Вобраз Ганны Палесская хроніка І. Мележа. другое 2
Жаночы вобраз у беларускай літаратуры мае адносна невялікую гісторыю. Стварэнне паўнавартаснага жаночага вобраза звычайна звязваецца з літаратурай навейшага часу і асабліва тым перыядам яе развіцця, які прынята вызначаць як перыяд станаўлення беларускага рамана. Вялікая роля ў гэтым належыць Івану Мележу, які ў сваёй "Палескай хроніцы" стварыў запамінальны вобраз Ганны Чарнушкі. Галоўная заслуга аўтара заключаецца ў тым, што вясковая дзяўчына паўстае перад намі не як нейкі этнаграфічна-лубачны ўзор беларускай сялянкі, а як жывы, рухомы характар. На месца жанчыны-калгасніцы, жанчыны-змагаркі (чым грашыла наша літаратура да I. Мележа) прыходзіць жанчына-маці, якая прагне чалавечага кахання і любові. І таму твор I. Мележа, які адлюстроўвае жанчыну ў яе прыроднай сутнасці, мае такі вялікі поспех. Ганна славілася на ўсё наваколле сваёй гарэзлівасцю і прыгажосцю. I. Мележ параўноўвае яе з рабінай: "I неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвык пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: "Глядзі ты!.." Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна". Прырода адарыла Ганну не толькі знешняй, бачнай кожнаму прыгажосцю, але і духоўным хараством, якое можа адкрыцца толькі блізкаму, роднаснаму чалавеку. І таму пошук гэтай роднасці душ складае асноўны напрамак яе духоўнага развіцця. У сваіх учынках Ганна не кіруецца карыслівасцю, прагматычнымі мэтамі. Яна жыве сэрцам і пазбаўлена халоднага разліку. На старонках твора Ганна часта паказваецца ў такіх сітуацыях, дзе выяўляюцца гэтыя рысы яе характару. Яна жыве па прынцыпе: "Ніколі не рабіце іншым таго, чаго не хацелі б вы, каб вам рабілі іншыя". Таму яе здольнасць чуйна адклікацца на чужы боль, падтрымліваць у цяжкую хвіліну іншых успрымаецца намі не як штосьці штучнае, напускное, а як глыбінная сутнасць характару гераіні. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтым адыграла яе звыкласць з маленства да цяжкай сялянскай працы, дзе ёй не было роўных. Нездарма ж яшчэ Эпікур сцвярджаў, шта чалавек працы мае самую чыстую душу. І ў рамане Ганну мы бачым у асноўным за працай: на сенажаці, у полі з сярпом у руках, кала малатарні у Карчоў, у ягадах, на копцы бульбы, у клопатах па гаспад
арцы. Найбольш жа яскрава раскрываецца душэўная прыгажосць Ганны ў адносінах да Васіля, якога пакахала яна пяшчотна, шчыра і самааддана. Яна марыць аб простым чалавечым шчасці — кахаць і быць каханай. Але гэтыя высокія пачуцці разбіваюцца аб халоднае каменне рэчаіснасці. Першае каханне, трапяткое, нясмелае і ў нечым сляпое (а таму і шчырае) пачуццё, з самага пачатку абразіў той, на каго яно было скіравана, — Васіль. Паверыўшы чужым языкам, а не каханай дзяўчыне, ен растаптаў усё тое светлае і прыгожае, што існавала паміж імі. І Ганна ў хвіліну нясцерпнай абразы і пякучага болю прымае рашэнне звязаць свой далейшы лёс з Яўхімам. Ганна — дачка свайго часу, і ў гэты трагічны момант яна кіруецца не голасам сэрца, а спрадвечна сялянскім "сцерпіцца — злюбіцца". Пераадоленне гэтага разрыву паміж марай і явай стварае асноўны накірунак далейшых духоўных пошукаў гераіні. Чым даўжэй яна жяве ў сям'і Глушакоў, тым большыя памеры набывае гэты разрыў і тым глыбей, выразней разумее Ганна ўсю жахлівасць свайго становішча — становішча жонкі-рабыні, якая павінна толькі працаваць ад усходу да захаду сонца, дагаджаць мужу, нараджаць дзяцей і цярпліва зносіць усе здзекі і абразы. Глухія Глушакі да ўсяго, што не тычыцца іхняй прагі да ўзбагачэння. Стары Глушак прымушае Ганну ехаць на сенакос разам з Верачкай, дзе тая захварэла і неўзабаве памерла. "Бог даў — бог узяў", — вось рэакцыя Глушакоў на смерць дзіцяці. Безумоўна, гэты жахлівы выпадак не мог не прывесці Ганну да душэўнага зрыву, надлому. Яна не можа больш жыць побач з такімі "сваякамі", нялюбым мужам. Рэчаіснасць адпомсціла Ганне за здраду светлым марам. Але жыццё не скончана, яно працягваецца, узыходзячы ва новую ступень развіцця. Ганна пакідае сям'ю Глушакоў і ідзе працаваць у школу (да настаўніцы Параскі), якая становіцца часовым прыстанішчам на яе далейшым жыццёвым шляху. Лёс Ганны склаўся нялёгка. Надзеі на вяртанне былога кахання не апраўдаліся (Васіль застаўся з зямлёй), зварот у бацькоўскую хату душэўнага спакою не прынёс, пасля сустрэч з Башлыковым засталіся прыкрасць і горкая агіда... Вобраз Ганны можна лічыць першым паўнавартасным жаночым вобразам у нашай літаратуры. Заслуга I. Мележа ў тым, што ён на першае месца вылучае духоўны свет жанчыны ва ўсіх складанасцях яго развіцця: ад радасцей першага кахання да жорсткіх рэалій рэчаіснасці.