Першыя творы В. Дунiна-Марцiнкевiча былi вытрыманы ў духу сентыменталiзму. Для iх характэрна iдэалiзаванае адлюстраванне жыцця вёскi, пiльная ўвага да душэўных перажыванняў герояў, заклiк да чалавечнасцi, стварэнне вобразаў добрых памешчыкаў. Аб гэтым сведчыць i раннi твор пiсьменнiка — паэма "Гапон". Заснаваная на праўдзiвым здарэннi, паэма раскрывае калiзii кахання маладога селянiна Гапона да Кацярыны. Складаецца твор з 4 раздзелаў-песень, у якiх раскрываюцца разнастайныя аспекты жыцця герояў. Найбольш яркi — першы раздзел, дзе апiсваецца вечарынка ў карчме. Сярод прысутных найбольш вылучаецца Гапон, "зух дзяцiна", якi ўмее не толькi хораша танцаваць, але i "пастаяць за сваiх": ён не хаваецца, а з калом у руках баронiцца ад аканомавых паслугачоў. Гэтым учынкам В. Дунiн-Марцiнкевiч падкрэслiў смеласць, рашучасць характару Гапона, яго ўменне выступiць у абарону сяброў i сваёй чалавечай годнасцi. У другiм раздзеле, iдэя якога выказана эпiграфам "над сiратою бог з калiтою", расказваецца пра жыццё Кацярыны пасля таго, як Гапона за бунт, непакору i агiтацыю сярод сялянскай моладзi супраць рэкрутчыны аддалi ў салдаты. Працавiтую, кемлiвую, здольную дзяўчыну ўпадабаў аканом — заядлы прыгоннiк, хлуслiвы i амаральны чалавек. Пра паклёп на Гапона, узведзены бессаромным аканомам, даведваецца старая панi. Яна выганяе акан
А панi - не панi, мацi! Маўляў роднаму дзiцяцi, Прыгожы пасаг дала, Радасна слёзку ўранiла, Маладых благаславiла, Сама к вянцу павяла.
Дабро, такiм чынам, перамагае зло. Заканчваецца паэма сцэнай вяселля, якое аўтар апiсвае дасканала, вельмi каларытна i падрабязна. Канфлiкт памiж сялянамi i панамi, як бачна з паэмы, вырашаецца шляхам усталявання гарманiчных, гуманных адносiн памiж iмi. Вiну ж за душэўную чэрствасць, жорсткасць, цяжкае становiшча сялян аўтар ускладае не на паноў, а на iх паслугачоў — аканомаў (дарэчы, у п'есе "Сялянка" такiм з'яўляецца аканом Выкрутач, паўнапраўны гаспадар у маёнтку Лятальскага). Паэма "Гапон" вылучаецца майстэрствам В. Дунiна-Марцiнкевiча ў паказе сялянскага побыту, добрым веданнем, вуснай народнай творчасцi i ўменнем арганiчна ўвесцi яе ў твор у выглядзе песень, прыпевак, трапных народных выслоўяў.