РефератыИсторияРеРеферат Беларуская ССР у гады новай эканамічнай палітыкі

Реферат Беларуская ССР у гады новай эканамічнай палітыкі

Беларуская ССР у гады новай эканамічнай палітыкі


Змест


1. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 20-я гадах


2. Палітыка беларусізацыі. Развіццё культуры


3. Эканоміка БССР у перыяд НЭП


3.1 Сутнасць і значэнне новай эканамічнай палітыкі


3.2 Развіцце сельскай гаспадаркі Беларусі на аснове НЭПа


3.3 Прамысловасць і гандаль у БССР у 1921-1927 гг.


4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі


Спіс выкарыстаных крыніц


1. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 20-я гадах

Пасля завяршэння грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі, а так сама правалу спадзяванняў бальшавікоў на “сусветную пралетарскую рэвалюцыю" паўстала пытанне далейшага існавання савецкіх рэспублік, створаных на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Ваенны саюз 1919 года страціў актуальнасць, а ярка акрэсленых форм палітычнага суіснавання пакуль не існавала. Зразумела, што вяртання да ўнітарнай дзяржавы накшталт былой імперыі так сама не магло быць. У кіраўніцтве РСФСР аформілась дзве тэндэнцыі аб’яднальнай дзейнасці - сталінская “аўтанамізацыі” і ленінская “саюзная”.І. Сталін прапаноўваў дамагацца ўключэння савецкіх рэспублік у склад Расійскай Федэрацыі як аўтаномных адзінак. Гэта стварала падставы для ўзнікнення сепаратысцкіх памкненняў і росту супярэчнасцяў у сацыялістычным лагеры. Ленінскі план прадугледжваў стварэнне саюзу незалежных самастойных савецкіх рэспублік (з правам выхаду), і гэты план атрымаў падтрымку ў рэспубліках. Але яшчэ да стварэння саюза рэспублік пачалося іх збліжэнне.


У студзені 1921 года згодна з дагаворам БССР і РСФСР ствараліся аб’яднаныя наркаматы (ваенны, знешняга гандлю, фінансаў, ВСНГ, працы, шляхоў зносін, сувязі) - на базе адпаведных наркаматаў у СНК РСФСР. Пры ўрадзе Расіі стваралася Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР. У лютым 1922 года савецкія рэспублікі, у тым ліку БССР даверылі Савецкай Расіі прадстаўляць іх інтарэсы на сусветнай канферэнцыі ў Генуі, дзе вырашаліся пытанні пасляваеннага жыцця ў Еўропе. Актыўна праводзілася агітацыя за стварэнне саюзнай дзяржавы. У выніку большасць дэлегатаў IV Усебеларускага з’езда Саветаў (снежань 1922 г.) выказалася за стварэнне СССР. Была выбрана дэлегацыя на X Усерасійскі з’езд Саветаў (узначаліў А. Чарвякоў). Усерасійскі з’езд пачаў працу 30 снежня 1922 года, ён пераўтварыўся ў I з’езд Саветаў СССР. Былі абраны кіруючыя органы, у склад якіх увайшло 7 прадстаўнікоў БССР, у тым ліку А. Чарвякоў. Колькасць асоб у кіраўніцтве СССР вызначалася адпаведна колькасці насельніцтва рэспублік, таму РСФСР мела значную перавагу над астатнімі рэспублікамі. Да кампетэнцыі саюзнага ўрада адносіліся пытанні знешняй палітыкі, гандлю, фінансаў, узброеных сіл, шляхоў зносін, сувязі. Вырашэнне астатніх пытанняў заставалася за ўрадамі рэспублік і саюзнай Канстытуцыяй 1924 года не рэгламентаваліся.


Пасля ўваходжання БССР у склад СССР паўстала новая праблема - неадпаведнасць тэрыторыі БССР і тэрыторыі, заселенай пераважна беларусамі, да тагож, на гэтай тэрыторыі існаваў склаўшыйся стагоддзямі гаспадарчы комплекс. БССР у 1922 годзе - гэта 6 паветаў былой Мінскай губерні з колькасцю насельніцтва 1,5 млн. чалавек. У сакавіку 1923 года кампартыя Беларусі звярнулася да кіраўніцтва РСФСР з прапановай вярнуць у склад БССР адабраныя ў студзені 1919 года тэрыторыі. ЦК РКП (б) згадзілася з гэтай прапановай, але кіруючыя партыйныя работнікі беларускіх губерняў (Смаленскай, Віцебскай і Гомельскай) у складзе РСФСР выказаліся супраць. Патрабаваліся вялікія намаганні, актыўная раз’ясняльная праца, каб пераканаць іх у неабходнасці аб’яднання з БССР.


