РефератыПедагогикаРаРазвіццё вучнёскага самакіраавння ў сучаснай школе

Развіццё вучнёскага самакіраавння ў сучаснай школе

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь


Беларускі дзяржаўны універсітэт імя Максіма Танка


Развіццё вучнёўскага
с
амакіравання


ў сучаснай школе


Курсавая праца


Студэнткі 3 курса


З14 групы


Сідун Крысціны Уладзіміраўны


Навуковы краўнік


Неўдах Святлана Ігараўна


Мінск 2002


Змест






















1.


Частка 1
.


Самакіраванне – структура, працэдура, працэс.


Тэарэтычныя асновы самакіравання як элемента выхаваўчага працэсу.


Школьнае самакіраванне як мадэль грамадзянскай супольнасці


С. 2


2.


Частка 2.


Развіццё вучнёўскага самакіравання на прыкладзе


гімназіі горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці


С. 15


3.


Заключная частка


С. 25


4.


Літаратура


С. 27


5.


Дадаткі:


1). Анкета для навучэнцаў “Вашы думкі аб вучнёўскім самакіраванні”


2). Абвестка пра правядзенне вучнёўскай канферэнцыі


3). Методыка вызначэння развіцця самакіравання ў вучнёскім калектыве


4). Апытальны ліст для вучняў 10-11 класаў


5). Узровень развіцця самакіравання навучальнай установы (графік)


6). Узровень развіцця самакіравання ў вучнёўскіх калектывах (графік)


7). Правы і абавязкі гімназіста


8). Кодэкс гімназіста


9). Законы жыцця і працы гімназіі горада Ляхавічы


10). Гімн гімназіі (словы і музыка Л.В. Цітко)


11). Параўнальны аналіз выхаваўчай працы ў гімназіі



С. 28



С. 29



С. 30


С. 31



С. 32



С. 33


С. 34


С. 35


С. 36


С. 37


С. 38




Частка 1


Самакіраванне – структура, працэдура, працэс.


Тэарэтычныя асновы самакіравання як элемента выхаваўчага працэсу.


Школьнае самакіраванне як мадэль грамадзянскай супольнасці


Выхаванне падрастаючага пакалення, творчая перадача яму сацыяльнага досведу, выпрацоўка дзецьмі ўласных каштоўнасных арыентацый – найважнейшы клопат кожнага грамадства, дзяржавы, на якім бы этапе свайго развіцця яны не знаходзіліся. Пытанне, як выхаваць вучняў у сучасных умовах, калі ў грамадстве мяняецца спосаб жыцця, хвалюе педагогаў.


Сёння ў Беларусі ў многіх гарадах і раёнах фармуюцца новыя мадэлі выхавання на аснове плюралізма і варыятыўнасці выхаваўчых практык, пашырэння ініцыятывы ўсіх суб’ектаў вучэбна-выхаваўчага працэсу, узмацнення асобасна-дзейнаснай скіраванасці адукацыі, фармавання цэласнай выхаваўчай прасторы, аптымізацыі працэсаў сацыялізацыі і індывідуалізацыі.


Набыццё досведу дэмакратычных паводзінаў – важная задача сучаснай школы. Грамадзянскую супольнасць не пабудаваць без ініцыятывы саміх грамадзян. Такіх грамадзян павінна дапамагчы падрыхтаваць школа.


“Школьны калектыў, — на думку намесніка міністра адукацыі А. Г. Слукі, — з уласнымі законамі, нормамі і правіламі калектыўнага жыцця павінен стаць мадэллю грамадзянскай супольнасці, якая забяспечвае фармаванне ў навучэнцаў пазітыўнага досведу сустрэчы з дарослым светам”[1]
.


“Самакіраванне народа ў поўнай меры стане рэальнасцю толькі тады, калі, разам з іншымі аб’ектыўнымі фактарамі, будуць створаны ўмовы, каб ужо ў школьныя гады кожны чалавек мог праявіць сваё “Я” ў вызначэнні не толькі ўласных мэтаў і задач, шляхоў іх ажыцяўлення, але і пры выбары перспектыў калектыва, членам якога ён з’яўляецца”[2]
, — лічыць А.З. Іагаленіч. Школа – гэта мікрамадэль будучага грамадства.


У інструктыўна-метадычных рэкамендацыях “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе” адзначаецца: “Ў цэнтры ўвагі класнага кіраўніка павінны знаходзіцца тры галоўныя кірункі выхаваўчай працы. Першы звязаны з непасрэдным ўзаемадзеяннем з вучнем:


- вывучэнне індывідуальных асаблівасцей развіцця, інтарэсаў, жыццёвых навыкаў;


- праграмаванне выхаваўчага ўздзеяння;


- уключэнне дзяцей у розныя віды дзейнасці па інтарэсах у рамках працуючых у школе гурткоў, секцый, клубаў;


- аналіз эфектыўнасці выхаваўчых уздзеянняў.


Другое непасрэдна звязана са стварэннем выхоўваючага асяроддзя:


- згуртаванне дзіцячага калектыва;


- фармаванне спрыяльнай эмацыйнай атмасферы;


- уключэнне дзяцей у разнастайныя віды сацыяльна актыўнай дзейнасці;


- развіццё вучнёўскага самакіравання.


Трэці кірунак мае на ўвазе карэкцыю і каардынацыю разнастайных выхаваўчых уплываў у соцыюме:


- праца з сям’ёй;


- карэкцыя ўздзеяння сродкаў масавай камунікацыі;


- нейтралізацыя негатыўных уздзеянняў соцыюма;


- узаемадзеянне з культурнымі і іншымі адукацыйнымі ўстановамі”[3]
.


Сённяшнім школьнікам уласціва патрэба ў самастойнай творчай дзейнасці, якая дае рэальныя вынікі і адпавядае патрабаванням часу. А самастойнасць – аснова асабістай адказнасці.


Вучнёўскае самакіраванне ахоплівае ўсе бакі жыццядзейнасці школьніка, у тым ліку і праблемы ўзаемаадносінаў вучань-вучань, вучань – калектыў, вучань – настаўнік і інш.


Удзел у працы ворганаў самакіравання дае вучням магчымасць набыць шэраг ведаў, уменняў, навыкаў:


- уменне планаваць,


- уменне выбіраць галоўныя кірункі ў працы,


- здольнасць наладзіць кантроль і праверку выканання,


- уменне правільна размеркаваць абавязкі сярод сяброў,


- здольнасць забяспечваць каардынацыю дзеянняў паміж партёрамі,


- уменне наладзіць спаборніцтва і інш.


Сістэма самакіравання выхоўвае маральныя якасці:


- асабістую адказнасць кожнага за агульную справу;


- разуменне агульных задач, гатоўнасць іх вырашыць;


- прынцыповасць ва ўзаемаадносінах з іншымі членамі калектыва;


- патрабавальнасць да сябе ды іншых;


- ініцыятыўнасць, імкненне ўнесці новае, палепшыць жыццё калектыва


- здольнасць саступаць без высвятлення , хто лепшы, а выключна здольнасцю “тармазіць” сябе.


“Важны вынік самакіравання, – лічыць А.С. Сініцын – карэнны пералом у стаўленні да справаў калектыва з боку ўсіх вучняў. Вучні адчуваюць сябе гаспадарамі, шчыра імкнуцца палепшыць, зрабіць унёсак у агульную справу”[4]
.


У выніку ўдзелу ў школьных сходах, арганізаваных самакіраваннем, вучні атрымліваюць досьвед узаемаадносінаў паміж большасцю і меньшасцю.


Вучань, які прайшоў праз школу самакіравання стане канкурэнтназдольным спецыялістам у будучыні.


Самакіраванне вучыць перш за ўсё самастойнасці. Як пісаў Ушынскі: “Должно постоянно помнить, что следует не только передать ученику те или иные познания, но и развить в нём желание и способность самостоятельно, без учителя приобретать новые познания… Обладая такой умственной силой, извлекающей отовсюду полезную пищу, человек будет учиться всю жизнь, что, конечно, и составляет одну из главнейших задач всякого школьного учения. Эта умственная сила сообщается ученику тем, что учитель указывает ему предмет, могущий возбудить деятельность тех или других его умственных способностей и направляет эту деятельность, помогая ей, где необходимо, и оставляя её действовать там, где она может действовать сама. Главная задача…состоит в том, чтобы пробудить умственные способности уеников к самостоятельности и сообщить им привычку к ней, указывая, где следует, дорогу, но не таская их на помочах”[5]
.


