РефератыОстальные рефератыКуКультура маўлення кіраўніка

Культура маўлення кіраўніка

Культура маўлення кіраўніка


ЗМЕСТ


1. Стылістычнае чляненне мовы


2. Культура маўлення і яе асноўныя кампаненты


3. Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення


4. Чысціня, выразнасць і багацце маўлення


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ



1. Стылістычнае чляненне мовы


Мова з‘яўляецца глабальным дыялектычным па сваёй прыродзе феноменам, які адыгрывае для людзей дзве супрацьлеглыя функцыі: аб‘ядноўвае іх у адзіны клас жывых істот з найбольш выразнай, яскравай, адмысловай прыкметай – здольнасць і ўменне гаварыць і ўспрымаць маўленне; а ўнутры гэтага агульнага класа чуйна, пластычна і гнутка дыферэнцыруе людзей па нацыях, па месцы жыхарства (дадзеную асаблівасць людзей адлюстроўвае рэгіянальнае чляненне мовы на дыялекты, групы гаворак, асобныя гаворкі), па разнастайных сацыяльных групоўках (мова фіксуе гэта чляненне людзей сваімі жаргонамі, слэнгамі, арго і інш.), па сферах дзейнасці людзей. Апошняя дыферэнцыяцыя людзей унутры кожнай развітай мовы адбіваецца тым, што яна даволі відавочна падзяляецца на стылі; за кожным з іх трывала замацавана функцыя абслугоўвання пэўных відаў, сфер, галін дзейнасці і жыцця людзей.


У паўсядзённым жыцці і быце, па-за сферамі прафесійнай і грамадскай дзейнасці чалавека выкарыстоўваецца гутарковы стыль мовы, для якога характэрнымі служаць размоўная лексіка (параўн.: аграменны, шпаргалка, шыбаваць і г.д.), эліптычная структура сказа (максімальна скарочаныя выказванні, дзе часта апускаюцца словы, звязаныя з вядомымі па сітуацыі маўлення фактамі, прадметамі , падзеямі), ужыванне ўсечаных форм слоў (Пал Палыч замест Павел Паўлавіч, тэлек замест тэлевізар і г.д.), актыўнае выкарыстанне парамоўных сродкаў і інш. Гутарковы стыль мовы мае пераважна вусную форму ўжывання; на пісьме яго выкарыстанне абмяжоўваецца ў асноўным мовай персанажаў мастацкіх твораў (драматычных, празаічных, радзей паэтычных). Асобную разнавіднасць гутарковай лексікі складаюцю прастамоўныя сродкі выражэння, словы зніжанай неўнармаванай лексікі, грубыя мацерныя словы, што даволі часта знаходзяць месца ў гаворцы малакультурных, слабаадукаваных, нявыхаваных людзей не столькі ў якасці сродку зносін, колькі ў якасці выражэння эмоцый, пачуццяў, ацэнак, а часам і проста ў якасці паразітычных слоў, рэплік, выразаў, што ўжываюцца з-за адсутнасці элементарнай моўнай і агульнай культуры адпаведнага чалавека, або ў асобных сітуацыях сярод сваіх “калег”, або выкарыстоўваюцца пэўнымі людзьмі, што знаходзяцца ва ўзбуджаным, псіхічна ненармальным, не кантраляваным свядомасцю стане. Для беларускага маўлення лаянкавая лексіка малахарактэрна, амаль уся яна запазычана з рускай мовы і апошнім часам стала даволі актыўна збірацца і даследавацца расійскімі лінгвістамі.


Публіцыстычны стыль мовы выкарыстоўваецца найперш у СМІ – сродках масавай камунікацыі (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, дакументальныя кнігі, публічныя прамовы і выступленні аратараў і інш.).У адрозненне ад гутарковага стылю публіцыстычны рэалізуецца не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай форме, прычым абедзве формы цесна і непасрэдна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой: пісьмовы тэкст часта выступае як агучанае вуснае маўленне, а вусныя выступленні , прамовы , інтэрв‘ю вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў, навукі, культуры, спорту і інш. часта друкуюцца ў СМІ, праяўляюцца ў пісьмовай форме. Гутарковы стыль мовы звычайна выкарыстоўваецца ў дыялогу, у якім бяруць удзел, як правіла, два чалавекі, субяседнікі, прамоўца і слухач, што могуць мяняць свае ролі, прамоўца выступае як слухач, а слухач як прамоўца. У публіцыстычным стылі слухачом служыць не адзін чалавек, а вялікая аўдыторыя, часам насельніцтва ўсёй краіны. Таму публіцыстычны стыль мовы патрабуе зразумелага для ўсіх моўнага спосабу афармлення і перадачы думкі, інфармацыі, паведамлення і звычайна мае форму маналогу. Значыць, істотнымі асаблівасцямі гэтага стылю служаць выразнасць, зразумеласць, панятнасць, даступнасць інфармацыі для ўсіх, каму яна прызначана. Далей, інфармацыя, аформленная моўнымі сродкамі публіцыстычнага стылю, часта мае на мэце не проста данесці да аўдыторыі пэўныя звесткі, але і падаць іх у належнай форме, прывабным выглядзе, каб прыцягнуць адрасатаў, або інфармантаў, або чытачоў (слухачоў) на бок той пазіцыі, на якой стаіць аўтар паведамлення. Адсюль публіцыстычны стыль часта выступае ў якасці агітацыйнага сродку, і ў такіх выпадках пазбаўлены нейтральнасці. У адпаведнасці з гэтым выбіраюцца і ацэначныя моўныя сродкі, з дапамогай якіх адна і тая ж падзея можа падавацца і як станоўчая з‘ява, і як з’ява адмоўная, непрымальная для аўтара паведамлення (параўн., напрыклад: з аднаго боку словы форум, мітынг, а з другога – зборышча, шабаш, што могуць прымяняцца да адной і той жа падзеі, прадстаўнікамі розных палітычных ці сацыяльных інтарэсаў, пунктаў гледжання, або адным і тым жа публіцыстам у залежнасці ад яго пазіцыі, прыналежнасці пэўнай партыі і г.д.).


