РефератыОстальные рефератыВоВобраз дзядзькі Антося ў паэме Якуба Коласа Новая зямля.

Вобраз дзядзькі Антося ў паэме Якуба Коласа Новая зямля.

Адным з прыцягальных і захапляльных вобразаў паэмы "Новая зямля" з'яўляецца вобраз дзядзькі Антося. Дзядзька Антось — увасабленне сілы і таленту простых людзей з народа. Вызначальнымі яго рысамі з'яўляюцца бязмежная дабрыня, спагадлівасць, шчырасць, ветлівасць, дапытлівасць, лёгкая іронія ў стаўленні да жыццёвых праяў. Яны раскрываюцца ва ўчынках, паводзінах героя і нават яго партрэтнай характарыстыцы:


Ён невысок, не надта ёмак, Ды карчавіты і няўломак, А волас мае цёмна-русы, І зухаўскія яго вусы У меру доўгі, густаваты, Угору чуць канцы падняты; А вочы шэры,невялічкі, Глядзяць прыветна, як сунічкі, Але раптоўна і адразу Не расчытаеш іх выразу: То смех, то хітрасць з іх бліскае, То дабрата, але якая!


Антось — камунікабельны, цікаўны да ўсяго чалавек. Варта прыгадаць ягоныя мімалётныя знаёмствы з "вакзальным сторажам" са Стоўбцаў або з Грышкам Верасам з Вільні, які, як і дзядзька, гатовы дапамагчы незнаёмаму чалавеку ў бядзе. Асабістае жыццё дзядзькі Антося склалася не вельмі ўдала: не знайшлося "ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны, каб палучыць дзве палавіны, каб разам шчасце здабываць і поруч долю падзяляць". Наста, якую шчыра кахаў, здрадзіла яму і выйшла замуж за другога. Аднак Антось не замкнуўся ў сабе, не ачарсцвеў да людзей, не стаў ссохлай галінай на дрэве жыцця. Наадварот, ён, як ніхто іншы з герояў паэмы, цікавіцца жыццём ва ўсіх яго праявах. Больш за тое, ён зрабіўся найлепшым прыяцелем братавых дзяцей, якія, адчуваючы дзядзькаву дабрыню, шчырасць і павагу да іх, цягнуцца да яго з усёй сваёй дзіцячай непасрэднасцю. Дзядзька Антось для дзяцей — самы галоўны дарадца, суддзя і настаўнік, які вучыць іх разумець вялікую, таямнічую і прыгожую кнігу прыроды. Калі ж Антось часам і спрачаўся з дзецьмі, то "як роўны з роўнымі трымаўся". Ды і сама Антосева натура чымсьці яшчэ па-дзіцячы наіўная і шчырая. Дзядзька Антось ахвярны чалавек, які ўмее жыць дзеля іншых

. Фактычна на ягоных плячах ляжыць уся братава гаспадарка і выхаванне дзяцей. Але нават і пробліску незадаволенасці не выказвае герой твора. Праца для яго — такая ж натуральная з'ява, як штодзённы ўзыход сонца. Праца корміць Антося і дае яму сілу і натхненне. Таму ён "заложна і цярпліва ў зямлю ўкладваў свае сілы", таму:


Што ні замысліць, то ўсё зробіць, І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. І ўсё выразна гаварыла, Што ён не толькі гаспадар, Але й прыроджаны штукар, Якіх на свеце не так многа.


Антось паўстае перад намі як чалавек чулай і шырокай душы, які жыве ў міры і згодзе з людзьмі і прыродай. Калі ён трапляе ў Вільню, то шумны і мітуслівы горад выклікае ў ім пачуццё нейкай варожасці, разгубленасці і бездапаможнасці. Яму, які ні хвіліны ў жыцці не прасядзеў склаўшы рукі, гарадскі "вэрхал" здаецца непатрэбным. Яшчэ больш узрастае ў ім гэта пачуццё пасля знаёмства з бессаромнымі чыноўнікамі ў зямельным банку. І на чыноўніцкую пагарду да простага чалавека, хай сабе і ў думках, ён адказвае панам сваёй пагардай: "Няхай цябе водзяць сляпога, як водзіш ты за нос другога". Горад з яго вузкімі і крывымі вулкамі, грукатам, мітуснёй, адсутнасцю прыветлівых твараў і пагардаю панства да простага чалавека выклікаў у дзядзькі Антося моцны выбух злосці. Аднак той жа Антось, гледзячы на горад з Замкавай гары, любуецца яго забудовай, але ж найбольш раздоллем далёкіх палёў, палоскамі нівак. І ў гэтым — уся вольналюбівая натура Антося: горад, штучнае ўтварэнне, бянтэжыць яго, бо абмяжоўвае "палёт думак". Антось жа прывык да "палёў, задумаю спавітых", дзе адчуваў сябе гаспадаром. І наўрад ці атрымаўся б вобраз Антося такім жывым і праўдзівым, калі б герой быў паказаны ў няспыннай сялянскай працы. Старонкі паэмы, прысвечаныя дзядзьку Антосю, як і тыя раздзелы, дзе свет паказваецца ва ўспрыняцці дзяцей, — адны з самых запамінальных і прачулых.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Вобраз дзядзькі Антося ў паэме Якуба Коласа Новая зямля.

Слов:584
Символов:3913
Размер:7.64 Кб.