Самакіравнне пераўтварае часта выпадкова сабраныя класы ў калектывы. А.С. Макаранка падкрэсліваў, што арганізаваны і згуртаваны на аснове таварысцкай дысцыпліны калектыў з развітым самакіраваннем, які абапіраецца на самаабслугоўванне – калектыўны гаспадарлівы клопат аб паляпшэнні свайго жыцця, такі калектыў найбольш эфектыўна вырашае задачы як выхавання канкрэтнай асобы, так і ўсіх дзяцей разам узятых.


Самакіраванне падразумевае станаўленне школьніка як арганізатара школьнага жыцця. Арганізатарскія ўменні выступаюць істотным бокам такой якасці асобы, як арганізаванасць, якая ўключае ў сябе ўменне рацыянальнай арганізацыі індывідуальнай дзейнасці і здольнасць узгоднена працаваць у калектыве. На гэтай падставе фармуецца ўменне арганізаваць чужую працу, якое выражае сутнасць арганізатарскай дзейнасці.


Арганізаванасць як уласцівасць асобы ўключае ў сябе перш за ўсё планаванне дзейнасці, арганізацыю дзейнасці на падставе ўжывання рацыянальных метадаў і прыёмаў працы, самарэгуляцыю гэтай дзейнасці. Названыя кампаненты арганізаванасці ў значнай ступені адлюстроўваюць спецыфіку кіравання ўцэлым і самакіравання, у прыватнасці (аналіз сітуацыі, вызначэнне мэты, планаванне дзейнасці і яе рэалізацыя, карэкціроўка выканання і падвядзенне вынікаў дзейнасці). Гэта дазваляе лічыць фармаванне арганізаванасці ў школьнікаў састаўной часткай падрыхтоўкі вучняў да разнастайнай дзейнасці на аснове самакіравання.


Калектыўная арганізаванасць уключае вызначэнне мэты і зместу будучай працы, распрацоўку сумеснага плана дзеянняў, размеркаванне працы паміж членамі калектыву, вызначэнне іх функцыяў, улік і кантроль вынікаў дзейнасці[6]
.


Але самакіраванне – гэта не толькі сродак самаарганізацыі чалавечай дзейнасці. Падыход да самакіравання з гуманістычных пазіцыяў дае магчымасць пабачыць яго ў больш складаным святле.


Гуманізм – сістэма поглядаў, што выражаюць павагу вартасці і правоў асобы. Рэалізацыя прынцыпаў гуманізма патрабуе стварэння ўмоваў для рэалізацыі чалавечых магчымасцяў. Рэальны гуманізм – гэта рэальны клопат пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт людзей, іх усебаковае развіццё, пра стварэнне спрыяльных для чалавека ўмоваў грамадскага жыцця. У сістэме адукацыі – гэта паварот да асобы выкладчыка і навучэнца, перагляд усіх кампанентаў педагагічнага працэсу: ад педагагічнага мыслення да матэрыяльнага забеспячэння і арганізацыі ўсіх аспектаў і сектараў выхаваўчага працэсу.


Калектыў як сродак выхавання толькі тады выканае сваю ролю, калі чалавек адчуе сябе ў ім абароненым і аўтарытэтным. Калі дзіцё не ўпісваецца ў сістэму ўзаемаадносінаў дадзенага калектыва і толькі вымушана ў ім знаходзіцца, то калектыў можа стацца перашкодай для ягонага развіцця. Гэта ў роўнай ступені мае дачыненне і да настаўніка.


Макаранка лічыў, што сапраўдная самадзейнасць вучняў вырастае ў працэсе калектыўнай дзенасці – вучебнай, працоўнай, гульнёвай, умела зарганізаванай настаўнікам.


Кіраваць школьным калектывам – значыць знайсці аптымальныя суадносіны педагагічнага кіравання вучнёўскага калектыва і яго самарэгуляцыі (самаарганізацыі). Механізмам самарэгуляцыі вучнёўскага калектыва можа быць самакіраванне.


Формы і метады рэалізацыі самакіравання ў школе, яго функцыі, паўнамоцтвы, склад органаў могуць быць рознымі ў розных школах. Розніца ў многім звязана з тым, у чым школа бачыць сваю місію. Калі яна ў трансляцыі ведаў, то функцыі самакіравання невялікія: добрыя настаўнікі і без Рады школы могуць добра навучыць. Калі Рада – дарадчы орган – пры моцным дырэктары, яе правы абмежаваныя вырашэннем толькі бягучых пытанняў.


Самакіраванне – дзеючая мадэль грамадства, пабудаванага на праве і законах.


Для стварэння такой мадэлі неабходна перш за ўсё выдзеліць істотныя прыкметы прававой дзяржавы, зразумець прынцыпы яе Канстытуцыі, нормаў (законаў), што забяспечваюць асноўныя правы грамадзянаў. Неабходна таксама зразумець, якія атрыбуты дэмакратычнай улады неабходны і дастатковы для кіравання школьнай супольнасцю.


Законы (правіла, нормы) павінны сыходзіць з рэаліяў уласнага жыцця школы. Таму перад распрацоўкай праекта неабходна атрымаць добрае ўяўленне пра тую сферу школьнага жыцця, якую ён будзе рэгуляваць: даведацца грамадскую думку пра праблемы вучняў і настаўнікаў, іх стаўленне да будучых законаў, сабраць прапановы адносна ўдасканалення школьнага жыцця.


Адзін з асноўных прынцыпаў школьнага заканадаўства заключаецца ў тым, што законы не могуць пісацца толькі для дзяцей. Законы ў школьнай супольнасці дзейнічаюць для ўсіх – і для дзяцей, і для дарослых. Натуральна, у разнастайным школьным жыцці сустракаецца многае, важна не забараніць нейкія парушэнні заканадаўча, а разам на падставе сумесна прынятых правілаў імкнуцца следаваць норме, а ў выпадку парушэння раўнапраўна адказваць за яго.


У законе павінны вызначацца меры па гарантыі правоў грамадзян, потым іх абавязкі і адказнасць за парушэнні правоў іншых людзей. Неабходна стварыць у школе ўмовы, якія дазваляюць разумець, што галоўная мэта законаў – абарона правоў, а не іх абмежаванне.


Да стварэння законаў варта прыцягнуць як мага больш вучняў, арганізаваць групы, якія будуць распрацоўваць альтэрнатыўныя законапраекты, апублікаваць усе магчымыя варыянты, наладзіць абмеркаванне. Удзел школьнікаў у выпрацоўцы правілаў агульнага жыцця робіць іх актыўнымі носьбітамі гэтых правілаў.


“Асноўная праблема вучняў і настаўнікаў падчас стварэння самакіравання, — лічыць А.Тубельскі, — заключаецца ў неабходнасці пераадолець погляд вучняў і настаўнікаў на школьнікаў толькі як на аб’ект выхаваўчых намаганняў дарослых, прыняць іх як роўных грамадзянаў у дзіцяча-дарослай школьнай супольнасці. Адсюль вынікае неабходнасць стварыць такія органы кіравання супольнасцю, якія б прызнавалі і вучні, і дарослыя як паўнамоцныя і рэферэнтныя для ўсіх. Гэта зусім не выключае традыцыйных аб’яднанняў як дарослых (педагагічная рада, метадычныя аб’яднанні і да т. п. ), так і навучэнцаў (клубы, секцыі, навуковыя таварыствы і да т. п.). Проста гэтыя аб’яднанні аўтаномныя ў дасягненні сваіх мэтаў, павінны падпарадкоўвацца агульным правілам і прызнаваць уладу і ролю органаў, абраных усімі. Надзяляючы той ці іншы орган паўнамоцтвамі, неабходна вызначыць, на што яны скіраваны. Нярэдка пры вырашэнні гэтага пытання дарослыя, да і дзеці, абцяжараныя спадчынай мінулых гадоў, перш за ўсё думаюць пра тое, якія рашэнні ён будзе прымаць і за што адказваць, якія санкцыі накладаць за невыкананне рашэнняў”[7]
.


У самакравання, каб яно адбылося ў поўнай меры і не расчаравала вучняў і настаўнікаў, павінны быць мэты і задачы, як на бліжэйшы час, так і перспектыўныя. Як лічыць М.І. Прыходзька, пры вызначэнне мэтаў і задач неабходна:


- ставіць мэту, якая вынікае з канкрэтнай задачы і ўмоваў жыццядзейнасці калектыва;


- канкрэтызаваць патрабуемы канчатковы вынік, максімальную велічыню дапушчальных затрат часу, сродкаў, сіл;


- вызначаць колькасную характарыстыку патрабуемага выніка, неабходную для падцвярджэння факта дасягнення мэты;


- абумоўліваць толькі тое, “што” і “калі” павінна быць зроблена, не заглыбляцца ў дэталі, “як” гэта павінна быць зроблена;


- задавацца мэтай, якая адказвае непасрэдна мэтавым і функцыйным прызначэнням і абавязкам канкрэтнага члена калегіяльнага ці рабочага органа кіравання;


- ставіць мэту рэальную і дасягальную;


- выключаць магчымасць падвойнай адказнасці за вынікі сумеснай працы;


- мэта павінна супадаць з інтарэсамі арганізатараў і выканаўцаў і не выклікаць канфліктных сітуацыяў[8]
.


