Не пытайце, не прасеце Светлых песень у мяне, Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Нешчасліва наша доля: Нам нічога не дала. Не шукайце кветак ў полі, Бо вясна к нам не прыйшла. Я. Колас
Творчасць Якуба Коласа — гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, народ, яго жыццё і гісторыя. Багатая і разнастайная спадчына песняра ўвасобіла хараство народнай фантазіі, глыбіню, мудрасць, узвышанасць мар і імкненняў адвечнага працаўніка. Песню Я. Коласа абудзіла да жыцця рэвалюцыя 1905 г., якая да самых глыбінь ускалыхнула мільённыя масы, узнёсшы на грэбені хваль і сына беларускага народа. Я. Колас, як і Я. Купала, выступае ад імя працоўных мас у якасці абаронцы і выразніка іх імкненняў, ідэалаў. Творчасць Я. Коласа — гэта прадаўжэнне дэмакратычных традыцый беларускай літаратуры мінулай эпохі. Падобна Ф. Багушэвічу, Я. Колас маляваў змрочную, прасякнутую сумам і жальбой карціну жыцця зняважанага і зняволенага мужыка. У яго першым вершы "Наш родны край", надрукаваным у 1906 г., і ў пазнейшых творах "Вёска", "Наша сяло", "Ворагам" створана праўдзівая карціна старой жабрацкай Бела-русі. Паэт заклікае бедны народ не гнуцца перад багатымі, не спадзявацца на іх дапамогу, а самому быць кавалём уласнага шчасця. У вершы-закліку "Ворагам" сялянскі бунтар заклікае да расправы над прыгнятальнікамі, абяцае ім грозны, але справядлівы суд:
Багачы і панства, Нашы "дабрадзеі"! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі!
Галоўным героем паэзіі Я. Коласа з'яўляецца чалавек працы, вольналюбівы "мужык", які не хоча мірыцца з існуючым ладам, не хоча больш цярпець і пакарацца. Ён хоча карыстацца плёнам сваёй працы, хоча жыць па-чалавечы. У вершы "Мужык", напісаным у турме, Я. Колас не толькі расказвае пра цяжкае жыццё беларуса-працаўніка, але і заклікае яго да барацьбы за лепшую долю:
Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: "Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!"
Рэальны вобраз беларускага селяніна створаны Я. Коласам у сатырычным вершы "Асадзі назаді". Селянін з сумнай іроніяй, нібы жартуючы, апавядае аб сваёй нялёгкай долі, аб сваім прыгнечаным становішчы. Куды б ён ні пайшоў, што б ні хацеў зрабіць, усюды ён чуе адно і тое ж: "Асадзі назаді". Рэфрэн "Асадзі назаді", якім заканчваецца кожная страфа, набывае ў вершы розныя сэнсавыя адценні: і спачування, і гневу, і іроніі, і нянавісці да ворагаў. Верш накіраваны супраць бюракратычных парадкаў Расіі, супраць гвалтоўніцтва паліцэйскіх, разгулу рэакцыі. Селянін з'яўляецца не толькі ахвярай паліцэйскіх здзёкаў, але і барацьбітом за сваю свабоду. "Узбунтаваўшы" народ, ён не адракаецца ад сваіх слоў, смела глядзіць праўдзе ў вочы, здольны на далейшую барацьбу. Верай у народ, у яго светлае будучае прасякнуты верш "Не бядуй!". Напісаны ў часы рэакцыі (пасля паражэння рэвалюцыі 1905 г.), ён заклікаў простых людзей не паддавацца роспачы, не траціць надзеі на прыход свет
Дымам пойдзе ўсё ліхое, Ўсё, што душыць нас і гне, Вер, брат, — жыцце залатое Будзе ў нашай старане.
Паэзія Я. Коласа была паэзіяй тугі і смутку. Невыпадкова свой першы зборнік вершаў паэт назваў "Песні жальбы". У ім многа лірычных, шчырых вершаў пра бацькаўшчыну, пра "забыты богам край". У вершы "Родныя вобразы" Я. Колас звяртаецца да роднага краю і да самога сябе з пытаннем-роздумам, якая сіла прываблівае яго да бацькоўскай зямлі, чаму напаўняецца яго сэрца смуткам і радасцю:
Вобразы мілыя роднага краю, Смутак і радасць мая! Што маё сэрца да вас парывае? Чым так прыкованы я К вам, мае ўзгорачкі роднага поля, Рэчкі, курганы, лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі, Поўныя сумнай красы?
Цудоўныя беларускія мясціны выклікаюць у паэта не толькі радасць і замілаванне, але і сум. У гомане спелай нівы, у шуме-гудзе высокага лесу, у ціхай жальбе палёў паэт чуе "песні цягучыя, песні пакутныя" простых людзей працы. Яго сэрца баліць за прыгнечаны народ, зняволеную радзіму. Тужлівы боль чуецца ў радках вершаў Я. Коласа пра родную старонку, пра жыццё вёскі і яе людзей. Сіратліва выглядаюць скрыўленыя хаткі, сумныя вербы, могілкі з пахіленымі крыжамі, вузкія сцежкі:
Край наш родны, бедна поле! Ты глядзіш, як сірата, Сумны ты, як наша доля, Як ты, наша цемната. ("Наш родны край")
Сумам вее і ад верша "Маці", у якім Я. Колас расказвае пра цяжкі лёс жанчыны. Многа гора спазнала яна за сваё жыццё: смерць мужа-батрака, заключэнне ў астрог сына, беззямелле, голад і холад. У зімовую ноч, калі "вецер вые за вугламі, у коміне галосіць", "вербы плачуць", "глуха лес гамоніць", маці ўспамінае мінулае жыццё, у якім больш было гора і слёз, чым радасці. Паказваючы бязрадасную карціну сялянскага жыцця, моц мацярынскага цярпення, Я. Колас прымушае задумацца над прычынамі пакут простых людзей. У Я. Коласа нямала вершаў, прысвечаных тэме паэта і паэзіі ("Песняру", "Дудка", "Родныя песні", "Не пытайце, не прасеце"). У іх аўтар патрабуе ад мастакоў слова быць выразнікамі дум і жаданняў народа, смела раскрываць праўду жыцця, пісаць узнёсла і ўсхвалявана. Паэзія, на думку Я. Коласа, — гэта зброя, якая павінна дапамагаць у барацьбе за перабудову жыцця. У вершы "Песняру" сілу і моц паэтычнага слова аўтар параўноўвае з магутнасцю прыродных сіл, з маланкай, з перуном:
Заспявай жа ты песню такую, Каб маланкай жахала яна І паліла нядолю людскую, Каб грымела, як гнеў перуна.
Такім чынам, асноўнымі тэмамі ў дарэвалюцыйнай лірыцы Якуба Коласа з'яўляюцца тэма Беларусі, роднага краю, красы роднай прыроды, сялянскага жыцця, цяжкай паднявольнай працы. Вершы паэта ўвабралі ў сябе надзеі і спадзяванні простых людзей, іх імкненне да свабоды і шчасця. Яны з'яўляюцца своеасаблівым гімнам у гонар чалавека працы, мастацкім выяўленнем рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый аўтара.