Яшчэ адной важнай рысай публіцыстычнага стылю служыць перадача актуальнай, свежай інфармацыі, а таксама паведамленняў на тэмы, якія пастаянна з‘яўляюцца цікавымі для аўдыторыi: абмеркаванне набалелых пытанняў жыцця краіны, асобных яе раёнаў, праблем унутранай і знешняй палітыкі і г.д. Для ўздзеяння на аўдыторыю неабходна ўжываць і такія прыдатныя для публіцыстычнага стылю атрыбуты маўлення, як эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, што складаюць не толькі своеасаблівую “ўпакоўку” інтэлектуальнай інфармацыі, але і істотную частку зместу, якая непасрэдна ўплывае на нюансіроўку думкі, на выдзяленне ў ёй найбольш важных момантаў, на ўспрыманне і засваенне слухачамі (чытачамі) паведамленняў у патрэбным для прамоўцы (аўтара) рэчышчы. Згаданыя атрыбуты спрыяюць і больш глыбокаму ўражанню ад выказаных думак і здольны прыводзіць да іх практычнага ўвасаблення ў жыццё, дзейнасць, паводзіны людзей. Самымі характэрнымі моўнымі сродкамі публіцыстычнага стылю служаць разнастайныя тропы, г. зн. ужыванні слоў у пераносным значэнні, скрытыя параўнанні, напрыклад вахта міру, нацыянальная скарбонка і да т.п., дзе словы вахта і скарбонка ўжываюцца ў больш шырокім значэнні, чым першапачатковы сэнс прыведзеных слоў, выкарыстанне ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі,прымяненне звароткаў, клічных і пабуджальных сказаў, рытарычных пытанняў, паўтораў і інш.


Афіцыйна-дзелавы стыль мовы абслугоўвае канцылярскую, юрыдычную, адміністрацыйную сферы дзейнасці людзей, і ў адрозненне ад гутарковага стылю рэалізуецца пераважна ў маналагічнай пісьмовай форме (пастановы, загады, інструкцыі, рэзалюцыі, указы, інструкцыі, кодэксы, дзелавыя пісьмы, аб‘явы, характарыстыкі, даверанасці, распіскі, аўтабіяграфіі, ноты, камюніке, статуты, распараджэнні, мемарандумы, пагадненні, канвенцыі, пратаколы, разнастайныя акты, пэўныя даклады і выступленні і іншыя дакументы). У адрозненне ад разгледжанага вышэй публіцыстычнага стылю тут адсутнічае эмацыянальнасць, даволі шырока ўжываюцца стандартныя формы выражэння, мінімальна прадстаўлены экспрэсіўныя, індывідуальна-аўтарскія сродкі, бо інфармацыя перадаецца, як правіла, ад упаўнаважанай калектывам (установай, міністэрствам, дзяржавай, урадам і інш.) асобы або групы асоб.. Выкарыстанне афіцыйна-дзелавога стылю мае на мэце два асноўных прызначэнні – інфармацыйную і пабуджальную, г. зн. у адпаведных дакументах падаюцца не толькі звесткі, але і патрэбы, заклікі, пабуджэнні да іх выканання тымі, каму яны скіраваны (параўн.: загады, распараджэнні, ноты, пастановы, указы, статуты і інш.). Дакументы афіцыйна-дзелавога стылю патрабуюць дакладнасці, лагічнасці, паслядоўнасці, адназначнасці вербальных фармулёвак, сцісласці, эканомнасці, таму часта афармляюцца на адпаведных бланках ці па ўстаноўленай форме. Лексічныя і сінтаксічныя сродкі афіцыйна-дзелавога стылю даволі строга рэгламентаваны, што надае адпаведным дакументам аб‘ектыўнасць, лаканічнасць, афіцыйнасць і катэгарычнасць, пазбаўляе іх двухсэнсоўнасці і расплыўчатасці фармулёвак, палажэнняў. Для мовы дакументаў характэрна шырокае ўжыванне безасабовых канструкцый (рэдка выкарыстоўваюцца формы 1-й і 2-й асобы займеннікаў і дзеясловаў), складаназалежных сказаў з дзеепрыметнікавымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, складаных злучнікаў тыпы у сувязі з тым, што, у выніку таго, што і інш, канцылярызмаў, клішэ, шаблонаў, перанос якіх, аднак, у іншыя моўныя стылі можа рабіцца толькі для пэўных стылістычных мэтаў (іроніі, насмешкі, гумару, пародыі і інш.). Афіцыйна-дзелавым стылем мовы павінны добра валодаць кіраўнікі, вербальная дзейнасць якіх часта рэалізуецца сродкамі гэтага стылю, але ўжывацца павінен ён толькі ў афіцыйных варунках, у штатных службовых сітуацыях, пры падрыхтоўцы дакументаў згаданага вышэй кшталту.


