Кароткі змест:
Частка першая Раздзел першы
Вёска Курані стаяла сярод балот, як на востраве, большую частку года адрэзаная ад усяго свету. У гэту чэрвеньскую раніцу куранёўцы збіраліся на сенакос. На ганак выйшаў «хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі, невясёлымі губамі». Васіль не задаволены, што маці, шкадуючы яго, не пабудзіла раней. За снеданнем просіцца на балота меншы брат Васіля Валодзька, але яго пакідаюць дома ў дапамогу дзеду. Па дарозе Васіль нагнаў фурманку Чарнушкаў. Убачыўшы на возе сваю равесніцу, задзіру Ганну, якая «у апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ёй — смяялася ці нават здзеквалася з яго», хлопец вырашыў абагнаць суседа. Але парвалася супонь і Дзятлікі прыехалі на сенажаць пазней за Чарнушкаў. Гэта першы самастойны сенакос у жыцці Васіля, ён хоча выглядаць сапраўдным гаспадаром. «Усё мацней угравала. Пот мачыў цвёрдыя, двух колераў валасы, поўз на лоб, абпалены сонцам, засцілаў вочы, цёк на кволыя, яшчэ амаль дзіцячыя грудзі, прыклейваў да спіны ўшчэнт змакрэлую сарочку. Каса станавілася ўсё цяжэйшая. Рукі наліваліся ўтомаю, балелі ў локцях і плячах, слабелі, нагам было млосна». Але Васіль трываў. Гэтаму яго вучыла маці, вучыў не багаты і не малы горкі вопыт. Вечарам стары Чарнушка і Васілёва маці вяртаюцца ў вёску. Васіль застаўся з Ганнай і яе меншым братам Хведзькам. Хлопец вырашыў трымацца свайго воза, але за ім прыбег Хведзька. «Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады». Там, на лузе, Ганна папрасіла хлопца не крыўдзіцца на яе: «Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць... Я не ад зла на цябе... А што вочы такія ў цябе — дык мне ето, папраўдзе, да спадобы! Такіх ні ў кога няма болей! I сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!»
Раздзелы другі, трэці
Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая рабіна. Нікому яна не кідалася ў вочы, пакуль не заружавела ў жнівеньскім росквіце гарачым полымем агністых гронак. Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Хлопцы гарнуліся да яе і пабойваліся, асабліва яе вострага язычка. Гарачы жнівеньскі час быў не для кахання, але Васіль, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бег да жардзянага плота каля Чарнушкавага агарода. Там чакала Ганна. Нібы праз туман, даходзіла да хлопца, як жылі гэтымі днямі Курані. У адну з восеньскіх начэй да Васіля з Ганнай падыйшлі трое з абрэзамі і прымусілі хлопца паказаць хату вясковага актывіста Ахрэма Грыбка. Грыбку нічога не зрабілі, толькі папалохалі, каб сядзеў ціха, бо перадзел зямлі атаман Маслак адмяняе. Назаўтра Васіля арыштавалі. Міліцыянеру Шабету ўнурысты, унутрана насцярожаны Дзятлік падаўся падазроным чалавекам.
Раздзел чацвёрты
Ганніну душу поўняць самыя розныя пачуцці да Васіля: і шкадаванне, любасць да яго, і непрыязнь (спалохаўся, павёў бандытаў), і крыўда (нават не глянуў, ні слова не сказаў, калі ішоў куранёўскай вуліцай у Алешнікі), і адчуванне віны. Ганна вечарам пайшла да Хадоські, спадзеючыся пачуць, што Васіля адпусцілі. Сяброўкі дома не было, яна, ідучы назад, натрапіла на гурт моладзі. Хадоська паклікала пасядзець з імі. Прыйшоў Яўхім, сын першага куранёўскага багацея Глушака. Ён наўмысля зачапіў дзяўчыну, тая ў даўгу не засталася, высмеяўшы яго чуб, «святую мужчынскую красу». Калі Ганна паднялася ісці дамоў, Яўхім пайшоў за ёй, быў нечакана лагодны, прасіў не злаваць на яго.
