КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
(1838-1864)
Сакавіцкай раніцай 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільне пакаралі смерцю дваццацішасцігадовага юнака. Калі назвалі Яго імя як дзяржаўнага злачынцы "дваранін Вікенцій Каліноўскі, той усклікнуў: "У нас няма дваран, усе роўныя".
Так выразіў у апошні момант жыцця сваю адданасць абранаму шляху барацьбы за народную волю рэвалюцыянер-дэмакрат Кастусь Каліноўскі
Нарадзіўся ён 21 студзеня (2 лютага па новым стылю ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы). Наванароджаны быў двойчы запісаны ў хрэсныя кнігі мясцовага прыходскага касцёла: адзін раз пад імем Вікенція, а другі пад двума імёнамі — Вікенцій і Канстанцін. Бацька яго быў уладальнікам маёнтка і невялікай ткацкай фабрыкі.
Маленства Кастуся праходзіла на ўлонні прыроды сярод аднагодкаў — вясковых дзяцей. Блізкімі і зразумелымі былі яму клопаты і турботы сялян, абурэнне выклікала іх галеча. Таму і з'явіліся ў яго пазней поўныя гневу спачування да абяздоленых словы: "Жыццё нашае горш сабачага. Гэтакага ліха, дзецюкі, і скаціна не знае".
Тады ж пачуў ён народныя песні, поўныя лірызму і адначасна тугі і скаргі на нялёгкую долю. У іх гучалі матывы любові да роднага краю, часам заклікі сілай дабіцца лепшай долі:
Годзе, братцы, трэба біцца За зямлю з панамі, — пяялася ў адной з іх.
У 1847 г. Кастусь паступае ў Свіслацкую гімназію, дзе навучэнцам давалі глыбокія веды па асновах розных навук. Тут панаваў дух вольнасці і дэмакратыі. Ды працавалі знакамітыя выкладчыкі: будучы прафесар Казанскага універсітэта Восіп Кавалеўскі, вядомы батанік, уражэнец Брэстчыны, Станслаў Горскі. Гімназія па праву магла ганарыцца сваімі выпускнікамі: знакамітым пісьменнікам Юзэфам Крашэўскім, слынным мастаком Напалеонам Ордам, ураджэнцам вёскі Варацэвічы цяперашняга Іванаўскага раёна.
Вучоба захапіла Кастуся, прывабіла магчымасцю глыбейшага пазнання свету. Таму і быў у ліку лепшых вучняў.
Па заканчэнні К. Каліноўскі адзін час слухае лекцыі ў Маскоўскім медыцынскім інстытуце, затым паступае на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Гады навучання спрыялі далейшаму грамадзянскаму сталенню юнака.
Аформілася польская нелегальная арганізацыя. Яе кіраўнікамі былі афіцэры Генеральнага штаба Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі У гэтую арганізацыю ўваходзілі студэнт Ляснога інстытута Валерый Урублеўскі і іншыя прагрэсіўна настроеныя людзі, многія з якіх пазней сталі паплечнікамі Каліноўскага. У яе складзе быў і сам Кастусь з братам Віктарам.
На фарміраванне рэвалюцыйна-дэмакратычнага светапогляду К.Каліноўскага ўплывала і сама грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. Яшчэ ў 30-я гады былі пашыраны ідэі Франца Савіча аб неабходнасці знішчэння памешчыцкага землеўладання шляхам агульнай барацьбы народаў Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і Расіі супраць цара і паноў.Блізкімі былі яму дэмакратычныя традыцыі 40-х гадоў. Фарміраванню светабачання ў 50-я гг. спрыялі часопісы "Современник" і "Колокол", дзе ўсебакова абмяркоўвалася сялянскае пытанне, крытыкавалася прыгоннае права як асноўнае сацыяльнае зло, прычына усіх народных бед.
Станаўленню светабачання Кастуся спрыяў і яго родны брат Віктар. Ён прыцягнуў да рэвалюцыйнай дзейнасці многіх афіцэраў (на жаль, сам памёр ад сухотаў за год да паўстання). Віктар збіраў сілы для кіраўніцтва паўстаннем найперш з ліку прафесійных ваенных, але асаблівае значэнне надаваў далучэнню да падрыхтоўкі паўстання сялян — ідэя, якая будзе падхоплена і развіта малодшым Кастусём.
Пасля заканчэння універсітэта ў 1861 г. К. Каліноўскі пэўны час жыве ў бацькоў, затым пераязджае ў Гродна, дзе прыступае да стварэння рэвалюцыйнай арганізацыі. Пры гэтым ён ўвесь час падтрымлівае сувязь з Вільняй, дзе складваўся агульны цэнтр па кіраўніцтву рэвалюцыйнымі групамі Літвы і Беларусі.
Каліноўскі выдатна разумеў сілу друкаванага слова, здольнага узняць народ на барацьбу. Ва ўспамінах яго сучаснікі неаднойчы падкрэслівалі, што Кастусь надаваў друкаванаму слову асаблівае значэнне. Таму і бярэцца за выданне першай беларускай газеты для народа, якой даў сімвалічнаю назву — "Мужыцкая праўда". Яна была адрасавана простаму люду, напісана на зразумелай яму мове і расказвала пра набалелае.