У сакавіку 1924 года VI Надзвычайны з’езд Саветаў БССР ухваліў аб’яднанне тэрыторый, праведзенае адпаведна рашэнню ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года. Да БССР было далучана 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. Тэрыторыя павялічылася крыху болей, чым ў два разы, насельніцтва вырасла да 4,2 млн. чалавек.


У жніўні 1924 года пачалася адміністрацыйная рэформа. Тэрыторыя БССР была падзелена на 10 акруг па 10 раёнаў. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меньшасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія). Аднак па-за межамі БССР засталася большая частка Гомельскай губерні і частка Віцебскай - Веліжскі, Себежскі і Невельскі паветы). У лістападзе 1926 года пасля вывучэння гэтага пытання Палітбюро ЦК УКП (б) прыняў рашэнне аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, у перадачы паўночных паветаў было адмоўлена. З 1926 года БССР уяўляла больш-менш адзіны культурны і гаспадарчы рэгіён, на тэрыторыі якого пражывала пераважная большасць прадстаўнікоў адной нацыі - беларусаў.


5-12 красавіка 1927 года на чарговым VIII з’ездзе Саветаў БССР была прынята новая Канстытуцыя БССР, якая замацавала тэрытарыяльныя змяненні і адзначыла некаторыя асаблівасці дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі. Вышэйшым органам улады з’яўляўся Усебеларускі з’езд Саветаў. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская.


З пачаткам НЭПа ў 1921 годзе адбылася адносная дэмакратызацыя жыцця, наколькі гэта дазваляла аднапартыйная сістэма. Аднак гэта не адзначала змяньшэння пастаяннага націска кампартыі на сваіх палітычных апанентаў. У выніку, у 1921 годзе самаліквідаваліся ці распаліся Бунд, Яўрэйская камуністычная партыя, была разгромлена Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (беларускія эсэры). Паступова аслаблі пазіцыі ўрада БНР у эміграцыі. Амністыя 1923 года асобам, якія не выступалі супраць савецкай улады са зброяй стварыла ўмовы для вяртання на радзіму часткі нацыянальных дзеячоў. А пачатак палітыкі “беларусізацыі” ў 1924 годзе паклаў канец існаванню палітычных цэнтраў БНР. На Берлінскай канферэнцыі ў кастрычніку 1925 года Рада БНР аб’явіла аб спыненні барацьбы супраць савецкай ўлады і аб самароспуску.


Аднак маскоўскае кіраўніцтва ўважліва сачыла за сітуацыяй у кампартыях рэспублік. Рэгулярна ў нацыянальныя рэгіёну СССР пасылаліся партыйныя работнікі з цэнтра, а сярод кіраўнікоў кампартыі Беларусі з 1924 года і да смерці Сталіна не было ніводнага беларуса.


Актыўна пашыралі дзейнасць прафсаюзы, галоўнай мэтай якіх стала абарона пралетарыяту ў барацьбе супраць нэпманаўскай буржуазіі. Хутка пашыраў свой уплыў сярод моладзі камсамол. Папулярнымі былі такія таварыствы, як Асаавіяхім, фізкультурныя аб’яднанні. На Беларусі дзейначалі філіялы Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, Чырвоны крыж (Беларускае таварыства). У рэчышчы барацьбы з рэлігійнымі ўстановамі пашыралі дзейнасць атэістычныя арганізацыі.


новая эканамічная палітыка беларусь


2. Палітыка беларусізацыі. Развіццё культуры

З ліпеня 1924 года кампартыя Беларусі афіцыйна аб’явіла аб пачатку палітыкі “беларусізацыі”, мэта якой было замацаванне кіруючай ролі партыі ў грамадстве праз прыстасаванне дзяржаўнага апарату да мовы большасці насельніцтва. Адначасова адпаведныя накірункі былі аб’яўлены і ў іншых нацыянальных рэгіёнах. Але фактычна мерапрыемствы ў гэтым накірунку пачаліся яшчэ з 1921 года. У ліпені 1924 года пачала дзейнічаць урадавая камісія па правядзенню беларусізацыі ў БССР.