Назаўтра Ганна з Хадоськай ідуць працаваць да Глушакоў, адрабляць за пазычанае вясной. Душа Хадоські трымціць ад радасці, усё, што робіцца ў Глушакоў, выклікае ў яе зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» — мімаволі ўсміхнулася Ганна. Яна ведае, што сяброўка сохне па Яўхіму. Ганне тут быццам не хапае паветра, такая гнятлівая атмасфера. Глушакі малоцяць. У іх — свая малатарня. Пры машыне — стары з Яўхімам, Ганна зверху падае снапы. «Пахадзіла, пабегала так — дыхаць пачала часта, засаплася, рукі, ногі, спіна наліліся цяжарам устомы... Але яна як бы і не заўважала ўтомы: не ў навіну гэта... Калі стары махнуў ёй, што падаваць ужо не трэба, Ганна ледзь магла стаяць на нагах». За дзень змалацілі ўсё. «На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі... Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў». Усе два дні Яўхім не спускаў вачэй з Ганны, што ўрэшце заўважыў бацька, адвёў сына «за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай», потым адаслаў яго падалей ад дзяўчат. Вечарам Яўхім з'явіўся зноў. Застаўшыся ўдваіх з Ганнай, палез да яе цалавацца, дзяўчына ледзь вырвалася. Закаханая ў яго Хадоська была ласкавай і падатлівай. Паабяцаўшы жаніцца, Яўхім дамогся ад яе чаго хацеў.
Раздзел пяты
Васіля з Алешнікаў на фурманцы завезлі ў Юравічы, у турму. Самае цяжкае для хлопца ў турме было «проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы». Аднойчы ён нават не вытрымаў, папрасіўся на працу. Вартавы адрэзаў: не загадана. Прыйшла маці, расказала пра вясковыя навіны. Усхвалявала з іх Васіля адна — тое, што за Ганнай пачаў улягаць Яўхім. Праўда, маці супакоіла, што дзяўчына не надта горнецца да маладога Карча. На другі дзень Васіля ўпершыню выклікалі працаваць. «Забыўшыся на становішча сваё, ён пілаваў з тою заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. У гэты час на яго радасна было глядзець, ён нібы пахарашэў: стаяў жвавейшы, паружавеў і падабрэў». Нечакана Васілю дапамагае аднавясковец Косцік Хвост, які жыў і працаваў у мястэчку. Ён паручыўся за Васіля перад Апейкам. Старшыня валвыканкома Апейка сустрэўся з хлопцам, пагаварыў з ім, пагаварыў з начальнікам міліцыі Харчавым. Васіля адпусцілі дамоў. Ён быў ужо блізка каля хаты, калі раптам пачуў Ганнін голас. Яна ішла з Яўхімам. «Яны ішлі асобна, не вельмі блізка адно ад аднаго... Ішлі проста як знаёмыя. I ўсё ж і гэта апаліла Васіля гарачай рэўнасцю, пякучай крыўдай...» Пачыналася зіма.
Частка другая Раздзел першы
На наступны дзень першым Васіля ўбачыў сусед Міканор, які ў яго адсутнасць вярнуўся з арміі. Васіль на яго пакрыўдзіўся за «арыштанта», сказанага жартам. Маці доўга давялося ўгаворваць сына, каб зайшоў да Міканора пагаманіць, бо той запрашаў, маці падтрымаў дзед Дзяніс. У Міканора сабралася шмат аднавяскоўцаў. Прыйшлі Хоня і вясковы гармоніст Алёша Губаты запрашаць на вячоркі, з'явіўся Грыбок, з якім больш за ўсё не хацеў сустракацца Васіль, Ганнін бацька. Гаворка заходзіць пра асушэнне балота, пра добрыя землі. Ніхто не верыць, што куранёўцы нешта змогуць зрабіць. Асцярожна гавораць пра бандытаў, але Васіля не чапаюць. У Ігнатавай хаце збіраецца сход. Выступае настаўнік з Алешнікаў: з Куранёў ходзяць у школу толькі двое з тых, хто павінен вучыцца. Пад грозным позіркам старшыні сельсавета Дубадзела ўсе паднялі рукі за тое, каб куранёўскія дзеці ішлі ў школу. З'явілася Ганна, і Васіль не мог уважліва слухаць нават тое, што цікавіла яго на сходзе, — пытанне пра падатак. Ганна нават не глянула ў той бок, дзе сядзеў Васіль, праціснулася да Хадоські і села з ёй на ложак.
