РефератыОстальные рефератыПаПаэма Міколы Гусоўскага Песня пра зубра.

Паэма Міколы Гусоўскага Песня пра зубра.

Паэма Міколы Гусоўскага Песня пра зубра.

Кожны народ не без роду i племя i мае Летапiс свой i гiсторыi след на старонках. М. Гусоўскi


Мiкола Гусоўскi — наш славуты зямляк эпохi Адраджэння, сучаснiк Францiшка Скарыны. Сёння мы не ведаем дакладна нi колькi жыў, нi калi памёр паэт. Не акрэслена пакуль што i месца на беларускай зямлi, якое дало свету генiяльнага чалавека, бо паселiшчаў i рэк з назвамi Гусаў, Усава, Уса на Беларусi шмат. Адно несумненна: паэт з Гусава нарадзiўся на беларускай зямлi Вялiкага княства Лiтоўскага. Пяру М. Гусоўскага належаць тры паэмы, больш за дзесяць вершаў. Самы ўдалы твор, якому былi суджаны доўгае жыццё i вялiкая слава, — паэма "Песня пра зубра" (поўная назва "Песня пра постаць, дзiкi нораў зубра i паляванне на яго"). Дзякуючы таленту i багатаму жыццёваму вопыту паэта паэма стала песняй яго сэрца, гiмнам бацькаўшчыне, паэмай жыцця зямлi "пад зоркай Палярнай". Цудоўны высокапатрыятычны твор "Песня пра зубра" напiсаны ўдалечынi ад радзiмы (у 1522 г.) па просьбе папы Льва X, якi хацеў пачуць праўдзiвае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Напiсана паэма на лацiнскай мове — на той час мове навукi, культуры, мiжнародных зносiн у Еўропе. На беларускай мове "Песня" з'явiлася ў другой палове 60-х гг. XX ст. у перакладзе Язэпа Семяжона. У 1994 г. чытач змог пазнаёмiцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона. Паэма прасякнута любоўю паэта да роднага краю, глыбокiм адчуваннем радзiмы як месца адзiнага i непаўторнага. "Думкай ляцiш быстракрылай ноччу i днём на радзiму, — пiша М. Гусоўскi, — у памяцi сецi вабiш той час незабыўны, што некалi ў нетрах родных лясоў разгубiўся, i клiч — не даклiчаш..." Аўтар замiлавана любуецца пушчай, дзе прайшло яго дзяцiнства i юнацтва, захапляецца "дзiвосным прыстанкам загадак i цудаў". Лес i прырода для паэта — "элiксiр маладосцi, бадзёрасцi духу". У беларускiх пушчах незлiчоныя багаццi, мноства звяроў, птушак, у нераст рыба кiшыць не толькi ў рэках i азёрах, але i ў лужынах: Нашы лясы - гэта нашых даброт i багацця невычарпальны калодзеж. А як маляўнiча ён iх апiсвае! Хмаркi навiслi на "макаўках кронаў", ад ранняй вясны да позняй восенi пушча напоўнена водарам кветак, спевам птушак. I гэтыя "скарбы свае нашы людзi на золата нават не прамяняюць". Царом беларускiх лясоў i пушчаў з'яўляецца грозны i магутны асiлак — зубр. Такiх магутных звяроў, пiша аўтар, прырода захавала толькi пад зоркай Палярнай — у нас, на Беларусi. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сiмвал яго былой магутнасцi. Надзелены незвычайнай сiлай, зубр — звер мiралюбiвы, бяскрыўдны, калi яго не зачапiць, не патрывожыць. I ён люты, бязлiтасны, калi абараняецца пры нападзе ворагаў. Паэт маляўнiча апiсвае зубрыны статак: тут адлюстраваны i стадны iнстынкт, i вернасць у парах, якую можа парушыць толькi смерць, i скрытая сiла, i невычэрпная энергiя, i магутнасць. М. Гусоўскi надзяляе зубра здольнасцю мыслiць, чуйна рэагаваць на дабро i зло: Зубр, як мы лiчым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнiк, Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна, - Сiлай на сiлу, у рожкi