Перадумовамі пачатку “беларусізацыі” быў пачатак НЭПа, што дазволіла стабілізаваць эканоміку рэгіёну, супакоіць насельніцтва, абуранае рэквізіцыямі. Палітычная амністыя 1923 года і палітыка вяртання на Беларусь спецыялістаў з іншых саюзных рэспублік стварыла сацыяльную базу для беларусізацыі. Гэтыя спецыялісты ўзялі актыўны ўдзел у стварэнні навуковых устаноў Беларусі - БДУ (1921 год) і Інбелкульта (1922 год). Узбуйненні Беларусі аб’ядналі ў межах аднаго дзяржаўнага ўтварэння адзін народ - беларусаў.


Беларусізацыя мела вызначаныя накірункі - перавод справаводства на беларускую мову, перавод адукацыйных устаноў на беларускую мову, абавязковае ўвядзенне прадмета “беларусазнаўства" ў вучэбныя праграмы, вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “карэнізацыі”), але не па нацыянальнай прыкмеце - а па дзелавым якасцям. Аднак пры гэтым не абмяжоўвалі магчымасці для развіцця культуры іншых нацыянальнасцей БССР - па Канстытуцыі 1927 года дзяржаўнымі з’яўляліся 4 мовы. А палітыка карэнізацыі, калі ўлічваць этна-нацыянальны склад насельніцтва беларускіх гарадоў, не прывяла да “панавання” ва ўладзе выключна беларусаў.


Беларусізацыя мела станоўчыя вынікі як для культурнага развіцця, так і для палітычнай стабілізацыі на Беларусі. Па сутнасці, Беларусізацыя выбіла глебу з-пад ног дзеячаў БНР, прывяла да роспуску яе Рады і вяртанню на Беларусь многіх культурных дзеячаў з эміграцыі (В. Ластоўскі, А. Цвікевіч, І. Краскоўскі і інш.). Пашырэнне ўжытку беларускай мовы прывяло да паскоранага афармлення яе навуковых асноў, стварэнню навуковай, дзелавой, ваеннай тэрміналогіі (беларускую мову вывучалі ў вайскавых частках, размешчаных на Беларусі). У 1926 годзе была праведзена міжнародная канферэнцыя па беларускаму правапісу, якая вырашыла некаторые разногалоссі ў гэтай галіне мовазнаўства. Значныя поспехі былі дасягнуты ў вывучэнні Беларусі.


У канцы 20-х гадоў разам са згортваннем НЭПа пачаліся мерапрыемствы па згортванню палітыкі беларусізацыі. Так, у лістападзе 1927 года на чарговым з’ездзе кампартыі Беларусі бызо заяўлена, што нацыянал-дэмакратызм быў прагрэсіўнай з’явай, калі змагаўся з самадзяржаўем, а ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту зрабіўся кантррэвалюцыйнай з’явай. Наступны з’езд у лютым 1929 года абвясціў аб абвастрэнні класавай барацьбы, у тым ліку і на культурным фронце. Нацыянал-дэмакратызмам пачалі трактаваць як ідэалогію, якая ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя. Сацыяльнай апорай нацдэмаўшчыны аб’явілі кулацтва. Гэта стварыла падмурак для будучых рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі, якая была абвінавачвана ў адкрытым антысаветызме. Палітыка беларусізацыі была прыпынена.


Адукацыя. Важнай задачай для беларускага савецкага ўрада стала ліквідацыя непісьменнасці. У снежні 1920 года пачала дзейнасць Надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці, якая арганізоўвала проекты лікбеза. Аднак галоўнай справай было стварэнне сістэмы адукацыі. У 1922 годзе былі створаны чатырохгадовыя пачатковыя і сямігадовыя школы. У 1927 годзе было ўведзена ўсеагульнае пачатковае навучанне, і да 1931 года 98% дзяцей атрымлівалі пачатковую адукацыю. Сярэднюю спецыяльную адукацыю і вышэйшую атрымлівалі ў прафесійна-тэхнічных школах, тэхнікумах і інстытутах. Згодна з палітыкай “пралетарызацыі" першаснае права атрымліваць вышэйшую адукацыю атрымалі рабочыя і сяляне.


Беларуская навука развівалася ў межах вышэйшых навучальных устаноў - БДУ, Беларускага палітэхнічнага інстытута (1922 г.), Беларускай сельскагаспадачай акадэміі (1925 г.), Віцебскага ветэрынарнага інстытута (1924 г.) і інш. У 1922 годзе на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі (уваходзілі Я. Карскі, Я. Колас, Я. Купала і інш) быў створаны Інстытут беларускай культуры, які стаў падмуркам для ўтварэння ў 1929 годзе Акадэміі навук. Першым кіраўніком Інбелкульта быў С.М. Некрашэвіч, з 1924 года - У.М. Ігнатоўскі. У 1922 адчыніла дзверы Дзяржаўная бібліятэка БССР, наладжвалася музейная справа.