З Юравіч на сход прыехаў Апейка, ён спазніўся і нейкі час ціха і непрыкметна стаяў сярод людзей. Старшыня валвыканкома выступіў з прапановай пабудаваць грэблю. Першая рэакцыя куранёўцаў — нязгода: «— Тут і без таго: куды ні кінь — клін!.. Етаго шчэ толькі і не хапало!.. — I без таго, як уюн круцішся! — Не мела, грэц яго, баба клопату! — Столькі сілы ўняць! Перарвацца! Коней замучыць. — ...Жылі, тым часам, і так! I нічога. ...Не першы раз бачыў Апейка — на добрую, карысную для сябе справу, людзі не хацелі даваць згоды». Ён пачакаў, хай нагаворацца. Спакойна павёў размову далей: «Анігадкі жылі бацькі і дзяды, як паны жылі! Душыліся дымам, пухлі з голаду, мерлі без помачы. Калі ж вельмі прыпякала, прабіваліся і цераз гэту душагубку. Ламалі калёсы, коней тапілі, самі, мусіць, тапіліся?!» Людзі пачалі думаць па-іншаму. Горача агітаваў за грэблю Міканор, нават загаварыў пра асушку балота. Праўда, хутка зразумеў, што гэта пакуль лішняе і прапанаваў утварыць на першым часе меліярацыйнае таварыства. Ніхто яго не падтрымаў. Сход прыняў рашэнне — вясной, адсеяўшыся, рабіць грэблю. Па прапанове Апейкі старшым выбралі Міканора. Васіль дачакаўся, пакуль Ганна выйшла ад Хадоські, павітаўся, але дзяўчына адказала няласкава, моўчкі пайшоў побач. Хутка іх дагнаў Яўхім, прыстроіўся з другога боку. Васіль адчуў сябе лішнім. Калі вазілі галлё к грэблі, да Васілёвага воза падышоў стары Чарнушка, спытаў, чаму ён перастаў да іх заходзіць. Сказаў, каб хлопец не думаў чаго пра Ганну, яна чакае яго, а Яўхім — пустое.
Раздзел другі
Міканор рыхтуецца да будаўніцтва грэблі. Падабаецца яму калоць і складаць дровы, бачыць зімовую прыгажосць лесу, лугу. Ён на вячорках прыглядаецца да куранёўскіх дзяўчат і вылучае сярод усіх «бялявую «канапляначку» Хадоську і Чарнушкаву Ганну... Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська». Але нядаўняму чырвонаармейцу, як і найлепшаму яго сябру Хоню, тут не пашчасціла. «...I з Міканорам Канапляначка не павесялела: ішла ў кароценькім кажушку з чорным барановым каўнерыкам, у акуратных лапціках і белых анучках... быццам і слухала Міканораву гаворку, а сама — чулася —... абыякавая была». Цікавей было з вясёлай, дасціпнай Ганнай, аднак тут ён быў «не тое што трэці, а — чацверты лішні». Побач з ёю заўсёды тапталі снег «хмурны, насцярожаны сусед Васіль... і ганарлівы, упэўнены, нахабны Яўхім Глушак». Шмат што Міканору паўставала ў родных Куранях не такім, як павінна быць. «Пасля мазырскага бруку... прыпяцкага вясёлага прастору — як бы сплюшчаным, затопленым гразёю, дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Сум зашчымеў яшчэ горш, калі ступіў на родны ганак, у сенцы — якая ж яна крывая і гнілая, бацькава хата! I цесная, і цёмная якая!..» Міканорава душа не прымае і затхлы хатні пах, і свіней у сенцах, а то і разам з людзьмі. I лазні няма, і школы, і чытальні, і крамы. Разумее Міканор, што «і вінаваціць людзей нельга — беднасць, нішчымніца... б'юцца, як рыба аб лёд, каб скарынку хлеба, расол мець...» Змаганне са старымі парадкамі і звычаямі Міканор пачаў са сваёй хаты. «Багі і ўсялякія святыя — от з чым