Як ужо адзначалася, цэнтральнымі паняццямі культуры маўлення з’яўляюцца паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы.
Норма – найбольш пашыранае і агульнапрынятае выкарыстанне моўных сродкаў, якое стала ўзорным і таму заканадаўча замацаваным у выглядзе правіл, рэгламентацый. Нормы беларускай літаратурнай мовы – гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы ўзорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.
Нарматыўнасць выяўляецца ў мове у двайным плане: нарматыўнасць як сукупнасць лексем, словаформ, моўных канструкцый, якія рэальна выкарыстоўваюцца ў мове, і нарматыўнасць як сукупнасць тэндэнцый адбору і тэндэнцый выкарыстання моўных сродкаў.
Для таго, каб прызнаць тую ці іншую з’яву нарматыўнай, неабходны наступныя ўмовы:
а) рэгулярная ўжывальнасць дадзенага спосабу выражэння;
б) адпаведнасць гэтага спосабу выражэння магчымасцям сістэмы літаратурнай мовы (з улікам яе гістарычнай перабудовы);
в) грамадскае адабрэнне рэгулярна ўзнаўляльнага спосабу выражэння.
Прыведзеныя азначэнні тычацца моўнай нормы. Аднак калі мы прызнаём суадносіны мова – маўленне, то неабходна гаварыць і аб маўленчай норме. Паняцце маўленчай нормы цесна звязана з паняццем функцыянальнага стылю. Калі моўныя нормы адзіныя для літаратурнай мовы ў цэлым, яны аб’ядноўваюць ўсе нарматыўныя адзінкі незалежна ад спецыфікі іх функцыянавання, то маўленчыя нормы ўстанаўліваюць заканамернасці ўжывання моўных сродкаў у тым ці іншым стылі і яго разнавіднасцях (прыназоўнік аб – пра).
Т.ч. у паняцце стабільнасці нормы ўваходзяць такія прыкметы, як устойлівасць, традыцыйнасць, пэўнае абмежаванне магчымых варыянтаў, тэрытарыяльнае адзінства. Аднак норму не трэба механічна выводзіць з моўнай эвалюцыі. Л.І. Скварцоў увёў паняцце дынамічнай нормы, уключыўшы ў яго і прыкмету патэнцыяльных магчымасцей рэалізацыі мовы. Дынамічная тэорыя нормы, абапіраючыся на патрабаванне адноснай устойлівасці, сумяшчае ў сабе і ўлік прадуктыўных і не залежачых ад волі гаворачых тэндэнцый развіцця мовы, і беражлівыя адносіны да тых маўленчых навыкаў, якія былі атрыманы ад папярэдніх пакаленняў. Улічваючы гэта, норма – значна дыферэнцыраваны комплекс моўных сродкаў, які дазваляе захаванне варыянтаў і сінанімічных спосабаў выражэння. Варыятыўнасць моўных сродкаў забяспечвае функцыянальна-стылістычную дыферэнцыяцыю літаратурнай мовы.
Норма неаднародная па саставу ўваходзячых у яе прыкмет. Ядро літаратурнай нормы складаюць стылістычна нейтральныя (найбольш ужывальныя) моўныя з’явы, перыферыю – з’явы архаічныя і новыя, тэрытарыяльна і функцыянальна адзначаныя, але якія ўваходзяць у рамкі літаратурнай нормы.
Вялікая роля ў выпрацоўцы літаратурнай нормы належыць лепшым прадстаўнікам культуры, вучоным-філолагам. Дыялекты, прафесійная мова, жаргоны знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы, аднак могуць істотна ўплываць на норму.
Моўная норма – катэгорыя гістарычная, адносна ўстойлівая і адначасова зменлівая. Яна не з’яўляецца пастаяннай, яна змяняецца, удасканальваецца, развіваецца, мае варыянты.
Аднак змены павінны адпавядаць агульным заканамернасцям моўнай сістэмы, тэндэнцыям яе развіцця. Афіцыйнаму замацаванню змен моўнай нормы звычайна папярэднічае перыяд варыянтнасці. Варыянты – гэта разнавіднасці адной і той жа моўнай адзінкі, якія валодаюць аднолькавым значэннем, але адрозніваюцца па форме (дзіця-дзіцё; у адрас – на адрас). Варыянты існуюць на ўсіх моўных узроўнях (арфаэпічных, акцэнталагічных, марфалагічных, лексічных).
Працэс змены норм адбываецца наступным чынам. Новае трапляе ў мову ў процівагу існуючым правілам. Яно з’яўляецца звычайна па-за межамі літаратурнага ўжывання – у прастамоўі, у прафесійным маўленні, у размоўна-бытавым і г.д. На другім этапе адбываецца паступовае збліжэнне гэтых двух з’яў, ужо пачынае ўжывацца і ў літаратурнай мове, у вуснай яе разнавіднасці. Трэці этап характарызуецца тым, што дзве з’явы ўжываюцца як варыянты нормы. Затым на чацвёртым этапе адбываецца зрух нормы: раней пазалітаратурны варыянт паступова выцясняе першапачатковы варыянт і замацоўваецца ў літаратурнай мове.
Пры выбары аднаго з магчымых варыянтаў неабходна кіравацца:
а) фактарам устойлівасці;
б)аўтарытэтам крыніцы (Істрына);
в) асабістым густам;
г) пашыранасцю.
Адрозніваюць дватыпы норм: імператыўныя і дыспазітыўныя.
Імператыўныя (г.з. строга абавязковыя) – гэта такія нормы, парушэнне якіх расцэньваецца як слабае валоданне мовай (напрыклад, парушэнне норм скланення, спражэння і пад.). Гэтыя нормы не дапускаюць варыянтаў, іншыя іх рэалізацыі разглядаюцца як неправільныя.
Дыспазітыўныя (не строга абавязковыя) нормы дапускаюць стылістычна адрозныя або нейтральныя варыянты (клавіш – клавіша, тры студэнты – трое студэнтаў).
Неабходна помніць, што побач з варыянтамі, якія дапускаюцца нормамі літаратурнай мовы, існуе і мноста адхіленняў ад норм, г.зн. маўленчых памылак. Прычыны парушэння моўных норм:
а) захаванне дыялектных асаблівасцей;
б) непаслядоўнасцю і супярэчаннямі ва ўнутранай сістэме мовы;
в) уплыў арфаграфіі;
г) недастатковае засваенне літаратурных норм беларускай мовы;
д) недастатковая падрыхтаванасць настаўнікаў;
е) уплыў рускай мовы.
Нормы захоўваюцца і змяняюцца ў залежнасці ад многіх умоў: ад уплыву кніг на грамадства, ад моўнага акружэння. З пытаннямі норм, іх варыянтнасці цесна звязаны паняцці нармалізацыі і кадыфікацыі. Часта тэрміны ‘нармалізацыя’ і ‘кадыфікацыя’ ўжываюцца як сінонімы. Аднак у даследаваннях апошніх гадоў гэтыя тэрміны размяжоўваюцца.
Нармалізацыя – комплекс праблем, якія закранаюць наступныя аспекты: а) вывучэнне праблемы азначэння і ўстаўлення нормы літаратурнай мовы; б) даследаванне ў нарматыўных мэтах моўнай практыкі ў яе адносінах да тэорыі; в) прывядзенне ў сістэму, далейшае ўдасканальванне правіл ужывання ў выпадках разыходжання тэорыі і практыкі, калі з’яўляецца неабходнасць умацавання норм літаратурнай мовы.