У 20-я гады росквіт атрымала беларуская літаратура. Дзейнічаюць беларускія літаратурныя гурткі - "Маладняк" (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), "Узвышша" (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і "Полымя" (Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.), рускі “Звенья" і г. д. З’явіліся новыя імёны - К. Чорны, К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў і інш., разам са сталымі (Я. Колас, Я. Купала, З. Бядуля, Ц. Гартны) яны шукалі новыя шляхі ў мастацтве. У 1928 г. узнікла Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Гэта быў перыяд адноснай свабоды творчасці, які скончыўся ў канцы 20-х гадоў.


У жніўні 1920 года ў Мінску пачаў дзейнасць беларускі тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка. У верасні 1920 года быў адчынены Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), які ставіў расійскую і беларускую класіку. У 1926 годзе ў Віцебску быў адчынены БДТ-2, створаны на базе беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Менавіта ў Віцебску пачала сваю творчасць Стэфанія Станюта. У 20-х гадах у Мінску, Віцебску і Гомелі былі створаны музычныя тэхнікумы, а ў 1924 годзе ў Магілёве была пастаўлена першая беларуская опера М. Чуркіна “Вызваленне працы”, ён жа напісаў першы сімфанічны твор - “Беларускія карцінкі”. Плённа працавалі баларускія кампазітары Я. Цікоцкі і М. Аладаў.


У 1921-1928 гадах узнікла беларускае кіно. Спачатку ствараліся дакументальные стужкі-хронікі падзей. А ў 1926 годзе выйшла першая мастацкая стужка “Лясная быль” рэжысёра М. Тарыча аб падзеях грамадзянскай вайны на Беларусі. Першыя беларускія кінастужкі ствараліся ў Ленінградзе на кінастудыі “Савецкая Беларусь”, якая дзейнічала на базе “Ленфільма”.


У выяўленчым мастацтве існавалі разнастайныя стылевыя і жанравыя плыні. З 1919 года ў Віцебску дзейнічала Народная мастацкая школа, заснаваная Маркам Шагалам. Сярод яе выкладчыкаў былі выдатныя асобы - Ю. Пэн, С. Юдовін, К. Малевіч, Р. Фальк, Л. Купрын - прадстаўнікі розных жанраў і стыляў. У верасні 1921 года адбылася пешая выстава мастакоў Мінска, якая паказала папулярнасць тэматычнай карціны і партрэта. Асобна былі адзначаны пейзажы В. Бялыніцкага-Бірулі.


У 20-я гады закладзены асновы для развіцця графікі, скульптуры, архітэктуры. Аднак змены ў эканамічным і палітычным жыцці адбіваліся і на развіцці культуры. У наступным дзесяцігоддзі рэпрэсіі закрануць шмат дзеячаў культуры, навукоўцаў.


3. Эканоміка БССР у перыяд НЭП
3.1 Сутнасць і значэнне новай эканамічнай палітыкі

У надзвычайных умовах замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны надзвычайныя метады кіравання гаспадаркай былі апраўданы, але з усталяваннем міру насельніцтва не згаджалася з працягам “ваеннага камунізму”. Расла незадаволенасць рэквізіцыямі сярод сялянства. На мяжы 1920-1921 гг. краіну ахапіў цяжкі эканамічны крызіс, звязаны з памылкамі ў празмерна цэнтралізаваным кіраванні гаспадаркай краіны.


На Х з’ездзе РКП (б) у сакавіку 1921 г. пачалося афармленне новай эканамічнай палітыкі (НЭПа). НЭП - гэта сістэма мер, разлічаных на пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму. Харчразвёрстка замянялася харчовым падаткам, які паступова зніжаўся з 20% прадукцыяй у 1921 г. да 5% грашыма ў 1925 г. Абвяшчалася свабоды форм землекарыстання. Законнымі прызнаваліся арцель, абшчына, прыватнае ўладанне ў выглядзе вотрубаў ці хутароў. Дазвалялася арэнда і наёмная праца. Замацаваны гэтыя прынцыпы былі ў Законе аб працоўным землекарыстанні (верасень 1922 г.). Заахвочвалася кааперацыя. Развіццё атрымалі збытавыя, забеспячэнскія, крэдытныя аб’яднанні. Да канца 20-х гг. імі была ахоплена большая палова ўсіх сялянскіх гаспадарак. Дазваляўся з мая 1921 года прыватны га

ндаль лішкамі сельскагаспадарчай прадукцыяй. Свабодны гадаль патрабаваў стабільнай грашовай сістэмы, таму з 1922 года пачалася грашовая рэформа.


