Песня пра зубра Міколы Гусоўскага гісторыя адкрыцця гуманістычны пафас
... калі мячы і заіржавелыя, кінутыя без справы панцыры і шлемы Можна будзе перакаваць у арала, I настане залаты век міру і дабрабыту царства Сатурна. Ян Вісліцкі
«Песня пра зубра» — жамчужына беларускай паэзіі. Твор выключны па сіле гуманістычнага гучання. Пра гэта мы будзем пісаць ніжэй. Аднак некалькі радкоў хочацца прывесці па памяці, што пацвярджаюць нашу думку. Імі аўтар паэмы заступаецца за народ шматпакутны: Б'юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы: Воіны ж гінуць з тых і другіх у сутычках, Што ім той смерд — наша гора і нашы пакуты? «Што ім той смерд — наша гора і нашы пакуты?» — гэта пра народ просты, «чарнарукі», як пісаў Скарына. I пра сябе — такога самага вечнага працаўніка, нястомнага змагара за права выжыць, вытрываць пад сонцам наперакор трагічнаму лёсу. Падобныя гуманістычныя радкі пройдуць праз усю паэму. Сцэментуюць усе часткі ў адзіную цэласнасць. I атрымаецца паэма не толькі пра зубрынае паляванне, а пра лёс усяго жывога на зямлі. Твор, у якім роўнымі правамі на нармальнае жыццё валодаюць і людзі, і звяры, і птушкі, і дрэвы. Такая гуманістычная пазіцыя аўтара. А пра гэта ў школе нам настаўнікі, на жаль, мала гаварылі. На жаль. Таму і дадумваемся, шукаем самі адказу на многія пытанні. Напрыклад, на пытанне: «Чаму паэт засяроджвае ўвагу на паводзінах зубрынага статка і ачалавечвае іх? » Здаецца, тут не надта вялікая сувязь. Але ён яе знайшоў, ён ухваліў паводзіны зуброў у адзінай сям'і як ідэальныя. Ухваліўшы гарманічныя адносіны ў зубрынай сям'і, паэт перанёс іх на паводзіны ў людскіх сем'ях, заклікаў людзей ісці сцежкамі натуральных, гуманных узаемадачыненняў: Леташкі-цёлкі, бычкі-аднагодкі ў чародах — Люба глядзець: скакункі, забіякі-задзіры. Так на выгодзе лясной, у няспынным змаганні За кудзярок лугавога кіпрэю, з бычка-зубраняці Зубр вырастае, магутны, прысадзісты волат. Цікавая гісторыя адкрыцця, публікацыі і тлумачэння паэмы. Напісаная лацінкай па заказу папы рымскага Льва X у 1522 г., калі паэт быў у Рыме разам з дыпламнтамі з Вялікага княства Літоўскага на чале з Эразмам Цёлкам (па лацінску — Вітэліусам), яна была надрукавана ў наступным годзе кракаўскім друкарскім дваром разам з іншымі яго творамі, без двух апошніх чатырохрадкоўяў, пад якімі дата — 1533 г. У 19 стагоддзі даследчыкам прыгожага пісьменства былі вядомыя толькі тры першадрукі. Тры — гэта вельмі мала. Адзін з іх аказаўся ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. Паэму даследавалі разам з іншымі творамі рускія і польскія даследчыкі і ў канцы 19, і ў 20 стагоддзі. Вядомы польскі паэт Ян Каспровіч у 1911 г. Пераклаў 200 (з 1072) радкоўпаэмы на польскую мову. Даследчыкі пісалі ў нашым стагоддзі, што Гусоўскі адмяжоўваўся ад «паліраванай літаратуры», літаратуры ўгодлівай, накіраванай на задавальненне інтарэсаў правячых колаў, высока ацэньвалі дэмакратызм і незалежнасць пазіцыі аўтара «Песні пра зубра». Ян Каспровіч, згаданы намі вышэй, адзначаў, што сярод вершатворцаў «першага гуманістычнага перыяду » (перыяду Адраджэння) у Гусоўскага «няма канкурэнта ў выразнасці пачуццяў». Калі чытаю гэтыя