РефератыЖурналистикаДрДрук Беларусі ў 1905-1917 гг.

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг.

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг.


ЗМЕСТ


1. Друк Беларусі ў перыяд рэвалюцый 1905-1906 гг.


2. Беларуская журналістыка ў 1907-1910 гг. Дзейнасць газеты “Наша ніва”


3. Друк Беларусі ў 1910-1914 гг.


4. Беларускі друк у часы першай сусветнай вайны і другой расійскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Друк Беларусі ў перыяд рэвалюцый 1905-1906 гг.


Рэвалюцыя 1905-07 гг. спрыяла ўзнікненню многіх перыядычных выданняў на тэрыторыі Паўн.-Заходняга краю. У пяці яго губернях да рэвалюцыі выходзіла ўсяго 25, пераважна афіцыйных, выданняў. У 1905-06 гг. налічваецца 75, але да канца года ўжо 36 выданняў спынілі сваё існаванне.


У канцы лістапада 1906 г. урад увёў у дзеянне “часовыя правілы аб друку”, якія катэгарычна забаранялі звяртацца да вострых пытанняў унутранай палітыкі і рабочага руху. Мясцовым уладам давалася права арыштоўваць асобныя нумары перыядычных выданняў і прыцягваць рэдактараў да судовай адказнасці. Становішча прывінцыйнага друку ўскладнялася яшчэ тым, што ён падвяргаўся папярэдняй цэнзуры.


У 1906-08 гг. у сістэме друку Паўн.-Заходняга краю значную ролю займаюць ліберальна-буржуазныя і ліберальна-дэмакратычныя выданні “Голос провинции”, “Окраина”, “Жизнь провинции”, “Минский курьер”, Витебская жизнь” і інш.


У сакавіку 1906 г. прысяжнаму паверанаму Я.Залкінду было дазволена выдаваць у Мінску штотыднёвую грамадска-палітычную і літаратурную газету “Голос провинции”. У рэдакцыйнай аб’яве газета заявіла, што ў ёй будуць друкавацца матэрыялы грамадска-палітычнага характару, навуковыя, эканамічныя, бібліяграфічныя артыкулы, навіны, хроніка, а таксама крытычныя і мастацкія творы. Рэдакцыя заявіла, што напрамак будзе “гуманным”, прагрэсіўным, пазбаўленым увякай нацыянальнай прадузятасці.


Выдавец і супрацоўнікі рэдакцыі былі людзьмі рознай палітычнай арыентацыі як умерана ліберальнай, так і дэмакратычнай. Выдаваў газету Глоба-Міхайленка. На яе старонках друкаваліся былыя супрацоўнікі “Северо-Западного края” – Д.Бохан, Я.Окунь, М.Караліцкі і інш.


Неўзабаве, у лютым 1907 г., за публікацыю карэспандэнцыі аб сходзе сялян Чэрніхаўскай воласці (Сноў), якія патрабавалі зямлі і волі, рэдактар быў адхілены ад працы, а яго месца заняў Д.Бохан.


Нумары газеты 289, 292, 293, 302 былі арыштаваны за друкаванне артыкулаў, якія “призывали к тому, чтобы подорвать авторитет власти и возбудить в неселении враждебное отношение с целью ниспровержения существующего в государстве общественного строя”. Апошнім для “Голоса провинции” быў №306. Замест яе пачала выходзіць “Жизнь провинции”.


Гісторыя гэтай газеты вельмі кароткая. Выйшаў у свет усяго 31 нумар. Калі “Жизнь провинции” надрукавала матэрыял супраць рэдактара чарнасоценнага “Минского слова”, рэакцыянера Шміда, урад закрыў газету.


З 30 ліпеня 1907 па 25 мая 1908 г. (248 нумароў) у Мінску выходзіла грамадска-палітычная і літаратурная газета “Окраина”. Выдаўцом і рэдактарам яе была жонка былога рэдактара закрытага “Голоса провинции” Глобы-Міхайленкі, які быў пазбаўлены судом права выдаваць газету і рабіў гэта, выкарыстоўваючы жончына імя. Зразумела, што праграма “Окраины” была той жа, што й “Голоса провинции”. У адным з артыкулаў газета пісала: “Тяжелое положение нашей прессы. Ни жить, ни дышать нельзя. Позволишь больше – оштрафуют, а то и закроют. Позволишь меньше – станут в газеты заворачивать селедку”. “Окраина” была не толькі грамадска-палітычным, але і літаратурным выданнем.


У перыяд першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі выходзіла таксама значная колькасць манархічных, рэакцыйных выданняў. Так, 21 лістапада 1904 г. па ініцыятыве мінскага генерал-губернатара была створана газета “Белорусский вестник”. Яе праграма нагадвала сабою формулу шырока вядомай у той час тэорыі “афіцыйнай народнасці”: “народность, государственность и самодержавие”. 16 снежня 1905 года яна закрылася.


У Мінску дапамогу рэакцыі аказвала газета “Минская речь”, якую выдаваў аддзел “Попечительства о народной трезвости”.


У праграмнай заяве паведамлялася, што гэта грамадска-літаратурная газета “неуклонно будет держаться законности на началах, возвещенных высочайшим манифестом 17 октября 1905 года и программы «Союза 17 октября”.


З лістапада 1906 года “Минскую речь” змяніла газета “Минское слово” , якую рэдагуе реакцыянер Шмід. Заклікі да ўзмацнення рэпрэсій, глум з народа, панічны страх перад рэвалюцыяй – вось што складае аблічча і палітычны змест газеты.


Асаблівую нянавісць гэтых шавіністычных газет выклікалі беларуская мова і літаратура. “Минское слово” пісала, што беларускія пісьменнікі «одержимы колонизаторскими целями», а беларусы не разумеюць мовы, на якой напісаны кнігі “разными Тетками, Неслуховскими, Франтишками Богушевичами и другими самозванными “певцами”.


Рэвалюцыйны час пашырыў распаўсюджванне перыёдыкі ў Беларусі, наблізіў яе змест да нацыянальных праблем, узмацніў дэмакратычны напрамак і ўклаў яшчэ адзін моцны пласт у беларускую культуру і пасунуў наперад стварэнне існага нацыянальнага друку.


2. Беларуская журналістыка ў 1907-1910 гг. Дзейнасць газеты “Наша ніва”


друк беларусь газета


3-га чэрвеня 1907 г. цар распусціў ІІ Дзяржаўную думу. З гэтага часу пачынаецца перыяд, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай перыялу рэакцыі. Ён доўжыўся да лета 1910 г.


У Паўн.-Заходнім краі закрываліся прафсаюзы, спынялі існаванне сацыял-дэмакратычныя камітэты, арганізацыі Бунда; Беларуская сацыялістычная грамада фактычна распалася на два накірункі і таксама перайшла на нелегальнае становішча.