Быў адноўлены Дзяржбанк у 1921 годзе і дазволена стварэнне акцыянерных і камерцыйных банкаў. Развіваўся знешні гандаль, стымуляваўся экспарт. З 1922 года Дзяржбанк пачаў эмісію чырвонцаў, якія мелі намінальнае залатое забеспячэнне (1 чырвонец = 10 дарэвалюцыйных залатых рублёў = 7,74 г золата). Для падтрымання валютнага курсу чырвонца збіраліся валютныя рэзервы. Але адразу перайсці на цвердыя грошы краіна не здолела, былі ўведзены “пераходныя" грошы - “саўзнакі”, з дапамогай іх ліквідаваўся бюджэтны дэфіцыт (“саўзнак" - рубель 1923 г. быў роўны 1 млн. рублёў эмісіі да 1922 г.). З лютага 1924 года быў спынены выпуск саўзнакаў. Замест іх уводзілі казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 руб. з намінальным залатым зместам, разменная сярэбраная і медная манеты. Адмяняліся ўсе абмежаванні для прыватных асоб на сумы ў ашчадных касах, гарантавалася тайна ўкладаў і немагчымасць іх канфіскацый.


У сваю чаргу, зрухі ў сельскайгаспадарке і гандле, стабілізацыя грашовай сістэмы стымулявалі развіццё прамысловасці.


Былі адменены дэкрэты, якія абмяжоўвалі свабоду дзеяння дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, аказвалася падтрымка гэтым мерапрыемствам. Прамысловым кааператывам надавалі правы юрыдычных асоб, яны маглі выкарыстоўваць наёмную працу, атрымліваць доўга - і кароткатэрміновыя крэдыты. Дазвалялася арэнда прыватным асобам і кааператывам прамысловых прадпрыемстваў. Даваўся дазвол на канцэсіі - здачу ў арэнду прадпрыемстваў замежным фірмам (на Беларусі канцэсіі не былі пашыраны). У буйной вытворчасці ліквідавалі глаўкі, створалі трэсты - аб’яднанні аднародных прадпрыемстваў, якія здымаліся з дзяржаўнага забеспячэння, атрымалі поўную гаспадарчую і фінансавую незалежнасць: права вырашаць, што выпускаць і дзе рэалізоўваць прадукцыю, права выпускаць доўгатэрміновыя аблігацыйныя пазыкі, самастойна выкарыстоўваць прыбытак і г. д.


Усерасійскі Савет Народнай Гаспадаркі болей не мог умешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў, ён ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. Ствараліся сіндыкаты - аб’яднанні трэстаў на аснове кааперацыі. Яны займаліся збытам, забеспячэннем, крэдытаваннем, знешнегандлёвымі аперацыямі ў межах асобна ўзятай галіны прамысловасці. Уводзілася матэрыяльнае стымуляванне працы: была адноўлена грашовая аплата працы, уведзены тарыфы што выключала ўраўнілаўку, зняты абмежаванні на павелічэнне заробкаў, ліквідаваны працоўныя арміі, адменены абавязковая працоўная павіннасць і абмежаванні на перамену месца работы.


Эканамічны механізм будаваўся на рыначных прынцыпах. НЭП пачаўся з сельскагаспадарчай палітыкі, затым развіўся ў палітыку заахвочвання гандлю, што патрабавала стабілізацыі валюты, стаў прамысловай палітыкай, што дазволіла павялічыць вытворчасць у прамысловасці.


Галоўнымі мэтамі НЭПа лічыліся максімальна хуткае пераадольванне гаспадарчага заняпаду і стварэнне ўмоў для пабудовы аднароднага сацыялістычнага грамадства.




3.2 Развіцце сельскай гаспадаркі Беларусі на аснове НЭПа

На пачатак 20-х гг.89% насельніцтва БССР жыло на вёске, дзе нагладалася значная перанаселенасць - шчыльнасць насельніцтва на 1 кв.км складала 33,2 чалавек (самая высокая ў СССР). Да таго большая частка зямель была нізкай якасці.