Калі школа бачыць сваю важную ролю ў тым, каб стаць інстытутам грамадзянскай супольнасці, то Рада – адзін з важных яе элементаў, які забяспечвае рэалізацыю правоў чалавека, арганізуе досвед дэмакратычных паводзінаў. Функцыі яе даволі шырокія: яна рыхтуе праекты школьных нормаў і правілаў, распрацоўвае Статут школы, яе Канстытуцыю, рыхтуе праекты паправак, дадаткаў і зменаў да іх. Вялікую ўвагу Рада надае адукацыйнаму працэсу.


Рада пасля апытання бацькоў можа складаць калектыўную замову на адукацыю. Такая замова можа ўключаць прапановы тых, хто вучыцца ў 6-11 класах па зместу навучальнага працэса, па мэтам адукацыі. Такая замова можа быць пакладзена ў аснову навучальнага плана школы на новы навучальны год, які зацвярджае Рада напрыканцы мінуўшага навучальнага года.


Важная функцыя Рады – кіраванне вучэбнай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю. Безумоўна, Рада не павінна падмяняць у гэтых пытаннях адпаведныя службы школы – навучальную і гаспадарчую частку, дырэктара. Але самыя прынцыповыя пытанні павінны выносіцца на Раду. Так, напрыклад, складанне плана-замовы школьным працоўным майстэрням па рамонту і вырабу абсталявання, каляндарны графік школы (чвэрці, вакацыі, час практыкі), набор факультатываў і майстэрняў, сістэма ацэнкі і прамежкавай атэстацыі, пабудова цяпліцы, пытанні бясплатнага харчавання і да т. п. – усё гэта можа стацца прадметам абмеркавання на Радзе.


Рада распрацоўвае праграму агульных для ўсёй школы мерапрыемстваў і арганізуе яе выкананне. Сама гэтая праграма павінна быць вынікам творчасці як мага большай колькасці людзей. Таму Рада можа абагульніць ідэі, прапанаваць класам правесці разведку цікавых і карысных справаў на мясцовасці, правесці анкетаванне “Якія цікавыя справы нам варта зрабіць у гэтым годзе?”, Што мы можам зрабіць, каб кожнаму было цікава ў школе?” і да т. п.


Пасля прыняцця праграмы дзейнасці варта звярнуцца да вучняў, настаўнікаў, бацькоў з прапановай стаць арганізатарамі той ці іншай справы.


Клопат Рады – арганізацыя разнастайнай дзейнасці па інтарэсах: развіццё сеткі гурткоў, клубаў, секцый у школе. Гурткі могуць весці не толькі настаўнікі, але і бацькі, старшакласнікі.


Рада павінна карыстацца аўтарытэтам у бацькоў. Тады яна можа весці сумесную працу з імі, дапамагаць у выхаванні дзяцей.


Рада можа вынайсці дадатковыя да бюджэтных асігнаванні матэрыяльных і фінансавых сродкаў для ўдасканалення адукацыйнага працэсу, стымулявання вучняў і настаўнікаў за добрую творчую працу. Безумоўна, сродкі бацькоў можна прыцягваць толькі на добраахвотнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўствам. Асобная размова на Радзе – шляхі пошуку і прыцягнення спонсарскіх сродкаў.


Важная задача рады – забяспечыць выкананне школьных законаў. Праз 2-3 месяцы пасля ўвядзення новага закона шляхам апытання высвятляецца, ці пачаў ён працаваць, і калі не, то чаму. Адбываецца, у выпадку неабходнасці, карэкціроўка тэксту закона.


Адным з бакоў працы Рады з’яўляюцца распарадчыя функцыі. Так Рада можа арганізаваць працэдуру па прыёму вучняў у старэйшыя класы, даваць, рэкамендацыі дырэктару па крытэрах прыёму на працу новых супрацоўнкаў, разглядаць пытанні выключэння са школы вучняў, і нават звальнення выкладчыкаў ды іншых супрацоўнікаў на падставах, выкладзеных у Працоўным кодэксе.


Паўнамоцтвы Рады ў адпаведнасці з асаблівасцямі кожнай школы могуць быць розныя. Важна пры гэтым, каб паўнамоцтвы былі рэальнымі. У Рады павінна быць рэальная ўлада, інакш яна пераўтвараецца ў дыскусійны клуб, ці ў дадатак да адміністрацыі.


Эфектыўнасць рады як найважнейшага элемента сістэмы прававой прасторы школы ў многім забяспечваецца яе складам. У яго могуць уваходзіць абраныя усімі прадстаўнікамі школьнай абшчыны (вучнямі, пачынаючы з 5-7 класа) педагогі, супрацоўнікі, вучні. У вялікіх школах у Раду можа ўваходзіць 12-15 чалавек, абраных большасцю галасоў прамым, роўным і патаемным галасаваннем. Мэтазгодна таксама вызначыць, што вучняў павінна быць хаця б на аднаго чалавека болей, чым дарослых. Гэта паспрыяе ўпэўненасці школьнікаў: яны пабачаць, што абарона іх правоў гарантуецца некаторай колькаснай перавагай навучэнцаў. У тым выпадку, калі абіраюцца бацькі, то мае сэнс праводзіць не патаемнае галасаванне, а агульны бацькоўскі сход, паколькі вучні не могуць ведаць усіх бацькоў. Адміністрацыя (дырэктар і 1-2 намеснікі) могуць абірацца, а могуць уваходзіць у Раду па пасадзе. Гэтую норму вызначае Статут школы.


Статут можа прадугледжваць таксама ўдзел у кіраванні школай тых, хто па нейкіх прычынах пабаяўся вылучыць свае кандыдатуры, ці не набраў неабходнай колькасці галасоў. Па чарзе на працягу 1-2 месяцаў прадстаўнікі класаў, абраныя на класных сходах далучаюцца да працы Рады.


Выбарчая кампанія ў школе павінна быць мадэллю выбараў, па магчымасці максімальна набліжанай да рэаліяў сапраўднага дэмакратычнага грамадства. Яна пачынаецца са стварэння Радай школы выбарчай камісіі і прызначэння даты выбараў. Досвед большасці школ паказвае, што ва ўмовах школы дастаткова 2-3 тыдняў ад пачатку кампаніі да моманту выбараў.


Пачаткам кампаніі з’яўляецца Сход школы, на якім абмяркоўваецца справаздача Рады. Прадстаўнікі кіруючага органа даюць справаздачу па двух кірунках: як выконвалася праграма дзеянняў Рады і як кожны выканаў сваю выбарчую праграму. Дзеля таго, каб удзельнікі Сходу не проста слухалі справаздачы, а абмяркоўвалі іх, мэтазгодна перад Сходам правесці анкетаванне, вынікі якога і асноўныя праблемы, што высвеляцца ў час апытання, будуць асветлены на Сходзе.


Складаючы план правядзення агульнага Сходу, трэба мець на ўвазе асноўную яго мэту – стаць сітуацыяй, якая выхоўвае пачуццё далучанасці да жыцця школьнай супольнасці. Таму пры ўсёй важнасці справаздач, такі Сход становіцца повадам для абмеркавання жыцця ўсёй школы, стану дэмакратыі, забеспячэння правоў і свабод школьнікаў і настаўнікаў. Трэба выдзеліць час для любых пытанняў, якія хочуць задаць вучні. На такім Сходзе варта прадставіць усіх, хто ўпершыню бярэ ў ім удзел, – новых вучняў, новых настаўнікаў, вучняў класаў, якія цяпер становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі вышэйшага школьнага органа ўлады. На Сходзе варта прыняць наказы выбаршчыкаў новаму складу Рады. Па выніках Схода робіцца ацэнка дзейнасці Рады (дзейнічала здавальняюча ці нездавальняюча), а таксама прымаюцца рашэнні па іншых узнятых пытаннях.