словы, пераконваюся, што гэта сапраўды так. Многія творы старабеларускай паэзіі, тым болып напісаныя на лацінскай мове, нейкія «халодныя», «падражальныя». Іх аўтары — Ян Вісліцкі, Саламон Рысінскі і іншыя стараюцца капіраваць старагрэчаскія і старарымскія мастацкія палотны, менш давяраюцца асабістым перажыванням. А Гусоўскі пабудаваў увесь твор на раскрыцці сваіх, індывідуальных адносін да свету, прыроды, жывых зямных істот і да чалавека. Яму баліць і карціць не захаванне ўзораў пісьма, дарэчы, тут ён не асабліва адступае ад правілаў, прытрымліваецца традыцый антычнай вершатворчасці, строга захоўвае асаблівасці гекзаметра — шасціскладовага дактыля з усечанай апошняй стапой, адсутнасць рыфмаў і інш., а занатаванне найдрабнейшых рысаў жыцця, дакладнасць апісання з'яў. I яшчэ: гуманістычная пазіцыя мастака старажытнасці выяўляецца ў тым, што ён падвышае рэальны свет да ўзроўню новай, эстэтычна-значнай рэчаіснасці. Такая творчая ўстаноўка стане традыцыяй пазнейшай беларускай літаратуры. Возьмем хоць бы паэму «Тарас на Парнасе», дзе паказана, якія смачныя стравы могуць гатаваць багі-людзі, як хораша могуць танцаваць пры жаданні, раскрываецца духоўная прыгажосць палясоўшчыка Тараса, які асуджае разбэшчанасць боскага насельніцтва Алімпа. Хоць твор і парадыйны, але ў ім паэтызуецца, узвышаецца рэчаіснасць і становіцца мастацтвам у слове. Але найвышэйшага ўзроўню паэтызацыя побыту, кожнай найменшай адзнакі рэальнага чалавечага жыцця дасягаецца ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Усё, да чаго б ні дакранулася пяро мастака, зіхаціць і пераліваецца колерамі вясёлкі: і святы дзень, і блінцы, якія пякліся
на сняданне, і само сняданне ва ўсіх яго падрабязнасцях (як садзіліся за стол, як засяроджваліся на прысмаках, якім парадкам чэрпалі з місы і г.д.), і лес, які стаяў каля леснічоўкі «гожаю падковай», і святы акт выбару новай касы (каб звінела-спявала пры ледзь чутным дотыку), і многае-многае іншае. Любоў, гуманныя адносіны да свету не проста дэкларуюцца, голасна абвяшчаюцца сапраўднымі пісьменнікамі, а вынікаюць з апісання — замілаванага, шчырага, сумленнага, з даверу да таго, пра што пішаш. Так здарылася і з Міколам Гусоўскім. Ён вельмі зацікаўлена аднёсся да таго, што паказваў. Перажыў паказанае да гэтага сам. Выдатна ведаў яго. Ён любіў тое, пра што паведамляў чытачам. Гэтая ЛЮБОЎ, а не адказнасць перад рымскім папам — заказчыкам твора і нарадзіла выдатны помнік старабеларускай літаратуры. Многіх радкоў па памяці не ведаю. Шпаргалкамі ніколі не карысталася. Таму пералічу, адзначу тыя вобразы-дэталі, тропы, якія мне запомніліся і засведчылі гуманістычныя адносіны Міколы Гусоўскага да беларускага краю, яго народа, яго прыроды і, вядома, ляснога асілка зубра — сімвала Беларусі: «у дрыжыках зябкіх дубрава», «б'юцца на злом галавы» зубры за каханне нявест; «Нашы лясы — гэта нашых даброт і багацця Невычарпальны калодзеж»; «плыты на шляхах нашых водных — гэта масты паміж рознымі землямі княства»; «Сосны ў нас гоніць у ствол, як трыснёг — у сцябліну»; «курыцы клюнуць няма дзе на цела ад ран незагойных» — піша аўтар пра зраненага, але да канца не скоранага зубра-ваяра, асілка, гаспадара пушчы. Гуманізацыі