Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар. Я балота буджу гучным шумам. У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар, Але змоўкнуць не дам сваім струнам. М. Чарот
Творчасць М. Чарота ў многім тыповая для пакалення пісьменнікаў, што прыйшло ў літаратуру адразу пасля Кастрычніка. Яго творам уласцівы рамантычная акрыленасць, урачыстасць, узнёсласць, дынамічнасць, мяцежна-бунтарскі дух. Паэт адлюстроўваў гераічны пафас рэвалюцыйнай барацьбы, жыццё ў яго бурлівым развіцці, вялікае супрацьстаянне новага і старога. Вобразы буры, ветру, навальніцы, завірухі, чырвонага вогнішча, веснаходу, буралому, агню, пажару складаюць аснову першых зборнікаў М. Чарота "Завіруха", "Веснаход" і выяўляюць іх рэвалюцыйны змест. М. Чарот лічыцца ў беларускай літаратуры адным з пачынальнікаў рэвалюцыйнай тэматыкі, якая атрымала ў яго ў вялікай ступені сацыяльна-класавую, палітычную акрэсленасць. У героіка-рамантычнай паэме "Босыя на вогнішчы" жорсткая і крывавая рэвалюцыя паказваецца як непазбежнасць і адзіная ўмова разняволення сіл беларускага народа. Паэт супрацьпастаўляе дзве непрымірымыя сілы — "босых" (рабочых і сялян) і іх прыгнятальнікаў (паноў, чыноўнікаў, афіцэраў, папоў) — і верыць у неабходнасць зруйнавання старога ладу, надыход "вялікай будучыні" дня. Змагаецца праца з багаццем:
Свет новы жыццё утварае. Зышліся дзве моцныя раці, І праўда няпраўду змагае.
У цэнтры паэмы — мастацка-абагульнены вобраз народа, грамады, магутная рака рэвалюцыйнага руху:
Яны — байцы вялікай раці. Іх хата там, дзе ёсць прастор. Няволя, крыўда — вось іх маці! Ідуць яны да сонца й зор.
Своеасаблівым працягам "Босых на вогнішчы" можна лічыць паэму-фантазію "Чырванакрылы вяшчун", героем якой з'яўляецца новы (савецкі) чалавек. Ён узняўся на незвычайным аэраплане над рознымі краінамі і кантынентамі з мэтай падняць дух рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы працоўных гэтых краін. Верай у заўтрашняе сонца р
Я нейкім чорным туманом Усё жыццё сваё спавіты... Я бачыў шчасце толькі сном... Мой човен хвалямі разбіты.
М. Чарот унёс значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і драматургіі. Ён быў старшынёй тэатральнай групы "Маладзік", удзельнічаў у многіх спектаклях трупы Уладзіслава Галубка, пісаў п'есы для тэатральных пастановак, спяваў у хоры У. Тэраўскага. З драматычных твораў найбольш вядомы п'есы "Мікітаў лапаць" (яна і зараз у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы) і "На Купалле" (паводле яе была створана опера "Квётка шчасця" А. Туранкова). М. Чарот вядомы і як аўтар празаічных твораў, у якіх у большай ступені прытрымліваўся рэалізму, чым рамантызму. Яны, як правіла, прысвечаны беларускай вёсцы 20-х гг. Па аповесці "Свінапас", якая ўзнаўляе падзеі грамадзянскай вайны, быў створаны першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль" (1926). У 30-я гады пясняр рэвалюцыі адчуў неажыццявімасць сваіх рамантычных мар, атручаных жорсткай рэальнасцю, зведаў на сабе несправядлівую крытыку за адсутнасць "акрэсленай мастацкай пазіцыі" і ўрэшце быў арыштаваны за контррэвалюцыйную дзейнасць і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Апошні свой верш "Прысяга" М. Чарот запісаў на сцяне мінскай турмы, дзе яго ўдалося прачытаць і захаваць у памяці М. Хведаровічу.