Тэрмін кадыфікацыя з’яўляецца больш вузкім ў параўнанні з тэрмінам нармалізацыя і выкарыстоўваецца ў выпадках, калі ідзе гаворка аб рэгістрацыі правіл у нарматыўных працах. Кадыфікаваныя нормы літаратурнай мовы – гэта нормы, якімі павінны карыстацца ўсе носьбіты мовы, любы слоўнік ёсць кадыфікаванне.
Нармалізацыя – гэта працэс станаўлення, выпрацоўкі нормы, яе апісання моваведамі. нармалізацыя ўяўляе сабой гістарычна працяглы адбор з моўных варыянтаў адзіных, найбольш ужывальных адзінак. Нармалізатарская дзейнасць знаходзіць свае выражэнне ў кадыфікацыі літаратурнай нормы – яе афіцыйным прызнанні і апісанні ў выглядзе правілаў у лінгвістычных выданнях (слоўніках, даведніках, граматыках). Т.ч., кадыфікацыя – выпрацаваны звод правілаў, які прыводзіць у сістэму нарміраваныя варыянты, ‘узаконьвае’ іх. Г.зн., тая ці іншая з’ява. перш чым стаць нормай, перажывае працэс нармалізацыі, а ў выпадку грамадскага адабрэння замацоўваецца, кадыфікуецца ў правілах, фіксуецца ў слоўніках з рэкамендацыйнымі паметамі.
Нармалізацыю беларускай мовы ў савецкі час умоўна можна разглядаць як выпрацоўку літаратурных норм на ўсіх маўленчых узроўнях да 1933 г. (“Граматыка” Б.Тарашкевіча), на працягу 1933-1957 гг і пасля 1957 г. Інакш пра гэты працэс можна гаварыць як пра працэс выпрацоўкі і стабілізацыі літаратурных норм на нацыянальнай глебе, збліжэнне выпрацаваных норм з рускамоўнымі і вызваленне норм беларускай літаратурнай мовы ад рускамоўнага ўплыву. Згаданае дае права разважаць пра рухомасць норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Такім чынам, маўленне лічыцца правільным, калі ў ім адсутнічаюць парушэнні агульнаабавязковых літаратурных норм і само яно як звязная мова адпавядае ўсім законам сучаснай беларускай мовы. Сучаснай беларускай літаратурнай мове ўласцівы арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя, лексічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя і стылістычныя нормы.
Арфаэпічныя нормы -- гэта правілы вымаўлення галосных і зычных гукаў, гукавых спалучэнняў, правілы інтанацыі. Паводле норм сучаснай беларускай арфаэпіі вельмі выразна вымаўляюцца галосныя пад націскам, а зычныя – перад галоснымі і санорнымі, г.зн. калі ягны знаходзяцца ў моцнай пазіцыі: колас, кніга, вучань. У іншых пазіцыях не мяняюць сваёй якасці і з’яўляюцца гукамі поўнага ўтварэння толькі ы, й, р. Усе астатнія відазмяняюцца ў большай ці меншай меры або зусім пераходзяць у іншыя гукі. Напрыклад, у спрадвечных беларускіх словах о, э не пад націскам пераходзяць у а, у пераходзіць у ў, пры змякчэнні д, т пераходзяць у дз, ц. Як і на стыку прыстаўкі з коранем у межах слова, так і на стыку слоў і словазлучэнняў у межах сказа і можа пераходзіць у ы (пасля цвёрдых зычных, акрамя г,к,х) і ў й (пасля галосных): адыграць, педі[ы]нстытут, прайграць, сястра [й] брат. Націскны пачатковы і мае пры сабе j: jіх, jімі; пасля галосных у сярэдзіне слоў і таксама вымаўляецца як jі: змяjіны, краjіны.
Вымаўленне некаторых зычных і іх спалучэнняў вельмі цесна звязана з фізіялогіяй гукаў беларускай мовы, з работай органаў маўлення беларусаў. Так, шыпячыя ж ш дж ч, губна-губны ў, вібрант р практычна не вымаўляюцца мякка, й – цвёрда, а дж дз дзь – як два гукі (вымаўленне [дэжэ], [дэзэ] не адпавядае нават дыялектнаму вымаўленню). У беларусаў г фрыкатыўны, або шчылінны, выбухным (змычным) ён бывае толькі ў запазычаных словах тыпу гуз, гузік, гірса (пустазелле), гонта (дахавы матэрыял), ганак, мязга (мяккая частка дрэва), нягеглы і вытворных ад іх, а таксама як вынік асіміляцыі ў словах вакзал, пакгауз.
Губна-губныя б, п, м, ў і губна-зубныя в, ф не могуць быць мяккімі ў канцы слоў ці перад іншымі мяккімі зычнымі: голуб, сем, кроў, аббіць; яны ж, як і д т г к х й р не могуць быць падоўжанымі (асабліва мяккімі падоўжанымі). Названыя шыпячыя (ж ш дж ч) перад свісцячымі з с дз ц прыпадабняюцца, і наадварот (асіміляцыя шыпячых да свісцячых, свісцячых да шыпячых): возі[c]я, на пе[ц]ы, [ш]ытак, [ш]ыць. Асімілятыўная мяккасць адбываецца перад любымі мяккімі, акрамя г’, к’, х’ і толькі са свісцячымі: дз’веры, з’ява, ц’вік, але згінуць, скінуць.
У большасці выпадкаў д т ч к не ўжываецца з с: гара[ц]кі, савe[ц]кі [т+c], баранаві[ц]кі [ч+с]. Не ўжываюцца разам таксама д т з ч: дакладчык [чч], лётчык [чч], а таксама не ўжываюцца яны і паміж сабой: Гумбальт, Шміт.
ручнік яечня і разм яешня
Зычныя з с н л дз ц ж ч ш у інтэрвакальным становішчы на месцы былых усходнеславянскіх спалучэнняў ‘мяккі зычны + ь + j’ вымаўляюцца як падоўжаныя. Л н перад мяккімі дз’ ц’ н’ й вымаўляюцца толькі як мяккія, але перад іншымі мяккімі зычнымі могуць вымаўляцца і мякка і цвёрда: каман’дзір, ман’цёр, але банкір, бензін, кансервы.
З ХІ да ХУІ ст. беларуская мова набыла такія спецыфічныя рысы ў фанетыцы і арфаэпіі, як поўнагалоссе (маланка, полымя), прыстаўныя і ўстаўныя галосныя (імхі, віхор, рубель), чаргаванні галосных і зычных, асіміляцыя і дысіміляцыя зычных і г.д.
На арфаэпічныя нормы беларускай мовы значны ўплыў аказвае руская мова. Так, назіраюцца дзве асаблівасці ўздзеяння рускай мовы.
Першая праяўляецца ў маўленні тых асоб, якія беларускую мову вывучаюць пасля засваення рускай. У даным выпадку адбываецца атаясамліванне гукаў беларускай мовы з падобнымі гукамі рускай мовы (гэта называецца ўяўная тоеснасць – Рэфармацкі): ч’ д’ т’.
