Доўгі час думала і я, як думалі мае некаторыя знаёмыя, што беларуская паэзія адрозніваецца ад рускай сваёй апісальнасцю, бытавізмам, блізкасцю да фальклору. Але ўважліва перачытала многія творы Багдановіча і пераканалася, што ёсць у нас і паэзія думкі (формула А.С.Пушкіна) — адточаная па форме, аналітычная, афарыстычная, якая ўздымаецца на вышыню абагульнення жыццёвых з'яў, робіць слушныя вывады з назіранняў над рэчаіснасцю. У такой паэзіі свой — доказны — стыль. У ёй пераважае думка над пачуццём. Яна мае пераважна літаратурны, а не фальклорны характар. Сапраўдным стваральнікам філасофскай лірыкі ў нашай нацыянальнай літаратуры і стаў Максім Багдановіч. Не Дунін-Марцінкевіч, не Францішак Багушэвіч, а менавіта гэты «бальны, бесскрыдлаты» паэт. Прычын гэтаму некалькі. Першая крыецца, на маю думку, у асобе, характары, тэмпераменце самога мастака слова. Ён — аналітык ад прыроды. Так было яму наканавана: прадчуванне ранняй смерці, нагаданае і падказанае смерцю маці, брата Вадзіма, мачыхі, якую так любіў; перажыванне сваёй «другараднасці» і нават непаўнацэннасці параўнальна з іншымі, здаравейшымі, весялейшымі, чым ён, юнакамі; непрыняцце пачуцця кахання Аняй Гапановіч, для якой нават пераклаў на рускую мову вершы з «Вянка» пад загалоўкам «Зеленя»; непаразуменне з боку бацькі, які не прызнаваў сынаву таленавітасць і беларускасць. Колькі прычын для расчаравання, роздуму над нейкай неўраўнаважанасцю і недасканаласцю жыцця, над змрочнасцю з'яў у прыродзе і чалавечых узаемаадносінах! Але больш за ўсё прыгнятала паэта адарванасць ад Радзімы. Так хацелася даплысці да берага краіны-браначкі, а абставіны прымушалі заставацца ў Паволжы. I ўсё адзначанае разам наводзіла на роздум, часцей маркотны, але, было, і радасны, пра часовасць чалавечага існавання, магільны змрок, які чакае кожнага, жыццё і смерць, вечны рух прыроды і чалавецтва да абнаўлення. Маркотнаму настрою адпавядалі сумныя радкі элегіі «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». Зразаюць. Ну і што з гэтага? Мала хто задумваецца над падобным, ды і многімі іншымі такімі ж фактамі. А Багдановіч задумаўся. Як я ўяўляю, прыпыніўся каля напалову аголеных дрэваў. Паспачуваў таполям — гэта ж з іх, жывых, па-жывому, здымаецца адзенне. Параўнаў гэту сітуацыю з іншымі падобнымі працэсамі і, узрушаны, напісаў пра асноўную заканамернасць жыцця — яго вечнае імкненне да абнаўлення: Зразаюць галіны таполі адну за адной... Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца, Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной Магло бы хутчэй развівацца. Мне запомніліся радкі сучаснага Пушкіну паэта-філосафа Яўгенія Баратынскага з яго верша «Смерць» пра тое, што смерць «даёт пределы» раслінам, стварае такую сітуацыю на зямлі, што жыццё не заглушаецца самім сабой, абнаўляецца смерцю. Такім сама дыялектыкам быў і класік нашай нацыянальнай літара
туры. Першая частка названага верша яго — філасофскае разважанне пра рух жыцця наперад праз пераадоленне смерці. Але паэт жыў у час новага нацыянальнага адраджэння. Ужо не мог стрымаць цар са сваімі памагатымі развіццё нацыянальнай свядомасці на ўскраінах сваёй імперыі. Выдавалася беларуская газета «Наша ніва». Друкаваліся, нарэшце, кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў на беларускай мове ў Пецярбургу і Вільні. Максім Кніжнік бачыў усё гэта і падвёў навуковую аснову пад такі працэс (таксама ж абнаўленне!) у філасофскай элегіі. Другая частка твора з чатырох радкоў напісана ў форме закліку да народа, братоў паўстаць у абарону Радзімы, аддаць пры патрэбе свае жыцці за яе адраджэнне. Мужна, публіцыстычна, заклікава гучаць радкі твора: Таварышы-брацця! Калі наша родзіна-маць Ў змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы, — Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй аддаць, Без скаргі палеч у магілы?! Заканачваецца твор-роздум і твор-заклік адначасова (які магутны сплаў!) рытарычным пытаннем, якое не патрабуе адказу: чытачу становіцца зразумела, што калі не ўсе, то пераважная болыпасць «братоў-беларусаў» будуць здольныя аддаць жыцці свае ў імя свабоды Радзімы. Я заўважыла, што ў гэтым вершы пяцістопны анапест. Як і тое, што Багдановіч карыстаецца рознымі вершаванымі памерамі, у тым ліку — гекзаметрам, пентаметрам — тымі памерамі, якімі пісаліся «Іліяда», «Адысея» і іншыя творы ў часы Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма. Высокая культура верша спалучаецца ў паэта з высокім філасофскім мысленнем. I яшчэ я заўважыла, што філасафічнасць як бы вядзе за сабой карыстанне паэта такімі сталымі (што ідуць нязменна здаўна) формамі, як санет, трыялет, рандо, актава і інш. Афарыстычнасць, адточанасць радка выпрабоўваюцца і гэтымі формамі. Люблю Багдановічавы разважанні ў вершах пра часовае і вечнае. Пра гэта твор надзвычай лаканічны, эмацыянальна страсны і лагічны, доказны — «Жывеш не вечна, чалавек...». Засяродзіўшыся на гэтай філасофскай формуле, наш славуты майстар прапануе сваё рашэнне яе. Адным-адзіным сціслым радком: «Перажыві ж у момант век». Як проста і як складана, велічна сказана! Перажыць у момант век — стаць над абставінамі, смерцю, сусветам, адбіцца ў тварэнні сваіх рук і мозга. Максім Багдановіч мысліў сваімі вершамі глыбока, засяроджана. Але думка яго была не абстрактная поўнасцю, а сагрэтая гарачым пачуццём. Таму і падабаецца нам такая лірыка. Тым яна і цікавая: сплавам думкі і пачуцця. Дарэчы, такой яна застанецца ў нашай нацыянальнай слоўнай творчасці і далей. I калі А.Куляшоў напіша ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў свой верш з філасофскім загалоўкам «На поўмільярдным кіламетры Паміж наступным і былым», ён засведчыць свае прыхільныя адносіны да Максіма Багдановіча — паэта думкі і пачуцця, падхопіць эстафету з яго рук. Як і Максім Танк — суровы аналітык і лірык.