У такіх умовах кожная партыя імкнулася арганізаваць свой друкаваны орган, праз які даносіла да працоўных свае праграмныя патрабаванні.


Сістэма друку ў Беларусі ў 1907-10 гг. складвалася вельмі няпроста. Бальшавікі ў гэты час увогуле не мелі сваіх друкаваных органаў. Беларуская сацыялістычная грамада, знаходзячыся ў падполлі, легальна працягвала выдаваць газету “Наша ніва”, адзінае выданне, што ў гэты перыяд выходзіла на роднай мове. У Мінску і іншых гарадах Беларусі былі зноў створаны ці працягвалі выходзіць ліберальныя грамадска-палітычныя і літаратурныя газеты: «Окраина», «Минское эхо», «Западный Бур» (Брэст), «Полесская мысль» (пазней «Полесье»), «Полесская жизнь», «Гомельский вестник», «Гомельская мысль», «Гомельские отклики» (Гомель); «Минский курьер», «Минские новости», «Минское утро» (Минск); «Весь Северо-Западный край», «Северо-Западный голос», «Белорусская жизнь» (Вільня). Некаторыя газеты выходзілі двойчы – раніцай і вечарам. Ліберальныя газеты ствараліся і ў іншых гарадах – Магілёве, Віцебску, прычым у якасці дадатку да некаторых газет выходзілі лісткі аб’яў і паведамленняў. Усе гэтыя выданні эканамічнае і палітычнае становішча ў краі імкнуліся тлумачыць, зыходзячы з прагрэсіўных пазіцый. Так, “Гомельский вестник” пісаў пра царскі маніфест 17 кастрычніка 1905 г., палемізаваў з прадстаўнікамі новых буржуазных і манархічных партый, асвятляў мясцовае жыццё, друкаваў літаратурныя творы. Газета “Минский курьер”, разлічаная ў асноўным на інтэлігенцыю, шмат увагі ўдзяляла эканамічным і палітычным пытанням, праблемам развіцця літаратуры і мастацтва.


Самай буйной прыкметай развіцця беларускай журналістыкі ў гады рэакцыі быў працяг выдання адзінай беларускамоўнай газеты “Наша ніва”.


Доўгі час у гістарычнай навуцы трымалася адмоўная ацэнка "Нашай нівы". Толькі ў апошнія гады склаліся спрыяльныя ўмовы для аб'ектыўнай ацэнкі месца і ролі гэтай газеты ў нашай гісторыі. У савецкія часы "Нашу ніву" называлі "контррэвалюцыйным", "ліберальна-буржуазным", "нацыяналістычным" выданнем. Упершыню гэта было зроблена падчас спецыяльнай дыскусіі аб "Нашай ніве" на пасяджэнні Таварыства гісторыкаў-марксіістаў у 1931 годзе. Беларускую газету абвінавацілі ў тым, што яна стала ўпоперак буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі. Я лічу, што падставай для адмоўнай ацэнкі газеты марксістамі стала тое, што выданне даволі памяркоўна крытыкавала царызм, вызначалася неадназначнасцю пазіцый. Лягчэй складаную з'яву назваць адмоўнай, чым даследаваць яе розныя бакі. У 1986 годзе ў прагрэсіўным для таго часу артыкуле аб неабходнасці рэабілітацыі "Нашай нівы" Алег Лойка гаворыў, што "катэгарычнае патрабаванне ідэалізацыі ініцыятараў і арганізатараў "Нашай нівы" выяўляе ні больш, ні менш, як правінцыяналізм і недастаткова высокую культуру нацыянальнай самасвядомасці некаторай часткі нашай творчай інтэлігенцыі, што беспадстаўна ў кагорце нацыянальных дзеячаў нашага гістарычнага мінулага хоча бачыць адных толькі забранзавелых герояў, а не людзей з іх жывымі ідэямі і характарамі, з іх неамыльнасцю і памылкамі, з іх рамантычнымі страсцямі і бытавымі звычкамі".


Газета «Наша ніва» была фактычным органам палітычнай партыі «Беларуская Сацыялістычная грамада», якая была створана ў 1902 годзе ў беларускім асяроддзі студэнтаў у Пецярбурзе.


Думка аб стварэнні беларускай газеты ўзнікла ў членаў БСГ братоў Луцкевічаў, Аляксандра Бурбіса и Вацлава Іваноўскага ў канцы лета 1906. Тады партыя знаходзілася на нелегальным становішчы, і ёй неабходна было пачаць легальную справу. Антон Луцкевіч успамінаў: "У канцы лета 1906 году адбылася ў Вільні яшчэ адна наша партыйная канферэнцыя (у кватэры "Кудлы" - Катэцкага - на Юраўскім завулку.) Памятаю з гэтае канферэнцыі два вельмі важныя мамэнты: асуджэньне экспропрыяцыі, з'арганізаванай у Менску бяз ведама і згоды Ц.К., і - пастанова распачаць яўную легальную працу. Апошнюю справу рэфэраваў Іван і тут кінуў думку аб патрэбе друкаваньня легальнае беларускае газэты - ведама, у грамадаўскім духу. Прапазіцыя Івана была прынята аднагалосна. у выніку чаго праз пару месяцаў і нарадзілася "Наша Доля", замененая пасьля "Нашай Нівай"."


І вось вынік прапазіцыі Івана Луцкевіча. 1 верасня 1906 года нарадзілася першая беларуская газета "Наша доля". Дарэчы, раней гэтага адбыцца не магло, бо права на выданне газет і літаратуры на беларускай мове было атрымана толькі ў 1905 годзе. З пяці выдадзеных нумароў "Нашай долі" - чатыры былі канфіскаваны. За "заклік да ўзброенага паўстання для перамены дзяржаўнага ладу" Віленская судовая палата пастанавіла "выданне газеты "Наша доля" забараніць назаўсёды", а рэдактара газеты пасадзіць у крэпасць тэрмінам на год. Але ўжо праз нейкі месяц ( у іншых крыніцах - яшчэ падчас выдання “Нашай долі”) ўдалося пачаць выпуск другой беларускай газеты.


"Наша ніва" пачала выходзіць 10 лістапада 1906 г. БСГ знаходзілася на нелегальным становішчы, і таму выдаўцамі газеты лічыліся прыватныя асобы. Першыя чатыры нумары падпісаны С. Вольскім, але за гэты час і пазней ім не падпісана ніводнага артыкула. Гэта дае падставу меркаваць, што Вольскі быў чалавекам выпадковым у рэдакцыі і беларускім руху ўвогуле. 8 снежня 1906 г. пяты нумар "Нашай нівы" падпісаў ужо Аляксандр Уласаў - актыўны член БСГ.