Правядзенне Сходу дае ўдзельнікам досвед узаемаадносінаў меньшасці і большасці. Сапраўдная дэмакратыя падразумевае, што правы меньшасці не прыносяцца ў ахвяру большасці. Задача большасці – улічыць меркаванні і інтарэсы ўсіх, у тым ліку і тых, хто ў меньшасці. Зрабіць гэта можна па-рознаму. Напрыклад, выслухаць думкі ўсіх жадаючых, прапанаваць розныя варыянты вырашэння, а пасля галасавання зноў выслухаць аргументы тых, хто апынуўся ў меньшасці. Інакш кажучы, даць яшчэ адну спробу пераканаць прысутных у слушнасці ўласнай прапановы. І калі меньшасць патрабуе паўторнага галасавання – неабходна яго правесці.


Самы дзейсны спосаб прыняцця рашэння – галасаванне па кансенсусу, г. зн. галасаванне рашэння да таго часу, пакуль яго фармулёўка не задаволіцьувесь калектыў. Безумоўна, дамагчыся кансенсуса, асабліва ў вялікай школе, не лёгка, ёсць акрамя таго мноства пытанняў, па якіх яго дамагчыся нерэальна. Але паказаць і дарослым, і дзецям, што такі шлях магчымы і пажаданы – неабходна.


Цяжка пераацаніць ролю вядучага на сходзе. Напачатку, магчыма, ім павінен быць нехта з педагогаў, які карыстаецца даверам вучняў, чалавек з хуткай рэакцыяй на сітуацыю, які ведае дэмакратычныя працэдуры. Ён павінен даваць магчымасць выказваць розныя пункты гледжання, не спяшацца адстойваць уласны ці той, які яму даспадобы. Ён абавязаны ўвесь час трымаць у цэнтры ўвагі тэматыку пытання, не дазваляючы выступоўцам адхіляцца ад тэмы. Спатрэбяцца здольнасці сфармуляваць унесеныя прапановы зразумела для прысутных. Паступова можна перадаваць права весці сход вучням старэйшых класаў.


Выбарчая камісія абвяшчае пра пачатак вылучэння кандыдатур у новую Раду, нагадвае правілы вядзення выбарчай кампаніі, тлумачыць працэдуру выбараў. Правам вылучэння кандыдатаў карыстаюцца класныя калектывы, працоўныя калектывы педагогаў, аб’яднанні па інтарэсах, разнастайныя грамадскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у школе. Вылучыць кандыдата можа любы прадстаўнік школьнай супольнасці, любы чалавек можа прапанавацць і сваю кандыдатуру. Камісія павінна атрымаць згоду кожнага, хто вылучаны, балатавацца ў Раду.


Школьнай супольнасці, разнастайным аб’яднанням забяспечваецца свабода агітацыі за сваіх кандыдатаў, магчымасць выкарыстоўваць любыя сродкі інфармацыі – улёткі, радыё, відэакліпы, плакаты, сустрэчы, мітынгі і г.д. Палажэнне пра выбары павінна забараніць у ходзе агітацыі абразу гонару і годнасці кандыдатаў. За захаваннем роўных правоў і магчымасцяў усіх кандыдатаў сочыць выбарчая камісія.


У выбарчы бюлетэнь уключаюцца ўсе вылучаныя кандыдаты ў алфавітным парадку з указаннем класа ці пасады. У дзень галасавання, атрымаўшы бюлетэнь кожны выбаршчык падкрэслівае не больш за тую колькасць прозвішчаў, якая была вызначана Палажэннем пра выбары ці школьным Статутам. Бюлетэнь, у якім не падкрэслена ніводнае прозвішча, з’яўляецца несапраўдным. Абранымі лічацца тыя, хто атрымаў адносную большасць галасоў пры выкананні вызначаных колькасных квотах і прапорцыях.


Важна забяспечыць аб’ектыўнасць пры падліку галасоў, выключыць усялякія падозранні на несправядлівасць і няроўнасць у ходзе кампаніі. Таму, напрыклад, калі прадстаўнік выбарчай камісіі ўводзіцца ў спіс кандыдатаў, то ён выводзіцца са складу камісіі. Карысна абмеркаваць таксама і іншыя нормы, якія будуць гарантаваць справядлівасць выбараў.


Далейшае развіццё самакіравання цягне за сабой разгортванне яго ў першасных калектывах-класах. Відавочна, што калі самакіраванне выкарыстоўваецца ў арганізацыі жыцця ўсёй школы, то яно павінна быць і ў класе. Праз удзел у агульнашкольных справах класны калектыў арганізуе ўласнае жыццё, выходзячы часам за межы класа, школы. Самакіраванне дапамагае ўсім вучням праявіць сябе ў жыццядзейнасці школы і класа, далучае іх да вырашэння арганізацыйных пытанняў агульнага жыцця, пашырае магчымасці прававой школьнай прасторы. Далучэнне да школьных мерапрыемстваў ці арганізацыя ўласнай справы дае вучням практыку планавання, правядзення, аналізу. Робіцца гэта, як правіла, разам з класным кіраўніком, які па меры сталення дзяцей і развіцця класнага калектыва ўсё больш прадастаўляе ім самастойнасці і пакідае сабе ролю дарадцы.


“У класным калектыве, – слушна зазначае Л.І. Новікава, – акрамя афіцыйна абраных актывістаў, заўсёды ёсць людзі, якія з’яўляюцца лідэрамі ў той ці іншай сферы дзейнасці. Гэта таксама актыў, з якім трэба раіцца, да думкі якога неабходна прыслухоўвацца. Яны могуць задаць тон у калектыўнай працы.


Калі ўздзеянне педагога, абранага актыву і нефармальных лідэраў адбываецца несінхронна, супярэчліва, тады і ў жыцці калектыва адбываюцца збоі”[9]
.


Навыкі самакіравання здабываюцца не адразу, і валодаць імі неабходна ўсім. Інакш замест дыктатуры педагогаў часам узнікае дыктатура вучняў – выбраных актывістаў.


Самакіраванне ў школе цесна звязана з псіхалагічнай службай у школе, важная задача якой – карэктаваць адносіны ў школьным калектыве, у асяроддзі педагогаў, вучняў, бацькоў. Там, дзе паводле дадзеных адпаведных апытанняў, назіраюцца збоі ва ўзаемаадносінах, узнікае неабходнасць у той ці іншай меры прыцягваць саміх школьнікаў да аналізу і да пошукаў шляхоў удасканалення стасункаў.


З мэтай прыцягнення вучняў да актыўнага ўдзелу ў самакіраванні абіраюць розныя шляхі: пастаяннае пашырэнне сферы дзейнасці школьных калектываў; пастаяннае пашырэнне правоў і абавязкаў органаў самакіравання; паступовае пашырэнне сувязей з іншымі калектывамі; змяненне спосабаў прыцягнення вучняў да выканання арганізатарскіх функцыяў; змяненне характару ўзаемаадносінаў у калектыве; змяненне пазіцыі педагогаў у арганізацыі дзейнасці калектыва і інш.


Адна з істотных умоваў развіцця самакіравання, як паказвае аналіз практыкі, фармаванне традыцыяў. Яны ўпарадкоўваюць, цэментуюць жыццё калектыва, яго членаў. Дапамагчы стварыць такія традыцыі калектыву – задача педагога.


Самакіраванню як працэсу ўласціва дынаміка і этапы развіцця. Вядомы беларускі даследчык праблемы самакіравання У.Т. Кабуш вызначае іх наступным чынам:


Табліца 1














































Першы этап


Другі этап


Трэці этап


Характа-рыстыка этапаў


Адсутнасць актыва, агульных мэтаў, інтарэсу да дзейнасці ў калектыве


Сфармаванасць актыва, зацікаўленасць вучняў у справах калектыва


Наяўнасць уласнага меркавання, пастаяннай змены актыва ў ворганах самакіравання


Функцыя самакі-равання


Выканаўчая


n="2">

Арганізатарская


Кіруючая


Змест функцыі


Атрыманне задання, вызначэнне рэжыма выканання, экспертная ацэнка, самакантроль і інш.


Вызначэнне мэты і засваенне задач, забеспячэнне працы (умовы, сродкі), размеркаванне абавязкаў, аператыўнае кіраўніцтва, падвядзенне вынікаў


Ацэнка, аналіз, прыняццё рашэння, арганізацыя планавання, кантроль, рэгуляцыя


Тэндэнцыя развіцця самакі-равання


Метад


Форма


Прынцып


Элементы сістэмы вучнёўскага самакі-равання


Заданне, даручэнне, расстаноўка, узаемакантроль, інш.


Вучнёўскі камітэт, камісіі, штабы, інш.


