Камедыя "Пiнская шляхта" — выдатнае дасягненне беларускай нацыянальнай драматургii. Значны ўплыў на стварэнне камедыi аказала паўстанне 1863-1864 гг., да якога В. Дунiн-Марцiнкевiч аднёсся насцярожана, з пункту гледжання шляхецкай дэмакратыi. Няма падстаў лiчыць яго актыўным удзельнiкам тых падзей, аднак яны не маглi не паўплываць на далейшы жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка. Больш за год В. Дунiн-Марцiнкевiч знаходзiцца пад следствам у мiнскай турме, а яго старэйшую дачку за ўдзел у паўстаннi саслалi ў Сiбiр. I таму камедыя рэзка адрознiваецца ад папярэднiх твораў (п'есы "Сялянка", паэмы "Гапон"). У ёй назiраецца ўжо iншы падыход аўтара да шляхты (учарашнiх бунтаўшчыкоў), да прадстаўнiкоў царскай улады — палiцэйскiх, судовых чыноўнiкаў, следчых. Цэлая армiя iх была прыслана ў Беларусь праводзiць палiтыку "православия, народности", палiтыку прышчаплення вялiкадзяржаўнай iдэi самаўладства. Дзеянне ў "Пiнскай шляхце" адбываецца ў адным з глухiх палескiх засценкаў Пiнскага павета, дзе ўсе лiчаць сябе шляхцiцамi, дваровымi. Двое "шляхцiчаў" Iван Цюхай-Лiпскi i Цiхон Пратасавiцкi пасварылiся i нават пабiлiся з-за таго, што адзiн абазваў другога мужыком. За гэту вялiкую "абразу" Лiпскi падае на Пратасавiцкага ў суд. На разгляд справы ў закiнуты мядзведжы куток прыязджае станавы прыстаў Кручкоў з пiсарам Пiсулькiным. Каб больш яскрава паказаць тыповыя рысы "судовых людзей", В. Дунiн-Марцiнкевiч уводзiць у п'есу сцэну судовага пасяджэння, якая ўспрымаецца як вострая пародыя на царскi суд. Кручкоў не судзiць, а камандуе, загадвае, адным словам, распараджаецца ў судзе, як яму толькi ўздумаецца. "Найяснейшая карона" пускае ў ход усе свае здольнасцi: корчыць сур'ёзную фiзiяномiю, адзiн вус ставiць угору, а другi — унiз, спасылаецца на неiснуючыя законы, указы, дапускае такiя сцвярджэннi, ад якiх у вачах цёмна робiцца. Так, ён сцвярджае, што iмператрыца Лiзавета Пятроўна выдавала свае ўказы ў 1893 г., у той час як сам герой дзейнiчае ў 60-х гг. XIX ст. Па Кручкову, у красавiку налiчваецца 49 дзён, у вераснi - 75, у кастрычнiку - 45. I гэту бязглуздзiцу з увагай слухае шляхта (былое рыцарства польскiх каралёў i феадалаў). Яна нават прыходзiць у захапленне ад юрыдычных здольнасцей прыстава. Гэтым аўтар высмейвае не толькi тупасць, нахабства, самавольства Кручкова, але i невуцтва, адсталасць правiнцыяльнай шляхты, якая нават не ведае летазлiчэння, веку i году, у якiм жыве. На думку В. Дунiна-Марцiнкевiча, шляхта перарадзiлася ў саслоўе, якое толькi аддалена (хутчэй па прэтэнзiях i амбiцыях) нагадвае панства. На самой жа