"Наша ніва" ёсць дзецішча кіраўнікоў БСГ, таму ўсе праграмы, іх змена, мэты партыі адлюстроўваліся на старонках газеты. Вось прыклад. Пасля 1905 года замест рэвалюцыйнай ідэі БСГ пачало рабіць стаўку на Дзяржаўную думу. Газета дае падрабязную справаздачу пра пасяджэнні думы, спадзяецца на рэформы. У снежні 1906 друкаваны орган БСГ змяшчае праграму паляпшэння становішча малазямельных і беззямельных сялян, у якой перад Думай ставіліся патрабаванні скасаваць усе законы, якія не дазваляюць свабодна купляць і прадаваць зямлю, ліквідаваць церазпалосіцу шляхам стварэння хутароў і інш. Рэдакцыя спадзяецца, што Дума дапаможа вырашыць праблемы. Аднак праз колькі часу ў газеце з'яўляюцца артыкулы, якія адназначна не падтрымліваюць Думу. У артыкуле "Дума і народ" (№8, 1907) сцвярджаецца, што марна чакаць ад Думы свабод ды зямлі, "бо яна, небарака, адна гэта не зробіць". Сапраўдных свабод і зямлі народ можа дачакацца толькі пасля абрання народнай рады, падтрыманай народнымі масамі (гэтыя думкі пераклікаюцца з праграмай БСГ, якой яна была да 1906 г.).


Дзейнасць газеты. Парадкі ў рэдакцыі.
Вацлаў Ластоўскі пісаў: "Склад рэдакцыі "Нашай нівы" ў 1909 годзе быў гэткі: А.Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В.Ластоўскі і, дарыўкамі - Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а на пачатку лета прыбыў яшчэ С. Палуян. Гэты склад рэдакцыі ў 1909 і 1910 гг. рэзка распадаўся на дзве групы, якія былі трапна ахарактарызаваны толькі што прыехаўшым з Кіева С.Палуянам "верхняй" і "ніжняй" палатамі. Да верхняй палаты належалі: А.Уласаў, браты Луцкевічы і, калі бывалі, Чыж і Манькоўскі. "Ніжняя палата складалася з Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, Ластоўскага і Палуяна, а ў канцы 1909 г. да яе далучыўся мастак-маляр Я. Драздовіч. Рэдакцыя ў цэлым ніколі не сыходзілася… За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярымя ў гасподзе "верхняй" палаты вяршыліся "высокія" палітычныя матэрыі. Адгалоскі шырокіх планаў "верхняй" палаты даходзілі ў "ніжнюю" з трэціх і пятых рук, часта ў хаатычнай форме. Адно толькі было пэўным, што там ішла буйная ігра са значнымі стаўкамі з боку уніяцкай іерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы палітычных краёвых чыннікаў. Ад вуліцы ж у "ніжнюю" палату ішла публіка "чорная" і "шэрая". Ясна, што пры такім падзеле, "верхняя" і "ніжняя" палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламіі, насілі ў сабе зародкі розных кірункаў нацыянальнай мыслі"


Усе гэтыя кірункі "нацыянальнай мыслі" і траплялі на старонкі "Нашай нівы", што давала магчымасць вучоным потым выносіць самыя розныя, супрацьлеглыя ацэнкі. Так, напрыклад, адно з самых важных пытанняў - сялянскае - на старонках газеты вырашалася непаслядоўна, выказваліся самыя супярэчлівыя думкі. Усё залежала ад погляду аўтараў.


Нагляд уладаў. З самага пачатку існавання "Нашай нівы" царскія улады пільна сачылі за яе зместам. Займаўся гэтым Віленскі цэнзурны камітэт. У 1906 годзе характарыстыка "Нашай нівы" змяшчаецца у спецыяльным дакуменце, складзеным цэнзурным камітэтам па патрабаванні ахоўчага аддзялення паліцыі. Дакумент апісвае і іншыя газеты (іх было 57), якія выходзілі тады ў Вільні. "43. "Наша ніва". Спачатку крыху больш памяркоўная, чым "Наша доля", стала затым змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі."


Цэнзура не проста назірала за дзейнасцю газеты. пісала характарыстыкі. Калі нешта здавалася ёй небяспечным, яна пераходзіла да адкрытых дзеянняў. У першай палове 1907 на старонках "Нашай нівы" з'явіліся матэрыялы "Дума і народ", "Зямельная справа ў Новай Зеландыі" ды іншыя, на якія адразу звярнула ўвагу цэнзура і палічыла іх небяспечнымі для існуючага дзяржаўнага ладу. 14 сакавіка 1907 г. віленскі інспектар па справах друку паведамляў пракурору Віленскай судовай палаты: "В №№ 8 и 9 выходящей в гор. Вильне на белорусском языке еженедельной газеты "Наша нива" мною усматриваются нарушения законов о печати. Так. между прочим, в № 8 фельетонная статья, подписанная "Марцін", под заглавием "Дума и народ" и конец статьи (на стр. 8) под заглавием "Зямельная справа ў Новай Зеландыі", а также передовая статья в №9 и статья под заглавием "Работа думы" в том же номере напоминают подпольные прокламации, и, кроме этих большей частью без названия источника, откуда заимствованы сведения, а между тем все, как на подбор, в состоянии сильно сзволновать простого малоинтеллигентного читателя белорусской газеты и внушить ему неуважение к суду, полиции, земскому начальнику, помещику, к войску, к законам государства, усматривая в названных статьях и заметках номеров 8 и 9 названной выше газеты на белорусском языке преступления, предусмотренные п. п. 1 и 3 ст. 129 угол. уложения и ст. 281-1 п. 1 улож о наказаниях, мною согласно ст. IX отд. VII высочайшего указа от 24 ноября 1905 г. был наложен арест на №№ 8 і 9 газеты, издающейся в гор. Вильне на белорусском языке "Наша нива". Об этом имею честь донести до сведения Вашего превосходительства на предмет возбуждения уголовного преследования против ответственного редактора-издателя названной газеты А. Власова.


При этом считаю своим долгом поставить Ваше превосходительство в известность, что полицею, по сообщению полицмейстера, конфисковано №8 - 668 экземпляров, а № 9 - 5 экз., а почтовой конторой здержано №9 - 965 экз., присовокупляя при этом, что каждый номер названной газеты печатается в количестве 1500 экз." Дарэчы, А.Уласаў у 1908 годзе плаціў штраф, а ў 1910 нават адсядзеў 2 месяцы ў турме.