пісьма аўтара спрыяе ачалавечванне жывых істот. У канкрэтнай сітуацыі — зубрп. Гэта моцпан жывая істота. Вальналюбная, яна не церпіць насілля, ваяўніча выступае супроць яго. Нават зраненая, уся працятая наскрозь дроцікамі, стрэламі, кінжаламі і мячамі, гэта прыгожая істота да апошняга ўздыху змагаецца са сваімі крыўдзіцелямі. I тыя баяцца яе. А мы, чытачы, і захапляемся людской смеласцю (як і сам аўтар), і — значна болып — спачуваем смяротна параненаму асілку. Калі чытаю перадапошнія (перад эпілогам)радкі паэмы, хочацца плакаць. Ведаю, што чалавек — валадар свету, «рэгуліроўшчык каруселі» жыцця ў касмічных абсягах (А.Куляшоў). Адчуваю, што Гусоўскі пісаў для папы рымскага твор, у якім стараўся расказаць пра смелы і мужны народ, засяродзіць увагу саноўнай асобы на дзеяннях людзей, якім усё ўдаецца, якія пераўзыхрдзяць многіх іншых па свайму ўмельству і спрытнасці. Ен ставіў мэтай раскрыць незвычайнасць і яркасць самога абраду палявання на зубра. Але атрымаўся іншы твор: не па заказу, а па закліку сэрца. Твор пра смеласць і няскоранасць гаспадара пушчы зубра. Пра прыгажосць яго, цара нашай прыроды, нават у момант перадсмяротны. Сцэна смерці зубра, дзе гучаць яго развітальныя словы, словы-прысуд жорсткасці і бесчалавечнасці, — адна з самых паэтычных і яркіх у цудоўнай паэме. Сорамна іх не помніць. Бязбожна — не цытаваць: Смерцю маёй пацяшацца сышліся? Чакайце ж, Я пакажу вам забойства — вякі не забудуць! 3 храпам набраўшы паветра, разявіўшы пашчу, Рыкам усіх аглушыў, скалануў наваколле. Тыцнуўся ў снег і прыкленчыў, нібы пакланіўся Шумнай дуброве: «Даруй, мая родая, ўсё мне». Мы многа пішам і гаворым пра тое, што мастацтва нараджаецца з «зернятка малога» (П.Броўка), з кроплі, макаўкі. Шукаем вобразы-тропы, у якіх выяўляецца аўтарская пазіцыя. Ганарымся на ўроках, перад настаўніцай і сваімі сябрамі і сяброўкамі, што знайшлі болей эпітэтаў, метафараў і параўнанняў у вершах. Гэта ўсё правільна: не ўмеючы выказаць сваё захапленне светам праз адметнае слова, выразны троп, не бярыся за пяро: наўрад ці што вартае напішаш. Убачыў Рыгор Барадулін, напрыклад, як сцякаюць з вядра, апушчанага ў студню, а затым паднятага да сонца дзюбай «журава», не кроплі проста, а рыбіна луска, параўнаў раскрытыя яловыя шышкі з натапыранымі вожыкамі — слава яму. Нарадзіўся сапраўдны паэт-гуманіст. Сказаў Сяргей Грахоўскі пра зраненыя сякерай, падсочаныя хвоі (каб сцякала смала) у лесе, якім наканавана смерць, вобразна і ярка: «Дрэвы гудуць, як парожні сасуд», «Стануць, як помнікі, белыя пні» — словы гэтыя, цудоўныя, поўныя трагедыйнага пафасу параўнанні застануцца ў нашай памяці надоўга. Але паэзія можа абысціся і без тропаў. Так, як абышоўся без іх у «маналогу Зубра» Мікола Гусоўскі. Адсутнасць тропаў не паніжае вартасць і гуманістычную значнасць вышэй працытаванага ўрыўка. У ім усё сказана дакладна, адназначна і строга: памірае жывая істота, ёй не да прыгожага выказвання, боль вырываецца стогнам, плачам, простым, сардэчным пасмяротным зваротам, выказаным праз сілу, да роднай пушчы, да зямлі сваёй, да ўсіх. « Даруй мне, родная, ўсё мне» — як праўдзіва, як мякка-сцішана. Як нягучна, а як чуваць далёка-далёка.