Васіль Быкаў — агульнапрызнаны майстар такога жанру празаічнай творчасці, як аповесць. Апошнім творам у гэтым накірунку з'явілася аповесць "Пакахай мяне, салдацік". Яна вылучаецца тым, што, у адрозненне ад ранейшых твораў, у ёй В. Быкаў надае значную ўвагу вобразу жанчыны. Дзеянне ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік" адбываецца ў апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах невялічкага аўстрыйскага гарадка. Галоўны герой — камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне. Сустрэўшыся з маладзенькай зямлячкай Франяй, лейтэнант закахаўся ў яе. Аднак шчырае і чыстае пачуццё Змітрака трагічна абарвалася з-за забойства Франі, разам з якой загінулі яе нямоглыя гаспадары — прафесар біялогіі Шарф і яго жонка фрау Сабіна. Змітрок праклінае забойцаў: "Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты!" Прасочваючы лёс Змітрака і Франі, аўтар выступае супраць неапраўданай помслівасці, жорсткасці і ахвяр, не выкліканых ваеннай неабходнасцю, гаворыць пра небяспеку і фашызму, і бальшавізму. Нельга не адзначыць, што ў апошні час пісьменнік аддае перавагу апавяданню. І звязана гэта ў першую чаргу з імкненнем пісьменніка ў больш кароткай, у параўнанні з аповесцю, форме данесці да чытача сваю думку. Тэме бальшавіцкага таталітарызму прысвечаны такія творы В. Быкава, як "На чорных лядах", "Перад канцом" і "Жоўты пясочак". У апавяданні "На чорных лядах" аўтар звяртаецца да нядаўняй гісторыі — Слуцкага ўзброенага паўстання 1920 г., накіраванага супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Восем чалавек, знясіленых, без ежы і патронаў, адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе агульную магілу і па чарзе кладуцца ў яе. Гэтыя людзі, якія хацелі дабра сабе і свайму народу, свядома ідуць на смерць не з-за нейкага фанатызму, а кіруюцца гуманістычным меркаваннем: не "пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасці, распачалі" паўстанне. З васьмі чалавек застаўся жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір даручыў закапаць і зруйнаваць з зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаванне Валодзькі — надзея на тое, што трагічная самаахвярнасць паўстанцаў не згіне бясследна ў гісторыі, не забудзецца нашчадкамі. Праз трагедыю герояў твора аўтар паказвае нацыянальную трагедыю, выкрывае зло, што прынёс беларускаму народу бальшавізм. Падзеі ў апавяданні "Перад канцом" адбываюцца ў хуткім часе пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі. Цэнтральны персанаж твора — былы падпаручнік царскай арміі, які па недарэчнасці трапляе ў засценкі ЧК: пры вобыску на вакзале чэкісты знаходзяць ў ягоным рэчывым меху пісталёт. Апынуўшыся ў няволі, падпаручнік не губляе надзеі на лепшае. Таму ён адразу згаджаецца на прапанову аднаго з с