ваяваць трэба». Але маці Міканор не перамог і ўрэшце, пашкадаваўшы старую, адступіў з атэістычнымі пропаведзямі. Мала хто падтрымаў Міканора ў гэтым і сярод моладзі. Пачаліся зімовыя святы — памінанне продкаў, каляды. Хаваючыся ад сына, бацькі ўчынілі брагу, закалолі парсюка. «Мала калі выпадала Міканору столькі расчаравання, як у гэтыя дні. Колькі ні стараўся, а перадсвяточная вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а — было чутна — усё мацнела». Марудна і нудна цягнуліся для Міканора перадкалядныя дні. У калядную ноч дзеці, падлеткі, моладзь ходзяць па хатах. Прыязджае з суседняй вёскі замужняя Міканорава сястра, збіраюцца іншыя сваякі. Маці просіць сына памаўчаць перад гасцямі пра Бога і пра святых. На вуліцы пачынаецца бойка. Білі «чужакоў» з Глінішчаў, аднаму з хлапцоў гасцяванне ў Куранях ледзь не каштавала жыцця.
Раздзел трэці
Міканор з нецярплівасцю чакаў, калі можна будзе вывесці куранёўцаў на будаўніцтва грэблі. Цёплым майскім днём ён выбраўся ў Алешнікі. Зайшоў на пошту, куранёўцы тры месяцы былі адрэзаны ад усяго свету. Сустрэўся з Апейкам, з сакратаром партячэйкі Гайлісам. Апейка абяцаў прасачыць, каб Алешнікі выйшлі на будаўніцтва ў адзін дзень з Куранямі. Міканор зноў хадзіў па хатах, збіраў куранёўцаў на грэблю. Пасварыўся з Васілём, у якога «тут работы — па горла». Куранёўцы збіраліся доўга і неахвотна. Міканор размеркаваў абавязкі. Узяўся капаць канаву сам — «рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі». Але хутка яго адправілі наверх, каб увесь час людзей бачыць. Калі адпачывалі, Міканор адчуў, што настрой у людзей змяніўся, нешта ў іх скранулася. «I нашы куранёўцы не горай за другіх», — плылі думкі ў Міканора. Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі. Але падступіла касавіца і работа спынілася.
Раздзел чацвёрты
Ішоў жнівень. Амаль ва ўсіх куранёўцаў жыта не ўрадзіла. «Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галашэнне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей». Ганна жала разам з мачыхай. На сваёй палосцы шчыраваў Васіль з маці. Глушакі звозілі збожжа, у іх яно ўрадзіла. На Чарнушкавай паласе Яўхім заўважыў побач з гаспадарамі Дзятлаў, што яго непрыемна ўкалола. Ён сам не заўважыў, як захапіўся Ганнай усур'ёз. Не мог дараваць «няўклюду, галяку» Васілю, што дзяўчына хінецца да яго. Колькі ён папахадзіў за Ганнай, але нічога не змянілася. Вырашыў плюнуць на ўсё і забыц
К вечару Курані гулі пра Яўхіма і Ганну. Грозны Чарнушка пашыбаваў да дачкі, якая разам з Хадоськай корпалася на бульбянішчы. Ганна сказала, што нічога не было. Бацька паспакайнеў, пайшоў к гумну ўжо ціха. Ганна заўважыла няшчасны Хадосьчын твар. Сяброўка адвярнулася і затрэслася ад плачу, потым моўчкі пайшла дамоў. У той жа вечар Ганна сустрэла Васіля. Раўнівы Васіль паверыў плёткам, абазваў «багацейкай», «Карчыхай». Пакрыўджаная Ганна, каб дапячы хлопцу, сказала, што «па-добраму, па згодзе ўсё було!» Стары Глушак, пачуўшы, пра што гудуць Курані, наляцеў на Яўхіма. Грозна крыкнуў: «Жаню!!!» Яўхім згадзіўся. Але паставіў умову: «Кеб з тым, з кім хочу!» Ен назваў Чарнушкаву Ганну.