Другая асаблівасць уплыву рускага вымаўлення характэрна для вымаўлення асоб, якія свабодна карыстаюцца і той, і другой мовамі. У такіх выпадках парушэнні вымаўленчых норм датычацца звычайна асобных гукаў у пэўных пазіцыях: б’jю, сем’, магу – мо[к].
Вымаўленне заўсёды суправаджаецца пэўнай інтанацыяй. Інтанацыйныя нормы сучаснай беларускай мовы фактычна растварыліся ў акцэнталагічных, пунктуацыйных і сінтаксічных. Як сукупнасць фанетычных сродкаў, што выражаюцца ў паслядоўных зменах вышыні тону, сілы і працягласці гучання, а таксама ў зменах тэмбру голаса, інтанацыя праяўляецца пры выразным чытанні і дэкламацыі. З дапамогай інтанацыі ўстанаўліваюцца сэнсава-граматычныя разнавіднасці сувязі паміж асобнымі часткамі выказванняў, падзяляюць сказы на апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя, акрэсліваецца эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць выказвання і інш. У залежнасці ад інтанацыі адрозніваецца кніжны і гутарковы, поўны і няпоўны стыль вымаўлення.
Поўны стыль -- выразнае вымаўленне – характэрны для маўлення дыктараў, лектараў. Тэмп такога маўлення запаволены, вымаўленне націскных і ненаціскных галосных гукаў выразнае.
Няпоўны стыль -- беглае вымаўленне – характарызуецца больш хуткім тэмпам, ненаціскныя галосныя і нават склады падвяргаюцца рэдукцыі, назіраецца пропуск, глытанне гукаў, складоў.
Умовай правільнага маўлення з’яўляецца прыгожае, эстэтычнае гучанне (так, напрыклад, непрыгожа гучыць нагнятанне гука р). Даныя прасодыкі – навукі аб прынцыпах і сродках члянення маўлення і злучэння яго структурных частак – паказваюць, што спецыфічная інтанацыя беларускай мовы забяспечвае ёй адметнасць у больш павольным тэмпе, мілагучнасці, вакальнасці.
Акцэнталагічныя нормы – гэта сістэма націску ў сучаснай беларускай мове. Пры яго дапамозе адрозніваюцца розныя словы і словаформы ў межах адной часціны мовы: кара -- кара, рукі -- рукі; розныя часціны мовы: мазалі (назоўнік) -- мазалі (дзеяслоў). Адрозніваюць слоўны, тактавы, фразавы націскі. Асобнае месца адводзіцца лагічнаму націску як інтанацыйнаму выдзяленню важнага ў сэнсавых адносінах слова з мэтай сканцэнтраваць на ім увагу: ‘Ты ‘пойдзеш у ‘школу? Беларускі націск сілавы, свабодны і пераважна рухомы. Службовыя словы свайго націску не маюць. У складаных і складанаскарочаных словах, апроч асноўнага, могуць быць і дадатковыя націскі: пылаводанепранікальны. Акцэнталагічныя нормы з’яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў маўленчай культуры чалавека (алфавіт, процэнт, портфель).
Свабодны і рухомы націск ў беларускай мове складае пэўныя цяжкасці ў працэсе навучання: націск можа мяняць свае месца: ночы – начэй. На ўзроўні акцэнталогіі існуе варыянтнасць. Варыянты забяспечваюць менш рэзкі пераход ад старой нормы да новай, а часам набываюць стылістычную маркіраванасць: ласкавы -- ласкавы; марынованы – марынаваны, навылет – навылёт, надалей – надалей.
Акрамя варыянтаў у межах нормы, якія фіксуюцца ў слоўніках, у маўленні адзначаюцца ненарматыўныя варыянты, што звязана з пранікненнем у літаратурную мову дыялектных варыянтаў, з уплывам акцэнталагічнай сістэмы рускай мовы, з няправільным засваеннем месца націску ў запазычаных словах, з дзеяннем законаў аналогіі ўнутры самой беларускай мовы (уплыў дыялектаў: бульбя’ны, пах’мурны, шматвя’ковы; рускай мовы: гала’ву – ‘голаву; са’мога – сама’го).
У адносінах месца націску назоўнікі вызначаюцца прыкметнай прыкметнай неаднастайнасцю. Выдзяляюцца назоўнікі з нерухомым і рухомым націскам (гром – грома; косць – касцям). Для адных слоў – усіх форм яго парадыгмы – характэрна пастаяннае, нерухомае месца націску; для другіх – рознамясцовае: у адных формах парадыгмы, напрыклад, націск на аснове (бог – бога), у другіх – на канчатку (мн.л. багі, багоў).
Пераважная большасць назоўнікаў мужчынскага роду характарызуецца нерухомым націскам, які можа замацоўвацца ці на аснове, ці на флексіі. На месца націску ўплывае наяўнасць пэўнай ммарфемы, у прыватнасці, суфікса ці прэфікса. Так, назоўнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў -ан (-ян), -ей, - ізм, -ызм, -іст, -ант, -ёр маюць, як правіла, фіксаваны націск на гэтым суфіксе: буран, велікан, грубіян, багацей, парадыст, паланізм. Назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў пры дапамозе прэфіксаў вы-, по-, под-, про- маюць фіксаваны націск на гэтым прэфіксе: вываз, вымысел, посвіст, пропуск.
Сярод назоўнікаў ніякага і жаночага роду вылучаюцца парушэнні нормы пад уздзеяннем аналогіі, рытму верша, мастацкай задачы: зайздрасць – зайздросць (па аналогіі з зайздросны). Сустракаюцца акцэнталагічныя варыянты, што ўзніклі пад ўплывам народных гаворак:
вачэй: воч, вочаў, вочай, вачыма, вачамі: вачмі;
плячамі, плячыма: плячмі;
дзвярамі, дзвярыма: дзвярмі;
папалішча: ‘попалішча.
Прыметнікі ў адрозненне ад назоўнікаў вызначаюцца большай устойлівасцю акцэнталагічнай сістэмы, чаму спрыяе нерухомасць націску, які ў прыметнікаў можа прыпадаць ці на аснову (тып А), ці на канчатак (тып В), але не мяняецца пры змяненні граматычных форм: лёгкі, лёгкага, лёгкаму.
У вытворных прыметнікаў націск часта фіксуецца на словаўтваральным суфіксе. Так, суфіксы -ават-, -ат-, -арн-, -ічн-, -ов-, -оў- звычайна націскныя: светлаваты, барадаты, папулярны, пленарны, аманімічны, сасновы, Міхасёў.
У сувязі з большай устойлівасцю акцэнталагічнай сістэмы прыметніка адзначаецца і больш нізкі ўзровень варыянтнасці прыметніка. ТСБМ фіксуе варыянты: доўгі – даўгі; цяжкі – цяжкі без указання на якія-небудзь размежаванні. Ненарматыўная варыянтнасць характэрна пераважна для размоўнага стылю: ‘малы, дзі’кі, цвяр’ды.
Акцэнталагічныя варыянты прыметнікаў у літаратурнай мове часам замацоўваюцца як розныя па лексічнаму значэнню: ‘ветраны ‘зветрам’ і ветра’ны ‘які прыводзіцца ў рух ветрам’; ‘немы ‘дзікі, роспачны’ і ня’мы ‘пазбаўлены магчымасці гаварыць’.