31-га ліпеня 1913 года асобы аддзел сталічнага дэпартамента паліцыі прыслаў ў Вільню наступны дакупент-данос з грыфам "Зусім сякрэтна". "Згодна з атрыманымі агентурнымі звесткамі ў г.Вільні стварылася нацыянальная група палякаў ці беларусаў, у склад якой уваходзяць як мясцовыя жыхары, так і некаторыя студэнты пецярбургскіх вышэйшых навучальных устаноў. На чале групы стаіць прыват-дацэнт Разенфельд і нейкі Е. Раманаў. У склад группы ўваходзяць сант-пецярбургскія студэнты Пагодзін, Хлябцэвіч (ці Хлебусевіч), Грыневіч, Тарашкевіч і Браніслаў Ігнацьеў Эпімах-Шыпіла, мясцовыя жыхары... (ідзе пералік іменаў), пісьменнік Янка Купала і многія іншыя. Штаб-кватэрай групы з'яўляецца рэдакцыя газеты "Наша ніва". Сходкі групы праходзяць нелегальна ў горадзе; так, адна з сходак мелася быць на кватэры Данілава, у доме № 8 па Жандармскаму завулку; больш шматлікія сходы наладжваюцца ў часе загарадніх экскурсій. Тэмаю абмеркавання служыць быт сялян і неабходнасць барацьбы за яго палепшанне; прамовы носяц крайне антыўрадавы характар. Група збіраецца выдаць нейкую брашуру і восенню на з'ездзе студэнтаў раздаваць яе як у вышэйшых навучальных установах, так і сярод сялян. Часам падымаюцца размовы пра неабходнасць тэрору".


Начальнік Віленскага жандармскага ўпраўлення сакрэтна адказваў свайму сталічнаму начальству: "Асобы, пералічаныя ў названай запісцы, а іменна Янка Купала, Эпімах-Шыпіла, Тарашкевіч, Пагодзін, Хлябцэвіч у г. Вільні не жывуць". Начальнік абыходзіць пытанні наконт тэрору, але прызнае, што галоўнаю выразніцаю ідэі нацыянальнага адраджэння беларусаў" з'яўляецца "Наша ніва", асноўная віна газеты ў тым, што пад уплывам яе "пачаўся заметны паварот у поглядах народных настаўнікаў на ўвядзенне "простай" мовы ў школу".


Паліцыя сачыла за дзейнасцю газеты не толькі з дапамогай цэнзурнага камітэта. Вось канкрэтны прыклад. У 1908 годзе начальнік прывакзальнай паштовай канторы, праз якую газета атрымлівала карэспандэнцыю, даносіў наступнае. "Сакрэтна. Начальніку Віленскага ахоўчага аддзялення. Паведамляю вашаму высокаблагароддзю, што сёння атрымана ў даверанай мне канторы простае закрытае пісьмо на імя рэдакцыі "Нашай нівы".


Апроч цэнзуры і паліцыі, якія сачылі за "Нашай нівай" па абавязку службы, за ёй назіралі і царкоўнікі і даносілі начальству. Вось прыклад. Віцэ-дырэктар Дэпартамента духоўных спраў звяртаецца з пісьмом да начальніка Галоўнага ўпраўлення па справах друку.


"Паводле звестак, што маюцца ў Дэпартаменце, у Вільні з 1906 года выдаецца газета пад загалоўкам "Наша ніва", рэдактарам і выдаўцом якой з'яўляецца прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па 129 арт. Крымінальнага ўлажэння сын калежскага саветніка дваранін Аляксандр Мікітавіч Уласаў, які выпускае перыядычныя творы на беларускай мове, надрукаваныя лаціна-польскім ці чэшскім шрыфтам, называючы гэтыя творы кнігавыдавецтвам "Нашай нівы".


Галоўныя задачы, якія ставіць газета і названае кнігавыдавецтва, зводзяцца часткова да стварэння беларускага сепаратызму, часткова да зліцця беларусаў з палякамі ў мэтах адлучэння ад Расіі. Для правядзення ж у жыццё гэтых палітыка-нацыяналістычных імкненняў і вырашана даць беларускаму насельніцтву нацыянальную літаратуру, але з заменаю рускага шрыфта лацінскім. Па прычыне вышэйакрэсленага шкоднага кірунку названай газеты і звязанага з ёю кнігавыдавецтва я звяртаюся да Вашага правасхадзіцельства з просьбаю не адмовіць у распарадэнні ўзмацніць нагляд над усімі выданнямі "Нашай нівы". 4 студзеня 1912 г."


Пісьмо гэтае не засталося без увагі. Галоўнае ўпраўленне па справах друку, начальніку якога быў адрасаваны ліст, паслала распараджэнне Віленскаму камітэту па справах друку пазбавіць А. Уласава права выдаваць і падпісваць газету. (Дарэчы, пасля гэтага рэдактар "Нашай нівы" звярнуўся ў Пецярбург з заявай і папраўкай. Ён судзіўся не па 129, а па 132 артыкулу, які не пазбаўляў яго права быць рэдактарам. )


Віленскі цэнзурны камітэт пасля гэтага паспяшаўся абвергнуць запіску, відаць, каб апраўдаць сябе перад начальствам: "...За ўвесь час існавання названае выдавецтва выпусціла ў свет да 20 брашур, такіх як календары, кароткую гісторыю Беларусі, вершы, апавяданні і карысныя парады па развіцці сельскай гаспадаркі. Ва ўсіх гэтых выданнях злачынства камітэтам не ўгледжаны.


Што датычыць самой газеты "Наша ніва", то, на думку камітэта, у ёй сапраўды можна ўгледзець імкненне да сепаратызму ў сэнсе захавання беларускай народнай самабытнасці і мовы, але пры гэтым газета да апошняга часу не давала ніякага поваду, каб можна было меркаваць, шо беларускі народ імкнецца да з'яднання з палякамі ў мэтах адлучэння ад Расіі; наадварот, газета неаднаразова заяўляла пра сваю лаяльнасць і усялякім чынам імкнулася і імкнеца вырваць беларусаў з-пад уплыву палякаў." Тым не менш, Галоўнае упраўленне па справах друку прапанавала Віленскаму камітэту "ставіцца да нагляду за газетай "Наша ніва", так і за астатнімі выданнямі А.М. Уласава, з асаблівай стараннасцю і ўвагай."


Актыўную варожую кампанію супраць беларускага руху і газеты вялі афіцыйныя выданні "Виленский вестник", "Минскае слово", "Северо-Западная жизнь", "Крестьянин" і інш; сталічныя выданні "Окраины России", "Россия" і "Новое время". яны вялі не проста дыскусію ці палеміку з "Нашай нівай", а сапраўдную вайну. Супрацоўнік "Нашай нівы" Максім Богдановіч апісваў гэтае становішча так. "Рускі друк, які атрымліваў дзяржаўную дапамогу, травіў яе ("Нашу ніву"), сцвярджаючы, што яна выдаецца на польскі

я грошы для аслаблення ў краю вялікарускіх пазіцый і для падрыхтоўкі глебы бля апалячвання яго". Беларускую газету абвінавачвалі ў тым, што яна прапагандуе сепаратызм і апалячванне беларусі, газета - "Самавучыцель польскай мовы, які выдаецца па асобнаму новаму метаду".