Раздзел пяты
Некалькі дзён у Глушакоў ішла вайна. Нарэшце стары здаўся, што ў яго хату прыйдзе галадранка. Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі. «Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла? » Бацька асабліва не ўгаворваў, насядала мачыха, нагадала пра Васіля (Чаго ён круціць пачаў, за вярсту аббягае?), і пра старога бацьку, і пра малога Хведзьку. «Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок». Пераапрануўшыся, Ганна выйшла да сватоў. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. «Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі». Потым пачалі дамаўляцца пра вяселле. Бацька хацеў адкласці вяселле тыдні на два-тры, Яўхім настойваў, каб хутчэй. Дамовіліся гуляць праз два тыдні. Ганна вышла на вуліцу. «Васіль... Васіль...» — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое... Кончылася. Не суджано, значыцца. Бувай!.. Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары!.. Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні!» Паўз плот хтосьці ішоў. Ганна пазнала Васіля. Была думка — выйсці, пагаварыць, памірыцца. Але не зрабіла гэтага, яны былі ўжо чужыя. Вельмі цяжка было ў той вечар і Васілю. Супакойваў сябе, што не такая яму жонка трэба, што ён пакажа сябе, стане гаспадаром, тады і Ганна пабачыць.
Частка трэцяя Раздзел першы
Чарнушкі жывуць клопатам, як і чаго назбіраць на вяселле. «Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..», — кажа мачыха. Чарнушка адмаўляецца купляць «гарадскую гарэлку», гаворыць пра Ганніна адзенне. У нядзелю Чарнушкі выпраўляюцца ў Юравічы на кірмаш. Гандаль ідзе вяла, збыць авечак дапамагаюць Яўхім і Ларывон, якія таксама з'явіліся на кірмаш. Яўхім па праву жаніха забірае Ганну «пахадзіць, паглядзець, што робіцца». Дзяўчыне непрыемна, што ён чапляецца да людзей, строіць злосныя кепікі. Яўхім, Ларывон і Ганна абедаюць у Ёселевай «сталоўцы», потым ідуць у краму і жаніх купляе нявесце падарунак. Прымяраючы хустку перад люстэркам («Ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!»), яна раптам убачыла Васілёў твар. Адразу зніклі святочная весялосць і ўзрушанасць. Перад самым ужо ад'ездам дамоў, мех бульбы купіла «чарнявенькая, кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы». Калі Чарнушка падвозіў дзяўчыне бульбу, разгаварыліся. Дзяўчына спытала Ганну, ці любіць яна жаніха. «...Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дык болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!.. Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць», — гаворыць Ганна. Параска, так звалі дзяўчыну, вынесла падарунак на вяселле — кнігу. Ганна, як сама прызналася, чытаць амаль не ўмела. На другую раніцу Чарнушка выправіўся купляць Ганне на кофту. Бацька, хоць для яго гэта і дорага, набраў па парадзе Ёхіма «саціны атласнай з самога Кіева».
Раздзел другі
Перад самым вяселлем прыйшла ў дом Глушака яшчэ адна непрыемнасць, чутка, што будуць рабіць перадзел зямлі. У вёсцы гэтая чутка не абышла нікога. Хутка склікалі сход і выбралі камісію, якая павінна была перамераць нанова зямлю. Камісія знайшла лішняе ў Глушака, лесніка Міці, Пракопа. Халімон бушаваў, выліваў свой гнеў на жонцы. Раптам за маці ўступіўся меншы сын Сцяпан, ён папракнуў бацьку таксама зямлёй. Стары Глушак, не помнячы сябе ад шаленства, «даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку». Бацька заявіў Сцяпану, што вучыцца ён больш не пойдзе, будзе дома за парабка, калі такі разумны стаў. Стары шкадуе, што няма Маслака, інакш бы пацішэлі гарлапаны. Яўхім адказвае, што атаман можа раптам і аб'явіцца. «Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і здаровы — аб'явіўся зноў...» Глушак падкупляе Зайчыка, каб той уступіўся за яго на сходзе, адпраўляе Яўхіма запрасіць на вяселле Дубадзела, спадзеючыся на яго дапамогу. Ідучы на сход, Халімон Глушак адчуваў сябе вельмі дрэнна. Увагу старога прыцягнуў незнаёмы чалавек у прызідыуме. «Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіраўся ў сярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра». З’вілася адчуванне, што ён гэтага чалавека ўжо дзесьці бачыў. Сход быў бурны, тыя, у каго знайшлі не ўлічаную зямлю, нездаволены працай камісіі. Парадак наводзіць вайсковец, які так зацікавіў Глушака, упаўнаважаны з воласці Зубрыч. Ён адказвае і на пытанні пра Маслака, заклікае «грамадзян» не баяцца «нейкага пігмея». Пасля выступлення Зубрыча куранёўцы сталі больш маўклівыя і насцярожаныя. Упаўнаважаны яўна перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы ў правядзенні землеўпарадкавання. Пачуліся прапановы пачакаць з перадзелам. Але ўскочыў «нецярплівы, ашалелы Васіль: «Чакаць, чакаць! Усё чакаць!» —крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце». Сход вырашыў пачаць перадзел заўтра.