Парушэнні ў дзеясловаў звязаны з уздзеяннем дыялектных форм: адвез’ці, прывяз’ці; часта ўжываецца ня’сеце замест неся’це, драмае замест дрэмле або рускай мовы: вяз’ла, вяз’лі.
Няўстойлівасці акцэнталагічнай нормы спрыяе факт суіснавання паралельных пачатковых форм тыпу грэбці – грабці; везці – вязці; несці – нясці.
Слоўнік цяжкасцей:
а’бутнік, абцеру’сіць ‘цярусячы, абсыпаць’, абцеру’шыць ‘абтрэсці (снег)’, аднаак’товы, аз’бест, акно – акон і вокнаў, алка’голь, амя’ла, а’налаг, ‘аншлюс, ап’рануты, апрануць – ап’ранеш, ап’ране, ап’рануць, ап’товы, ат’рыманы, афера і разм. афёра, ‘бармен, бах’ча – бахча’вы, берас’цяны, ‘братавая ‘жонка брата’), ‘братанне, ‘братацца, бульбя’ны, вадзя’ны, ‘вальдшнеп, ‘весніцы, віда’вы (віда’выя паняцці), ‘відны (значны, важны) – від’ны (светлы, бачны ‘від’ное месца), ‘вусы, ‘выпадак, але вы’падкам, газапра’вод, гастра’номія, гідрапра’вод, глі’няны, грама’дзянін, ‘грубы – гру’бы (тоўсты, вялікі ‘грубое палатно’), ‘гусценькі, дага’вор, даўні’на, дзе’вяцера, дзе’сяцера, ‘дзеячы (‘дзеячы, дзеячаў), дзі’чына, ‘дыскант (высокі дзіцячы голас), дыспан’сэр, жардзя’ны, ‘жэрабя, ‘загадзя і зага’дзя, за’няць, землеўпа’радкаванне, ін’дустрыя, ін’сульт, іншапля’менны, іс’нуе, іс’нуюць, калашы’на – мн. кала’шыны, кам’байнер, ‘кашляць, ‘кветнік, ‘кірка, кры’ху, куліна’рыя, мін’даліна, ма’лы, нава’лочка, на пра’цягу, пад’садны, па’латаны, памф’лет, пасла’нец, пах’мурны, пласт – пласта’вы, пу’ловер, ‘прадзедаўскі, прыс’тупка, ‘прыяцель, ра’кушка, развян’чаны, ‘сівы, ‘скорасны (метад) - дап. скарасны, ‘слабы, сма’ляны (доп. смаля’ны) , с’піна, ‘супавы (набор) – разм. супа’вы, ‘тормазны (шлях), ты’тунь (прым. тытунёвы), тварог і твораг (руск. ‘творог і дап. тво’рог), укра’інскі, фе’номен, ця’жар, чайн’ая, чу’ма (прым. ‘чумны).
Марфалагічныя нормы -- гэта правілы формаўтварэння і словазмянення ў галіне самастойных часцін мовы. Засваенне марфалагічных норм у параўнанні з іншымі моўнымі ўзроўнямі адбываецца з меншай колькасцю парушэнняў, таму што граматычныя катэгорыі вызначаюцца большай стабільнасцю. У марфалагічнай будове мовы ёсць моцныя і слабыя нормы; першыя выконваюцца ўсімі, другія лёгка падпадаюць пад уздзеянне розных фактараў або дрэнна засвойваюцца.
Так, моцнай нормай у беларускай граматыцы з’яўляецца вызначэнне роду назоўніка, што тлумачыцца хутчэй за ўсё амаль адсутнасцю вар’іравання. Варыянтных родавых пар у беларускай мове параўнальна мала: бярлога – бярлог, зала – зал; клавіша – клавіша; лакрыца – лакрычнік (расліна сямейства бабовых, карэнне якой выкарыстоўваецца ў медыцыне); мангуста – мангуст; аблога і аблог (‘даўно не аранае поле’), рэпрыза і рэпрыз, пачак і пачка, кішэнь і кішэня, шаша і шасэ, перыфраза – перыфраз; прышчэпа – прышчэп; салата – салат; таполя – топаль. У мове ХІХ – пач. ХХ ст. такіх назоўнікаў было значна больш: цуд (нарм.) і цуда, жаваранак і жаваранка, воблака (нарм.) і воблак, табака (нарм.) і табак, сахарын – сахарына; санаторый – санаторыя; прычасць (нарм.) – прычасце;
Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўніка з’яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе тоесная фармальная абалонка слоў: дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, цень, шаль, шынель, поступ, туфель, фальш, летапіс, жывапіс, рукапіс, пыл, боль у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай – жаночага; назоўнікі гусь, бронха, кафля, макарона, табака, жырафа, камода, ‘пара, ухаба, цыкорыя у беларускай мове жаночага роду, у рускай – мужчынскага; словы настрой, яблык, капыт у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай – ніякага. Назоўнікі – назвы маладых істот у беларускай мове адносяцца да ніякага роду: качаня, цяля, парася, у рускай – да мужчынскага: утёнок, котёнок, теленок.
Слабым месцам з’яўляецца вызначэнне роду запазычаных назоўнікаў. Пры аднясенні іншамоўных слоў да пэўнага роду пад ўвагу бярэцца значэнне слова. Да назоўнікаў мужчынскага роду адносяцца назоўнікі – назвы асоб мужчынскага полу і назвы жывых істот: спецыяльны атташэ, маленькі калібры (выключэнне: івасі і цэцэ -- жаночага роду); да назоўнікаў жаночага роду – назвы асоб жаночага полу: пажылая ледзі, эфектная пані; да назоўнікаў ніякага роду -- назвы неадушаўленных прадметаў: меню, фае, журы, інтэрв’ю. Род нескланяльных назоўнікаў – геаграфічных назваў вызначаецца па родзе агульнага назоўніка, якім можна замяніць уласнае імя: Батумі (горад), Хансю (востраў) – мужчынскі род, Чылі (дзяржава), Кіліманджара (гара) – жаночы, Антарыо (возера) – ніякі род.
Род нескланяльных складанаскарочаных назоўнікаў, як правіла, вызначаецца па апорным слове словазлучэння, з якога ўтварылася абрэвіятура: БелТА (беларускае тэлеграфнае агенцтва), СП (сумеснае прадпрыемтсва) – ніякі род; ЭВМ (электронная вылічальная машина) ААН (арганізацыя Аб’яднаных нацый) – жаночы род, СП (Саюз пісьменнікаў), РАНА (раённы аддзел народнай асветы) – мужчынскірод. Род скланяльных абрэвіятур, што заканчваюцца на зычны, вызначаецца не па сэнсе, а па структуры (нагадвае назоўнікі мужчынскага роду): ЛіМ (“Літаратура і мастацтвса”), БАМ (Байкала-Амурская магістраль) – мужчынскі род: у апошнім ЛіМе, на далёкім БАМе.
