Драматычныя творы Кандрата Крапівы атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Творчасць пісьменніка складае залаты фонд гісторыі тэатральнай культуры, з'яўляецца школай мастацкага майстэрства для многіх беларускіх драматургаў. Найбольш вядомай і папулярнай п'есай К. Крапівы стала камедыя "Хто смяецца апошнім", якая адлюстроўвае атмасферу, што панавала ў краіне ў 1937—1938 гг. Дзеянне камедыі разгортваецца ў навукова-даследчым інстытуце геалогіі, дзе дырэктарам з'яўляецца Гарлахвацкі. Да навукі дырэктар не мае ніякага дачынення: на пасаду кіраўніка інстытута яму дапамаглі ўладкавацца "сябры", выдаўшы фальшывую даведку. Гарлахвацкі адчувае сябе ў інстытуце, як рыба ў рацэ. Як гаспадар становішча, Гарлахвацкі тэрарызуе, шальмуе, запалохвае сумленных вучоных, хапаючы іх мёртвай хваткай (зусім невыпадкова драматург дае яму прозвішча Гарлахвацкі). Асабліва актыўнай стала яго дзейнасць пасля таго, як у інстытут прыйшла папера з патрабаваннем прадставіць спіс навуковых прац дырэктара. Не маючы ніводнай, Гарлахвацкі спрабуе выратаваць сваю шкуру шляхам шантажу, подкупа, пагроз, паклёпаў. І вось з яго лёгкай рукі былы настаўнік Варонежскай гімназіі Туляга раптам становіцца дзянікінскім палкоўнікам, асістэнтка Вера Міхайлаўна — распусніцай і амаральнай асобай, прафесар Чарнавус — здраднікам, ворагам народа, за што адхіляецца ад чытання лекцый, кніга яго здымаецца з выдавецкага плана, а над дачкой-студэнткай навісае пагроза выключэння з інстытута. Запалоханага Тулягу Гарлахвацкі прымушае напісаць за яго навуковы даклад. Невуцтва і шарлатанства Гарлахвацкага поўнасцю выкрываюцца ў канціы п'есы, калі на вучоным савеце слухаецца даклад "Новы від дагістарычнай жывёліны". З сур'ёзным выглядам абараняе дырэктар тэорыю аб мамантавай свінні, напісаную Тулягам. Вобраз "свінтуса грандыёзуса", праўда, асацыіруецца не з дагістарычнай жывёлінай, а з самім Гарлахвацкім. У дасягненні жаданай мэты Гарлахвацкаму дапамагае малодшы навуковы супрацоўнік Зёлкін — падхалім і пляткар. Ён з'яўляецца правай рукой Гарлахвацкага, надзейным яго паслужнікам, які, як шкоднае зелле, атручвае вакол сябе атмасферу, сее падазронасць і недавер сярод вучоных. Не маючы здольнасцей да навукі, пазбаўлены прынцыповасці, Зёлкін можа неймаверна раздзьмуць кожную дробязь, адшукаць у выпадковым, сказаным без усялякага прыхаванага намеру слове небяспечны палітычны сэнс. Варта было яму пачуць што-небудзь дрэннае аб сваім знаёмым, як сумленны чалавек станавіўся ворагам нар