Побач з такімі "адкрыццямі" з'яўляліся на старонках некаторых афіцыйных выданняў прамыя абвінавачванні. "У "Нівах" і "Долях" адкрыта паявіліся нават незамаскіраваныя заклікі да ўзброеннага паўстання, да захопу зямель ў памешчыкаў, да непадпарадкавання ўраду, да забастовак і гд. І ўсё гэта ішло і ідзе ў сучасный момант у школы і праз іх у народ, ... а адміністрацыя мясцовая нічога не бачыць ці абмяжоўваецца вобыскомі у рэдакцыі "Нівы" і арыштамі асабных нумароў, не клапоцячыся аб тым каб вырваць зло з самым корнем". Гэтыя радкі з'явіліся у 1908 годзе у артыкуле "Новый поход на Беларусь", надрукаваны ен быў у часопісе "Окраины России" і перадрукаваны "Минским словом".


“Наша ніва” вымушана была прыстасоўвацца да абставін, мінаць вострыя вуглы, звяртацца да асцярожных выразаў. Газета праяўляла многа дыпламатычнага такту, асцярогі. Таму ідэі яе часам здаюцца супярэчлівымі.


Цяжкасці фінансавага плану. Невялікая група, што складала актыў беларускага руху ў Вільні, была беднай і грошай на справу не мела. Апрача братоў Луцкевічаў, што былі фактычнымі рэдактарамі "Нашай нівы", да гэтай групы належалі Аляксандр Уласаў - афіцыйны рэдактар "Нашай нівы", Янка Купала, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, А.Чыж, Сяргей Палуян (памер у 1910 г.), мастак Язэп Драздовіч ды яшчэ некалькі асобаў. Гэта былі маладыя ідэалісты, поўныя запалу і энергіі ў працы па адраджэнні Беларусі. Яны былі вымушаны не толькі дарма працаваць у газеце і на іншых дзялянках беларускага руху, але і часам аддавалі частку свайго заробку для гэтага руху. Адзін А.Уласаў быў замажнейшы, бо меў фальварак, але з яго мусіў жыць сам, бо іншых прыбыткаў не меў. Аднак, працуючы ў газеце разам з братамі Луцкевічамі, ён дапамагаў аплочваць кватэру для ўсяго штабу "Нашай нівы". Грамадства Вільні падтрымліваць газету не хацела. Выключэнне складае Зыгмунт Нагродскі, сябра Францішка Багушэвіча, які аказваў невялікую падтрымку.


Гэта потым з'явіліся лічбы: 906 карэспандэнцый з 489 вёсак за тры першыя гады існавання, 666 допісаў 427 карэспандэнтаў з 321 мясціны Беларусі за адзін 1910 г. А напачатку "Наша ніва" мела мала платных падпісчыкаў, у вёскі высылалася пераважна дарма, а ў самой Вільні разыходзілася мала. Вось што пішуць рэдактары газеты аб іх фінансавым стане ў 1906 годзе. Рубрыка "Паштовая скрынка". "Пану Усціну з вёскі Буканосава. Вы пішаце, што "Сельскій Вестнік", "Дружэскіе Рэчы" і другія падобныя ім газеты каштуюць вельмі танна, - што ж ведайце, што яны дастаюць ад правіцельства на падмогу грошы. Мы, не маючы з правіцельствам нічога супольнага, нізкуль не дастаем грошай на падмогу, вось і трудна цяпер танней прадаваць "Нашу ніву". Як толькі ў нас газэта пачне даваць даход, то тагды паменшым цану за яе. А яшчэ цяжка нам прыходзіцца, бо друкуем газету і рускімі, і польскімі літарамі, каб чыталі яе ўсе беларусы, хто ўмее."


З розных рахункаў і распісак М. Кухты, з друкарні якога выходзіла ў свет "Наша ніва", можна даведацца, як цяжка прыходзілася рэдакцыі. У пачатку 1909 года за набор рускімі літарамі і лацінкай дзвюх тысяч экземпляраў газеты трэба было заплаціць 51 рубель. За перасылку газеты па пошце - каля 30 (на кожны нумар наклейвалася дзвюхкапеечная марка). У той жа час за продаж усяго тыражу аднаго нумара можна было выручыць 100 рублёй. Аднак гэтай сумы рэдакцыя не атрымлівала: частка тыражу высылалася бясплатна аўтарам і карэспандэнтам газеты. Ганарараў не было. Амаль праз месяц пасля выхаду чацвёртага нумара 21 лютага 1909 года ўладальніку друкарні было заплочана 15 рублёў, 3 сакавіка Кухта атрымаў яшчэ 30, 21 - 35, 3 красавіка 150 рублёў. Але і пасля гэтага за рэдакцыяй "Нашай нівы" застаўся доўг 220 рублёў. І так было з месяца ў месяц.


Сярод іншых фінансавых дакументаў асаблівую цікавасць маюць два рахункі, з якіх відаць расход і прыход па рэдакцыі за 1911 год. З расходнага рахунку вынікае, што набор і друкаванне газеты каштавалі 2500 руб. (50 нумароў * 50р.), папера 600 руб, перасылка па пошце 2461 (2461 адрасат па дзве капейкі 50 нумароў). Далей ідуць разлікі на ўтрыманне рэдакцыі і канторы: кватэра 550 р., асвятленне - 72 р., апал - 27 р., канцылярскія расходы - каля 1200 р., заработная плата служачым - 1010 р. Гадавыя расходы складалі разам даволі значную суму - 7340.


На другім лістку зроблены падлікі прыбытку. Спачатку тут ідуць вельмі паказальныя лічбы. З іх відаць колькасць падпісчыкаў, аўтарскага актыву, колькі экземпляраў паступала ў розніцу, ішло на абмен.


Як бачна, "Наша ніва" друкавалася ў 1911 годзе тыражом 300 экз. Вакол рэдакцыі згрупаваўся вялікі аўтарскі актыў - 427 чалавек. Пасля гэтых лічбаў ідзе падлік прыбытку. Падпіска давала 2572 рублі 50 капеек. Ад агентаў рэдакцыя атрымлівала 480 рублёў. Інакш кажучы, газета прыносіла прыбытку 3052,5 рублёў. Такім чынам, 4287,5 трэба далажыць, каб звесці канцы з канцамі. Трэба, праўда, успомніць пра кніжнае выдавецтва, якое існавала пры газеце і давала чыстага прыбытку каля 600 рублёў у год. Далей ідзе красамоўны і сумны баланс: 4287,5-600 =3687,5 +2000 доўгу. Гэта доўг, відаць, за мінулы 1910 год.