Раздзел трэці
Вяртаючыся са сходу, Васіль трывожыўся, але не шкадаваў, што не ўтрымаўся і загаварыў. Дома яго падтрымаў дзед, наказаў, каб і заўтра, пры дзяльбе, не драмаў. Васіль прачнуўся вельмі рана. «...Жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках». Раптам прыйшла думка — узяць каня і заараць кавалак, стаць такім чынам гаспадаром. Чым больш святлела на зямлі, тым больш мацнела ў душы Васіля трывога. Першымі заўважылі Васіля з канём і плугам на Глушаковай зямлі Ларывон і Зайчык. Ларывон хутка падаўся да сяла. Маці прыйшла з клуначкам, прынесла есці. У гэты момант Васіль убачыў Яўхіма, але з баразны не сышоў. На падмогу сыну бег стары Глушак. Яўхім ударыў першы. Дзятліха кідалася то да аднаго, то да другога, але ашалелым мужчынам даць рады не магла. Нечакана з'явіўся Сцяпан, ён пачаў адцягваць брата ад Васіля. Дзятліха паклікала людзей, што ўжо сабраліся на полі, на дапамогу. Хлопцаў ледзь расцягнулі. Падышлі Дубадзел і Зубрыч. Зубрыч затрымаў Васіля і Яўхіма. Дзятліку ён нагадаў пра турму, паабяцаў вярнуць яго назад і загадаў ісці дамоў, чакаць рашэння. Яўхіму ён перадаў прывітанне ад Маслака. Назваў пароль, з якім прыйдзе да Глушака чалавек, калі Яўхім ім спатрэбіцца. На наступную раніцу Васілёва маці заўважыла на дзвярах хаты вялікі чорны крыж. Маці і дзед раяць Васілю быць асцярожным. Яўхіма падпільнавала Хадоська. Губы яе дрыжалі, на вачах былі слёзы, але сказала цвёрда: «...Няхай табе на тым свеце будзе так, як мне — на етым... От і ўсё маё слово! Астатняе!.. Болей не прычаплюся! Можаш не баяцца!.. I не пабачыш болей!»
Раздзел чацвёрты
Былі ў Хадоські думкі пайсці да Ганны і расказаць усё. Аднойчы нават рашылася ісці да старога Карча, «ён слухаецца бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму!» «Крыўдна. Ой, як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае». З'явілася думка пра самагубства. Успомніла пра Захарыху. «Усё аказалася такім страшным, такім балючым, што дзіва, як выцерпела. Балела, як ніколі, нішто. Але горш за ўсё — было страшэнна брыдка, агідна, сорамна». Вярнуўшыся дамоў, «хадзіла, завіхалася, як магла», са страхам заўважыла, што ўсё больш слабее. Назаўтра бацькі выклікалі ўрача і той загадаў неадкладна везці дзяўчыну ў бальніцу. На грэблі фурманку Ігната сустрэлі Чарнушкі. Ганна падбегла да Хадосьці. «Яна быццам не адразу пазнала яе, але, калі пазнала, ажыла, павекі варухнуліся трывожна, непрыхільна».