Увядзенне НЭПа супала па часе з перадачай зямлі сялянам згодна з Дэкрэтам аб зямлі пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх і польскіх акупантаў. Аднак “прырэзка" зямлі аказалася нязначнай - да 1917 г. на адзін двор прыходзілася 8,35 дзесяціны зямлі, у 1924 г. - 8,41 дзесяціны. За кошт прырэзак у асноўным ствараліся новыя гаспадаркі. Землезабяспечанасць сярэдняй беларускай сялянскай гаспадаркі была ніжэй сярэдняй па СССР амаль на 1/3. У выніку пераразмеркавання зямлі адбылося змяненне сацыяльнага складу сельскага насельніцтва. Найбольш шматлікай групай сталі серадняцкія гаспадаркі (іх 65%), якім належала 75% пасяўной плошчы.


На 1925/26 гг. сельскагаспадарчая вытворчасць у агульным дасягнула даваеннага ўзроўню. Удзельная вага сельскай гаспадаркі ў вытворчасці склала 71,6%, прамысловасці - 22,3%, лясной гаспадаркі - 6,1%. Пераважала развіццё жывёлагадоўлі з малочным і свінагадоўчым ухілам. Значныя плошчы займалі пасевы тэхнічных культур. Аднак беларуская сялянская гаспадарка з’яўлялася маламоцнай: кожная пятая гаспадарка была бясконнай, з адным канём - 67,8%; бескароўных - 6,1%, з адной каровай - 58%.


Зямельны кодэкс БССР прыняты ў красавіку 1925 г. пасля ўзбуйнення БССР замацаваў участкава-падворны парадак землекарыстання ў БССР (замест абшчыннага ў РСФСР), захаваў свабоду выбару формы землекарыстання, але з абмяжаваннямі для хутароў і вотрубаў, зацвярджаў нормы зямельнага надзела, у каго было звыш - лішкі адразалі. Дзяржавай рэкамендаваліся калектыўныя формы землекарыстання.


Сельскагаспадарчая палітыка ў 1925/1928 гг. абазначаецца тэрмінам “прышчэпаўшчына”. Д.Ф. Прышчэпаў, наркам земляробства БССР, быў прыхільнікам стварэння хутароў і пасёлкаў па тыпу вотрубаў. Як вынік - на 1928 гг. у рэспубліцы было землеўладкавана 2.344 тыс. гектараў зямлі, з іх хутары і вотрубы склалі 23%. На хутары і вотрубы заахвочвалі перасяляцца беззямельных і малазямельных сялян, іх надзелы часта ствараліся за кошт адрэзкоў ад надзелаў заможных сялян-кулакоў.


Сельскагаспадарчая кааперацыя ў БССР развівалася галоўным чынам у крэдытнай сферы, забеспячэнні і збыце прадукцыі вытворчасці. Ступень кааперыравання да кастрычніка 1927 г. дасягнула 37% сялянскіх гаспадарак. Аднак вытворчая кааперацыя амаль не развівалася.


Калгаснае будаўніцтва актыўна пачалося ў пачатку 20-х гг., яно стымулявалася з боку дзяржавы эканамічнымі метадамі. Так, адмянялася арэндная плата за зямельныя плошчы і пабудовы, інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, меліярацыйныя збудаванні, слабыя калгасы вызваляліся ад сельскагаспадарчага падатку.


Аднак умовы, у якіх ствараліся калгасы, не спрыялі іх утварэнню. Наглядалася малая колькасць сельскагаспадарчых спецыялістаў, адсутнічалі вялікія масівы ворнай зямлі, прыгодныя для апрацоўкі трактарамі, наогул, быў нізкі ўзровень механізацыі. Асноўная колькасць калектыўных вытворчых гаспадарак стваралася на дзяржаўных землях. Адсутнасць перспектыў для калгасаў у БССР падкрэслівалася ў “Матэрыялах да пяцігадовага перспектыўнага плану развіцця народнай гаспадаркі БССР на 1927/28 - 1931/32 гг.". Большае ўвагі развіццё атрымалі саўгасы. Мэты іх існавання крыху змяніліся ў параўнанні з перыядам “ваеннага камунізму”, гэта - падняцце сельскагаспадарчай культуры сярод сялян, выдзяленне селяніну-аднаасобніку лепшага насення, жывёлы, пладовых саджанцаў, распаўсюджанне новых тэхналогій.


Да 1927 г. сельская гаспадарка Беларусі аднавіла даваенныя аб’ёмы вытворчасці і мела магчымасці для далейшага прагрэсу. Аднак яе эвалюцыйнае развіццё было перарвана, бо вёска была абрана на ролю асноўнай крыніцы грошай на правядзенне індустрыялізацыі краіны, а гэтыя сродкі ў неабходных дзяржаве памерах можна было адабраць толькі шляхам прымусу.