Праўда, сякі-такі прыбытак давалі аб'явы. 18 жніўня 1908 года "запраўляючы" канторай ""Нашай нівы" Янук Прасеня выпісаў рахунак уладальніку віленскага магазіна сельскагаспадарчых машын за аб'явы, змешчаныя ў №33 за 1907 год і ў №16 за 08 г., на суму 58 рублёў. Давалі аб'явы спачатку 2-3 сотні рублёў у год, а пасля крыху больш.


Каб выкруціцца з крытычнага становішча, рэдакцыя вымушана была часам ісці на спыненне выдання газеты лацінкай. А ў 1912 годзе пасля абмеркавання пытання, якімі літарамі мэтазгодней далей выдаваць газету, з 24 кастр. выдаецца рускімі літарамі. Гэта давала рэдакцыі пэўную эканомію сродкаў.


Як бачым, з эканамічнага пункту погляду гэта было стратнае прадпрыемства, і каб утрымаць яго, трэба было шукаць пабочныя крыніцы. Браты Луцкевічы яшчэ студэнтамі давалі на беларускую справу грошы са сваёй невялікай спадчыны, што пакінуў ім бацька. Іван Луцкевіч узяў на сабе абавязак па фінансаванні "Нашай нівы". Вось што пра яго ўспамінала Кветка Верас (Юльяна Мэнке, нарачоная Івана Луцкевіча) у часопісу "Конадні" №7 за 1963 год. "Проста дзіву даешся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадзкай працай , знаходзіў часу і спосабаў здабываньня грошай на ўсю беларускую справу. Ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў аб свае асабістыя патрэбы: што здабыў, тое йшло ў грамадзкі кацёл. Ён бярэ прадстаўніцтвы ад розных фірмаў, удзельнічае ў транзакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод жыдоў і ў сваіх частых разьездах выконвае розныя гандлёвыя даручэнні, за што мае пэўны працэнт." Аднак больш пэўны прыбытак прыносіў распродаж антыкварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў добрым знаўцам старажытнасці і мастацтва. Усюды ягоныя вочы шукалі старую або народную старасвецкую разьбу, абразы, старыя рукапісы. "Ён меў нейкі спэцыяльны нюх ці здольнасці, каб знаходзіць гэтыя рэчы там, дзе, здавалася-б, зусім ня месца ім. Ён знаходзіць іх на кірмашох, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупнікоў і рызьнікаў або й ледзь што не на сьметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць і калі яны мелі беларускую характарыстыку - пакідаў іх у сваіх музэйных зборах, калі ж яны гэтай характарыстыкі ня мелі - прадаваў за належную ім цану й гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасці беларуская справа расла й дужэла, разам з тым раслі зборы беларускай старасьвеччыны, зь якіх пасля склаўся музэй - адзін з найбагацейшых у Вільні - музей пад ягоным імём. Больш вартасныя рэчы не беларускага значаньня ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або й за межамі - у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з большымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькісот рублёў (раз навет за абраз якогась старога французскааг маляра дастаў больш як тысячу рублёў). Такія большыя транзакцыі былі для яго сьвятамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газэту - за паперу й друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пэнсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музэю і, канечна, патрэбныя рэчы для сябе." У 1913-15 гадах І.Луцкевіч выкладаў у прыватнай школе рысункаў, але зарабляў там вельмі мала.


Вось што расказваў Янка Станкевіч на акадэміі у гонар В.Ластоўскага, зладжанай у Нью-Йорку ў 1953 годзе. "Сталым, але не аплачваным супрацоўнікам "Нашай нівы" і палітычным кіраўніком яе ад самага пачатку быў Антон Луцкевіч. Яго адылі ня часта можна было бачыць , ён рэдка бываў у рэдакцыі, да гасподы Луцкевічаў проста "так", без патрэбы не выпадала йсці. Можна сказаць, што Іван і Антон Луцкевічы мелі дачыненьне зь людзьмі як-бы вышшых сфэраў, з маючымі значаньне ў грамадзкім і палітычным жыцці, і да ўсіх іншых у іх не заставалася часу."


У апошнія гады свайго існавання "Наша ніва" мела ўжо многа платных падпісчыкаў. Матэрыяльны стан газеты паляпшаўся з году ў год. Тады пачалася і выдавецкая справа - было закладзена Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. У гэты ж час была ўтворана Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў як уласнік Вацлаў Ластоўскі да 1918 г.


Закрыццё газеты.
Новыя выпрабаванні звязаны з пачаткам першай сусветнай вайны. Ва ўмовах ваеннага становішча і жорсткай цэнзуры “Наша ніва” хоць і заняла ў адносінах да вайны варожую пазіцыю, але вымушана была падтрымліваць ваенныя падаткі і адмовіцца ад прапаганды ідэі беларускай дзяржаўнасці. Але, тым не менш, амаль кожны нумар у выніку дзеянняў ваеннай цэнзуры выходзіў з купюрамі. За публікацыю антыўрадавых матэрыялаў асобыя нумары “Нашай нівы” канфіскоўваліся. На яе забаранялася падпісвацца настаўнікам і вучням Віленскай навучальнай акругі, паштовым, вайсковым і іншым чынам. Магчамасць здабыць грошы ў Івана Луцкевіча паменшылася. Сувязь з замежжам была прыпынена, пошукі антыкварных рэчаў спыніліся. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, сярод іх і супрацоўнікі "Нашай нівы". А. Уласава забралі ў войска. Тады ён , спярша рэдактарства, а потым і правы выдаўца перадаў Янку Купалу (16 мая 1914). Шмат падпісчыкаў было адрэзана фронтам. А фронт тым часам набліжаўся да Вільні. Выданне газеты ў такіх умовах станавілася немагчымым. 7 жніўня 1915-га выйшаў апошні нумар штотыднёвіка з подпісам Янкі Купалы, якому пагражала пакаранне. У верасні германскія войскі акупавалі Вільню.


Такім чынам, на змест газеты "Наша ніва" уплывала:


1. Тое, што яна была неафіцыйным друкаваным органам БСГ. Усе праграмы, іх змена, мэты партыі адлюстроўваліся на старонках газеты. "Наша ніва" ёсць дзецішча кіраўнікоў БСГ, хоць уласцівы сабе народны склад газета займала ад лепшых літаратараў і ад чытача-карэспандэнта.


2. Існаванне цэнзуры ў царскай Расіі. Сацыяльна-палітычныя пазіцыі газеты былі даволі супярэчлівыя. Такая непаслядаўнасць, памяркоўнасць крытыкі царызму была абумоўлена імкненнем уратаваць газету ад арыштаў і закрыцця пасля сумнага вопыту з "Нашай доляй".