Як правіла, не выклікае пытанняў і вызначэнне ліку назоўнікаў. Слабым месцам тут выступаюць назоўнікі, што не паддаюцца лічэнню (абстрактныя, рэчыўныя, зборныя) і маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку, а таксама запазычаныя назоўнікі. Памылкі можна растлумачыць наступнымі прычынамі:
1. У выніку ўнутрымоўнай аналогіі ўжываюцца няправільныя формы множнага ліку тыпу каменні, калоссі, карэнні, утвораныя па аналогіі з формамі тыпу камень – камяні. Але ад зборных назоўнікаў формы множнага ліку не ўтвараюцца.
2. Пад уплывам народных гаворак нават у аўтарскую мову пранікаюць памылковыя формы множнага ліку запазычаных назоўнікаў, якія ў літаратурнай мове не маюць множнага ліку, тыпу: кіно – кіны, пальто – польты.
3. Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя двухмоўнай сітуацыяй, у прыватнасці, разыходжаннем лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах: грудзі, дзверы, каноплі, крупы ў беларускай мове ўжываюцца толькі ў множным ліку, а ў рускай мове ўжываюцца або толькі ў адзіночным ліку (конопля, крупа) або ўжываюцца і ў адзіночным і множным ліках (дверь, грудь). Лексема чарніла ў беларускай мове толькі адзіночнага ліку, у рускай – множнага.
Найбольш тыповым месцам аслабленай нормы ў сістэме назоўніка з’яўляецца вызначэнне склонавых канчаткаў. Тлумачыцца гэта наяўнасцю варыянтных канчаткаў у беларускай літаратурнай мове, уплывам дыялектнай мовы і няведаннем нормы.
Так, для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне замацаваны канчаткі -а (-я), -у (-ю) у залежнасці ад лексічнага значэння.
Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць:
асоб, жывых істот: чалавека, брата, сябра, шчупака, а таксама назоўнікі тапелец, нябожчык, мярцвяк;
канкрэтныя прадметы: аўтобуса, агурка, медаля;
арганізацыі, прадпрыемствы, установы: саюза, завода, камітэта;
спартыўныя гульні, віду спорту, танцы: хакея, валейбола, футбола, тэніса, твіста, вальса;
населеныя пункты, геаграфічныя назвы: пасёлка, горада, Пінска;
адзінкі вымярэння, адрэзкі часу: вольта, градуса, грама, дня, тыдня;
навуковыя тэрміны: ромба, косінуса, назоўніка, дзеяслова (але: склону).
Канчатак -у (-ю) характэрны для назоўнікаў, што абазначаюць:
зборныя прадметы: бярэзніку, ельніку, пырніку, натоўпу, калектыву;
рэчывы, хімічныя злучэнні, элементы: цукру, пяску, снегу, чаю, клею, цэзію (але: хлеба, аўса);
з’явы прыроды, стыхійныя бедствы: ветру, дажджу, грому, агню;
прасторавыя паняцці: лугу, краю, шляху, усходу, небасхілу, нізу;
абстрактныя паняцці, якасці, дзеянні, стан: густу, гонару, розуму, болю;
грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі: капіталізму, сацыялізму, фармалізму, ідэалізму. (Раней правапіс назоўнікаў марксізм, камунізм, сацыялізм патрабаваў канчатка –а).
Але правіла гэта грувасткае і патрабуе шмат намаганняў для яго запамінання. Яшчэ больш абцяжарвае яго тая акалічнасць, што іншы раз назоўнікі могуць тлумачыцца як канкрэтныя паняцці і як сукупнасць; адпаведна ў залежнасці ад семантыкі могуць быць розныя канчаткі: апарата телефоннага і апарату ўпраўлення; трэцяга лістапада і пара лістападу.
Для правільнага выбару канчатка можна выкарыстоўваць наступнае правіла: калі назоўнік можна ўжыць з колькаснымі лічэбнікамі, то неабходна пісаць канчатак –а, -я; калі такое спалучэнне немагчыма, то пішам канчатак –у, -ю. Замест колькаснага лічэбніка можна падстаўляць і часціцу паў-. У большасці выпадкаў такая падстаноўка дапамагае правільнаму выбару канчатка, але не заўсёды.
Слабым месцам з’яўляецца таксама месны склон назоўнікаў мужчынскага роду, дзе ёсць выбар канчаткаў: -е (для назоўнікаў з цвёрдай асновай, а таксама з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з’, с’: на стале, у саюзе, у лузе, у кажусе), -і (назоўнікі з мяккай асновай: у цяні, на пні, у маі); -ы (назоўнікі з асновай на зацвярдзелы: у шалашы, на дажджы, у гаражы. Назоўнік двор у залежнасці ад лексічнага значэння ўжываецца або з канчаткам –ы: На двары сабраліся людзі або з –э: На дварэ ветрана); - у, -ю маюць назоўнікі назоўнікі з асновай на к і на г, х, якія не чаргуюцца з з’, с’: на цвіку, у канчатку, на моху, у руху, а таксама назоўнікі, што абазначаюць асобу чалавека: студэнту, рэктару, госцю. Некаторыя назоўнікі з цвёрдай асновай, што абазначаюць асобу чалавека, часам ужываюцца і з канчаткам –е: пры сыне, аб аграноме.
Парушэнні пры выбары канчатка выклікаюцца перш за ўсё незасвоенасцю правіла: на масту, у спесе (спех), на пляцу. У асобных выпадках адзначаюцца памылкі як вынік уплыву адпаведных склонавых форм рускай мовы: у дзённіке, на лугу, на мітынге.
Сярод склонавых форм назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам схільнасцю да парушэнняў вызначаецца творны склон, дзе адбываецца падаўжэнне зычных (акрамя губных і р): соллю, ноччу, але любоўю, шыр’ю. Пад уплывам народных гаворак, рускай мовы адзначаюцца памылковыя варыянты тыпу далонью, солью, гразёю.
Склонавыя канчаткі назоўнікаў у множным ліку роднага склону вызначаюцца частым ненарматыўным выкарыстаннем, перш за ўсё таму, што правілы іх ужывання сфармуляваны не зусім дакладна, дапускаюць разнастайныя варыянты: кілаграмаў – кілаграм, разоў – раз, гадоў – год. Для беларускай мовы правільна ўжыванне назоўніка другога скланення з матэрыяльна выражаным канчаткам, за выключэннем назоўнікаў партызан, салдат. Што датычыць варыянтаў гадоў – год, то ў іх ужыванні ёсць пэўныя размежаванні: формы з нулявым канчаткам ужываюцца ў канструкцыях з колькасным лічэбнікам, з канчаткам –оў -- з прыметнікамі, назоўнікамі: пяць год і на схіле гадоў. Для назоўнікаў першага скланення маюць канчатак –аў
(-яў), калі іх аснова заканчваецца збегам зычных: тундраў, адозваў, кафедраў, і нулявы канчатак: рук, кароў, станцый.
Варыянтным з’яўляецца і ўжыванне канчаткаў назоўнікаў у творным склоне множнага ліку. Нормай лічыцца канчатак –амі (- ямі): суседзямі, палямі. Аднак для некаторых слоў дапускаюцца варыянты: каньмі – канямі, касцямі – касцьмі, грашамі – грашыма, дзвярамі – дзвярыма, грудзямі – грудзьмі, санямі – саньмі, вачамі – вачыма, плячамі – плячыма; для назоўніка людзі – толькі людзьмі. У творах мастацкай літаратуры можна сустрэць самыя разнастайныя формы.