К.Каліноўскі падпісваў яе псеўданімам "Яська-гаспадар з-пад Вільні". Гэта дапамагала хавацца ад царскіх шпікоў; друкарню шукалі ў Вільні, нават у Варшаве, толькі не ў Гродне, дзе газета выдавалася.
"О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце!" — з упэўненасцю пісалася ўжо ў першым яе нумары.
Каліноўскі быў перакананы, што будучае паўстанне павінна насіць нацыянальна-вызваленчы характар і поспех яго будзе залежаць найперш ад актыўнага ўдзелу ў ім сялянства. Таму на старонках газеты выкрываў антынародную сутнасць рэформы 1861 г., пра царскі маніфест гаварыў, што "ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці".
Рэвалюцыянер-дэмакрат, ён крытыкаваў варожую народу дзяржаўную сістэму кіравання, трапна параўноўваў чыноўнікаў з саранчой, якая ўсё знішчае на сваім шляху.
Аднак сяляне часам думалі, што зло творыцца мясцовымі ўладамі, а добры цар нічога пра гэта не ведае. Нярэдка можна было сустрэць на дарогах хадакоў да яго, якіх, аднак, часцей за ўсё затрымлівала паліцыя і вяртала назад. Калі ж хто і дабіраўся да сталіцы, то праўды там таксама не знаходзіў.
Таму К. Каліноўскі асаблівае значэнне надаваў пазбаўленню іх ад гэтых ілюзій, паказу сапраўднай сутнасці самадзяржаўя, еднасці цара з панамі і чыноўнікамі, адначасна папярэджваў эксплуататараў пра немінуючую адплату за здзекі, выказваў веру ў перамогу народнага змагання: " Дзяры з нас, цар, дзярыце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; то памятайце, што і на вас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!"
У "Мужыцкай праўдзе" сцвярджаліся перадавыя рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі. Галоўныя з іх: 1. Зямля павінна належаць народу; чалавек сапраўды свабодны толькі тады, калі мае свой надзел зямлі; калі яго няма, то трэба ўзяць сілай; 2. Не народ створаны для ўрада, а ўрад для народа (дарэчы, гэты тэзіс выкарыстоўвае сёння газета "Рэспубліка", што сведчыць пра яго надзённасць); 3. Народ павінен мець дэмакратычныя свабоды веравызнання, права навучання на роднай мове.
Потым ён узначальвае Літоўскі правінцыяльны камітэт, увесну 1863 г. становіцца рэвалюцыйным камісарам Гарадзеншчыны, а ўлетку вяртаецца ў Вільню, дзе становіцца кіраўніком краёвага паўстанцкага цэнтра. Дзякуючы намаганням Каліноўскага цэнтр наладзіў работу, і паўстанцкія арганізацыі яшчэ трымаліся да вясны 1864 г.
"...Не жаль згінуць за тваю праўду..." У сувязі з наступам рэакцыі К. Каліноўскі змушаны быў перайсці на нелегальнае становішча, аднак у лютым 1864 года быў выдадзены здраднікам і арыштаваны. Следства цягнулася каля месяца. Рэвалюцыянер-дэмакрат трымаецца надзвычай мужна, на допытах не выдаў нікога са сваіх сяброў па змаганні. Азіраючыся на пройдзены шлях, ён знаходзіць у сабе сілы ў чаканні смяротнага прысуду пісаць ліст на волю, які ўспрымаецца сёння як духоўны запавет нашчадкам. Ён так і называецца — "Пісьмо з-пад шыбеніцы". У ім аўтар, развітваючыся з народам, не шкадуе, што так склаўся яго жыццёвы лес, бо быў аддадзены служэнню людзям, хоць і гучыць у радках натуральная туга: "Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль загінуць за тваю праўду".
I перад смерцю ён не здрадзіў сваім ідэалам, заклікае людзей працягваць барацьбу.
У "Пісьмо..." уключаны і адзіны вядомы нам верш К. Каліноўскага "Марыська чарнаброва, галубка мая", поўны лірызму і адначасна трагедыйнасці:
Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзелася шчасце і ясна воля твая?
Думаецца, маюць рацыю асобныя даследчыкі, якія за вобразам Марысі бачаць адначасна і канкрэтнага чалавека Марыську Ямант, дачку аднаго з паплечнікаў па паўстанню, яго каханую, і ўсю Беларусь. Бо нездарма ж у вершы чуюцца ноты глыбокага грамадзянскага гучання:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе...
ЗНАЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЩ КАЛІНОЎСКАГА
Жыццёвы і творчы подзвіг К. Каліноўскага — адна з найярчэйшых старонак у нашай гісторыі і літаратуры. Ён адстойваў ідэі роўнасці людзей, права кожнага на паўнакроўнае жыццё. Яго публійыстычныя творы сталі адметнай з'явай у нашай культуры, бо напісаны ўзнёсла і даходліва з выкарыстаннем залацінак народнай мовы. Ён сам быў патрыётам, гэтаму вучыць і нас. Нездарма Уладзімір Караткевіч для экслібрыса сваей 6ібліятэкі выбраў партрэт Кастуся Каліноўскага, нашага нацыянальнага героя і дыялог — пароль паўстанцаў:
- Каго любіш?
- Люблю Беларусь.