Навуковы стыль прызначаны для фіксавання, захоўвання, перадачы інфармацыі ў пэўнай галіне ведаў і характарызуецца такімі ўласцівасцямі, як лагічнасць, дакладнасць, паслядоўнасць, што збліжае яго з афіцыйным стылем. Яшчэ адна рыса, якая лучыць дадзеныя стылі – першаснасць пісьмовай формы ў адносінах да вуснай. Апошняя існуе ў выглядзе дакладаў, паведамленняў на разнастайных навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах. Адрознівае навуковы стыль ад афіцыйна-дзелавога вышэйшая абстрактнасць, глыбейшая інтэлектуаль-насць, шырокая неаднароднасць, залежная ад дыферэнцыяцыі навукі, падзелу яе на мноства дысцыплін, кожная з якіх мае свае спецыфічныя сродкі выражэння і лексічныя, і параграфічныя (неславесныя). Таму ў межах навуковагна стылю выдзяляюць падмовы (радыёфізікі, матэматыкі, электронікі, эканомікі і г.д.).


У некаторых навуковых тэкстах вербальныя сродкі служаць асноўным спосабам афармлення думак (пераважная колькасць тэкстаў, належных гуманітарным дысцыплінам), у іншых жа назіраецца спалучэнне вербальных і невербальных сродкаў, прычым гэта спалучэнне адзначаецца ў розных прапорцыях: тэксты ў асноўным негуманітарных галін ведаў могуць быць часам прадстаўлены невербальнымі сродкамі (табліцы множання, разнастайныя матэматычныя даведнікі, геаграфічныя карты, тэхнічныя схемы, альбомы, атласы, сістэмы неславесных камунікацый і інш.). Лексічныя сродкі, што выкарыстоўваюцца ў навуцы для наймення яе асноўных катэгорый, паняццяў, рэалій, называюцца тэрмінамі і патрабуюць асобнага разгляду (гл. адпаведны раздзел кнігі). Вусная форма існавання паведамленняў навуковага стылю ўяўляе сабой, як правіла, агучаны пісьмовы тэкст, г. зн. служыць другаснай у адносінах да пісьма, чым супрацьпастаўляецца найперш гутарковаму стылю і адбываецца ў форме дакладаў, паведамленняў, лекцый, дыспутаў і інш. Навуковы стыль дыферэцыруецца не толькі ў адносінах да розных гуманітарных і негуманітарных дысцыплін, але і ў дачыненні да сферы прызначэння. У адпаведнасці з апошняй вылучаюцца, у прыватнасці, такія навуковыя падстылі, як уласна навуковы (прызначаны для калег-спецыялістаў), вучэбна-навуковы (рэалізуецца ў разнастайных падручніках і дапаможніках і прызначаны для навучэнцаў), навукова-публіцыстычны (адрасуецца для распаўсюджвання ведаў сярод шырокага кола насельніцтва). У залежнасці ад асаблівасцяў кожнага навуковага падстылю ў ім ужываюцца і розныя моўныя сродкі. Так, стылістычныя фігуры (тропы, параўнанні, эўфемізмы і інш.) займаюць значна большае месца ў навукова-папулярнай літаратуры. У навуковых дыскусіях эмацыянальны кампанент выкарыстоўваецца значна часцей, чым у навуковых дакладах, прычым першыя ўяўляюць сабой дыялог (полілог), а другія – маналог. У дачыненні да знешніх форм (пісьмовая, вусная) навуковы стыль часцей прадстаўлены пісьменна, агучванне пісьмовага навуковага тэксту ўяўляецца даволі складаным для адэкватнага ўспрымання (лепш усё ж засвойваецца змест пісьмовага навуковага тэксту).


Адметнай рысай навуковых тэкстаў служыць шырокае скарыстанне спасылак на разнастайныя крыніцы, якія афармляюцца ў выглядзе бібліяграфіі і складаюць прэсупазіцыйны фон дадзеных тэкстаў, надаюць ім даставернасць, інфармацыйную насычанасць, а аўтарам тэкстаў – неабходную кампетэнтнасць, эрудыцыю і кваліфікаванасць. Даволі разнастайнымі з’яўляюцца і жанры навуковай літаратуры: тэзісы, анатацыя, рэферат, артыкул, манаграфія, дысертацыйныя працы, зборнікі, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, спецыяльныя даведнікі, у тым ліку энцыклапедычныя, шматлікія слоўнікі (тлумачальныя, перакладныя, граматычныя і інш.) і г.д.


Камунікацыйнай, інфармацыйнай функцыі паведамленняў навуковага стылю папярэднічае пазнавальная функцыя, якая звычайна займае значна большае месца ў творчай дзейнасці спецыяліста. Напрыклад, для напісання кандыдацкай дысертацыі адводзіцца як мінімум тры гады паўсядзённай працы кваліфікаванага спецыяліста, як правіла з вышэйшай адукацыяй, ў нашай краіне. Яшчэ больш часу і інтэлектуальных высілкаў патрабуюць напісанні доктарскіх дысертацый, манаграфій, падручнікаў для ВНУ і інш.