У сістэме прыметнікавых марфалагічных норм слабым месцам з’яўляецца засваенне форм вышэйшай ступені параўнання. У беларускай мове яны ўтвараюцца ад якасных прыметнікаў пры дапамозе суфіксаў –эйш-, -ейш-; ад некаторых – пры дапамозе суфікса –ш-: горшы, лепшы. Суфіксы на –ей, -эй не характэрны для беларускай мовы і ўжываюцца пераважна ў творах мастацкай літаратуры: прыгажэй, карацей.
Іншы раз выкарыстанне форм на –эй, -ей звязана з блытанінай форм кампаратыва ў прыметнікаў і прыслоўяў, асабліва ў перакладах з рускай мовы, паколькі ў рускай мове гэтыя формы падобныя: он стоит выше (наречие), он выше его (прилаг.).
Гэтак жа сама ўтвараюцца формы ступеней параўнання ад прыметнікаў стары, малады: старэйшы за, маладзейшы за. Ад кампаратываў неабходна адрозніваць прыметнікі малодшы, старшы ў тэрміналагічных спалучэннях: старшы лейтэнант, малодшы сержант, а таксама ж гэтыя прыметнікі ў значэнні 'больш позні паводле часу свайго з'яўлення' (малодшы брат, сястра), якія не маюць значэння вышэйшай ступені параўнання.
Неабходна адзначыць, што не ад усіх якасных прыметнікаў могуць утварацца простыя формы вышэйшай ступені параўнання. Гэта прыметнікі, якія абазначаюць стан чалавека (жывы, дарослы, Нямы), колер прадметаў праз адносіны да іншых прадметаў (бэзавы, вішнёвы, ліловы), масць жывёл (вараны, гняды), знешнюю фізічную прымету чалавека (барадаты, вусаты), прыметнікі з суфіксамі -ав-, -іст-, -аўн-, -к- (перадавы, шурпаты, сакаўны, ліпкі), якія першапачаткова былі адноснымі, складаныя прыметнікі.
Складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання ўтвараюцца пры дапамозе слоў самы, найбольш, найменш. Менавіта пры іх ужыванні адзначаецца няўменне адрозніць форму вышэйшай ступені параўнання і прыметнік ці словаспалучэнне са значэннем гранічнай ступені якасці: Вышэйшая ўзнагарода – зорка Героя. (трэба: найвышэйшая або самая высокая ўзнагарода).
Характэрнай памылкай з'яўляецца няправільны выбар сродкаў сінтаксічнай спалучальнасці. Так, часта замест прыназоўніка за выкарыстоўваецца прыназоўнік ад (пад уплывам польскай мовы): разумнейшы ад мяне; або прыназоўнік не выкарыстоўваецца зусім (пад уплывам рускай мовы): разумнейшы мяне. Такія памылкі досыць устойлівыя.
Многія якасныя прыметнікі ў беларускай мове могуць мець як поўную, так і кароткую форму: грозны – грозен, ясны – ясен. Але неабходна помніць, што кароткія формы прыметнікаў у беларускай мове ўжываюцца абмежавана і часцей ў прэдыкатыўнай функцыі (выключэнне складае паэтычная мова).
Лічэбнік – невялікая па колькасці часціна мовы, якая мае абмежаванае выкарыстанне ў маўленні параўнальна з іншымі самастойнымі часцінамі мовы.
Але менавіта з ужываннем лічэбнікаў звязаны досыць устойлівыя адхіленні ад нормы, якія можна падзяліць на тры групы:
а) выбар колькаснага ці зборнага лічэбніка;
б) утварэнне форм ускосных склонаў лічэбнікаў, асабліва складаных і састаўных;
в) ужыванне лічэбнікаў у словазлучэнні.
У маўленні існуе 9 зборных лічэбнікаў: двое – дзесяцера. У адных выпадках зборныя і колькасныя лічэбнікі выступаюць як узаемазамяняльныя:
- калі абазначаюць асоб мужчынскага полу: пяцёра дружбакоў – пяць дружбакоў;
- у другім – такая суаднесенаць немагчыма:
- калі назоўнікі маюць форму толькі множнага ліку ці абазначаюць назвц парных прадметаў: двое сутак, трое варот;
- калі абазначаюць назвы маладых істот: двое кацянят, трое жарабят;
- субстантываванымі прыметнікамі: двое параненых.
Зборныя лічэбнікі ўжываюцца і з некаторымі іншымі назоўнікамі: людзі, дзеці, гусі, коні, свінні. Трэба адзначыць, што зборныя лічэбнікі часцей выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі.
Сістэма скланення лічэбнікаў характарызуецца неаднастайнасцю: толькі колькасныя лічэбнікі маюць 8 розных парадыгм. Так, літаратурная норма патрабуе змянення абедзвюх частак складаных лічэбнікаў ад 50 да 80 і ад 200 да 900: васьмідзесяці, васьмюдзесяццю. Аднак у вусным маўленні нярэдка змяняецца толькі першая ці другая частка, блытаніна склонавых форм. Памылкі такога ж тыпу заўважаюцца і пры выкарыстанні састаўных лічэбнікаў, дзе кожнае слова павінна змяняцца як адпаведны просты лічэбнік: ста дваццаці пяці, ста дваццаццю пяцю і г.д. Магчыма, гэтыя памылкі тлумачацца аналогіяй з састаўнымі парадкавымі лічэбнікамі, якія, наадварот, змяняюць толькі апошняе слова: тысяча дзевяцьсот восьмы.
У сінтаксічнай канструкцыі лічэбнік дапасуецца да назоўніка: трыццаццю пяццю сшыткамі, аб дваццаці сшытках. У вусным маўленні гэтая сувязь можа парушацца: адзначаецца ўжыванне лічэбніка толькі ў пачатковай форме (з пяцьсот алоўкамі) ці ўжыванне назоўніка толькі ў форме роднага склону (пяцюстамі алоўкаў). Пры лічэбніках два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры назоўнік ужываецца у форме назоўнага склону множнага ліку: два сшыткі, дзве брыгады, тры клёны, чатыры гарады. Пад уплывам рускай мовы гэтыя лічэбнікі выкарыстоўваюцца з родным склонам: чатыры горада.
Парушэнне марфалагічных норм сярод лічэбнікаў выклікаюцца рознымі прычынамі:
- недастатковым засваеннем правіл;
- адсутнасцю практычных навыкаў;
- унутрымоўнай аналогіяй. Істотную ролю адыгрывае і адсутнасць дастатковай колькасці ўзораў вуснага маўлення (іх колькасць у вусным маўленні абмежавана, на пісьме яны абазначаюцца лічбамі).
Слабыя месцы ў дзеяслоўных формах звязаны перш за ўсё з выбарам форм часу і няправільным іх утварэннем: форм прошлага часу утвараюцца пры дапамозе суфіксаў –л-, -ў, 0: жыць, жыў, жыла, жыло, жылі, везці – вез. Часта формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва тыпу: выцяг (выцягнуў). перацёр (перацер). У размоўным і ішны раз у мастацкім стылі дапускаюцца складаныя формы прошлага часу: быў пайшоў. Часта пад уплывам дыялектаў блытаюцца формы цяперашняга часу 3 асобы адзіночнага ліку: ён робя (замест робіць), нося ( носіць) і наадварот, ён пішэць, чытаець.