Калектыўнае планаванне, правядзенне, аналіз справы


Сосабы прыця-гнення вучняў да самакі-равання


Прызначэнне адказных асобаў


Выбарнасць актыва дэмакратычным шляхам


Удзел кожнага ў арганізацыі справаў


Пазіцыя педагога


Настаўнік


Кансультант


Партнёр


Характар дзейнасці педагога


Паведамляе вучням пры значнасць самакіравання; фармуе станоўчыя матывы ў вучняў да дзейнасці ў самакіраванні; выпрацоўвае ў іх навыкі самастойнай працы


Перадае вучням арганізацыйны досвед, паказвае прыклад удзелу ў грамадскай працы, выступае носьбітам традыцыяў, якія склаліся ў самакіраванні школы


Супрацоўніцтва нароўных пры выкананні агульных задачаў[10]



“Выхаванне ажыццяўляецца не мерапрыемствамі, — лічыць Л.П. Кляменцеў, — а ладам жыцця, педагог павінен выступаць у ролі арганізатара працэса ўзаемаадносінаў дзяцей, у якім яны жывуць, вучацца, развіваюць лідэрскія здольнасці ў структуры вучнёўскага самакіравання. Выхаваўчы поспех у гэтай працы вызначаецца па ўзроўню самастойных дзеянняў і ўзаемадзеянняў вучняў, па іх уменні уздзейнічаць адзін на аднога, пераконваць, запальваць натхненнем да карыснай справы”[11]
. У працэсе зносінаў вучні адчуваюць, суперажываюць і рэгулююць свае паводзіны з улікам рэакцыі людзей навокал. Вучні практычна пераконваюцца, што канфлікты ў зносінах узінкаюць у выніку адмоўных эмоцыяў, нізкага ўзроўню культуры зносінаў, грубасці і аўтарытарнасці ў працэсе зносінаў. Такім чынам мадыфікуюцца ўзаемаадносіны ў побыце, працэсе вучобы, працы, адпачынка. Люстэркам поспеха вучня становіцца не столькі поспех у вучобе, колькі сукупнасць яго практычнай дзейнасці. Уздзеянне на вучня адбываецца ў ходзе актыўнага ўключэння ў жыццё калектыва і пераўтварэння навакольнай рэчаіснасці. Змяняючы гэтую рэчаіснасць, вучань змяняе сябе, удасканальвае грамадскую свядомасць і свае паводзіны.


Вучань, прыцягнуты такім чынам да працэсу зносінаў у ходзе самакіравання і стваральнай дзейнасці зможа ўвайсці ў дарослае жыццё камунікабельным чалавекам, які ўмее правільна пабудаваць узаемаадносіны з калегамі і кіраўніцтвам у будучай працоўнай дзейнасці, паставіць і дасягнуць мэту, знайсці паплечнікаў для рэалізацыі задумы, убачыць недахопы ў навакольнай рэчаіснасці і знайсці ў сабе сілы змяніць жыццё да лепшага.


Частка 2


Развіццё вучнёўскага самак
і
равання на прыкладзе


гімназіі горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці


Разгледзім магчымасці рэалізацыі ідэяў школьнага і вучнёўскага самакіравання ў беларускіх умовах на прыкладзе гімназіі горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці.


Перш за ўсё прывядзем некаторыя дадзеныя, што дазволіць атрымаць уяўлене пра тыповасць прыкладу і пра тыя ўмовы і абставіны, у якіх рэалізоўвалася праграма па арганізацыі вучнёўскага самакіравання.


Горад Ляхавічы – раённы цэнтр з насельніцтвам 12 200 чалавек (на 1998 год). У горадзе працуюць тры сярэднія школы, адна з іх – гімназія.


Гімназія была створана ў 1990 годзе. У ёй навучаюцца 800 чалавек. У прагімназічных класах вучацца 214 чалавек, у гімназічных – 257, у ліцэйскіх – 43. У старэйшых класах класны калектыў налічвае ў сярэднім 22 вучні, у паралелі звычайна маецца 4 класа. У 8-11 класах навучаецца 336 чалавек. Працуе 88 педагогаў (72% маюць першую і вышэйшую катэгорыі), псіхолаг, сацыяльны педагог, педагог-арганізатар.


Гімназія працуе па індывідуальных вучэбных планах, распрацаваных педагагічным калектывам гімназіі. З 1 класа, акрамя прадметаў адукацыйнага цыкла, вывучаюцца ангельская, нямецкая, французская мовы, рытміка. У 8-11 класах вывучаюцца спецкурсы “Рыторыка”, “Асновы праграмавання”, “Уводзіны ў эканоміку”, “Уводзіны ў экалогію”. У гімназіі адчынены філалагічны, хіміка-біялагічны, тэхнічны профілі. Заключана дамова з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Адчынены ліцэйскія класы.


Асноўная мэта гімназіі – стварэнне аптымальных умоваў для раскрыцця інтэлектуальнага патэнцыяла вучняў, фармавання асобы, здольнай гарманічна функцыянаваць у сістэме сучасных грамадскіх адносінаў.


Для самавыражэння творчых здольнасцей вучняў адчынены разнастайныя цэнтры інтэлектульнага, эстэтычнага, фізкультурна-аздараўленчага характару (ізастудыя “Апалон”, вакальная студыя “Ілюзія” тэатральны гурток “Вобраз”, танцавальны і вакальны гурткі, “Юны пажарны”, “Юны інспектар дарожнага руху”, швейнае атэлье “Аліса” і інш.)


Арганізацыя самакіравання ў гімназіі горада Ляхавічы пачалася ў 1987/88 навучальным годзе. Ініцыятыва стварэння належала педагагічнаму калектыву.


Непасрэднае кіраўніцтва навучальна-выхаваўчым працэсам і бягучай дзейнасцю гімназіі ажыццяўляюць дырэктар і яго намеснікі па навучальна-выхаваўчай працы. Яны арганізуюць выкананне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, іншых заканадаўчых актаў у сферы адукацыі, рашэнняў Канферэнцыі і Рады школы.


Самакіраване ў гімназіі знаходзіцца на другім этапе развіцця (адпаведна табліцы 1). За аснову была ўзятая тыповая мадэль самакіравання ў беларускай навучальнай установе. Да дзейнасці самакіравання былі падключаны аб’яднанні і арганізацыі, якія існавалі ў гімназіі раней.


На сёняшні дзень самакіраванне ў гімназіі горада Ляхавічы ажыццяўляецца па наступнай схеме (гл. мал. 1)


Штогод напрыканцы верасня ў гімназіі адбываецца лінейка для старшакласнікаў (8-11 класы). На лінейцы намеснік дырэктара па выхаваўчай працы паведамляе, што хутка адбудзецца вучнёўская канферэнцыя, на якой будуць абраны новыя лідары вучнёўскага самакіравання. Для вучняў восьмых класаў распавядаюць, што значыць слова “канферэнцыя”, якія асноўныя прынцыпы самакіравання ў гімназіі, якія органы працуюць.


Пасля гэтага ў класных калектывах адбываюцца сходы – вышэйшыя ворганы самакіравання ў класах. На сходах прысутнічаюць усе вучні класа і класны кіраўнік. Вучні абмяркоўваюць надзённыя праблемы гімназіі, свайго класа, вызначаюць тыя мэты, якія б яны хацелі дасягнуць разам на працягу навучальнага года. Для васьмікласнікаў класны кіраўнік падрабязна распавядае пра механізмы самакіравання ў гімназіі. Вучні 9-11 класаў абмяркоўваюць працу сваіх прадстаўнікоў у ворганах вучнёўскага самакіравання ў мінулым навучальным годзе. Пасля гэтага ў кожным класе вызначаюць 10 чалавек, якія будуць прадстаўляць увесь класны калектыў на Вучнёўскай канферэнцыі, а таксама з іх 4 кандыдатаў у Раду старшакласнікаў. Кожны вучань мае адзін голас, такі самы голас мае і класны кіраўнік, які ўдзельнічае ў працэсе абмеркавання і галасавання нароўных з вучнямі. Галасаванне прходзіць адкрыта, шляхам падымання рукі. Абранымі лічацца тыя, хто набраў простую большасць галасоў. Акрамя таго клас абірае старшыню класнага самакіравання – старасту. Ён прадстаўляе ўсіх вучняў класа і кожнага асобна перад настаўнікамі, бацькамі, адміністрацыяй. Стараста абіраецца кожны год, перад заканчэннем паўнамоцтваў ён робіць справаздачу аб сваёй працы перад усімі вучнямі класа. Рашэнні схода класнага калектыва афармляюцца пратаколам.