Раздзел пяты
Мачыха выпраўляе бацьку пазычыць на вяселле штаны ў Грыбка. Чарнушка раззлаваўся: «I так — чорт душу скрабе! Не да штаноў паганых, каб яны згарэлі! Тут на душы такое, а яна, грэц ёй, —штаны, латы!..» Мачыха і дружкі ўбіраюць маладую. Убачыўшы дачку ў вянку, у вэлюме, ён, «як ніколі яшчэ, пачуў бяду... страшную, грозную». Прыязджае малады з дружынай «выкупляць» нявесту. Яўхім падарыў мачысе боты і яна рада, як дзіця. У царкву ехалі трыма вазамі, паперадзе ішлі музыкі. Па дарозе ўграз воз маладой, Яўхім і іншыя хлопцы, правальваючыся ледзь не да поясаў балотную твань, выцягваюць яго. Потым, насухім, чысцілі коней, вазы, прыбіраліся самі, хлопцы «з рогатам завіхаліся каля Яўхіма: здымалі боты, выкручналі анучы, абціралі штаны». Самым важным момантам вянчання Ганне здаўся, калі бацюшка надзяваў Яўхімаў персцень ёй на палец, а яе персцень — Яўхіму. Дома госці дружна накінуліся на яду. Калі сталі сварыцца прыпеўкамі сваты і дружкі, Ганна зноў убачыла Васілёвага браціка. Яна глушыла ў сабе жаданне падыйсці да малога. «Ледзь толькі перасталі спяваць, за сталамі зрабілася вельмі сумна. Усё было з'едзена, гарэлкі не налівалі. «Як ні пяліся, не хапіло!» — прайшло ў Ганнінай галаве». Падзялілі каравай. Засмучоны Ганнін бацька, якога ахапіла вялікае шкадаванне да дачкі, даў маладому «бедны падарунак, на які толькі і наскраблі грошай — картовыя штаны ўпасачку». Госці ахвотна пачалі вылазіць з-за стала: наперадзе была і лепшая гарэлка, і закускі шмат. Маладую і скрыню з пасагам вязуць у дом маладога. У хаце Глушакоў усе былі ціхія і паважныя, амаль і не гаварылі голасна. Адзін Дубадзел трымаўся вольна, аглядваў Ганну так, што ёй было няёмка. Ён, парушыўшы парадак, падняўся першым віншаваць маладых. Потым загадаў Ганне сесці паміж ім і Яўхімам. Яўхім не пярэчыў «уладзе», і Ганна не адразу, але паслухалася, перасела. Дубадзел пачаў чапіцца з гарэлкай. Ганна адмовілася піць, што не спадабалася Яўхіму. «Яшчэ не згулялі вяселля, а ўжо счапіліся, так счапіліся, што, відаць, і адзін не саступіць, і другая не паддасца». Маладых неяк памірылі і астатак вечара прайшоў як трэба. Кладучыся спаць, Яўхім нагадаў спрэчку, але без злосці. Сказаў, што слухацца яго павінна. Ганнат ўспомніла яму тое, што ўжо калісьці гаварыла: «...Са мной трэба — кеб па-добраму!» На трэці дзень, калі вясельны тлум сціх, свякруха разбудзіла Ганну яшчэ на досвітку і загадала карміць свіней. Куранёўцы і алешнікаўцы, што рабілі грэблю, нарэшце, сышліся. Праз дзень, у нядзелю быў мітынг, народу сабралася, як у кірмашовы дзень. З Юравіч на свята прыехалі Апейка і двое рабочых. Было весела, ігралі гармонікі. Васіль спадзяваўся ўбачыць Ганну, але ўбачыў Яўхіма. 3 мітынга Васіль вяртаецца разам з Міканорам і Хонем. Ён скардзіцца, што грэблю зрабілі, а Глушак як сядзеў на зямлі, так і сядзіць. Міканор пераводзіць гаворку на Ганну, што такую дзеўку ўпусціў. У словах Васіля пачуўся такі сум, такі боль, што Міканор сумеўся.