3.3 Прамысловасць і гандаль у БССР у 1921-1927 гг.

Развіццё прамысловасці ў БССР у пачатку 20-х гадоў праходзіла на фоне ўзбуйненняў тэрыторыі рэспублікі. У 1924 годзе яна павялічыла сваю магутнасць на 90% (далучана Віцебшчына), у 1926 годзе вырасла яшчэ на 45% (далучана Гомельшчына).


Аднаўляліся буйныя прадпрыемствы, за 1922-1927 гг. пераабсталявана 1, расшырана 119 фабрык і заводаў. Адноўлена палова буйных прадпрыемстаў, што дзейнічалі да першай сусветнай вайны, колькасць рабочых дасягнула 93,9% ад даваеннага ўзроўню, выпуск валавай прадукцыі перавысіў даваенны на 41,7%. Аднаўляліся і дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы. У 1927 г. іх дзейнічала 85,7% ад даваеннай колькасці, выпуск валавай прадукцыі склаў 62,5% даваеннага ўзроўню.


3годна з прынцыпамі НЭПа, да канца 1922 г. дзяржаўная прамысловасць Беларусі была знята з дзяржзабеспячэння і пераведзена на дзяржразлік. Да верасня 1924 г. трэсты былі арганізаваны па ўсёй тэрыторыі рэспублікі, сярод іх: Скуратрэст, Паператрэст, Шклотрэст, Харчтрэст, Дзяржспірт, Металатрэст і інш., усяго 9 трэстаў. Праводзілася электрыфікацыя гаспадаркі. У 1925-1926 гг. у Беларусі дзейнічала 40 электрастанцый.


Буйных прадпрыемстваў на Беларусі ў 1925 г. налічвалася 76, з іх дзейнічала 67, у харчовай, дрэваапрацоўчай, папяровай галінах. Да 1925 г. валавая прадукцыя буйной прамысловасці перавысіла ўзровень 1913 г. на 28,5%. Доля дзяржаўнага сектара склала 96,8%. Найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся металаапрацоўчая прамысловасць, вытворчасць якой за 1923-1925 гг. павялічылася больш чым у 5 разоў, але яе ўдзельная вага яшчэ заставала нязначнай. Хуткімі тэмпамі расла выпрацоўка торфу, яна перавысіла даваенны ўзровень у 2,3 раза.


Дробная прамысловасць пераважала ў эканоміцы БССР. На 1926 г. у ёй было занята 73% рабочых, валавай прадукцыі яна вырабляла 58% усёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі былі харчовая, вытворчасць адзення, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, воўны, мінералаў. Большая частка дробнай вытворчасці - гэта недзяржаўны сектар. У 1925 г. быў створаны "Белсаматужпрамсаюз", які займаўся пытаннямі каардынацыі і кааперыравання дробнага таваравытворцы. Дзейнасць прыватнакапіталістычных прадпрыемстваў абмяжоўвалася і рэгулявалася дзяржавай. Іх патрэбы ў абсталяванні, матэрыялах, атрыманні крэдытаў у апошнія гады існавання НЭПа задавальняліся ў апошнюю чаргу, да таго, прыватныя прадпрыемствы выплачвалі вялікія падаткі. Таму ўдзельная вага прыватнай прамысловасці паступова зніжалася. Прадпрыемствы, якія здаваліся ў арэнду, былі невялікія (каля 15 чалавек). Найбольшую распаўсюджанасць набыла арэнда ў харчовай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпідарнай і цэглавай прамысловасцях. Памер арэнднай платы вызначаўся ў залежнасці ад кошту маёмасці.


Магчымасці далейшага развіцця прамысловасці на базе створаных яшчэ ў часы імперыі вытворчых магутнасцях былі абмежаванымі. Для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі.3 1926 г. разгарнулася будаўніцтва шэрага буйных прадпрыемстваў: Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбінату, Гомсельмашу, Магілёўскай фабрыкі штучнага шоўку, запалкавай фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў.


4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі

Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з даваенным узроўнем больш чым у 3 разы. Сялянам стала нявыгадна прадаваць сваю прадукцыю і купляць тавары прамысловасці. "Крызіс збыту" адбыўся, калі прамысловыя прадпрыемствы яшчэ толькі пачалі аднаўляцца, толькі пачалі наладжваць выпуск прадукцыі, яле яна ўжо не раскупалася, а склады прадпрыемстваў затаварваліся. Прычынамі крызісу было больш хуткае аднаўленне сельскай гаспадаркі, манапольнае ўзняцце цэн на прамысловыя вырабы з боку трэстаў і сіндыкатаў; рэзкае зніжэнне цэн на хлеб пасля добрага ўраджаю 1923 года, а, так сама, неразвітасць гандлёвага апарату і памяншэнне крэдытавання гандлю ў верасні-кастрычніку 1923 годзе.