Штогод у кастрычніку склікаецца Вучнёская канферэнцыя – вышэйшы орган самакіравання. На яе запрашаюцца абраныя 8-11 класамі дэлегаты, Рада старшакласнікаў мінулага году, а таксама адміністрацыя школы. Прадстаўнікі адміністрацыі не маюць права голаса пры галасаванні, але могуць выказваць свой пункт гледжання ў час абмеркавання, таму імкнуцца прысутнічаць на такіх паседжаннях. Напачатку канферэнцыі выконваецца гімн гімназіі, аўтарам якога з’яўляецца Л.В. Цітко, настаўніца гімназіі (гл. дадатак 10). Ад імя Рады старшакласнікаў старшыня і намеснікі робяць справаздачу. Дэлегаты ад класных калектываў, настаўнікі, запрошаныя ўдзельнікі задаюць пытанні. Пасля гэтага адкрытым галасаваннем вырашаецца, прызнаць справаздачу і дзейнасць здавальняючай, ці не.


Другі пункт павесткі дня Вялікай канферэнцыі звычайна абранне Рады старшакласнікаў. Канферэнцыя зацвярджае спіс кандыдатаў, прапанаваных класнымі калектывамі. Выбары на пасаду старшыні Рады старшакласнікаў адбываюцца сярод тых, хто быў абраны ў Раду. Старшыня Рады старшакласнікаў прадстаўляе інтарэсы вучняў перад педагагічнай радай, бацькоўскім камітэтам, адміністрацыяй гімназіі, выконвае ролю сувязнога паміж вучнямі і адміністрацыяй, настаўнікамі і мясцовай грамадскасцю, плануе і праводзіць сходы Рады, рыхтуе справаздачы, прадстаўляе інтарэсы вучнёскага самакіравання па-за школай. Удзельнікі канферэнцыі з месца прапануюць кандыдатуры, выказваюць свае аргументы “за” ці “супраць” пэўных асобаў, прыводзяць доказы таго, што дадзены чалавек зможа найлепш выканаць абавязкі. Пасля гэтага адбываецца адкрытае галасаванне па тых кандыдатурах, якія далі сваю згоду вылучацца. Абраным лічыцца той, хто набраў простую большасць галасоў. Па аналагічнай схеме адбываюцца выбары намесніка старшыні Рады старшакласнікаў. Каферэнцыя вызначае таксама тэрмін іх паўнамоцтваў (звычайна 1 год).


Пасля выбараў даецца слова прадстаўнікам класных калектываў, каб выказаць свае прапановы, пажаданні, праекты развіцця самакіравання гімназіі, іншыя меркаванні. Рашэнні канферэнцыі афармляюцца пратаколам.


Абавязкі кожнага гімназіста, які бярэ ўдзел у працы вучнёўскага самакіравання, рэгламентуюцца асобным законам, паводле якога такі вучань павінен:


- творча падыходзіць да сваіх абавязкаў;


- актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы, правядзенні і распрацоўцы рашэнняў агульных сходаў класа, гімназіі і інш.


- несці асабістую адказнасць за працу свайго класа, гімназіі перад Радай гімназіі, канферэнцыяй;


- аказваць дапамогу ў развіцці самастойнасці пачатковага звяна;


- рабіць справаздачы перад вышэйшым органам вучнўскага самакіравання за даручаную справу.


Прыклад абвесткі пра правядзенне канферэнцыі прыведзены ў дадатку 2.


Рада старшакласнікаў, лідэры грамадскіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць у гімназіі, прадстаўнікі гурткоў па інтарэсах складаюць Вялікую Раду, якая збіраецца не радзей, чым раз на 3 месяцы і абмяркоўвае надзённыя пытанні, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю. На першым пасля абрання Рады старшакласнікаў пасяджэнні Вялікая Рада прымае праграму дзейнасці на бягучы навучальны год, кірункі дзейнасці. Такая праграма ўключае ў сябе каляндарны план мерапрыемстваў, структуры, адказныя за іх правядзенне, план дзейнасці кожнага цэнтра самакіравання. Праграма перадаецца адміністрацыі гімназіі, якая ўзгадняе адпаведна з ёй свае планы, альбо абгрунтоўвае немагчымасць рэалізацыі нейкай задумкі.


Рашэнне Рады можа быць перагледжана або адменена Канферэнцыяй, самой Радай пры паўторным яго разглядзе на паседжанні па патрабаванні дырэктара, або настаўнікаў, вучняў, бацькоў.


Рада старшакласнікаў збіраецца не радзей, чым раз на месяц. Яна дапамагае адміністрацыі гімназіі ў стварэнні адзінага дэмакратычнага творчага калектыву, умоў для рэалізацыі задач, якія стаяць перад гімназіяй. На першым пасля абрання пасяджэнні Рада старшакласнікаў абірае са свайго складу старшыняў цэнтраў самакіравання, якія складуць Малую Раду. У 2001/02 навучальным годзе ў Ляхавіцкай гімназіі дзенічалі наступныя цэнтры самакіравання: фінансавы, прававы, прэс-цэнтр, цэнтр “дасуг”, дыска-цэнтр, інфармацыйна-музычны, цэнтр “парадак”, цэнтр “Клопат”, спартыўна-турыстычны. Рада старшакласнікаў ажыцяўляе кантроль за выкарыстаннем матэрыяльных рэсурсаў самакіравання, вядзе работу па прыцягненні дадатковых фінансавых сродкаў, выкарыстоўваючы разнастайныя крыніцы іх паступлення.


Кожны старшыня цэнтра самакіравання набірае з ліку вучняў 8-11 класаў 4-7 чалавек – уласна цэнтр, які будзе адказваць за рэалізацыю адпаведных пунктаў праграмы. Цэнтры праводзяць свае самастойныя пасяджэнні раз на месяц, ці паводле патрэбы часцей. На пасяджэнні могуць быць запрошаны і прадстаўнікі іншых структураў, калі іх удзел патрэбен для вырашэння нейкага пытання, альбо, напрыклад, дадатковыя вучні для правядзення ранішніка. Цэнтры самакіравання спрыяюць прыцягненню большай колькасці вучняў да сістэматычнай працы ў вучнёўскім самакіраванні, дазваляюць выкарыстоўваць таленты, здольнасці і ўменні вучняў, якія не ўваходзяць у кіраўніцтва. Большасць цэнтраў самакіравання ў Ляхавіцкай гімназіі маюць сталы характар. Цэнтры могуць мець сваіх кансультантаў з ліку бацькоў ці настаўнікаў.


Прававы цэнтр забяспечвае распрацоўку ўнутрышкольных дакументаў, законаў гімназіі, якія рэгламентуюць распарадак функцыянавання гімназіі, органаў самакіравання, правы і абавязкі членаў калектыву, і сочыць за іх выкананнем, абараняе правы вучняў, супрацоўнічае з сацыяльным педагогам, класнымі кіраўнікамі. Так прынятыя палажэнне аб дзяжурстве па гімназіі, Кодэкс паводзінаў на вечарыне, Функцыйныя абавязкі гімназістаў у арганізацыі вучёскага самакіравання і інш. (Прыклады ў дадатках 7, 8, 9). Гэты цэнтр на пачатковым этапе меўся быць бадай самым важным для развіцця самакіравання, але дзеля рэалізацыі гэтай місіі неабходны дасведчаны педагог, які б арыентаваўся ў пытаннях заканадаўства, быў бы знаёмы з дэмакратычнымі інстытутамі і працэдурамі. У такім выпадку дзеці б маглі пасля вывучэння сітуацыі на месцы звяртацца да розных варыянтаў заканадаўчага вырашэння праблемы і абіраць аптымальны з іх. Адсутнасць дарослага з адпаведнай кваліфікацыяй прыводзіць да таго, што за чатыры гады дзейнасці заканадаўчая база гімназіі распрацавана мінімальна і абмяжоўваецца пералікам асноўных правоў і абавязкаў, якія не даюць магчымасці адчуць сябе адказным за лёс усёй школьнай супольнасці кожнаму вучню, а часцей абцяжарваюць адказнасцю за добрыя адзнакі і паводзіны на занятках. Тым не менш, наяўнасць прававога цэнтру нават у такім пачатковым выглядзе дае магчымасць навучэнцам бліжэй пазнаёміцца з сістэмай ўзаемадносінаў у грамадстве.