Не характэрны для беларускай мовы дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі –уч, -юч, -ач, -яч, -ем, -ім: чытаючы вучань, вывучаемы матэрыял. Такія формы ўжываюцца пераважна ў публіцыстычным і навуковым стылях у тэрмінах і ўстойлівых словазлучэннях: бастуючыя рабочыя, неразлажымыя элементы. Не характэрны для беларускай мовы і зваротныя дзеепрыметнікі тыпу ўсміхаючыеся, хвалюючыеся (людзі). Найбольш пашыраны ў беларускай мове дзеепрыметнікі з суфіксамі –л-, -н-, -ан-, -ен-, -т- прошлага часу незалежнага і залежнага стану. Зменшылася сфера ўжывання дзеепрыметнікаў прошлага часу незалежнага стану з суфіксамі –ш-, -ўш-, замест іх выразна пашырыўся суфікс –л-: прымоклая, высахлая. Дзеепрыметнікі з суфіксамі –уч, -юч, -ач, -яч-, -ш-, -ўш- атрымліваюцца аманімічнымі з дзеепрыслоўямі, таму неабходна пазбягаць двухсэнсоўнасці пры пабдове фразы і выбары моўных сродкаў.
Сінтаксічныя нормы. Сінтаксіс вывучае віды сувязей, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы. Віды сувязей (каардынацыя, дапасаванне, кіраванне, прымыканне) рэалізуюцца ў канкрэтных сінтаксічных канструкцыях, якія і вызначаюць сінтаксічную норму. Гэтыя нормы грунтуюцца як на законах сувязей слоў, так і на сінтаксічных здольнасцях (якія ў значнай меры залежаць ад семантыкі) асобных лексем. З апошнім фактарам часцей за ўсё звязаны парушэнні сінтаксічнай нормы.
Так, часта з-за няправільна вызначанай семантыкі парушаецца каардынацыя дзейніка і выказніка:
1. Калі ў ролі дзейніка выступае зборны назоўнік: моладзь выступаюць, настаўніцтва аддаюць усе сілы (замест: моладзь выступае).
2. У безасабовых сказах, калі галоўны член выражаны дзеепрыметнікам залежнага стану: Пабудаваны 10 новых школ (замест пабудавана).
3. Калі дзейнік – нязменны запазычаны назоўнік пэўнай родавай прыналежнасці: кенгуру пабегла (замест пабег).
4. Калі дзейнік выражаны спалучэннем тыпу брат з сястрой, маці з дачкой і г.д.: Брат з сястрой не мог (замест маглі) доўга супакоіцца.
5. Калі дзейнік выражаны назоўнікам з прыдаткам, якія маюць розны род: Газета “Веснік”змясціў (замест змясціла).
Адным з асноўных фактараў, які ўплывае на сінтаксічныя нормы беларускай мовы, з’яўляецца ўздзеянне рускай мовы. Найбольш пашырана і ўстойліва гэта ўздзеянне выяўляецца ў канструкцыях кіравання:
дараваць каму? (дав. скл.) – прощать кого? (він. скл.);
дзякаваць каму? (дав. скл.) – благодарить кого? (він. скл.);
кпіць з каго? (родны) – насмехаться над кем? (твор. скл.);
схадзіць па што? – сходить за чем?;
ажаніцца з кім? -- жениться на ком?;
больш за 40 гадоў – более сорока лет;
за 5 кіламетраў ад горада – в 5 километрах от города;
яму нага баліць – у него болит нога;
хварэць на што? – болеть чем?
быць настаўнікам і за настаўніка – руск. толькі: быть учителем;
звярнуцца на адрас – обратиться по адресу;
заляцацца да дзяўчыны – ухаживать за девушкой;
чытаць, думаць, смяяцца сам сабе – читать про себя;
паехаць да брата – поехать к брату;
дом на пяць паверхаў – дом в пять этажей;
стаяць ля стала – стоять у стола;
некалькі разоў на тыдзень – несколько раз внеделю;
усё на карысць студэнта – всё на пользу студента;
падобны да бацькі – похожий на отца;
загадчык бібліятэкі – заведующий библиотекой;
не да месца – не к месту;
ліслівіць перад начальнікам
паабапал дарогі – с обеих сторон дороги;
даглядаць дзяцей – ухаживать за детьми;
пайсці па грыбы – пойти за грибами;
забыцца на вечар, пра вечар – забыть о вечере;
паехаць у млын – поехать на мельницу;
што да мяне – что касается меня;
спатыкнуцца на пень – споткнуться о пень.
Пад уплывам рускіх форм адзначаецца памылковае ўжыванне прыназоўніка па з формай давальнага склону множнага ліку замест формы меснага склону: па гарам, па дарогам замест па гарах, па дарогах.
Часам праблему выбару прыназоўнікавай формы ўскоснага склону звязана з унутрымоўнай варыянтнасцю. Так, у беларускай мове як нарматыўныя варыянты выступаюць формы вінавальнага склону з прыназоўнікам пра і меснага склону з прыназоўнікам аб: думаць пра жыццё і думаць аб жыцці. Трэба адзначыць, што прыназоўнік аб часцей ужываецца ў афіцыйна-дзелавым і навуковым стылях, прыназоўнік пра – у размоўным і мастацкім. Але ні ў навуковым, ні афіцыйным стылі не рэкамендуецца прыназоўнік аб, калі спалучэнне дрэнна гучыць: аб абавязках, аб аб’ёме.
Шырока распаўсюджаны памылкі, выкліканыя неправамернай кантамінацыяй: узаемадзеяннем дзвюх і больш сінтаксічных канструкцый, у выніку чаго ўзнікае трэцяя, якая не адпавядае норме:
- садзейнічаць чаму + прывесці да чаго → садзейнічала да таго;
- дапамагаць каму + шэфстваваць над кім → шэфская дапамога над арганізацыяй;
- разлічваць на каго + падрыхтаваць для каго → разлічана для настаўнікаў.
У вусным маўленні часта назіраецца дубліраванне дзейніка: Гераіня – яна мне вельмі запомнілася.
Парушэнне нормы адзначаецца пры выкарыстанні аднародных членаў. Так, памылкай з’яўляецца аб’яднанне ў аднародным радзе лагічна несумяшчальных паняццяў: У садзе раслі яблыкі, грушы, слівы, дубы; слоў, якія абазначаюць родавыя і відавыя паняцці: Вершы, творы Цёткі прысвечаны..
У рад аднародных членаў нельга ўключаць словы з рознай марфалагічнай характарыстыкай (напрыклад, поўныя і кароткія формы прыметнікаў, дзеепрыметнікаў): чэсны і смел, смачнай і прыгожа аформлена; назоўніка і інфінітыва: маляванне і спяваць). Нельга аб’ядноўваць у якасці аднародных член сказа і даданую частку: Настаўніца спытала аб уроках і як маё здароўе.