Навуковыя працы афармляюцца па выпрацаваных стандартах, строга ўпарадкаваны і структурыраваны, часта суправаджаюцца рэзюме, анатацыямі, нярэдка рэцэнзіруюцца і рэферыруюцца (звычайна манаграфічныя выданні), складаюць асноўны фонд бібліятэк спецыяльных устаноў (ВНУ, акадэмічныя інстытуты і інш.). З усіх стыляў літаратурнай мовы навуковы з‘яўляецца найбольш міжнародным па свайму характару, бо грунтуецца на параграфемах і на лексіцы інтэрнацыянальнага паходжання (прынамсі, у еўрапейскіх краінах).


Стыль мастацкай літаратуры, прадстаўлены лепшымі майстрамі слова, служыць адначасова і ўзорам літаратурнай мовы ў цэлым. У адрозненне ад афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў ён па сваіх моўных сродках і выражаным змесце мае найбольш глыбокі і адметны нацыянальны характар, таму перакладаць тэксты мастацкай літаратуры на іншыя мовы значна цяжэў, чым афіцыйна-дзелавыя і навуковыя. У мастацкай літаратуры даволі выразна выдзяляюцца такія жанры, як проза, паэзія, драматургія, мемуары, кожны з якіх характарызуецца сваімі моўнымі асаблівасцямі, структурнай арганізацыяй.


Аднак агульным для іх усіх служыць разнастайнае выкарыстанне вобразных сродкаў, абыгрыванне ўнутранай формы слоў, пераробка фразеалагізмаў, а таксама ў залежнасці ад тэматыкі канкрэтнага твора, ад яго аўтара і ўжыванне сродкаў іншых разгледжаных вышэй стыляў. Найбольш істотнай рысай стылю мастацкай літаратуры з‘яўляецца рэалізацыя ў ім эстэтычнай функцыі мовы, таму невыпадкова ў якасці сіноніма тэрміна мастацкая літаратура ў беларускай мове прымяняецца выраз прыгожае пісьменства. Малюнкавасць і вобразнасць мовы мастацкай літаратуры забяспечваецца гарманічным выкарыстаннем усіх стылістычных рэсурсаў канкрэтнай мовы, выпрацаваных цягам яе гісторыі і наяўных на перыяд напісання канкрэтнага твора, у якім могуць быць ужыты і дыялектызмы, і жарганізмы, і неалагізмы, і тэрміны, і канцылярызмы, і кніжныя словы, а таксама архаізмы, аказіяналізмы, гістарызмы і інш. Вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць выяўленчых сродкаў мастацкай літаратуры грунтуецца на шырокім выкарыстанні многазначных слоў, эпітэтаў, сінонімаў, антонімаў, разнастайных тропаў, адмысловых спалучэнняў слоў, эліптычных канструкцый сказа (асабліва ў мове персанажаў), стылістычных фігур – анафара, катафара, метафара, эпіфара, паралелізм і інш.


Мастацкая літаратура таксама характарызуецца тым, што ў ёй вылучаюцца стылі асобных буйных пісьменнікаў, паэтаў, мова якіх мае адметныя індывідуальныя рысы, што адрозніваюць яе ад мовы іншых майстроў слова. Мова асобнага пісьменніка называецца ідыястылем і яе вывучэнню прысвечана шмат філалагічных прац, як літаратуразнаўчых, так і лінгвістычных, многія з якіх маюць характар дысертацыйных работ.


З усіх стыляў мовы стыль мастацкай літаратуры з‘яўляецца найбольш сінкрэтычным, амбівалентным, бо ў ім у розных прапорцыях могуць рэалізавацца элементы іншых стыляў, аб‘яднаных агульнай для ўсіх функцыяй камунікатыўнасці. Для стыля ж мастацкай літаратуры дадатковай, але, бадай, важнейшай для яе і дыферэнцыяльнай у адносінах да іншых стыляў служыць функцыя эстэтычная (гл.: Цікоцкі 1995, 274).


Апрача твораў прыгожага пісьменства асобных аўтараў, мастацкі стыль ужываецца ў народнай калектыўнай творчасці – фальклоры (казкі, легенды, паданні, песні, байкі і інш.). Мастацкі стыль рэалізуецца і ў пісьмовай, і ў вуснай форме, у форме дыялогу і маналогу, у аўтарскай мове і ў мове персанажаў. Знакамітыя мастацкія творы і іх часткі могуць выкарыстоўвацца ў іншых мастацтах, пераводзіцца ў іх, напрыклад, у тэатральныя пастаноўкі, кіно, оперы, музычныя творы, творы выяўленчага мастацтва, жывапісу і інш., быць аб’ектам навуковага даследавання, г. зн. апісвацца сродкамі навуковага стылю.



2. Культура маўлення і яе асноўныя кампаненты


Культура маўлення з‘яўляецца вельмі шырокім, ёмістым паняццем, якое звязана не толькі з уменнем правільна, прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і з агульнай культурай чалавека, яго знешнім выглядам, адзеннем, манерамі, з уменнем лагічна і дакладна мысліць і аптымальна выражаць разважанні і гатовыя думкі, адэкватна апісваць моўнымі сродкамі любыя жыццёвыя і вытворчыя сітуацыі, правільна, без памылак складаць і афармляць разнастайныя пісьмовыя дакументы, дарэчна і ўмела выкарыстоўваць усе стылістычныя рэсурсы мовы, пра якія гаварылася ў папярэдніх параграфах.


