1. Уступ. Агульная характарыстыка беларускай шляхты
Беларуская шляхта — паняцце, хутчэй, не класавае (адрозна ад рускага дваранства), а саслоўнае, класава дыферэнцыяванае. І паняцце, безумоўна, гістарычнае. Шляхецкае саслоўе выразна акрэслілася ў ХVІ ст., калі беларускія землеўласнікі ў пагоні па прывілеі сталі набываць гербы, пераходзіць у каталіцтва, прымаць польскую (заходне-еўрапейскую) мадэль культуры, карыстацца польскай і лацінскай мовамі. Працэс гэты, наагул добраахвотны, узмацніўся пасля прыняцця Люблінскай уніі, дасягнуў свайго апагею ў канцы ХVII ст. і мусова прыпыніўся пасля паразы паўстання 1863 г. — гэтага апошняга ўсплеску шляхецкай рэвалюцыйнасці.
У ХVII—XVIII стст. у Беларусі, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, шляхце належала ўся ўлада. Адрозна ад дваранства ў іншых еўрапейскіх краінах, польская, беларуская, літоўская ды ўкраінская шляхта была больш шматлікай. Паводле вядомага гісторыка ХІХ стагоддзя Тадэвуша Корзана (дарэчы, ураджэнца Мінску), у 1791 годзе шляхта складала 8% жыхароў краіны (дваранства ў Заходняй Еўропе — каля 2%).
Ужо было азначана, што шляхта ў ХVІІ—ХІХ стст. была катэгорыяй саслоўнай. Як слушна сцвярджае Анджэй Заянчкоўскі, яе нельга ідэнтыфікаваць з якім-небудзь адным класам, таму што ўнутры гэтага саслоўя існавала класавая барацьба. Адрозна ад рускага дваранства, шляхта ў Рэчы Паспалітай маёмасна была вельмі дыферэнцыяванай. На адным полюсе — магнаты, уладальнікі вялікіх латыфундый, на другім — “шарачковая”, “загонная” шляхта, што жыла з працы сваіх рук або служыла магнатам (замежных падарожнікаў шакавалі шляхцічы, якія вазілі гной, уторкнуўшы ў яго свой абавязковы атрыбут — шаблю). Папулярная прымаўка казала, што ў ашмянскай шляхты адна нага абута ў бот, а другая ў лапаць... А паміж гэтымі полюсамі была яшчэ сярэдняя шляхта — уладальнікі адной-дзьвюх вёсак. Якраз яна найбольш ненавідзела дробных “шарачкоў”, фармальна роўных з ёю.
І ўсё ж, нязважна на значнае сацыяльнае расслаенне, шляхта была адзіным саслоўем. Аб'ядноўвалі яе агульныя правы і прывілеі. Найперш, выключнае права валодаць зямлёй і прыгоннымі сялянамі (мяшчанства гэткіх правоў не мела). Шляхце быў таксама дадзены прывілей “недатыкальнасці жылля”. Ейныя землі вызваляліся ад падаткаў, а тавары — ад мыта. Толькі шляхта мела права займаць дзяржаўныя пасады, а таксама... гнаць і прадаваць гарэлку. Аднаго не магла шляхта: гандляваць і займацца рамёствамі. Чалавек, які “спрафанаваў” сваё саслоўе такімі “подлымі” дзеяннямі, губляў шляхецтва і пераходзіў у мяшчанства.
Асабліва высока шляхта цаніла сваю “залатую вольнасць”. Яна сапраўды была больш значнаю, чым у дваран суседніх краін. Удзел у сейме, сейміках і трыбуналах дазваляў шляхцічу істотна ўплываць на знешнюю і ўнутранную палітыку краіны. Шляхта падпарадкоўвалася толькі тым законам, якія сама прымала. Практычна яна была незалежнаю ад цэнтральнай улады. Са словаў польскага гісторыка культуры Аляксандра Брукнера, шляхціча звязвалі з каралём толькі падымны падатак ды абавязак удзельнічаць у “паспалітых” войнах. Лагічным вынікам такой “свабоды” было самавольства.
Шляхта ганарылася сваёй “роўнасцю”. Фармальна “шарачок” меў такія ж правы, што і магнат. “Шляхціц на сядзібе — гаварыла прыказка — роўны ваяводу”. Юрыдычна ў Рэчы Паспалітай не прызнаваліся княжыя (апрача старадаўніх “рускіх” родаў) і графскія тытулы. Арыстакрат мусіў называць беднага шляхціча “панам братам”, “васпанам”, “вашмосцем” або “дабрадзеем”. Але на практыцы ўсё гэта выглядала іначай. Тытулы купляліся за мяжой. Азнака “брат” замянялася зняважлівым “брацік”, “аспан” або “асан”. Каб асабліва падкрэсліць сваю адметнасць, багатая шляхта шырока карысталася “службовымі” тытуламі: стольнік, чэснік, мечнік, скарбнік, кашталян... У каго такога тытулу не было, той купляў яго.