i мужнасць на мужнасць. Безлiч радкоў прысвячае паэт паляванню ў пушчы: зубр трапляе ў пастку, i на яго сыплецца цэлы град стрэл i коп'яў, упiваючыся ў цела i грыву; кроў сочыцца з яго, пеняцца ёю свежыя раны; вочы поўныя гневу; раз'юшаны звер доўга яшчэ бушуе, спрабуючы адпомсцiць ворагам "i за кроў, i за раны, i за парушанае мiрнае жыццё"; паступова сiлы пакiдаюць зубра; па звычаi двое юнакоў клiнкамi дабiваюць яго. Страшнае вiдовiшча! I паэт асуджае бессэнсоўнаё знiшчэнне зуброў, узнiмае праблему беражлiвых адносiн да прыроды. Зубр у паэме параўноўваецца з адважным i смелым князем Вiтаўтам, у час княжання якога Вялiкае княства Лiтоўскае дасягнула небывалага росквiту. Вiтаўт паказаны ў паэме ў паўсядзённым жыццi. Ён высакародны, справядлiвы, чулы, патрабавальны чалавек, жорсткi ў адносiнах да злачынцаў i хабарнiкаў. Воiнская мудрасць дапамагала князю дасканала рыхтаваць будучых воiнаў, прывучаючы iх да вернасцi клятве, справядлiвасцi, бясстрашнасцi: "Ох, не любiў баязлiўцаў... i клятваадступнiкаў-сведак". Найважнейшым вынiкам дзейнасцi Вiтаўта, лiчыць М. Гусоўскi, з'яўляецца тое, што "густа ён справамi век насялiў свой", i справы прынеслi княству i багацце, i дастатак. У паэме цудоўным чынам пераплятаюцца вобразы зубра, князя i народа. М. Гусоўскага да глыбiнi душы хвалююць усе беды i пакуты беларусаў. Прычыну iх гаротнага становiшча аўтар бачыць у тым, што князi i баяры, усе, хто мог бы заступiцца за простых людзей, глухiя да iх "i не горай, чым жорсткi татарын, душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе". Гора i пакуты нясуць простаму люду i войны. М. Гусоўскi асуджае iх як сродак высвятлення адносiн памiж людзьмi: Войны! Злачынная справа - вайна выклiкае Гнеў мой, i слёзы, i боль. Ворагi (крыжаносцы, татара-мангольскiя заваёўнiкi) урываюцца на беларускiя землi, агнём i мячом усталёўваюць свой лад, жорстка распраўляюцца з прыхiльнiкамi нашай веры, вынiшчаюць мястэчкi i сёлы, не шкадуючы нi жанок, нi дзяцей. Там, дзе пройдуць варожыя войскi, застаюцца толькi "асмолкi ды печышчы, попел ды косцi, зграi варон ды чароды сабак адзiчэлых". Галоўную прычыну паражэнняў паэт бачыць у раз'яднанасцi людзей, iх незгуртаванасцi, таму i заклiкае ўсiх князёў беларускай зямлi да аб'яднання, адкрыта асуджае мiжусобiцы, братазабойствы: Ад сваiх мiжусобiц мы ўсе не дужэем, Нашы ж мячы падсякаюць i веру Хрыстову. Заканчваецца паэма малiтвай да Дзевы Марыi, у якой паэт просiць Мацi Боскую спынiць забойствы i кровапралiццi, даць больш мудрасцi i раўнавагi князям i ваяводам, супакою, ладу i шчасця свайму пакутнаму краю i народу. М. Гусоўскi ў сваёй паэме не толькi апiсаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнёслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, iх думы i пачуццi, пра прыроду, жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў i нянавiсць, жыццё i смерць, вайну i мiр. Паэма вучыць нас любовi да роднай зямлi, да свайго народа, яго гiсторыi, культуры, нацыянальных традыцый, любовi i павазе да iншых народаў i iх культур. Паэма заклiкае сумленна жыць, змагацца за справядлiвасць i праўду, весцi няспынную барацьбу за мiр i свабоду, за святло i шчасце.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Паэма Міколы Гусоўскага Песня пра зубра.

Слов:947
Символов:6343
Размер:12.39 Кб.