Галоўнымі складнікамі (кампанентамі, арганічнымі часткамі) культуры маўлення служаць правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чыстата, багацце, або разнастайнасць, выразнасць, дарэчнасць і сцісласць (гл.: Асновы 1992). Правільнасць маўлення заснавана на прытрымліванні літаратурных н

орм пры ўжыванні мовы, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў і закадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у аўтарытэтных граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданяў). Літаратурная норма забяспечвае сацыяльнае адзінства мовы, узаемаразуменне паміж усімі носьбітамі ўсіх разнавіднасцяў (дыялекты, жаргоны і інш.) мовы. Адна з галоўных мэт усёй нашай адукацыйнай сістэмы палягае менавіта ў тым, каб кожны адукаваны чалавек авалодаў літаратурнымі нормамі мовы ўжо ў сярэдняй школе, таму на ўрокі, звязанымі з вывучэннем мовы і мастацкай літаратуры як узорнай на гэтай мове, адводзіцца больш за ўсё гадзін. Але і надалей грамадства ўлічвае веданне літаратурнай мовы, бо пры паступленні ў ВНУ, напрыклад, у нашай краіне на ўсе спецыяльнасці абавязкова трэба здаваць экзамен (звычайна сачыненне) па адной з дзяржаўных моў, беларускай або рускай.


З улікам таго, што наша жыццё дынамічна развіваецца ва ўсіх сваіх сферах, мова змушана, каб адэкватна адлюстроўваць усе знешнія змены таксама развівацца, мяняцца, гнутка і пластычна прыстасоўвацца да новых абставін. Таму ў кожнай жывой мове літаратурнай норме пярэчыць, уступае з ёй у канфлікт, ужыванне (або ўзус), якое пастаянна падмывае кансерватыўныя па сваёй прыродзе нормы і прыводзіць да іх змен. З гэтай нагоды акадэмічныя граматыкі і слоўнікі рэгулярна перавыдаюцца і ў перавыданнях зазначаюцца пэўныя змены літаратурных норм, у прыватнасці ў дачыненні да правапісу, арфаэпіі, некаторых граматычных, арфаграфічных, стылістычных і іншых правіл. Важнасць, істотнасць, аўтарэтэтнасць літаратурных норм і правіл у змененым выглядзе падмацоўваецца ўрадавымі пастановамі, якім папярэднічаюць разнастайныя абмеркаванні неабходнасці такіх змен моўных правіл у грамадскасці з улікам думак спецыялістаў, усіх, хто мае дачыненне да працы са словам.


Так, што тычыцца норм беларускай літаратурнай мовы, то толькі ў 20 ст. прыняты дзве ўрадавыя пастановы (1933, 1957 г.), у якіх афіцыйна зацверджаны пэўныя змены ў літаратурных нормах беларускай мовы. У моўным ужытку некаторыя літаратурныя нормы могуць існаваць у розных варыянтах, якія трэба разглядаць часам як звычайную з‘яву. Тым не менш, не ўсе ўжывальныя варыянты дапускаюцца ў маўленні, прызначаным для сацыяльнага выкарыстання, бо многія з іх з‘яўляюцца проста адхіленнямі ад літаратурнай нормы, якая і дазваляе для ўжывання толькі пэўныя варыянты. Так, беларускія формы слоў дзіця і дзіцё, паўтара і паўтары, раба і рабыня і інш. служаць варыянтамі і дапускаюць сваё раўнапраўнае ўжыванне, а ў формах слоў і словазлучэнняў пачнём і пачнем ,у паліто і паліце, сабака пабег і сабака пабегла і інш. адзначаюцца памылкі (правільна, пачнём, у паліто, сабака пабег). Для выбару правільных, дапушчальных літаратурных норм неабходна карыстацца адпаведнымі слоўнікамі, найбольш аўтарытэтныя і поўныя з якіх павінны быць настольнымі кнігамі кожнага кіраўніка.


Унутры агульнай літаратурнай нормы выдзяляюцца арфаэпічныя (правільнасць вымаўлення гукаў, слоў, выказванняў), акцэнталагічныя (правільная пастаноўка націску ў слове і ў спалучэннях слоў), лексічныя (правільны выбар слова для адпаведнага паняцця і для пэўнага кантэксту), марфалагічныя (правільнае ўтварэнне і ўжыванне словаформ), сінтаксічныя (правільнае спалучэнне слоў і пабудова сказаў у адпаведнасці з правіламі літаратурнай мовы).


Беларускія літаратурныя арфаэпічныя нормы грунтуюцца на вызначаных прынцыпах вымаўлення як асобных гукаў, так і іх спалучэнняў у межах слоў і на стыку апошніх. Напрыклад, у адрозненне ад літаратурных норм суседняй блізкароднаснай рускай мовы такі гук беларускай мовы, як ч вымаўляецца толькі цвёрда (у рускай мове – толькі мякка), гук р у беларускай мове толькі цвёрды, а ў рускай мове можы быць і цвёрдым, і мяккім; у канцы слоў беларускія губныя зычныя п, б, м вымаўляюцца толькі цвёрда, а ў рускай мове – толькі мякка (параўн.: голуб і голубь, насып і насыпь, сем і семь і да т.п.). Для беларускай літаратурнай мовы характэрны больш запаволены тэмп маўлення (гл.: Фанетыка 1983, 51 – 52) і больш выразнае вымаўленне націскных і ненаціскных галосных, чым у рускай мове, і многа іншых асаблівасцяў, засведчаных у спецыяльных працах (гл.: Янкоўскі 1966, 13 – 14).