Негледзячы на фармальную роўнасць, магната і “шарачка” адмяжоўвала велізарная сацыяльная бездань. Бедная шляхта залежала ад сярэдняй і значнай, аддавала ёй “за хлеб і соль” свае галасы на сейміках. Магнаты ж узапраўду былі “свабоднымі”, бо мелі вялікія ўладанні (асабліва на Ўкраіне і ў Беларусі). Да сваіх родавых маёнткаў яны далучалі і каралеўскія стараствы — спачатку бралі іх у арэнду, а потым не аддавалі назад. Магнацтва прыбірала да рук біскупскія кафедры (у ХVІІІ ст. іх мог заняць толькі той, хто меў адметны радавод), гвалтам захоплівала фальваркі дробнай і сярэдняй шляхты. Арыстакраты станавіліся ўладарамі велізарных абшараў. Кароль Радзівіл, напрыклад, быў ардынатам нясвіскім і алыцкім, уладальнікам Біржаў, Дубінак, Слуцкага княства, Кейдан, Койданава, Чарнаўчыцаў, Невеля, маёнткаў у Жоўкве і Злочаве, вялікіх двароў на Валыні і Ўкраіне, якія яму дасталіся па маці. Апрача ўсяго гэтага, ён з'яўляўся яшчэ і арандатарам велізарных каралеўшчын. Паводле Нямцэвіча, у скарбніцы нясвіскага магната захоўваліся “дванаццаць апосталаў на дзве ступені вышыні, адлітыя з чыстага золата; сталы, літыя з серабра, і тысячы іншых каштоўных прадметаў”.
Магнаты зазвычай мелі шматлікіх слуг, у тым ліку са шляхты, шматтысячныя войскі. “Армія” Радзівілаў пераўзыходзіла колькасцю каралеўскую. Таму яны маглі пачувацца вольна, не асцерагаючыся кары, а таксама рэальна прэтэндаваць на трон — калі не польскі, то хаця б літоўскі.
Магнацкая пыха выглядала на бязмежную. Магнаты ставілі знак роўнасці паміж сабой і дзяржавай. Узорам паўнавартага чалавека зрабіўся “bene natus et possesionatus et catholicus” (“высокародны землеўласнік і католік”). Цвердзілася, што сяляне і мяшчане ніжэйшыя за шляхту фізічна і псіхічна, бо мяшчане паходзяць не ад біблейскага Яфета, але ад “подлага Хама”. Магнаты залічвалі сябе ледзь не да святых, патрабавалі асаблівага ўшанавання. У розных мемуарных крыніцах гаворыцца, што як жонка Міхала Радзівіла спявала ў касцёле “гадзінікі”, то на словы: “Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло”, хор прыдворных, к
Таму, натуральна, з гадамі расла фізічная і маральная дэградацыя вышніх слаёў шляхты. Бавячы час у баляваннях і распусце, магнаты ўсё радзей бралі ў рукі зброю, усё меней займаліся дзяржаўнымі справамі, усё часцей паміралі безнашчаднымі. Прыклад таму — Геранім і Кароль Радзівілы. Гэтае выраджэнне добра адлюстроўвалі жывапіс, паэзія, мемуарная літаратура.
Аднак нельга сказаць, што магнаты зусім не займаліся карыснай дзейнасцю. Сярод іх былі і людзі актыўныя, гаспадарлівыя (Ганна Радзівіл, Антон Тызенгаўз, Міхал Казімір Агінскі, Іяахім Храптовіч), якія дбалі пра развіццё рамёстваў і гандлю, засноўвалі мануфактуры, дзе вырабляліся сапраўдныя шэдэўры прыкладнога мастацтва (літыя паясы ў Слуцку, габелены ў Карэлічах, посуд і люстэркі ў Налібоках і Ўрэччы, тканіны ў Гродні і Ружанах). Нараджаецца мецэнацтва. З'яўляюцца прыдворныя друкарні (Нясвіж, Гродна, Слонім), прыгонныя тэатры з аркестрамі, опернымі, балетнымі і драматычнымі трупамі (Нясвіж, Слуцак, Ружаны, Слонім, Гродна, Шклоў). У рэпертуары ўваходзяць не толькі заходнееўрапейскія творы, але і трагедыі, камедыі і оперы мясцовых аўтараў (Францішка Радзівіл, Мацей Радзівіл, Міхал Казімір Агінскі). Сярод маладой арыстакратыі распаўсюджваюцца ідэі Асветніцтва, тэорыі францускіх фізіякратаў, творы Вальтэра і Русо. Шырацца заклікі да спынення анархіі і ўзмацнення цэнтральнай улады.
У апошняй трэці ХVІІІ стагоддзя, калі ўсходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расіі, на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне з'явіўся новы тып магнатаў. Гэта былі высокія рускія саноўнікі, прыдворныя фаварыты, якім Кацярына ІІ падаравала былыя каралеўскія стараствы і сканфіскаваныя маёнткі тых польскіх арыстакратаў, хто не захацеў прысягаць на вернасць царскаму трону. Больш за чатырнаццаць тысяч сялян атрымаў у беларускіх губернях Пацёмкін (Крычаўскае стараства), больш за адзінаццаць тысяч — Румянцаў-Задунайскі (Гомельскае стараства). Вялікія маёнткі былі падараваны Дандукову, Савінчукову, Ялагіну, удаве генерала Бібікава.
