розных рамёствах быў ад трох да пяці гадоў. Потым чаляднік тры – чатыры гады працаваў у майстра, і яшчэ паўтара – тры гады вандраваў па іншых гарадах. Пасля вяртання з вандроўкі чаляднік з дазволу сходу майстроў рабіў “шэдэўр” – складаную рэч, каб падцвердзіць сваю кваліфікацыю. Пасля экзамену і шыкоўнага застолля чэляднік пераводзіўся ў майстры. Пад час ваенных дзеянняў цэх пераўтвараўся ў узброены атрад, абараняў адведзены яму кавалак гарадскіх умацаванняў.
У адзначаны час у буйнейшых гарадах колькасць цахоў хутка павялічвалася да некалькіх дзесяткаў. У Мінску на сярэдзіну XVII ст. было 9, у Слуцку – 17, у Магілеве – 21, у Брэсце – 14 цахоў.
Гандаль
Прыкметы развіцця гандлю да сярэдзіны XVII ст.:
1. Складваецца сістэма гандлевых устаноў. Наладжваецца пастаянны гандаль па гарадах у лавах і крамах. Кожны тыдзень у мястэчках і гарадах праходзілі таргі (пераважалі аптовыя і дробнааптовыя аперацыі) і ў буйных гарадах кожны год праводзіліся адна-дзве ярмаркі, дзе шырока былі прадстаўлены замежныя купцы і разам з гандлем у розніцу праводзіліся буйныя аптовыя аперацыя.
2. Ідзе працэсс аб’яднання гандлевага люду. Адначасова з рамеснікамі пачалі ствараць свае аб’яднанні (брацтвы ці гільдыі) купцы. Яны атрымлівалі гандлевыя прывілеі – іншагароднім купцам забаранялася весці разнічны гандаль і рабіць закупкі па навакольным вескам.
3. XVI ст. вызначаецца пераходам мясцовага гандлю на больш высокую прыступку. Рэгулярны мясцовы абмен горад-веска дапаўняецца рэгулярнымі адносінамі на ўзроўню розных рэгіёнаў краіны. Трывалымі гандлевымі сувязямі былі звязаны Смаленск, Віцебск, Полацак. Цесна былі звязаны гарады поўдню Беларусі, а так сама Пандяпроўе з Падзвіннем і центрам княства. Гэтыя адносіні стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Самая вялікая звязвала Брэст, Мінск з Оршай і Смаленскам.
4. Садзейнічае ўнутраннаму гандлю выразная спецыялізацыя рэгіёнаў. Слуцк спецыялізуецца на металаапрацоўке, Магілеў – на скарняжным рамястве, Гродна – на мылаварэнні і г.д.
5. Пашыраліся аб’ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу. Галоўныя прадукты экспарту – збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел, пянька, радзей – рамесніцкія вырабы.
Імпарт складалі наступныя тавары: жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброя, сукно, перац, віна, соль.
У знешнім гандлі шырока ўдзельнічалі феадалы, яны мелі вызваленне ад мыта.
6. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі таварамі – воскам, футрам каштоўных жывёл.
У разглядаемы перыяд грошы амаль поўнасцю выцяснілі натуральны абмен. У пачатку перыяду нярэдка як грошы выкарыстоўваліся каштоўныя футры ці прадаўгаватыя сярэбраныя зліткі – грыўны (ізгоі) – масай ад 100 да 200 г.
У канцы XIV – пачатку XV ст. у ВкЛ устанаўліваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма, складзеная на падставе полацка-віцебскай сістэмы. Яна мае выгляд: рубель (каля 180 г) = 100 пражскім грошам = 1000 пенязям. Каля 1492 г. у Вільні пачаў працаваць дзяржаўны манетны двор, дзе друкаваліся паўгрошы, а пазней дынарыі. Да таго грашовая сістэма была заснавана на замежных грашовых адзінках.
У XIV ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне XV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага сем знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Навагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.
У XV ст. многія крэпасці, замкі і гаспадарчыя двары таксама набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў (Койданава, Мір, Любча, Валожын і інш.) – узнікаюць, так званыя, мястэчкі. Мястэчкі ўзнікалі і на тэрыторыях ранейшых вёсак (Санькава, Магільнае, Мікалаеўшчына), на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах (Новы Свержан, Стоўбцы, Ярэмічы). У XVI ст. на тэрыторыі Беларусі ўжо было больш за 20 мястэчак.
У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх – 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належыць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яна не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам.
Асноўнае насельніцтва гарадоў у гэты перыяд складалі беларусы – 80%. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы, з XIV-XV стст. – яўрэі і татары. Гараджане выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы або феадала: плацілі грашовыя подаці, выконвалі будаўнічыя і гаспадарчыя работы, пастаўлялі падводы (фурманкі) і г.д.
У адзначаны перыяд вялікакняскія гарады атрымліваюць права на самакіраванне – Магдэбурскае права. Першым яго атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391, Слуцк – у 1441, Полацк – у 1498, Мінск – у 1499, Віцебск – у 1597 і г.д. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Устанаўленне самакіравання, нягледзячы на яго абмежаванні, паляпшала ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці, аслабляла феадальную залежнасць гараджан, якія былі асабіста свабоднымі.
У XIV – першай палове XVI ст. феадальная сістэма грамадскіх адносін на Беларусі канчаткова замацоўваецца ў заканадаўчых актах. Галоўным сродкам вытворчасці і крыніцай грамадскага багацця становіцца зямля, галоўным вытворцам матэрыяльных благ – замацаваны за ёю селянін. Адначасова фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў стала аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Усё гэта паступова рыхтавала падставы для складвання новых эканамічных адносін.
С
піс
выкарыстаных крын
іц
1. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. / Сост. А.П.Игнатенко, В.Н.Сидорцов. Мн.: Университетское, 1977. 472 с.
2. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.
3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.
4. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М.Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У.Карава, Я.І.Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.
5. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г.Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.
6. Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII-XVIII вв.). Мн., 1975.