Імя народнага пісьменніка Івана Навуменкі шырока вядома ў рэспубліцы і за яе межамі. Ён з'яўляецца аўтарам 12 зборнікаў апавяданняў, аповесцей, 6 раманаў, шматлікіх прац па літаратуразнаўстве. Пачатку Вялікай Айчыннай вайны і перыяду разгортвання партызанскага руху на Беларусі прысвечана трылогія "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці". Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Падзеі разгортваюцца ў мястэчку Бацькавічы і ў навакольных вёсках. Аўтар паказвае, як на шлях барацьбы з чужынцамі становяцца Сцяпан Птах і яго сын Міця, аднавяскоўцы Аўсянік, Кардаш, Мацвей Шэлег, Шура Гаранка, Іван Лобік, Саша Плоткін і іншыя. Аўтар дакладна адлюстроўвае складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характару маладых людзей, іх духоўны свет — свет філасофскіх разважанняў, рамантыкі і юнацкага максімалізму. I. Навуменка ўзнаўляе сцэны партызанскай вайны на Палессі, прасочвае шлях станаўлення, унутранага гартавання герояў твора, для якіх змаганне з ворагам — галоўная мэта жыцця. Пісьменнік ускрывае прычыны духоўнага падзення, здрады такіх тыпаў, як Юрый Басняк, Крамер, Забела, Дзеніскевіч. Гэтымі вобразамі аўтар выносіць суровы прысуд здрадніцтву, эгаізму, бездухоўнасці, паразітычным адносінам да жыцця. Праз усе раманы трылогіі праходзіць сімвал адзінокай сасны. Гэты своеасаблівы вобраз твора выражае пачуцці герояў, узмацняе драматызм і напал апісваемых с