Новая знаць істотна адрознівалася ад старой (скажам, Радзівілаў). Яна не магла пахваліцца старажытным паходжаннем, але была больш энергічная і адукаваная, больш клапацілася пра мецэнацтва. І што самае важнае, ува ўмовах абсалютнай манархіі яна не магла сабе дазволіць такое сваволі, як магнаты ў Рэчы Паспалітай. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губерняў трымцелі перад вядомым рускім паэтам Г.Дзяржавіным — сенатарам, які прыяжджаў сюды разбірацца з іхнімі злоўжываннямі.
Інакш выглядае сацыяльны і культурны партрэт сярэдняй і беднай шляхты. Залежна ад эканамічнага становішча, яна падзялялася на прыдворную, чыншавую, фальварачную, “частковую” і “шарачковую” (“загонную”). Маючы пэўную агульнасць у сацыяльнай псіхалогіі, кожная з гэтых груп усё-ткі вылучалася сваімі адметнасцямі.
Найбольшыя залежнасць і маральная разбэшчанасць назіраліся ў асяродку шматлікай прыдворнай шляхты, розных рэзідэнтаў. Для многіх з іх служба пры двары была сродкам здабыць кавалак хлеба. А тыя, што паходзілі з заможных сем'яў, набіраліся пры двары магната “розуму і полеру”. С.Шантыр спамінае, што ў ягонага дзеда было каля дзесяці такіх “кавалераў” (набіралі пераважна высокіх і прыгожых), у бацькі — ужо толькі два-тры. У абавязкі “кавалераў” уваходзіла на сваім кані развозіць пісьмы, выконваць іншыя канфедэнцыяльныя заданні, стаяць “пад рукой у пані”. У выпадку, калі “рэспектавыя” слугі “псоцілі”, асабліва “каля жаночага фартушка”, гаспадар пасылаў нягодніку запячатаны “білет”, згодна з якім вінаватаму адлічвалі некалькі дзясяткаў “корбачаў” (бізуноў) — вядома, на дыване...
Найбольш цяжка жылося “частковай” шляхце, якая валодала некалькімі сялянскімі сем'ямі, і “шарачкам”, што самі апрацоўвалі зямлю. Іхні побыт мала адрозніваўся ад прыгоннага. С. Тучкоў, трапіўшы на Магілёўшчыну, здзіўлена заўважыў, што дробная шляхта “не мела тады амаль ніякага выхавання. Жыла яна, як і цяпер (у ХІХ ст. — аўт.), у чорных хатах, падобна да простых земляробаў — нярэдка разам са свойскай жывёлай”.
Эканамічная залежнасць сярэдняй і дробнай шляхты, вядома, спараджала залежнасць палітычную. Фармальна “шарачок” мог аддаць свой голас, за каго хацеў. Але ўся шляхта павету складала так званае “суседства”, якое ішло за сваім “правадніком” — разам з ім прадавалася таму або іншаму магнату. Рэч Паспалітая ўяўляла з сябе “федэрацыю суседстваў” (А.Заянчкоўскі), падзеленых паміж дзвюма асноўнымі “партыямі” — кансерватыўнай (“сармацкай”) і рэфармісцкай. Сярэдняя і дробная шляхта была сляпой зброяй у іхняй барацьбе.
Але, паміж іншага, шляхецкія прывілеі, з ўсёй іхняй умоўнасцю, ахоўвалі ад “зняваг чынам і словам”. Таму сярэдняя і дробная шляхта рабіла розныя захады, каб ніхто не ўсумніўся наконт ейнага знатнага паходжання. Назапашваліся сапраўдныя і фіктыўныя дакументы. “Генеалагічнае дрэва” завучвалася на памяць яшчэ ў раннім дзяцінстве. Старанна размалёўваліся гербы. Як вядома, літоўская і беларуская шляхта выводзіла свой род ад легендарнага патрыцыя Палямона і дужа ганарылася гэтым, параўноўваючы сябе з польскім дваранствам. “Ляхове не была шляхта, але былі людзі простыі, ані мелі гербов своіх, але мы шляхта старая, рымская” — казалі супраціўнікі уніі з Каронай яшчэ ў ХVІ стагоддзі.
Шляхецкае саслоўе было дастаткова замкнёным. Аднак не суцэльна. Найбольш энергічныя мяшчане і сяляне, нават карчмары за грошы здабывалі набілітацыю. Паколькі адмысловага дэпартаменту герольдыі не існавала і праверкай радаводаў ніхто не займаўся, можна было папросту “прымазацца” да іншага шляхецкага роду, дадаць да свайго прозвішча “высокародны” канчатак — скі. Праўда, хадзіла з рук у рукі “Кніга хамаў”, у якой пералічваліся ўсе “лжэшляхцічы”. Але ж калі хто разбагацеў, дык не дужа на яе зважаў: праз некалькі пакаленняў “неафіцтва” забывалася.