3. Тое, што рэдакцыя падзялялася на "верхнюю" і "ніжнюю" палаты. Гэтым тлумачыцца часам супрацьлеглыя погляды на беларускую справу ў артыкулах.


4. Матэрыяльныя цяжкасці.


5. Змена гістарычных умоў. Нельга разглядаць "Нашу ніву" як нейкае адзінае, нязменнае выданне на працягу амаль дзесяці гадоў. Мяняліся абставіны, мянялася аблічча і змест газеты. У Віленскім камітэце па справах друку у пачатку 1907 далі такое апісанне "Нашай нівы": "43. "Наша ніва". Спачатку крыху больш памяркоўная, чым "Наша доля", стала затым змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі." У 1908 г. "Наша ніва" заслужыла больш памяркоўную характарыстыку: "Адстойвае інтарэсы беларускага народа, прагрэсіўнага кірунку". У 1913 г.: "Кірунак - умерана-апазіцыйны з імкненнем да аддзялення беларускай нацыі."


3. Друк Беларусі ў 1910-1914 гг.


У другой палове 1910 г. у Беларусі прыкметна пайшлі на спад жорсткасць ваеннага тэрору і рэпрэсій, разгул ідэалагічнай рэакцыі. Гэта вызначалася не столькі ўплывам тагачаснага перыядычнага друку, які па-ранейшаму ўтрымліваўся ў межах дазволенага жорсткай цэнзурай, колькі агульным станам тагачаснага беларускага грамадства. Першая руская рэвалюцыя выклікала крушэнне старой, патрыярхальнай Расіі. Поўнасцю вярнуцца да дарэвалюцыйных парадкаў царскі ўрад ужо не мог. Яму перашкаджалі дзве магутныя сілы, якія на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў павольна выспявалі ў нетрах грамадскага ладу. З аднаго боку, гэта быў атэістычна-рэвалюцыйны радыкалізм, які хутка выліўся ў форму сацыялізму, а з другога боку, абуджаліся і імкнуліся да актыўнасці і выступленняў у грамадска-палітычным жыцці шырокія працоўныя масы.


Прадстаўнікі царскіх уладаў дзейнічалі з прымяненнем ранейшых выпрабаваных спосабаў: арыштамі, высылкамі, поўным абмежаваннем друку і інш. У прыватнасці забараняліся рэвалюцыйныя і дэмакратычныя выданні. І з’яўляліся новыя газеты, якія цалкам знаходзіліся на ўтрыманні ўрада, або, як “палітычная рэптылія” – земскае выданне “Гомельское слово” – атрымлівалі ад яго грашовыя субсідыі.


Акцябрысцка-чарнасоценныя газеты «Минское слово», «Крестьянин», «Северо-западная жизнь» і інш. сцвярджалі, што яны служаць роднаму народу і абараняюць яго інтарэсы. У сапраўднасці ж палітычнае аблічча гэтых выданняў вызначаў ярка выражаны дзяржаўны шавінізм. Для публікацый правай прэсы характэрнымі з’яўляліся антыпольскія і антыяўрэйскія выступленні, асобныя газеты адмаўлялі існаванне беларускай нацыі, заклікалі царызм да жорсткай расправы з беларускім рэвалюцыйным рухам, выданнямі на беларускай мове.


Адной з найскладанейшых задач для дэмакратычна настроеных дзеячаў была спроба палітычна ці ў публіцыстыцы рэалізаваць свае ліберальныя памкненні, бо ў афіцыйным правым лагеры існаваў пастаянны попыт не на перакананні і прынцыпы, а на беспрынцыпнасць. Напрыклад, ні для каго з прадстаўнікоў адукаванага грамадства не было сакрэтам, што сістэма народнай адукацыі ў Расіі даўно патрабуе карэннай рэформы. Тым не менш вышэйшае чыноўніцтва царскай Расіі рабіла ўсё магчымае, каб як мага далей адцягнуць увядзенне ўсеагульнай адукацыі і правядзенне іншых пераўтварэнняў у сістэме адукацыі. “Было б глыбокай памылкай думаць, што міністэрства Шварца (народнай асветы) паўстае супраць вышэйшай або сярэдняй адукацыі, – падкрэсліваў летам 1910 г. у матэрыяле “Поход на школы” адзін з супрацоўнікаў “Полесской жизни”, – не, яго палітыка зводзіцца да знішчэння асветы ў Расіі”.


Пастаянны ўціск інтэлектуальных, ідэйных і духоўных магчымасцей дзеячаў і сіл антырадыкальнага лагера назіраліся не толькі пры вырашэнні пытанняў народнай асветы, а, бадай, ва ўсіх сферах тагачаснага грамадскага жыцця. У прыватнасці, беларускі друк адзначаў, што царскі ўрад са злачыннай раўнадушнасцю адносіўся да найцяжэйшай сітуацыі, якая склалася ў беларускім краі. Шматлікія штучныя перашкоды, створаныя эканамічна і палітычна шкоднай “рысай аседласці”, для яўрэйскага насельніцтва, прывялі да ўтварэння вялізных мас беднякоў. Па выразу газеты “Полесская жизнь”, “у гэтых адносінах беларускі селянін і беларускі яўрэй нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго”.


У гэты перыяд у Беларусі выдавалася 35 газет і часопісаў, апрача таго ў Вільні – 74. З іх на беларускай мове – 3, на літоўскай – 13, на яўрэйскай – 12 і на польскай – 28. У пераважнай большасці перыядычны друк губернскіх і павятовых гарадоў Беларусі выдаваўся на рускай мове. Выключэннем з’яўляўся Мінск, дзе выходзілі выданні на польскай, яўрэйскай і беларускай мовах. Значны колькасны рост перыядычнага друку сведчыў пра абуджэнне грамадскай думкі, пашырэнне грамадскага руху. Беларускія чытачы атрымлівалі ў гэты час газеты «Наш путь», «Мысль», «Полесье», «Полесская жизнь», «Северо-Западный голос», «Минский голос», «Северо-Западная жизнь», «Минские ежедневные ведомости», «Наш край», «Северо-Западная мысль», «Могилевский вестник», «Гомельская мысль», «Голос учителя» (Віцебск), «Минское эхо», «Наше утро», «Белорусская жизнь» і інш., якія адлюстроўвалі погляды самых разнастайных палітычных партый і плыняў. Усведамляючы важнае значэнне прэсы ў палітычнай і ідэалагічнай барацьбе, не шкадавалі сродкаў на друкаванае слова і польскія магнаты і клерыкалы. З 28 газет і часопісаў, якія выдаваліся ў Вільні напярэдадні першай сусветнай вайны, большасць выдавалася менавіта памешчыцка-клерыкальнымі коламі (“Przyjaciel”, “Dziennik Wilenski”, “Przeglad Wilenski”, “Jutrzenka”, “Goniec Wilenski” і г.д.).