Акцэнталагічныя нормы заснаваны на правільнай пастаноўцы націску ў слове, які служыць адначасова і фанетычнай прыкметай слова ва ўсіх мовах свету (Гумбольдт 1984, 344). Неправільная пастаноўка націску сведчыць пра недастатковую або нават нізкую культуру маўлення чалавека (параўн. неправільнае вымаўленне слоў: *кілóметр, *магáзін, *дакýмент, *адзíнаццаць і інш замест правільных норм вымаўлення кіламéтр, магазíн, дакумéнт, адзінáццаць і інш.). Складанасць акцэнталагічных норм беларускай мовы, гэтаксама як і ў рускай, палягае ў тым, што ў адрозненне ад некаторых іншых моў, дзе націск замацаваны за пэўным складам (напрыклад, у чэшскай мове – на першым складзе, у польскай – на перадапошнім, у франнцузскай – на апошнім), націск з‘яўляецца рухомым і можа служыць як для адрознення граматычных форм аднаго слова (параўн.: гýбы – губы, у першым выпадку назоўны склон множнага ліку слова губа, у другім – родны склон адзіночнага ліку прыведзенага слова), так і лексічных значэнняў слоў (параўн.: бýйны ‘неспакойны, дзёрзкі’ і буйны ‘выдатны, значны’ і інш.). Тым не менш, літаратурныя нормы беларускай мовы для некаторых слоў дапускаюць варыянтны націск (жыхар і жыхáр, лáскавы і ласкáвы, надáлей і надалéй і інш). Фактычна ўсе слоўнікі беларускай мовы прыводзяць лексемы з неабходнымі акцэнтнымі прыкметамі, якія трэба лічыць нарматыўнымі, правільнымі.


Марфалагічныя нормы беларускай мовы, згодна з якімі ўтвараюцца розныя формы зыходнага слова, з‘яўляюцца больш стабільнымі, чым акцэнталагічныя, але таксама могуць парушацца недасведчанымі асобамі, людзьмі з нізкай моўнай культурай, а таксама пад уплывам рускай мовы ці дыялектаў беларускай мовы нават адукаванымі носьбітамі мовы. Так, для беларускай літаратурнай мовы ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду назоўнікаў вызначаюцца правілы вымаўлення (напісання) ці канчатак –а, ці канчатак –у (у прыватнасці канчатак –а характэрны для канкрэтных назоўнікаў тыпу стала, дуба, алоўка і да т.п., а таксама назваў жывых істот, найменняў устаноў, прамежкаў часу, адзінак вымярэння і інш., а канчатак –у для абстрактных назоўнікаў тыпу розуму, характару, ідэалу і да т.п., а таксама для найменняў рэчываў, месца, памеру, навуковых тэорый і інш).


Сінтаксічныя нормы рэгулююць правільнае спалучэнне лексем у словазлучэнні, у сказы і вынікаюць як з граматычных асаблівасцяў асобных беларускіх слоў, так і з прыдатных беларускай мове мадэляў словазлучэнняў і сказаў. Напрыклад, у беларускай мове дзеяслоў дзякаваць спалучаецца з субстантывамі ў давальным склоне (дзякаваць сябру, дзякаваць дзяўчыне і да т.п.), у той час як рускі адпаведнік благодарить – з назоўнікамі ў вінавальным склоне. Безасабовыя пасіўныя канструкцыі характэрны ў беларускай літаратурнай мове для неадушаўлёных назоўнікаў (параўн.: Ветрам зваліла альху і да т.п.), але не характэрны для адушаўлёных прадметаў (параўн.: неправільна *Лесніком зваліла альху і інш.).


Адэкватны выбар слоў для пэўных сітуацый і кантэкстаў рэгулюецца лексічнымі нормамі, якія, аднак, з‘яўляюцца менш стабільнымі і распрацаванымі, чым іншыя нормы, бо грунтуюцца не на фармальных падставах, а на тонкіх семантычных і стылістычных адценнях слоў. Нельга, напрыклад, спалучаць рознастылёвую лексіку (параўн.: кагорта мужыкоў, сенатары раўлі і да т.п недарэчна ўжываць русізмы ў беларускай літаратурнай мове (параўн.: недахват кармоў, правільна недахоп кармоў і да т.п.).



3. Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення


Дакладнасць маўлення палягае ў сэнсавай адпаведнасці яе асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям аб іх, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках. Дакладнасць звязана з правільнасцю маўлення, непасрэдна з семантыкай моўных адзінак, лексічнымі і сінтаксічнымі нормамі (параўн.: Лепешаў 1989, 76). Асабліва асцярожна і ўмела трэба выкарыстоўваць шматзначныя словы, не блытаць паронімы тыпу абагульніць і абагуліць, гліняны і гліністы і да т.п. (абагульніць можна толькі думкі, факты, меркаванні і іншыя адцягненыя паняцці, а абагуліць -- прылады працы, свойскую жывёлу, мэблю і іншыя канкрэтныя прадметы), размяжоўваць сінонімы (так, сінанімічныя словы зачыніць і закрыць спалучаюцца з рознымі назоўнікамі, першыя, у прыватнасці, з назоўнікамі тыпу дзверы, вароты і да т.п., другое – з назоўнікамі тыпу вочы, твар і да т.п.).