Меры па пераадоленню крызісу былі пераважна эканамічныя: дзяржава ўстанавіла дырэктыўныя цэны на прадметы спажывання, была праведзена грашовая рэформа 1924 г.


Рубеж 1925/26 гг. - гэта другі крызіс, сутнасць якога была ў вострым дэфіцыце тавараў. Дэфіцыт узнік у выніку хуткага росту вытворчых сіл. Прычыны крызісу былі ў праліках у планаванні. Дзяржава не змагла закупіць хлеб у сялян па нізкіх цэнах, таму што 1925 г. быў неўраджайны. Рынак прамтавараў БССР залежыў ад іх паступлення з-за мяжы, а памеры экспарту хлеба былі невялікімі. Да таго, значна вырасла пакупніцкая здольнасць сельскага і гарацкога насельніцтва, якую прамысловасць не паспявала задавальняць.


Меры пераадолення былі пераважна эканамічныя: быў скарочаны імпарт, замарожаны новабудоўлі, павялічаны ўскосныя падаткі; з 1925 г. уведзены дзяржаўны продаж гарэлкі; павялічана нарыхтоўчая цана на зерне, адноўлена дзейнасць закансерваваных тэхнічна адсталых прадпрыемстваў.


Крызіс 1925 года паказаў розніцу паміж мэтамі савецкай дзяржавы і прыватнага сектара, дрэннае валоданне кіраўніцтвам эканамічнымі рычагамі.


Рубеж 1927/28 гг. - трэці крызіс, які меў больш сацыяльна-палітычную сутнасць. Прычынамі крызісу было невыкананне дзяржаўнага плана хлебанарыхтовак па танных коштах, што вызвала недахоп сродкаў для індустрыялізацыі.


Меры пераадолення мелі надзвычайны характар, блізкі да метадаў "ваеннага камунізму". Такім чынам, НЭП страціў актуальнасць.


Агульныя прычыны крызісаў - памкненне партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва да паскоранай мадэрнізацыі грамадства пад лозунгам "рыўка ў сацыялізм", што дэфарміравала эканоміку. Існуючая ў краіне аўтарытарная палітычная сістэма неадпавядала рыначным метадам кіравання эканомікай. Адсутнічалі трывалыя сувязі з сусветнай эканомікай, бо існавала манаполія дзяржавы на знешні гандаль.


Гаспадарчае развіццё было падпарадкавана інтарэсам унутрыпартыйнай барацьбы. Апарат кіравання, больш звыклы да метадаў “ваеннага камунізму" праяўляў у большасці некампетэнтнасць. Адбываўся хуткі рост адміністрацыйна-бюракратычнага апарату, які бачыў у адраджэнні рынку небяспеку сваім прывілеям. Да таго ж, ў масавай свядомасці савецкіх грамадзян узніклі супярэчлівыя меркаванні. Па сутнасці, пасля рэвалюцыі 1917 г. адбылася “рэстаўрацыя” капіталізму. Як вынік - незадаволенась працоўных НЭПам, арыентацыя іх на агульную грамадзянскую роўнасць.


Былі і станоўчыя вынікі правядзення НЭПа на Беларусі. Была адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі, адноўлена прамысловасць, узрасла колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх. Спажывецкі рынак быў напоўнены асноўнымі таварамі, павялічыўся абарот гандлю. Тым не менш, Беларусь заставалася індустрыяльна слабаразвітай рэспублікай СССР, удзельная вага яе прамысловасці ў 1926 годзе склала менш аднаго працэнта ад усёй прамысловасці СССР.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. / Гал. рэд. Калегія: І.М. Ігнаценка (старш.) і інш. Мн.: Навука і тэхніка, 1971-1975.


2. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР / Рэд. - склад.А.М. Міхальчанка, Т.А. Вараб’ёва. Мн.: БелСЭ, 1990.261 с.


3. Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне): Вучэб. дапаможнік. Мн.: БДУ, 1999.193 с.


4. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. - Мн., 2005. - 235 с.


5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1-5; Т.6. Кн.1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.

Сохранить в соц. сетях:
Обсуждение:
comments powered by Disqus

Название реферата: Реферат Беларуская ССР у гады новай эканамічнай палітыкі

Слов:3822
Символов:30289
Размер:59.16 Кб.