Прэс-цэнтр адказвае за выданне школьных насценгазет. Насценгазеты выдаюцца звычайна да школьных урачыстасцяў, мерапрыемстваў, датаў. Цэнтр выконвае функцыю інфармавання вучняў і прыцягнення іх да ўдзелу ў той ці іншай імпрэзе. Так напрыклад у 2000/2001 навучальным годзе былі выдадзены газэты да дню прафілактыкі СНІДу, Дню настаўніка, Дню Святога Валянціна, Дню Абаронца Айчыны, 8 Сакавіка. Былі праведзены сацыялагічнае апытанне, конкурс вершаў і апавяданняў. Пакуль што ў насценгазетах гімназіі адсутнічаюць такія параметры сапраўднай прэсы, як перыядычнасць выхаду, аналітычнасць матэрыялаў, злабадзённасць і набліжанасць тэмы для кожнага чытача ды інш. Адсутнасць рэальнай канкурэнцыі поглядаў і падыходаў падчас выбараў у самакіраванне, недасканаласць самой працэдуры прыводзяць да таго, што насценгазэты, якія выдаюцца пад патранажам самакіравання слаба асвятляюць непасрэдна працэсы, якія адбываюцца ў ім, як у структуры. З інфармацыйнай дзейнасці нельга выключаць аніводнага вучня ці групы вучняў, гэтая велізарная праца павінна быць агульнай і арганізаванай справай усіх актывістаў самакіравання для ўсіх прадстаўнікоў школьнай супольнасці.


Цэнтр “Дасуг” адказвае за арганізацыю вольнага часу вучняў. Так, напрыклад, ён праводзіць вечарыны, сустрэчы з цікавымі людзмі, святы для малодшых класаў, навагоднія святкаванні, вечарыны сустрэч для выпускнікоў. У 2000/2001 навучальным годзе цэнтр правёў вечарыну “Ало! Мы шукаем таленты!”, свята для настаўнікаў малодшых класаў і экзамен для педагогаў старэйшых класаў на дзень настаўніка, дэбаты і інш. Цэнтр “Дасуг” актыўна супрацоўнічае з фінансавым цэнтрам і дыска-цэнтрам.


Дыска-цэнтр адказвае за арганізацыю дыскатэк. Сюды ўваходзіць адказнасць за падтрыманне дыскатэчнай апаратуры ў належным стане і выкарыстанне яе, падбор музычнай і стварэнне забаўляльнай праграмы, падтрыманне парадку, аздабленне залі, запрашэнне гасцей, непасрэдна правядзенне. Перад дыскатэкай адбываецца сумеснае пасяджэнне дыска-цэнтру і цэнтру “парадак” па пытаннях размеркавання абавязкаў па ахове дыскатэкі, падтрыманні чысціні памяшкання. Запрашэнне гасцей важная справа, якая ажыццяўляецца сумесна з фінансавым цэнтрам. Дыска-цэнтр вызначае колькасць і друкуе запрашэнні на дыскатэку. Кожнае запрашэнне штампуецца і нумаруецца, а пасля гэтага квіткі рэалізуюцца сярод вучняў гімназіі. Кошт запрашэнняў вызначаецца Малой радай. Кожны гімназіст можа запрасіць на дыскатэку свайго сябра з іншай школы, але адказнасць за яго паводзіны кладзецца на таго, хто запрасіў. У супрацоўніцтве з інфармацыйна-музычным цэнтрам падбіраецца музычны рэпертуар дыскатэкі – адмысловыя заяўкі і прысвячэнні.


Іінфармацыйна-музычны цэнтр адказвае за функцыянаванне ў гімназіі радыё-кропкі. Радыё працуе на перапынках паміж урокамі. Звычайна транслююцца музычныя запісы і віншаванні вучняў і настаўнікаў са святамі, перадаецца інфармацыя пра важныя падзеі, якія маюць адбыцца ў хуткім часе. На вучнях ляжыць права выкарыстання і адказнасць за захаванне апаратуры. Збор заявак на музычныя віншаванні адбывацца сумесна з фінансавым цэнтрам, які збірае вызначаную Малой радай аплату за гэтую паслугу.


Цэнтр “Парадак” адказвае за захаванне і падтрыманне парадку ў гімназіі. На пачатку навучальнага году ён распрацоўвае план дзяжурстваў класаў па паверхах і памяшканнях і даводзіць яго да старастаў класаў. Дзяжурны клас робіць справаздачу па выніках дзяжурства на штодыднёвай лінейцы. Планавае дзяжурства адбывацца з тыднёвай перыядычнасцю. Калі на момант дзяжурства нейкага класа прыпадае дыскатэка, ці іншае мерапрыемства, на дапамогу класу выдзяляюцца дадатковыя вучні. Цэнтр праводзіць рэйды па эканоміі электрычнасці.


Цэнтр “Клопат” адказвае за дабрачынную працу, пошук адрасатаў, якім патрэбна дапамога. Цэнтр супрацоўнічае з педатрадам “Рытм”, створаным пры школе. Цэнтр праводзіць сустрэчы з ветэранамі Другой сусветнай вайны, запрашае іх да памятных датаў у школу, збірае іх успаміны, дакументальныя сведчанні падзеяў тых часоў. У выпадку неабходнасці аказаць дапамогу вучню гімназіі, які апынўся ў цяжкім становішчы (згарэла хата, памёр бацька), цэнтр звяртаецца да фінансавага цэнтра і сумесна праводзіць збор сродкаў на дапамогу. Рашэнне пра аказанні дапамогі зацвярджае Малая рада.


Цэнтр спорту і турызму адказвае за арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і краязнаўчай працы. Прапаганда здаровага ладу жыцця – адна з асноўных задач цэнтра. Цэнтр дае ў школьную газету інфармацыю пра спартыўныя мерапрыемствы, вандроўкі, адказвае за рамонт і падтрыманне ў належным стане спартовага інвентару, аказвае дапамогу класным кіраўнікам у арганізацыі паходаў. Арганізацыя краязнаўчай дзейнасці вучняў – найбольш перспектыўная форма грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Краязнаўчая дзейнасць па вывучэнні гісторыі, культуры, прыроды, гаспадаркі свайго краю садзейнічае вырашэнню цэлага комплексу задач, якія стаяць перад школай: выхаванне навучэнцаў як суб’ектаў нацыянальнай культуры, далучэння іх да гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны народа, выхавання жадання зберагаць, развіваць і памнажаць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці краю. У працэсе краязнаўчай дзенасці фармуюцца эмацыянальна-каштоўныя адносіны да радзімы, пачуццё нацыянальнай годнасці.


Фінансавы цэнтр адказвае за размеркаванне, выкарыстанне і кантроль матэрыяльна-фінансавых сродкаў вучнёўскага самакіравання. Ва ўмовах Беларусі асабліва актуальны задачы фармавання эканамічнай свядомасці дзяцей і моладзі.


Моладзевыя і дзіцячыя арганізацыі гімназіі закліканы спрыяць развіццю школьнага самакіравання, удзельнічаць у яго практычнай рэалізацыі праз сваіх прадстаўнікоў у ворганах самакіравання. Яны актыўна супрацоўнічаюць з усімі органамі вучёўскага і школьнага самакіравання.


Сярод вучняў рэгулярна праводзяцца апытанні ў форме анкетавання, якія паказваюць узровень іх інфармаванасці пра справы самакіравання, даюць магчымасць нават самым сціплым выказаць свае пажаданні і прапановы ў пісьмовым выглядзе, што, ў сваю чаргу, дае магчымасць улічыць іх найбольш поўна. Анкета паказвае, якія змены, на думку навучэнцаў, неабходна правесці, які механізм працуе эфектыўна, а які недастаткова поўна рэалізуе магчымасці і выконвае пастаўленыя задачы. Прыклады падобных анкетаў, а таксама іх аналізу прыведзены ў дадатках 1, 3, 4, 5, 6.


Вучні Ляхавіцкай гімназіі могуць запрашацца на метадычныя аб’яднанні настаўнікаў і педагагічныя саветы настаўнікаў


Акрамя вучнёўскага ў гімназіі створаны ворганы школьнага самакіравання. Да іх адносіцца Рада школы, якая абіраецца на агульнашкольнай канферэнцыі.


Агульнашкольная канферэнцыя адбываецца раз на год, на яе запрашаюцца настаўнікі, прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў класаў, адміністрацыя школы, прадстаўнікі вучнёскага самакіравання.


На канферэнцыі абіраецца Рада школы, у якую ўваходзяць бацькі, настаўнікі, сацыяльны педагог і старшыня Рады старшакласнікаў. Старшынём Рады школы традыцыйна абіраецца нехта з бацькоў гімназістаў


Высновы:


- Увесці дэкрэтам самакіраванне нельга.


- Перш чым уводзіць самакіраванне ў жыццё дзяцей, трэба сфармаваць у іх патрэбу у самастойнасці і многаму іх навучыць, а перад гэтым навучыць настаўнікаў.


- Не любую дзейнасць, у якой бяруць удзел школьнікі, можна і трэба будаваць на аснове самакіравання.


- Органы самакіравання павінны адпавядаць патрэбам дзяцей, якія рэалізуюцца ў іх вольнай, а не прымусовай форме.