Важнай адзнакай правільнасці маўлення з’яўляецца захаванне агульнапрынятай лексічнай і сінтаксічнай спалучальнасці слоў. Так, сінтаксічная мадэль вызначае толькі самыя агульныя законы спалучэння: дзеяслоў + назоўнік; прыметнік + назоўнік. Але запаўненне мадэлі рэгламентуецца мноствам семантычных, граматычных і стылістычных правіл, а таксама сэнсам выказвання, логікай разважання. Узнікаюць словазлучэнні, якія не адпавядаюць норме. Сярод самых распаўсюджаных памылак таўталогія: экспануецца выстаўка, у чэрвені месяцы, уважліва прыгледзецца; скрыжаванне двух блізкіх сэнсам, але рознай будовай словазлучэнняў: музыка гучыць з таго часу і сёння.
Лексічныя нормы. Адносна вызначэння лексічных норм паміж даследчыкамі няма адзінства. Адныз іх выдзяляюць лексічныя нормы, іншыя – не. Так, Галавін сваё сумненне тлумачыць непадпарадкаванасцю лексікі норме. Сапраўды, выбар слова для пэўнага кантэксту не залежыць ад якога-небудзь правіла. Але поўнасцю адмаўляць лексічныя нормы нельга. Лексічныя нормы – гэта правілы словаўжывання, пад якімі звычайна разумеецца правільнасць выбару слова і прымянення яго ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях. Слова лічыцца нарматыўным, калі:
яно агульнавядомае, агульназразумелае і ўжываецца на значнай тэрыторыі;
ужываецца ў характэрным яму значэнні;
адпавядае ўнутраным законам беларускай мовы, яе сістэме і структуры.
Акрамя таго, пры вызначэнні нормы ўлічваюцца фармальна-лагічны, статыстычны, эстэтычны і нацыянальны крытэрыі. Тут узнікае праблема ўжывання іншамоўных слоў (у першую чаргу, русізмаў).
Лексічныя нормы хутчэй за іншыя архаізуюцца, змяняюцца, адлюстроўваючы рухомасць мовы. Пры нармалізацыі лексікі ўлічваецца таксама мнагазначнасць слова, яго здольнасць ужывацца ў іншасказальным сэнсе, варыянтнасць самога слова і формы, усе лексіка-сінанімічныя асаблівасці.
Да парушэння лексічных норм можна аднесці наспупныя памылкі:
а) ужыванне слова ў неўласцівым яму значэнні як вынік няведання значэнняў такога слова;
б) няўменне ўлічваць семантычную спалучальнасць слоў;
в) заваная кантэкстам мнагазначнасць, якая спараджае двухсэнсавасць;
г) змяшэнне паронімаў;
д) лексічныя анахранізмы.
Словаўтваральныя нормы патрабуюць правільнага падзелу слоў на значымыя часткі, ведання спосабаў і законаў беларускай мовы, паводле якіх утвараюцца новыя словы. Уменне правільна чляніць словы на састаўныя часткі, вызначаць ролю і значэнне іх ў маўленні ў значнай ступені дапамагае пазбегнуць памылак, звязаных з напісаннем слова, разуменнем яго сэнсу, з выкарыстаннем слова ў пэўным стылі. Спецыфіка беларускага словаўтварэння праяўляецца на марфемным узроўні, асабліва ў такіх часцінах мовы, як назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, дзеясловы: назіральнік (не назірач), слухач (не слухар), глядач (не глядальнік), зімовы, веснавы (але не летавы, восеневы), злавацца, ленавацца (але не зліцца, ляніцца).
Стылістычная норма адносіцца да агульнамоўнай як прыватнае да агульнага. Іх нельга супрацьпастаўляць, але нельга і атаясамліваць. Стылістычная норма звязана з усімі стылямі, паколькі ўключае заканамернасці адбору і арганізацыі стылістычных сродкаў ва ўсіх функцыянальных стылях. Але кожны стыль своеасаблівы, у ім сваё спалучэнне міжстылёвых і арыгінальна-стылёвых сродкаў. Таму кожнаму стылю ўласцівы свае функцыянальна-стылёвыя нормы, якія, з аднаго боку, канкрэтызуюць агульнамоўныя нормы, з другога – пашыраюць і ўзбагачаюць іх. Норма стылю – гэта сукупнасць усіх функцыянальна-стылёвых патрабаванняў да мовы, гэта рэальнае выкарыстанне мовы ў дадзенай сферы грамадскага жыцця ў адпаведнасці з канкрэтнымі задачамі камунікатыўнага характару.
Стылёвыя нормы датычаць трох асноўных параметраў стылю:
а) адбору моўных сродкаў (якія словы, канструкцыі і г.д. падыходзяць для дадзенага стылю, а якія – не);
б) правілаў іх спалучальнасці паміж сабой (звычайна дазваляецца спалучэнне сродкаў адной стылёвай танальнасці, радзей – рознастылёвых, калі іх сумеснае ўжыванне мэтазгодна і не парушае агульнага адзінства стылю);
в) суадносіны, ці прапорцыі міжстылёвых і ўласна стылёвых моўных з’яў.
Існуе некалькі тыпаў стылёвых памылак:
1. Памылкі, звязаныя з невалоданнем функцыянальным стылем:
а) з парушэннем яго элементарных нормаў – перанос размоўных сродкаў, форм слова, канструкцый у кніжныя стылі і кніжных (у прыватнасці, лексікі афіцыйна-дзелавога стылю) у размоўны стыль;
б) з недахопам сродкаў для стварэння тэксту таго ці іншага стылю з-за невялікага слоўнікавага запасу.
2. Памылкі, звязаныя з недастаткова тонкім валоданнем стылямі (празмернае ўжыванне тэрміналагічнай лексікі, захапленне напышлівымі фразамі).
3. Памылкі, якія выкліканы разыходжаннем ў межах стыляў паміж беларускай і рускай мовамі, а таксама ў іх лексіка-стылёвых і іншых стылёвых парадыгмах (несупадзенне стылістычнай афарбоўкі слоў унутры беларуска-рускіх сінанімічных радоў, граматычныя разыходжанні і г.д.).
літаратурная норма беларуская мова
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Пад рэд. У.В.Анічэнкі - Мн., 1992.
2. Беларуская граматыка - Мн., 1985. Ч.1. Марфалогія; Ч.2. Сінтаксіс. 1986.
3. Сучасная беларуская мова. Марфалогія. Пад аг. рэд. М.С.Яўневіча. Мн., 1997.
4. Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы - Мн., 1996.
5. Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова / Бурак Л.І. - Мн., 1985.
6. Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы / Каўрус А.А. - Мн., 1980.
7. Сямешка Л. Беларуская мова. Уводзіны ў навуку пра мову. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія - Мн., 1999.
Название реферата: Нормы беларускай літаратурнай мовы
Слов: | 6040 |
Символов: | 47275 |
Размер: | 92.33 Кб. |
Вам также могут понравиться эти работы:
- Различные подходы к классификации омонимов в современном английском языке
- Метафора как способ создания языковой картины мира на примере англоязычной прессы
- Семиотический анализ фильма "Бриллиантовая рука"
- Місце компаративного компонента у складі сучасних англійських фразеологізмів
- Сравнительно-сопоставительный анализ стилистической выразительности и средств ее актуализации в английском и русском языках
- Сравнительный анализ гласных и согласных звуков японского и русского языков. Долгота звуков
- Сравнительный семантический анализ русских и немецких глаголов с общим компонентом "излучать свет"