Для афіцыйна-дзелавога і навуковага стылю дакладнасць служыць абавязковым атрыбутам: гэтаму спрыяюць і, як правіла, адназначная лексіка дадзеных стыляў, шматстайныя гатовыя для ўжывання ўстойлівыя звароты, выразы, стандартныя структуры сказаў, адсутнасць эліптычных канструкцый, і, магчыма, самае галоўнае, наяўнасць добра ўсвядомленых, старанна падрыхтава-ных паняццяў, думак, суджэнняў.


Дакладнасць служыць абавязковым кампанентам лагічнасці, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання. Такім чынам, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксіса. Лагічныя сувязі рэалізуюцца адпаведнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, у якіх значную ролю адыгрываюць складаныя злучнікі тыпу, таму што, калі, то, раз, так, як толькі, дык і інш.; парадкам слоў (параўн.: Дзень змяняе ноч, Маці любіць дзіця і да т.п. – на першым месцы знаходзіцца звычайна суб‘ект дзеяння, які, аднак , у пэўных кантэкстах можа быць і аб’ектам; напрыклад, Маці любіць дзіця, а бацьку любіць маці і да т.п.). Лагічнасць праяўляецца таксама ў адпаведнасці выказвання тым або іншым падзеям, з‘явам, фактам знешняй рэчаіснасці, у адэкватнасці думкам, паняццям, суджэнням. Лагічнасць павінна прымяняцца і па-за межамі сказа да выступленняў, дакладаў, артыкулаў і г.д., якія звычайна будуюцца па лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) – асноўная частка – заключэнне. Да таго ж асноўныя палажэнні кожнай такой часткі павінны арганічна і лагічна звязвацца паміж сабой.


Дарэчнасць маўлення павінна непасрэдна нітавацца з дакладнасцю і лагічнасцю і яе сутнасць заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі, або кантэксту, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аудыторыі (слухачоў, чытачоў, іх узросту, прафесіі, адукаванасці, полу, настрою, месцу жыхарства і іншым асаблівасцям), выбранаму стылю маўлення, часу і варункам зносін. Недарэчна ўжываць у сяброўскай размове кніжныя, афіцыйна-дзелавыя выразы, і наадварот, у афіцыйна-дзелавым, навуковым стылях – гутарковыя ці прастамоўныя словы, бо гэта можа сведчыць не толькі пра нізкую культуру маўлення, але і выклікаць недавер у слухача (слухачоў) да выказанай інфармацыі.




4. Чысціня, выразнасць і багацце маўлення


Чысціня маўлення, якое выкарыстоўваецца ў сацыяльным асяродку, у афіцыйных умовах, забяспечваецца найперш адсутнасцю ў ім чужародных літаратурнай мове элементаў, адсутнасцю ў ім паразітычных гукаў і слоў (тыпу, гм, э-э-э, ну, так сказаць, як яго, гэта самае, значыцца і да т.п.), мясцовых слоў, ці дыялектызмаў, прастамоўных лексем і выразаў тыпу быдта, адылі, було, ыгы, глядзь, скапыціцца, мянціць языком, перці пехадралам і да т.п., плеаназмаў і таўталогій тыпу ў верасні месяцу, шэсць штук сталоў, пяць чалавек студэнтаў, поўнасцю запоўнены і да т.п., жарганізмаў тыпу хіла, клёва, філон, здаць хвасты і інш., безпадстаўна ўжытых запазычаных слоў і варварызмаў тыпу о-кэй, стрыт, хаўбек, чао і інш., канцэлярызмаў тыпу як абстаіць справа, скласці мерапрыемства і інш., русізмаў тыпу вучыцель, сражэнне і інш., наватвораў і аказіяналізмаў тыпу ажыгуліўся ‘купіў аўтамабіль Жыгулі’ аступеніўся ‘стаў кандыдатам навук’ і інш., шматкампанентных скарачэнняў і абрэвіятур тыпу Белмаслатлушчснабзбыткантора і інш.


Багацце маўлення лучыцца перадусім з разнастайнасцю ўжытых моўных сродкаў і з як можна радзейшым паўтарэннем адных і тых жа слоў і выразаў, асабліва паўтораў нематываваных, бо абмежаваныя моўныя сродкі, іх паўторнае выкарыстанне сведчаць пра беднасць не толькі маўленчых патэнцый аўтара, але і пра невялікі запас думак, пра слабыя інтэлектуальныя здольнасці прамоўцы. Выказванне ж адной і той жа думкі рознымі і шматстайнымі моўнымі сродкамі, як правіла, з‘яўляецца вынікам яе многааспектнай і глыбокай асэнсаванасці, добрай засвоенасці, служыць надзейнай падставай для таго, каб вытлумачыць яе ясна, зразумела, данесці па-рознаму ў залежнасці ад складу адрасатаў, аудыторыі.