У цэлым жа ў 1910-1914 гг. у краі даволі актыўна развіваўся і перыядычны прагрэсіўны друк. Гэтае яго развіццё праходзіла пад магутным уплывам ідэй сусветна вядомых рускіх філосафаў М.Бярдзяева, П.Фларэнскага, Г.Шпета і інш. Дзейнасць беларускага рэвалюцыйна-дэмакратычнага і ліберальнага друку насіла ярка выражаны асветніцкі, культурны і нацыянальна-вызваленчы характар.


4. Беларускі друк у часы першай сусветнай вайны і другой расійскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі


Першая вусветная вайна пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г., а з 18 ліпеня беларускія губерні былі аб’яўлены на ваенным становішчы. На іх тэрыторыі, як і на іншых заходніх ускраінах Расійскай імперыі, блізкіх да тэатра ваенных дзеянняў, быў устаноўлены жорсткі ваенна-паліцэйсуі рэжым. Вялікімі накладамі выходзілі ўрадавыя і буржуазныя газеты, што заклікалі падданых імперыі забыць клававую варажнечу і стаць на абарону “царя и отечества”.


Са старонак рускамоўных газет, якія выдаваліся на тэрыторыі Беларусі, актыўна прапагандаваліся ідэі панславізму, прадказвалася блізкая перамога “славянскай зброі” і панаванне Расіі на новых тэрыторыяз Еўропы і Блізкага Усходу. У залежнасці ад палітычнай скіраванасці гэтыя выданні можна падзяліць на манархічныя і ліберальна-буржуазныя. Да ліку першых належыць газета “Северо-Западная жизнь” (1911-1915 гг.), якую выдавалі браты Л. і С.Саланевічы. Для газеты быў характэрны вялікадзяржаўны шавінізм, антыпольскія, антыяўрэйскія і антыбеларускія выступленні. Сярод газет ліберальнай арыентацыі трэба назваць “Северо-Западный голос” (1905-1915 гг.), на старонках якога знаходзілі адлюстраванне апазіцыйныя настроі буржуазіі, праграмныя патрабаванні кадэцкай партыі.


У верасні 1915 г. Вільня была захоплена войскамі кайзераўскай Германіі. Большая частка беларускай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры ў тых складаных умовах не мелі дакладна акрэсленай праграмы дзеянняў, не ведалі, з якой уладай звязаць свае спадзяванні ўтварэння суверэннай беларускай дзяржавы.


Былыя заснавальнікі, выдаўцы і рэдактары “Нашай нівы” браты Луцкевічы вырашылі выдаваць у акупаванай Вільні беларускую грамадска-палітычную і літаратурную газету нацыянал-дэімакратычнага асветніцкага накірунку. Атрымаўшы дазвол нямецкіх улад, яны з 15 (28) лютага 1916 г. пачалі выдаваць газету “Гоман”, якая выходзіла 2 разы на тыдзень, а друкавалася лацінкай і кірыліцай. З 33 нумара рэдагаваць газету стаў В.Ластоўскі.


Сацыяльна-палітычная праграма выдання ўключала элементы вульгарнага сацыялізму: ліквідацыя эксплуатацыі працоўных, народаўладдзе, утапічную ідэю самакіравання праз усялякія таварыствы, кааператывы,. У галіне нацыянальнай палітыкі рэдакцыя прытрымлівалася канцэпцыі ідэйнага і культурнага адзінства беларускага народа, заклікала беларусаў арыентавацца на еўрапейскую парламенцкую дэмакратыю. У матэрыялах, якія змяшчаліся ў “Гомане”, праводзілася лінія на стварэнне незалежнай Беларускай рэспублікі, або федэратыўнага Беларуска-Літоўскага краю на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з сеймам у Вільні.


З 1 лістапада 1916 г. (сс) у Петраградзе пачалі выходзіць дзве газеты на беларускай мове – “Дзянніца” (друкавалася кірыліцай) і “Сьветач” (лацінкай). Выданне беларускіх газет у Петраградзе было абумоўлена тым, што Вільня яшчэ ў 1915 г. была захоплена немцамі і частка дзеячаў нац.-вызваленчага руху Беларусі перабралася, галоўным чынам, у Петраград і Мінск. Каб наладзіць сувязь паміж рэв.групамі гарадоў Беларусі, была патрэбна газета.


У першы нумар “Дзянніцы” яе рэдактар Ц.Гартны вырашыў даць перадавы артыкул пра цяжкае становішча Беларусі ў сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны, творы маст.літаратуры, хроніку найважнейшых вэвалюцыйных падзей, карэспандэнцыі. Аднак цэнзар так уважліва папрацаваў над гранкамі нумара, што ад яго амаль нічога не засталося. Перадавая была выкраслена цалкам. Ад карэспандэнцыі “Капыль” застаўся толькі загаловак і подпіс “Змітро”. Таксама была знята цэнзарам большая палова артыкула Гартнага “Аб спажытковай бядзе”, выкраслена некалькі абзацаў з артыкула “Яшчэ аб Беларускім універсітэце”... Апошні, 7-мы, нумар “Дзянніцы” выйшаў 31 снежня 1916 г.


Газета “Сьветач”, якую рэдагаваў Эдвард Будзька, прызначалася беларусам-католікам. Палітычны кірунак яе быў не такі радыкальны, як у “Дзянніцы”, тут прапагандаваліся ідэі культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі з рэлігійна-каталіцкім ухілам, друкаваліся матэрыялы дыдыктычнага характару. Рэдакцыя выступала за пашырэнне кааперацыі, павелічэнне колькасці культурна-асветніцкіх гурткоў, школ на роднай мове, беларускамоўных газет.


Газета вучыла чытачоў, як лепей вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры, нагадвала пры гэтым, што беларускаму сялянству трэба рассяляцца па хутарах і тым самым падтрымлівала рэформу Сталыпіна. Рэдакцыя прытрымлівалася вядомай тэорыі “адзінай плыні”, не падзяляла бел.народнасць на класы, лічыла беларусаў адной вялікай і дружнай сям’ёй. З нацыянальна-ліберальных пазіцый вырашаліся газетай таксама і сацыяльныя пытанні.


Выданне газеты “Сьветач” было спынена 31 снежня 1916 г. з-за фінансавых цяжкасцей (як і газеты “Дзянніца”).


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси / Конев А.Г. – Мн: Выш. Школа, 2005г.


2. Беларуская журналістыка (1760–1917 гг.): Вучэбна-метад. дапаможнік. – Мінск, 1991. – Ч. 1.


3. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики / Виноградов А.Н. – Мн, 2005г.


4. Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. – Мінск, 1979.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Друк Беларусі ў 1905-1917 гг.

Слов:6043
Символов:46224
Размер:90.28 Кб.