- Калі ў школе некалькі органаў самакіравання, то, натуральна, іх дзейнасць павінна быць узгодненай, яны не павінны дубляваць адзін аднога.


- Вынікам самакіравання на любым этапе школьнага жыцця павінен стаць пэўны рэзультат, дасягненне якога магчыма толькі пры пераадоленні адпаведных цяжкасцяў, рашэнні пэўных задач кожным вучнем.


Як бачым, вучні праз сваіх прадстаўнікоў у Радзе школы і на Канферэнцыі бяруць удзел у кіраванні, прыняцці законаў і пастаноў. Ад таго, наколькі актыўна яны ўдзельнічаюць у кіраванні, залежыць іх школьнае жыццё, іх правы і абавязкі.


Каб самакіраванне добра функцыянавала, кожны вучань які актыўна ўдзельнічае ў яго працы, павінен ведаць сваё месца, свае абавязкі і якую дапамогу ён можа атрымаць ад іншых пры выкананні сваёй працы. Так сфера дзейнасці і паўнамоцтвы кіруючых органаў павінны быць запісаны ў Статуце.


Стварэнне самакіравання ў Ляхавіцкай гімназіі павярнула адукацыйную парадыгму ад выключна ведавай да асобава арыентаванай, відавочна ажывіла жыццё школы, паспрыяла выяўленню новых талентаў і здольнасцяў у вучняў і настаўнікаў.


Заключная частка


Паводле Канцэпцыі адукацыі і выхавання ў Беларусі (1991), выхаванне ўяўляе спецыфічны працэс фармавання ў навучэнцаў сацыяльных і духоўных якасцей, стварэння ўмоў для мэтанакіраванага, сістэмнага развіцця асобы. Яно цесна звязана з паўсядзённай рэальнасцю, з асаблівасцямі жыццядзейнасці ў рэгіёнах, узроўнем функцыянальнай граматнасці і агульнай культуры насельніцтва, станам яго сацыяльна-маральнай актыўнасці.


У інструкцыйна-метадычных рэкамендацыях “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе” адзначаецца, што “нягледзячы на прадпрымаемыя намаганні, выхаваўчая праца ў масавай школьнай практыцы яшчэ часта ажыццяўляецца “зверху” і ўяўляе сабой набор стандартных мерапрыемстваў, якія не даюць магчымасць раскрыцца індывідуальнасці дзіцёнка, ягоным прыродным задаткам і схільнасцям. Педагогіка мерапрыемстваў і забаўляльны падыход фармуюць падманнае ўяўленне пра паспяховую выхаваўчую дзейнасць навучальных установаў. У выніку школа губляе вучня, а грамадства – грамадзяніна. А гэтага дапускаць нельга”[12]
.


Структура ворганаў самакіравання павінна быць гнуткай і варыятыўнай, улічваць перыядычную справаздачнасць і змяняльнасць актыву, непарыўнасць і сістэматычнасць у яго працы, спецыфіку, магчымасці і традыцыі кожнага канкрэтнага калектыва, этапы яго развіцця, грунтавацца на ўзаемадзеянні розных органаў. Сыходзячы з патрэбаў і інтарэсаў усяго калектыва, органы самакіравання вызначаюць мэты і задачы дзейнасці калектыва, перспектывы яго працы. Самакіраванне ў школе падрузумевае самакіраванне ў класных калектывах.


Пры арганізацыі самакіравання адміністрацыі ні ў якім разе нельга прадстаўляць вучням усё гатовым. Пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з вызначэннем структуры ворганаў вучнёўскага самакіравання, распрацаваных памятак, палажэнняў, інструкцыяў і г.д., у школе павінна быць створана атмасфера саўдзелу вучняў у вырашэнні дадзеных пытанняў. Ініцыятарамі праводзімых абмеркаванняў павінны быць старшакласнікі.


Самакіравнне як арганізаванае кіраванне знутры нараджаецца не стыхійна і не ўзнікае па загаду зверху.


Вучыць самакіраванню – значыць ствараць калектыўную перспектыву і планаваць шляхі яе рэалізацыі. Гэта значыць: вучыць арганізовываць сумесную дзейнасць, адэкватную планам, вучыць кожнага ацэніваць вынікі гэтай дзейнасці і выпрацоўваць агульную ацэнку, вучыць школьнікаў бачыць у любым чалавеку асобу, вучыць разумець тыя ўзаемаадносіны, якія склаліся ў грамадстве адэкватна рэагаваць на іх, імкнуцца да гармоніі.


Прадастаўленне першасным калектывам пэўнай самастойнасці можа стацца таксама сродкам удзелу ў органах мясцовага самакіравання.


Вядома, што для нашага грамадства уласціва амаль поўная адсутнасць досведу і жадання удзельнічаць у вырашэнні праблем мясцовай супольнасці. Крокам да вырашэння гэтае праблемы павінна стаць рэалізацыя ідэяў самакіравання ў школе.


Самакіраванне ў школе спрыяе хутчэйшай сацыялізацыі вучняў у дарослым грамадстве.


Літаратура


1. Бутрым Г.А. Паэму выхавання піша жыццё //.Адукацыя і выхаванне – 2000. №4


2. Витковский А. Самоуправление – новое слово в школьной жизни: (Опыт работы самоуправления)// Первое сентября – 2001. – 23.06.2001


3. Кабуш У. Т. Дзейнасць органаў самакіравання па сацыяльнай абароне школьнікаў // Народная асвета. – 1988 – №1


4. Кабуш В. Т. Ученическое самоуправление: пособие для классных руководителей и педагогов организаторов. – Мн.: Полымя, 1988.


5. Клементьев Л.П. Опыт воспитания в процессе самоуправления учащихся.// Классный руководитель.: Для заместителей по воспитательной работе, классных руководителей и кураторов, учителей начальной школы: научно-методический журнал. – 1999. – №4 – с. 19-25.


6. Новикова Л. И. Самоуправление в школьном колллективе. – М.: Знание, 1988.


7. Приходько Н.И. Педагогические основы ученического самоуправления.: Книга для учителя. – М.: Просвещение, 1991.


8. Пуйман С.А. Педагогика. Основные положения курса. – Мн.: “ТераСистемс”, 2001


9. Развитие самоуправления, инициативы и самодеятельности учащихся. – Белгород, 1989


10. Слука А.Г. Інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе.// Зборнік нарматыўных дакументаў №11 – 2001 па Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь


11. Тубельский А. Школьное самоуправление и его правовая основа// народное образовние. – 2001. – №2


Ушинский К.Д. Воскресные школы// Пед. Соч.: В 6 т. Т.2. – М.:Педагогика, 1998.


[1]
Намеснік міністра адукацыі А.Г.Слука. Інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе. // Зборнік нарматыўных дакументаў №11 – 2001 па Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь


[2]
А.З. Іагаленіч. Праблема самакіравання ў развіваючымся калектыве вучняў. // Развитие самоуправления, инициативы и самодеятельности учащихся. – Белгород, 1989


[3]
Намеснік міністра адукацыі А.Г.Слука. Інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе. // Зборнік нарматыўных дакументаў №11 – 2001 па Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь


[4]
Синицин А.С. Организация самоуправления: поиски и проблемы. // Развитие самоуправления, инициативы и самодеятельности учащихся. – Белгород, 1989


[5]
Ушинский К.Д. Воскресные школы// Пед. Соч.: В 6 т. Т.2. М.:Педагогика, 1998. С.65


[6]
Кочеткова Г.А. Формирование организованности как условие подготовки школьников к самоуправлению. // Развитие самоуправления, инициативы и самодеятельности учащихся. – Белгород, 1989


[7]
Тубельский А. Школьное самоуправление и его правовая основа // Народное образование. — 2001. — №2


[8]
Приходько Н.И. педагогические основы ученического самоуправления.: Книга для учителя. — М.: Просвещение, 1991.


[9]
Новикова Л.И. Самоуправление в школьном коллективе. – М., Знание, 1988.


[10]
Кабуш В.Т. Ученическое самоуправление: Пособие для классных руководителей и педагогов организаторов. – Мн.:Полымя, -- 1998.


[11]
Клементьев Л.П. Опыт воспитания в процессе самоуправления учащихся.// Классный руководитель.: Для заместителя по воспитательной работе, классного руководителя и кураторов, учителей начальной школы: Научно-методический журнал. — 1999. —№4


[12]
Намеснік міністра адукацыі А.Г.Слука. Інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі “Аб арганізацыі выхаваўчай працы ў 2001/2002 навучальным годзе. // Зборнік нарматыўных дакументаў №11 – 2001 па Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Развіццё вучнёскага самакіраавння ў сучаснай школе

Слов:7466
Символов:62659
Размер:122.38 Кб.