Беларуская мова надзвычай багата сінонімамі, якія разнастайна характарызуюць найбольш істотныя для нашага жыцця з‘явы, рэаліі і паняццш аб іх. Так, для паняцця, звязанага з гаварэннем, выдзяляецца 73 розных сінонімы (параўн.: казаць, размаўляць, гутарыць, гаманіць, мармытыць, балбатаць, балабоніць, субяседнічаць, чаўпці, вярзці і г.д.), з паняццем ‘добра’ -- 70 розных слоў (параўн.: неблагі, станоўчы, дасканалы, варты, выдатны, бездакорны, прыстойны, ладны, дыхтоўны, файны, адменны і інш.), з паняццем ‘многа’ -- 66 розных сінонімаў (параўн.: шмат, безліч, цьма, навалам, нямала, па горла, хоць адбаўляй і інш.), а з паняццем ‘хутка’ – 126 розных слоў (гл.: Клышка 1993).


У трохтомным руска-беларускім слоўніку для характарыстыкі, тлумачэння, перакладу 110 000 зыходных рускіх лексем выкарыстана звыш 300 000 розных беларускіх слоў (Русско-белорусский словарь 1993, т.1, 6), што сведчыць пра надзвычай вялікі лексічны запас беларускай мовы, асабліва калі ўлічыць, што ў згаданы слоўнік не ўключаны мільёны спецыяльных слоў (многія дыялектызмы, тапонімы, уласныя імёны, тэрміны і інш.)


Зразумела, гэта не значыць, што, напрыклад, кіраўнік здольны выкарыстаць усё багацце мовы, бо нават у самых прызнаных майстроў слова, пісьменнікаў, паэтаў, па дадзеных спецыяльных лінгвістычных даследаванняў, адзначаецца прыблізна каля 10 – 15% агульнаўжывальнай лексікі адпаведный мовы (напрыклад, у творчасці вядомага рускага паэта С.Ясеніна налічваецца 18 900 розных слоў, у моўнай скарбонцы беларускага паэта і пісьменніка Я..Коласа – каля 37 000 розных слоў). Аднак у сваім маўленні трэба імкнуцца, каб наяўны ў адукаванага носьбіта мовы слоўнікавы склад (каля 10 – 15 тысяч розных лексем) актыўна выкарыстоўваўся ў яго маўленчай дзейнасці ва ўсёй сваёй разнастайнасці і паўнаце.


Выразнасць маўлення звязана з нагляднасцю, вобразнасцю, малюнкавасцю вербальнага афармлення думак і забяспечваецца дарэчным, умелым ужываннем такіх стылістычных сродкаў, як эпітэты, метафары, параўнанні, фразеалагізмы, парэміі (прыказкі, прымаўкі), перыфразы і інш., каб аптымальна і яскрава данесці да адрасатаў неабходную думку. Фанетычныя і сінтаксічныя сродкі выразнасці вызначаюцца выкарыстаннем усіх інтанацыйных характарыстык маўлення, адпаведнай яснай дыкцыі, рэкамендава-ных літаратурных норм вымаўлення і асобных гукаў, і іх спалучэнняў, ужываннем правільных канструкцый спалучэння слоў і канструкцый сказаў. Усе гэтыя сродкі найбольш поўна праяўляюцца ў зазначаных вышэй стылях: мастацкі, публіцыстычны, у меншай ступені гутарковы. У навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях экспрэсія можа тычыцца такіх іх жанраў, як дыскусія, палеміка, лекцыя, вуснае выступленне, рэцэнзія і інш., дзе патрабуецца ацэначная характарыстыка актуальных думак, пытанняў, палажэнняў, што абмяркоўваюцца ў вусных паведамленнях ці публікацыях.


Выразнасць маўлення мае на мэце прыцягваць увагу і інтарэс слухача і падтрымліваць іх увесь час на належным узроўні (гл.: Головин 1980, 186), што дапамагае аптымальна ўспрымаць неабходную інфармацыю. У значнай ступені акрэсленасць думкі вызначаецца кантэкстам, парадкам слоў (параўн. розны сэнс у выразах, якія складаюцца з адных і тых жа слоў: дзесяць чалавек і чалавек дзесяць; Ён проста жыў і Ён жыў проста і г.д.), лагічным ці акцэнталагічным выдзяленнем найбольш важных, значных і актуальных частак выказвання, удалым кампазіцыйным размеркаваннем інфармацыйнага матэрыялу ў выступленні ці публікацыі. Выразнасці цяжка дасягнуць, калі прамоўца гаворыць па паперцы, чытае напісанае. Галоўнай перадумовай экспрэсіўнага маўлення служыць самастойнасць мыслення чалавека, максімальнае праяўленне індывідуальнасці сваёй натуры, цесны кантакт з аўдыторыяй, інтарэс аўтара да выказанага паведамлення, поўная рэалізацыя свайго інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу (не адкладваць на потым тыя ці іншыя думкі, ацэнкі, сродкі іх выражэння і г.д.), і, зразумела, актыўнае выкарыстанне ўсіх моўных сродкаў выразнасці: і фанетычных, і лексічных, і марфалагічных, і фразеалагічных, і сінтаксічных, і стылістычных, і кантэкстуальных.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Браим И. Культура делового общения. Мн., ИП Эко перспектива 1998, 174 с.


2. Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Мн., Універсітэцкае, 1992, 255 с.


3. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. –240 с.


4. Вечер Л.С. Секреты делового общения. Мн., Вышэйшая школа, 1996. 367 с.


5. Головин Б.Н. Основы культуры речи. М., Высшая школа, 1980. 335 с.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Культура маўлення кіраўніка

Слов:4479
Символов:35068
Размер:68.49 Кб.